Вы тут

Як у Беларусі развіваецца дзіцячы спорт


Імклівасць спорту — гэта не толькі рэкорды, секунды і пастаянны рух. Гэта яшчэ і маладосць людзей, здольных паказваць высокія вынікі. Пытанне аб тым, нараджаюцца ці становяцца чэмпіёнамі, застаецца рытарычным. Але зразумела, што чэмпіёна можна выхаваць. Спецыялісты расказалі «Звяздзе», як гэта можна зрабіць.


Энергія поспеху ў звычайнай школе

Накіраваць жыццёвую энергію дзяцей у карыснае рэчышча і зацікавіць іх спортам — справа, якая патрабуе сур'ёзнага падыходу. Адказвае за гэта Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. «Наша асноўная задача — даць дзецям разуменне відаў спорту, закласці асновы фізічнага развіцця і дапамагчы выбраць спорт, з якім можна звязаць жыццё. Для гэтага мы праводзім не толькі спартыўныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, але і шматлікія акцыі, конкурсы, пастаянна ўдасканальваем выкладанне фізічнай культуры ў школе. Вялікае значэнне маюць умовы для заняткаў спортам. Мы цесна супрацоўнічаем з Міністэрствам адукацыі, абласнымі ўпраўленнямі па адукацыі. Кожная вобласць мае такі ж цэнтр, як наш. У гэтым годзе стварылі Беларускую асацыяцыю школьнага спорту, каб яшчэ больш актыўна яго развіваць», — расказвае дырэктар цэнтра Віталь Стрыгельскі.

Акрамя ўрокаў фізкультуры, развіваць спартыўнае майстэрства беларускія школьнікі могуць і на факультатыўных занятках па 19 відах спорту. Ад факультатываў выйграюць усе: і настаўнікі, якія павышаюць свой узровень, і вучні. Факультатывы дапамагаюць і там, дзе з'яўляюцца цяжкасці з уключэннем дысцыпліны ў абавязковую школьную праграму. «Для таго каб від спорту быў уключаны ў школьную праграму, ва ўсіх школах краіны павінны быць аднолькавыя ўмовы. У буйных гарадах амаль усе навучальныя ўстановы маюць умовы для заняткаў любымі відамі спорту. А ў некаторых вясковых школах нават спартыўнай залы няма. Таму нам спачатку трэба вырашыць праблему інфраструктуры, а потым дабаўляць у школьную праграму новыя віды», — тлумачыць Віталь Стрыгельскі.

Раней трэнеры самі прыходзілі на ўрокі і запрашалі дзяцей у спартыўныя секцыі. Сёння такая практыка — ужо гісторыя. Трэнеры наладзілі камунікацыю з настаўнікамі фізкультуры, і тыя рэкамендуюць найбольш здольных дзяцей. Знайсці маладыя таленты дапамагаюць шматлікія спартыўныя кружкі, секцыі і факультатывы.

Як паказвае практыка, сур'ёзна захопленыя спортам дзеці дзеля развіцця кар'еры мяняюць звычайную школу на спартыўную. Цяпер сур'ёзна займацца спортам можна ў роднай школе. Сёння 500 спецыялізаваных спартыўных класаў працуюць у 223 школах краіны. Усяго ў іх вучыцца больш за дзесяць тысяч дзяцей, якія займаюцца 43 відамі спорту. Адкрыццё такіх класаў ініцыююць спартыўныя дзіцяча-юнацкія школы, калі да іх з адной школы пераходзіць шмат дзяцей. Вучні спецыялізаваных класаў працуюць у спартыўным рэжыме, з асаблівым харчаваннем і дзвюма трэніроўкамі ў дзень. Расклад заняткаў падстройваецца пад расклад трэніровак.

Не ўсе дзеці могуць рэалізаваць сябе ў спорце, але гэта не прычына ім не цікавіцца і яго не любіць. З 2018 года Міністэрства адукацыі ладзіць школьную алімпіяду па прадмеце «Фізічная культура і здароўе». «Алімпіяда праводзіцца для дзяцей, якія любяць наш прадмет і актыўны спосаб жыцця. Яна выяўляе ўсебакова развітых дзяцей, бо ўключае тэорыю і практыку па розных відах. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры вельмі зацікаўлены ў такіх абітурыентах. У будучым з іх могуць вырасці выдатныя трэнеры, настаўнікі, якія будуць падымаць узровень нашага прадмета», — расказвае спецыяліст.

Ад «Шкаліяды» да Сусветнай гімназіяды

Спорт загартоўвае не толькі цела, але і характар. Таму прывыкаць да духу спаборніцтваў і сумленнай барацьбы варта з дзяцінства. З гэтай нагоды, акрамя шматлікіх конкурсаў, РЦФВС праводзіць своеасаблівыя дзіцячыя «Алімпійскія гульні» — Рэспубліканскую спартакіяду школьнікаў. Юныя спартсмены з усёй краіны выпрабоўваюць свае сілы ў 24 відах спорту — 19 летніх, трох зімовых, а таксама ў шашках і шахматах. «Наш цэнтр — член Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту. І па выніках спартакіяды мы фарміруем каманду на зімовую ці летнюю Сусветную гімназіяду. Беларускія спартсмены выступаюць на гэтым турніры з 2013 года і ўсяго за гэты час заваявалі 28 медалёў. Мы таксама дапамагаем закласці аснову для спорту найвышэйшых дасягненняў і атрымаць вопыт спаборніцтваў. І спартыўныя школы, нацыянальныя федэрацыі бачаць у гэтым вялікі патэнцыял», — адзначыў дырэктар РЦФВС.

Для дзяцей, якія знайшлі свой занятак сярод спартыўнай разнастайнасці, праводзяцца спаборніцтвы па асобных відах. Грандыёзны прыклад паказала Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі. Праекты «Шкаліяда» і «300 талентаў для каралевы» выхавалі не адзін дзясятак выдатных лёгкаатлетаў. Пачынаючы з 2015 года, «300 талентаў для каралевы» аб'ядноўвае маленькіх спартсменаў з усёй краіны. За гады свайго існавання фіналы праекта ахапілі 283 населеныя пункты краіны. Прафесійная лёгкая атлетыка пачынаецца ў 17—18 гадоў. А свае таленты Каралеве спорту паказваюць дзеці 7—8 гадоў. «300 талентаў для каралевы» — не проста спартыўнае свята, а адбор найбольш адораных дзяцей, якія праз некалькі гадоў зменяць сённяшніх лідараў. Каля 40 выпускнікоў праекта зараз самаўдасканальваюцца ў вучылішчах алімпійскага рэзерву.

З удзельнікаў «300 талентаў для каралевы» дзеці вырастаюць ва ўдзельнікаў «Шкаліяды», якая збірае спартсменаў малодшага юнацкага ўзросту — 14—15 гадоў. Менавіта ў гэтым узросце лёгкаатлеты пачынаюць выступаць на сур'ёзных рэспубліканскіх і міжнародных турнірах. «Шкаліяда» — гэта мост паміж дзіцячым і прафесійным спортам.

Мноства дзіцячых спартыўных праектаў рэалізоўвае Прэзідэнцкі спартыўны клуб у супрацоўніцтве з нацыянальнымі федэрацыямі па відах спорту і Цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Адзін з самых «дарослых» дзіцячых турніраў — хакейная «Залатая шайба». Першы раз турнір прайшоў у сезоне 1964—1965 гадоў. Спаборніцтвы славяцца і сваім заснавальнікам — «бацькам рускага хакея», легендарным трэнерам Анатолем Тарасавым. У гісторыі суверэннай Беларусі турнір упершыню прайшоў у 1997 годзе. Удзельнічаюць у «Залатой шайбе» аматарскія падлеткавыя каманды. Згодна са схемай спаборніцтваў, прынятай у 2015 годзе, каманды ў сваіх узроставых катэгорыях падзелены на два дывізіёны. У дывізіёне «А» прадстаўлены каманды з населеных пунктаў, дзе ёсць спартыўныя пабудовы са штучным ільдом. А ў дывізіёне «В» выступаюць калектывы з гарадоў і вёсак, дзе такіх пабудоў няма.

Больш за 50 гадоў праводзіцца і футбольны турнір «Скураны мяч». У першым розыгрышы ў 1964 годзе ўдзельнічала каля 50 тысяч каманд з усяго СССР. У Беларусі турнір праводзіцца з 1997 года, з 2007 года — на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Выступаць у спаборніцтвах «Скуранога мяча» могуць толькі тыя дзеці, якія не займаюцца футболам у спецыяльных школах і акадэміях.

У 2015 годзе ў каляндар дзіцячых спаборніцтваў вярнуўся рэспубліканскі турнір па шахматах «Белая ладдзя», заснаваны ў 1969 годзе дзіцячым пісьменнікам Львом Касілем і чэмпіёнам свету Васілём Смыславым. Турнір мае камандны характар, лідары вызначаюцца па суме балаў, набраных гульцамі ва ўсіх сустрэчах. А пераможца кожны год прадстаўляе Беларусь на міжнародным шахматным турніры «Белая ладдзя» ў Расіі, дзе ўдзельнічае каля сотні каманд з розных краін свету.

Многія біятланісты пачыналі сваю кар'еру на знакамітым «Снежным снайперы», які традыцыйна праводзіцца з 2007 года ў Раўбічах. А юныя гандбалісты пачынаюць свой шлях да спартыўнага Алімпу з «Імклівага мяча». Валейбалісты ад 12 да 16 гадоў атрымліваюць вопыт спаборніцтваў у турніры «Мяч над сеткай». З 2019 года Беларуская тэнісная федэрацыя сумесна з Прэзідэнцкім спартыўным клубам праводзіць рэспубліканскі турнір «Залатая ракетка» сярод дзяцей, якія займаюцца ў тэнісных клубах, секцыях і спецыялізаваных школах.

Усе дзіцячыя турніры ў краіне праходзяць па трохступеньчатай сістэме. Спачатку адбор на мясцовым узроўні, затым — абласныя спаборніцтвы. І — як вішанька на торце — рэспубліканскі фінал, дзе спаборнічаюць найлепшыя каманды ад кожнага рэгіёна. Гэта дае падставу сцвярджаць, што спорт аб'ядноўвае ўсе гарады і вёскі не толькі на словах, але і ў рэальнасці.

Будучае пачынаецца сёння

Мэта кожнай спартыўнай федэрацыі — прыцягнуць да заняткаў спортам як мага больш дзяцей, каб трэнерам нацыянальных каманд потым было з каго выбіраць, мяркуе генеральны сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна. Яна расказала, навошта нацыянальным спартыўным федэрацыям працаваць з дзецьмі. «Кожны маленькі спартсмен — брыльянцік, які мы павінны знайсці і захаваць дзеля будучыні нашага спорту. Беларуская федэрацыя баскетбола вельмі ўважліва ставіцца да выхавання маладых і таленавітых гульцоў. Ужо 19 гадоў мы праводзім Дзіцяча-юнацкую баскетбольную лігу «Слодыч», своеасаблівы аналаг дарослага чэмпіянату, для дзяцей ад 12 да 16 гадоў. Гэту баскетбольную школу прайшлі многія баскетбольныя зоркі, члены нацыянальнай зборнай Анастасія Верамеенка, Таццяна Ліхтаровіч, Аляксей Трасцянецкі, Арцём Парахоўскі і многія іншыя. У гэтым годзе, нават нягледзячы на пандэмію, быў пабіты рэкорд лігі — на ўдзел заявілася сто каманд, больш за 1500 удзельнікаў з усёй краіны. Па выніках лігі мы адбіраем найлепшых дзяцей для залічэння іх у вучылішчы алімпійскага рэзерву, якія працуюць у Гродне і Мінску. Спартсмены, якія паспяхова выступаюць у дзіцяча-юнацкай лізе, на нацыянальных першынствах, у алімпійскіх Днях моладзі, потым маюць пэўныя льготы пры паступленні ў ВНУ. Але самае галоўнае — дзеці разумеюць, што дзеля дасягнення поспехаў трэба шмат працаваць.

Сумесна з Прэзідэнцкім спартыўным клубам мы рэалізавалі праект «Аранжавы мяч». У яго межах у школы краіны было перададзена дзевяць тысяч баскетбольных мячоў і 134 навясныя шчыты. Сёлета праект перайшоў на новую стадыю — ужо вясной на сталічным праспекце Пераможцаў павінны з'явіцца баскетбольныя пляцоўкі для дарослых і маленькіх аматараў гэтага спорту.

Актыўную дзейнасць па развіцці дзіцячага баскетбола праводзіць і Еўрапейская федэрацыя. І, канешне, мы ўдзельнічаем ва ўсіх міжнародных праектах. «Яе свет, яе правілы» — праграма, сканцэнтраваная на жаночым баскетболе. Як паказвае вопыт, дзяўчаты могуць даць фору хлопцам, асабліва калі гэта беларускі. У межах гэтага праекта мы праводзім сапраўдны баскетбольны фестываль з эстафетамі, праверкай здольнасцяў. Зараз гэтым дзяўчынкам 11—12 гадоў, а праз пяць гадоў яны ўжо змогуць выступаць у нацыянальных камандах. Галоўнаму трэнеру жаночай зборнай Наталлі Трафімавай, якая курыруе гэты праект, важна ўжо цяпер падбіраць сабе рэзерв. «Яе свет, яе правілы» закранае баскетбалістак з усіх спартыўных школ краіны. І ўжо з верасня гэтага года на базе Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву створана жаночая каманда з гульцоў 2007—2008 гадоў нараджэння.

Другі міжнародны праект «Крок у будучыню» скіраваны і на хлопцаў, і на дзяўчат, у ім мы аддаём увагу развіццю баскетболу 3х3. Мы актыўна развіваем гэты від, і нам патрэбны таленавітыя гульцы. Сёлета ў нас атрымаўся сапраўдны дзіцячы баскетбольны форум, дзе дзеці маглі пазнаёміцца паміж сабой, а дарослыя — абмеркаваць важныя пытанні. І я бачу, як дзякуючы такім праектам у дзяцей выхоўваецца адказнасць. Адна дзяўчынка прызналася, што адмовілася ехаць у летнік, каб выступіць на турніры. А пасля перамогі заявіла бацькам, што ў будучым стане вядомай баскетбалісткай і будзе зарабляць грошы для ўсёй сям'і. Маленькага чалавека, канешне, можна прымусіць штосьці рабіць, але гэта можа выклікаць негатыўную рэакцыю. А калі ён усё робіць з задавальненнем, атрымлівае прыемныя эмоцыі і падарункі за свае дасягненні, то з малых гадоў будзе «гарэць» гэтай справай.

На рэалізацыю міжнародных праектаў Еўрапейская федэрацыя баскетбола выдзяляе Беларусі пэўную суму грошай. Таму мы маем дадатковыя сродкі на экіпіроўку дзяцей, на інвентар, на арганізацыю спаборніцтваў. Так мы не толькі заахвочваем дзяцей, але і развіваем спартыўную інфраструктуру.

Безумоўна, не ўсе дзеці будуць выдатнымі спартсменамі. Але яны могуць стаць добрымі баскетбольнымі арбітрамі. Рэспубліканская калегія суддзяў праводзіць праграму для маладых суддзяў, куды трапілі падлеткі 15—16 гадоў. Адна дзяўчынка займаецца баскетболам, каб пасля школы паступіць у медыцынскі ўніверсітэт і быць спартыўным урачом. Хтосьці стане спартыўным менеджарам ці журналістам. Спорт — гэта не толькі спаборніцтвы і трэніроўкі, гэта вялікая праца многіх людзей. Але пасля такой школы спецыялісты будуць лепш разумець праблемы і патрабаванні спорту».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота дадзены Беларускай федэрацыяй баскетбола

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».