Вы тут

У Беларусі стартаваў патрыятычны праект «Памяць сэрца»


Рэспубліканскі патрыятычны праект «Памяць сэрца» стартаваў 13 снежня ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці, паведамляе БЕЛТА.


«75 гадоў таму нашы прадзеды падарылі нам Перамогу. Вайна закранула кожную беларускую сям’ю. На жаль, з кожным годам ветэранаў становіцца ўсё менш. І наша задача — не даць перапісаць гісторыю тых гераічных падзей, захаваць гэту памяць у сэрцы і перадаць нашым дзецям, — адзначыла сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Юлія Зінкевіч. — У гэтым годзе ў нас прайшоў яркі праект „Беларусь памятае“, калі моладзь вывучала гераічныя гісторыі сваіх прадзедаў і прабабуль. Таксама прайшоў маладзёжны праект „Поезд #Беларусь. Моладзь. Натхненне“, калі на працягу сямі дзён больш за 90 маладых людзей праехалі па знакавых мясцінах Беларусі і правезлі з сабой палотнішча „Беларусь памятае“. Удзельнікі гэтага праекта ганарыліся тым, што дакрануліся да гэтага палотнішча і даведаліся пра герояў сваёй краіны. Я пераканана, што такія акцыі павінны праходзіць як у малых населеных пунктах, так і ў вялікіх гарадах. Бо нам сапраўды ёсць чым ганарыцца».

Паводле слоў Юліі Зінкевіч, праект «Памяць сэрца» — яшчэ адно сведчанне таго, што беларуская моладзь ведае і памятае пра подзвіг сваіх прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

13 снежня ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшоў адкрыты дыялог. Моладзь таксама прыняла ўдзел у маладзёжным аўтапрабегу па маршруце Дзятлава — вёска Коцькі (у трох брацкіх магілах пахавана амаль 8 тыс. расстраляных 13 снежня 1942 года яўрэяў) — вёска Курпешы (у брацкай магіле пахавана 2800 яўрэяў). Каля абеліска, устаноўленага ў лясным масіве непадалёку ад вёскі Курпешы, быў арганізаваны мітынг-рэквіем. Тут моладзь усклала кветкі да абеліска і склала з запаленых лампад кампазіцыю «Памяць сэрца».

«Гэты праект аб’ядноўвае моладзь, якая памятае і шануе гісторыю сваёй краіны. Сёння кожны малады чалавек павінен разумець, што гераізацыя нацызму — гэта спроба раз’яднаць беларусаў, вярнуцца ў тое, ад чаго мы адышлі 75 гадоў таму. Мы захавалі краіну. Безумоўна, толькі захоўваючы і шануючы памяць аб нашым гераічным мінулым, мы можам будаваць будучыню Беларусі», — расказаў старшыня маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Ягор Макарэвіч.

Мерапрыемствы праекта «Памяць сэрца» пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі па 24 снежня. У памятных мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, маладыя людзі арганізуюць мітынгі-рэквіемы з ускладаннем кветак і запальваннем лампад памяці ў форме назвы новага патрыятычнага праекта. Тэматыцы захавання гістарычнай памяці будуць прысвечаны і дыялогі пакаленняў. Падчас работы гэтых камунікацыйных пляцовак плануецца абмеркаваць пытанні патрыятычнага выхавання моладзі.

Перад вайной у Дзятлаве пражывалі 4,5 тыс. яўрэяў — амаль 70 працэнтаў мясцовага насельніцтва. У 1939-1941 гадах у горад прыбыло шмат яўрэйскіх бежанцаў з заходняй і цэнтральнай Польшчы, захопленай гітлераўскай Германіяй. Да чэрвеня 1941 года яўрэйскае насельніцтва Дзятлава вырасла больш як да 5 тыс. чалавек. Мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй тры гады — з 30 чэрвеня 1941-га да 9 ліпеня 1944-га. Усяго за час акупацыі гітлераўцы замучылі і забілі ў Дзятлаве 3,5 тыс. яўрэяў. Некалькі соцень змаглі выратавацца, многія з іх дажылі да вызвалення ў сямейным партызанскім лагеры.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.