Вы тут

Фердынанд Рушчыц, яго настаўнікі, вучні і сябры прадстаўлены на юбілейнай выстаўцы


Сёлета адзначаецца 150 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца. Гэтая падзея ўнесена ЮНЕСКА ў каляндар памятных дат на 2020 год. Вядомы пейзажыст, графік і тэатральны дэкаратар пакінуў глыбокі след у мастацтве і культурна-грамадскім жыцці свайго часу. Зараз у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстаўка «Фердынанд Рушчыц (1870—1936). Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака».


Фо­та artmuseum.by

Урачыстае адкрыццё Года Рушчыца адбылося 27 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, Нацыянальны банк выпусціў сярэбрана-нікелевую манету да знамянальнай даты, а ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшаў альбом «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», у якім прадстаўлены карціны з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, мастацкіх музеяў Літвы, Польшчы, Украіны, фотаздымкі з прыватнага архіва сям'і творцы.

А выстаўка, якая адкрылася ў канцы лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі, дае наведвальнікам магчымасць убачыць шырокі мастацкі кантэкст, у якім існавала творчасць мастака. Ён лічыцца заснавальнікам нацыянальнай беларускай школы пейзажнага жывапісу. У яго творчасці прасочваюцца традыцыі беларускага, рускага, польскага, французскага мастацтва. Пераважная большасць яго работ адлюстроўвае прыгажосць роднага краю. У экспазіцыі прадстаўлены не толькі карціны Фердынанда Рушчыца, але і работы мастакоў з яго асяроддзя. Гэта і творы настаўнікаў майстра ў Акадэміі мастацтваў — Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы, і яго аднакурснікаў па майстэрні Куінджы — Мікалая Рэрыха, Канстанціна Багаеўскага, Вільгельма Пурвітыса, Аркадзя Рылова і іншых. Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны вучням Фердынанда Рушчыца, выпускнікам Віленскага ўніверсітэта, выдатным беларускім мастакам Пятру Сергіевічу і Міхасю Сеўруку. Яшчэ выстаўку дапаўняюць творы сучасных мастакоў, удзельнікаў пленэраў, прысвечаных майстру, а таксама цікавы архіў фатаграфій вёскі Багданава, дзе знаходзіўся маёнтак Рушчыцаў, выкананых падчас Першай сусветнай вайны (з калекцыі Уладзіміра Багданава).

Трэба адзначыць, што да нядаўняга часу ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея захоўвалася толькі адна работа Фердынанда Рушчыца «Ля касцёла» (1899), набытая ў 1957 годзе ў ленінградскага калекцыянера Шустэра. А ў лістападзе 2019 года пры фінансавай падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна былі набыты ў калекцыі ўнука мастака Фердынанда Рушчыца і перададзены ў дар яшчэ тры жывапісныя работы, што адносяцца да ранняга перыяду творчасці майстра. Фердынанд Рушчыц з'яўляецца яркім прадстаўніком сімвалізму ў мастацтве, які злучыў традыцыі нацыянальнага жывапісу і заходнееўрапейскіх тэндэнцый, ключавой фігурай мастацкага жыцця Віленшчыны ў міжваенны перыяд. Мастак стаў знакавай персонай для культуры сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы. Яго палотны захоўваюцца ў музеях гэтых краін, а таксама ў еўрапейскіх і амерыканскіх музейных і прыватных калекцыях.

Выстаўка, прымеркаваная да 150-годдзя з дня нараджэння Рушчыца, чакае прыхільнікаў мастацтва да 13 студзеня 2021 года.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?