Вы тут

За што саюзныя чытачы любілі беларускі часопіс «Нёман»?


«Часопіс робяць не асобныя, няхай і вельмі яскравыя і таленавітыя публікацыі; яго робяць ідэя, пульс, якія павінны прысутнічаць у кожным, хоць і самым маленькім па аб'ёме матэрыяле. І яшчэ: часопіс робяць прафесіяналы-аднадумцы». Гэта словы аднаго з рэдактараў «Нёмана», надрукаваныя ў нумары за 1995 год, калі выданне адзначала паўвекавы юбілей. І ў гэтай цытаце адказ на пытанне, чаму тыражы беларускага «Нёмана» перавальвалі за паўтары сотні тысяч экзэмпляраў, чаму на яго палявалі ва ўсіх кутках былога Савецкага Саюза — чытачы нават гатовыя былі плаціць спекулянтам вялікія грошы, каб выкупіць свежанькія нумары.

«Нёман» лічылі непрадказальным, смелым. Тут выходзілі публікацыі, якія «зарубілі» ў іншых савецкіх выданнях. Сюды слалі свае работы «непажаданыя» ў той час аўтары, напрыклад Салжаніцын. Менавіта ў «Нёмане» ў 1968 годзе надрукаваў сваю паэму «Под кожей статуи Свободы» Яўген Еўтушэнка, і гэта пасля таго, як ідэолагі не прынялі твор пісьменніка і забаранілі яго публікацыю ў іншых выданнях. Больш смела «Нёман» падыходзіў і да публікацыі замежных аўтараў. У 1977 годзе часопіс першы дае на рускай мове раман Габрыэля Гарсіі Маркеса «Восень патрыярха», і гэта нягледзячы на тое, што ў аповедзе пра лацінаамерыканскага дыктатара цэнзура ўгледзела паралелі з савецкай рэчаіснасцю.


Слова Макаёнка!

У пасляваенны 1945 год пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы, Клімковіча, Самуціна, Горцава і Садоўскага ў Мінску тыражом у пяць тысяч экзэмпляраў выйшаў альманах рускай секцыі Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі «Отчизна» (у 1947 годзе «Советская Отчизна»). Спачатку альманах даваў магчымасць друкавацца рускамоўным аўтарам Беларусі, а з 1947 года пачаў друкаваць пераклады твораў з беларускай мовы. Доўгі час новае выданне «не выстрэльвала». Альманах выходзіў рэдка, аўтараў не хапала. Згадаем трыццатыя гады, у якія мы амаль страцілі нацыянальную эліту, шмат пісьменнікаў пакасіла і Вялікая Айчынная вайна. Але з часам у літаратуру прыходзяць новыя аўтары, і перад часопісам яго кіраўнікі ставяць амбіцыйныя мэты — выйсці на больш шырокую чытацкую аўдыторыю.

«Альманах ці часопіс з назвай «Савецкая Айчына» мог выходзіць дзе заўгодна. У Калінінградзе і Петрапаўлаўску-на-Камчатцы, напрыклад. А хацелася напісаць... на вокладцы нешта сваё, адзінае і непаўторнае», — згадваў Георгій Папоў, які працаваў у выданні адказным сакратаром. Супрацоўнікі накідалі дзясяткі назваў, з прапановамі выходзілі на пасяджэнні прэзідыума Саюза пісьменнікаў і ў ЦК КПБ. У 1960 годзе часопіс становіцца «Неманам», а з 1966 года пераходзіць на штомесячны выхад. І вось з гэтага і пачынаецца сур'ёзная трансфармацыя выдання. Больш аб'ёмны часопіс мяняе не толькі вокладку, але і змест.

Са зменай перыядычнасці і прыходам на пасаду галоўнага рэдактара Андрэя Макаёнка «Неман» пачаў набіраць папулярнасць. У Саюзе пісьменнікаў Макаёнак абвясціў, што зробіць «Неман» адным з найлепшых часопісаў у Савецкім Саюзе. І слова сваё стрымаў — узняў тыраж з 20 да 165 тысяч.

«Ён быў чалавек, які захапляецца, самалюбівы, па-добраму славалюбівы і прабіўны. Калі браўся за што-небудзь, працаваў шчыра, з поўнай аддачай, не даючы спакою тым, ад каго залежаў поспех справы, і не гледзячы на рангі: «Ты сядзіш тут, каб рухаць культуру, дык рухай!» — такое было яго патрабаванне да кожнага чыноўніка і кожнага творцы», — успамінаў пра свайго сябра Іван Шамякін.

Наказ маладым...

Пачынаецца актыўны пошук аўтараў, ідэй, тэм.

У 1960 годзе часопіс «Советская Отчизна» мяняе назву на «Неман».

«Неман» адкрывае новыя імёны. «Няхай мужаюць, становяцца ўсё глыбей іх роздумы, а пачуцці няхай застаюцца па-юнацку свежыя, чыстыя! Няхай рука іх не ведае сытай стомленасці, а вока не затуманьваюць міражы прыблізных «ісцін» і спакусы таннай славы...

Гэта, хлопцы, цалкам натуральна — любіць вашу маладосць, вашы поспехі, спрачацца з вамі, спаборнічаць, побач ісці наперад, разам расці, шукаць і радавацца таму, што і за вамі следам ужо ідуць... маладыя...», — такі наказ Янка Брыль даваў маладым аўтарам «Немана».

На супрацоўнікаў часопіса клалася вялікая адказнасць пры выбары твораў — усё ж выданне распаўсюджвалася па тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза, і аўтары павінны былі трымаць марку і годна прадстаўляць Беларусь. Ці зачэпяць іх тэмы і думкі такую шырокую аўдыторыю? Важна было сачыць і за тым, каб творы пры перакладзе на рускую мову з беларускай не страчвалі свайго асаблівага гучання, смаку. А калі часопіс стаў набіраць папулярнасць, кіраўніцтву даводзілася адбівацца і ад настырных графаманаў, якія за непрыняцце работ засыпалі скаргамі розныя інстанцыі.

У «Неман» прыходзілі вядомыя пісьменнікі і пачаткоўцы, вучоныя і публіцысты. Ды і супрацоўнікі часопіса не спалі ў шапку — адсочвалі, што друкуецца ў іншых беларускіх часопісах, прыкмячалі, запрашалі. У сярэдзіне 1960-х «Неман» пазнаёміў рускамоўнага чытача з Вячаславам Адамчыкам, Барысам Сачанкам, Міхасём Стральцовым, Міхасём Вышынскім, Уладзімірам Дамашэвічам, якіх у рэдакцыі ў той час празвалі «казырнай шасцёркай».

З прыходам у рэдакцыю Макаёнка да часопіса павярнуліся і многія «раскручаныя» аўтары, да якіх раней было не дастукацца. А цяпер яны самі сталі часцей прапаноўваць для друку свае творы.

Янка Брыль, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, натуральна, прываблівалі да часопіса новых чытачоў.

Але трэба сказаць, што часопіс цаніў каштоўныя сувязі, быў гатовы змагацца за сваіх аўтараў. Так, у сярэдзіне 1960-х пачалося цкаванне Васіля Быкава, асабліва моцнае яно было пасля таго, як была надрукавана аповесць «Мёртвым не баліць». У многіх шматтыражных савецкіх часопісах пачаліся нападкі на пісьменніка, а «Неман» вырашае на такі выклік адказаць артыкулам з аб'ектыўным і прафесійным аналізам творчасці Васіля Быкава. На працягу некалькіх месяцаў супрацоўнікі спрабавалі паставіць гэты матэрыял у нумар, хадзілі «на ковёр» у Галоўліт і ЦК КПБ, адстойвалі, настойвалі і нарэшце дамагліся, каб артыкул быў надрукаваны.

Так, Макаёнак не баяўся рызыкаваць, і часопіс друкаваў рэчы, якія ў той час здаваліся смелымі...

Шлях да літары «ё»

У 1988 годзе часопіс яшчэ вырас у аб'ёме, змяніў аблічча, у ім з'явіліся каляровыя ўклейкі — своеасаблівая пляцоўка для мастакоў. А яшчэ ён змяняе назву на «Нёман».

Малюнкі да публікацыі ў «Нёмане» рамана «Чорны замак Гальшанскі» рабіў Васіль Шаранговіч.

«Факт дзіўны ў, здавалася б, такой блізкай славянскай моўнай стыхіі: нават не перамена літарнага значка, а з'яўленне над ім дзвюх нейкіх кропак — і мяняецца ўсё — музыка і сэнс літары, слова, паняцця, зямлі, народа, гісторыі, — заўважаў Анатоль Кудравец. —...Скажам шчыра: гэта былі тыя кропкі, да якіх часопіс ішоў доўгія гады і якія ўзаконьвалі ўнутраную сутнасць выдання — адданасць беларускай нацыянальнай ідэі і ідэі адраджэння».

Сапраўды, па падшыўках часопіса можна сачыць не толькі за развіццём літаратуры, але і за станаўленнем нацыі. Акрамя мастацкіх твораў, крытычных артыкулаў, нарысаў, публіцыстыкі, тут у 1980-х — пачатку 90-х друкаваліся матэрыялы пад такімі рубрыкамі, як «Гісторыя. Культура. Нацыя», «У свеце навукі», «Чалавек і прырода», «Старонкі з нататніка», «Запіскі. Успаміны. Дакументы», «На перакрыжаваннях мінулага», «Учора. Сёння. Заўтра». Рэдакцыя праводзіла круглыя сталы і інтэрв'ю, прысвечаныя ахове помнікаў гісторыі і архітэктуры, народных традыцый, рамёстваў, пытанням экалогіі і выхавання, абмяркоўвала гістарычныя тэмы.

Айчынныя сакрэты і літаратура ста народаў

Старыя падшыўкі часопіса тояць шмат падказак для даследчыкаў. Напрыклад, можна заўважыць, што пры перакладзе на рускую і пры друку на беларускай мове аднаго і таго ж твора могуць быць несупадзенні — па-рознаму «пашчыравалі» з аўтарскімі рукапісамі цэнзары.

Акрамя саміх твораў, на старонках «Нёмана» можна знайсці словы пісьменнікаў — іх дзённікі, лісты, анкеты. Напрыклад, у падшыўцы за 1978 год я натрапіла на анкеты, запоўненыя пісьменнікамі і крытыкамі. Іван Шамякін, Віктар Каваленка, Іван Навуменка і іншыя адказвалі на пытанні часопіса, у якіх творах сучаснай беларускай прозы найбольш поўна адлюстраваны духоўны вопыт беларускага народа, якімі яны бачаць сучасных герояў, за што можна пахваліць беларускую прозу і чаго ёй нестае, як павінны падавацца тэмы Вялікай Айчыннай вайны і гарадское жыццё.

Асаблівая крыніца інфармацыі — ліставанне. У ім мы знаходзім не толькі бібліяграфічныя веды, але і перажыванні аўтараў, іх хваляванні, іх думкі пра ўласную творчасць, зносіны з калегамі, чытачамі, перакладчыкамі. Напрыклад, Іван Мележ быў вельмі занепакоены нізкім узроўнем перакладаў сваіх твораў на рускую мову і вымушаны быў, як сведчаць яго лісты, перарабляць за перакладчыкамі. Пісьменніка вельмі засмучала, калі за справу браліся проста рамеснікі, часам выпадковыя людзі ў літаратуры. Менавіта таму ён сам, нягледзячы на хваробы, перакладае на рускую мову «Мінскі напрамак».

Часопіс друкаваў шмат дзённікаў і ўспамінаў пісьменнікаў, дзякуючы якім чытачы сапраўды адкрывалі для сябе вельмі цікавых асоб. Давайце зазірнём у «Свае старонкі» Янкі Брыля: «Горка, балюча, глыбока і шчыра адчуў учора, што мне ўжо сорак чатыры, а я яшчэ не напісаў «Войны и мира»...» «Два высокія званні — пісьменнік і чалавек. Аднаго мне хочацца дасягнуць, другога — яшчэ больш — не страціць».

У 1974 годзе «Нёман» друкуе сабраныя Алесем Адамовічам, Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам успаміны сведкаў Вялікай Айчыннай вайны «Я з вогненнай вёскі». Дарэчы, адзін з апошніх твораў Алеся Адамовіча — аўтабіяграфічная аповесць «Vіxі» ў дапоўненым варыянце таксама друкуецца ў «Нёмане» — у 1994 годзе.

У 1970–1980-х савецкую літаратуру называлі «літаратурай ста народаў». Сёння старыя падшыўкі дазваляюць прасачыць, як беларускі «Нёман» уліваўся ў гэтае саюзнае мора літаратуры. Натуральна, нашы пісьменнікі трымалі высокую планку. Творы Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Андрэя Макаёнка, Янкі Брыля карысталіся ў чытача заслужанай увагай.

Але каштоўнасць «Нёмана» была яшчэ і ў тым, што ён знаёміў з сусветнай літаратурай. Тут друкаваліся творы Курта Ванегута, Жоржа Сіменона, Эрнеста Хемінгуэя, Джэймса Чэйза, Уільяма Фолкнера, Петэра Адамса, Уінстана Грэхема, Агаты Крысці, Сцівена Кінга і многіх іншых. Толькі за 1975 год у часопісе былі надрукаваны замежныя творы, перакладзеныя з нямецкай, чэшскай, балгарскай, грузінскай, польскай, таджыкскай, армянскай, асецінскай, англійскай, японскай, іспанскай, карэйскай моў.

У № 1 за 1995 год «Нёман» размясціў летапіс публікацый, якія выходзілі ў часопісе ў у 60-пачатку 90-ых. І гэта не толькі беларуская і руская проза, але і пераклады з розных моў свету, літаратурная крытыка, запіскі, успаміны, дакументы, круглыя сталы, публікацыі, звязаныя з беларускай гісторыяй і культурай.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Супраць цячэння

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».