Вы тут

«Пінокіа» на беларускі лад пакажуць у Вялікім тэатры


У Вялікім тэатры Беларусі 19 і 20 снежня гледачоў чакае прэм'ера дзіцячай оперы «Пінокіа» Глорыі Бруні ў пастаноўцы рэжысёра Наталлі Бараноўскай, дырыжора Уладзіміра Авадка і мастака Любові Сідзельнікавай.


Упершыню гэтая опера прагучала ў Гамбургу ў 2008 годзе, а пасля яе ставілі ў Лондане, Парме, Неапалі ды іншых гарадах Еўропы. Цяпер сваю версію прадставяць і ў Беларусі. Дарэчы, для рэжысёра і дырыжора праект стане першай пастаноўкай на сцэне Вялікага тэатра. У сваіх інтэрв'ю Наталля Бараноўская адзначае, што паўдзельнічаць у казцы будзе цікава маладым артыстам, бо ў оперы кожны вобраз яскравы і запамінальны, а пры выкананні патрабуюцца не толькі вакальны талент, але і акцёрская ігра. Так, напрыклад, на ролі Пінокіа, Ката, Лісы і Цвыркуна ў тэатры праводзілі кастынг сярод маладых вакалістаў, і чацвёра з удзельнікаў сталі стажорамі Вялікага тэатра. Гэта дазволіць маладым артыстам працаваць побач з вопытнымі майстрамі сцэны і пераймаць іх прафесіяналізм.

— Гісторыя пра драўляную ляльку, якая стала чалавекам, сёння асабліва актуальная, — лічыць рэжысёр Наталля Бараноўская. — Мы ўсе робім памылкі, аднак выпраўляем іх і расцём. Так і Пінокіа, аступіўшыся, усё ж прыходзіць да таго, што ахвяруе сабой дзеля іншага чалавека.

Кампазітар Бруні стварыла беларускую рэдакцыю оперы для Вялікага тэатра. Найлепшую форму для твора шукалі яны разам з дырыжорам Уладзімірам Авадком і, відаць, знайшлі яе. Бо дырыжор мяркуе, што пастаноўка прывабіць у тым ліку і маленькіх гледачоў у чароўны свет оперы, у чым стваральнікі і бачаць сваю галоўную задачу.

Лібрэта оперы напісалі Урсел Шэфлер і Наталля Бараноўская, узяўшы за аснову казку Карла Калодзі. Балетмайстрам-пастаноўшчыкам выступіў лаўрэат міжнародных конкурсаў Сяргей Мікель, мастаком па камп'ютарнай графіцы — Дзяніс Асташонак, а мастаком па святле стала Людміла Кунаш. Дзякуючы плённай рабоце пастаноўшчыкаў, гледачы ўбачаць жывапісныя дэкарацыі, яркія касцюмы, выкарыстанне відэапраекцый і мультыплікацыі. У тэатры прызналіся, што будуць адсылкі нават да работ Леанарда да Вінчы.

Завітвайце на прэм'еру 19 і 20 снежня ў Вялікі тэатр Беларусі, каб паглядзець пастаноўку і не толькі ацаніць працу прафесіяналаў, але і згадаць, што дабро і святло заўсёды даюць магчымасць змяніцца кожнаму да лепшага.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.