Вы тут

Занько з Занькаў


Вёска Ворань Лепельскага раёна ўвойдзе ў гісторыю тым, што ў ёй жыў легендарны франтавік — поўны кавалер ордэна Славы, адзіны з беларускіх кавалераў, які атрымаў свае ўзнагароды ў паветраных баях. Гэта — Фёдар Занько, які быў на фронце стралком-радыстам штурмавога самалёта Іл-2. Трыццаць гадоў таму, калі я пачынаў шукаць тройчы адзначаных салдацкім ордэнам, Фёдара Пятровіча Занько ўжо не было на гэтым свеце. Знакавая акалічнасць — апошні дзень зямнога жыцця ветэрана выпаў менавіта на Дзень Перамогі. Гэта было ў 1979 годзе. Жыццёвая дарога героя ўмясцілася ў няпоўных пяцьдзясят восем гадоў.

Сёлета ў пачатку кастрычніка я накіраваўся на Лепельшчыну, каб адшукаць сведак жыцця адважнага лётчыка-стралка, і мне пашчасціла сустрэць іх. Па-першае, наведаўшы вораньскія могілкі, я беспамылкова вылучыў магілу Фёдара Занько: погляд прыцягнуў красамоўны надпіс на помніку, над якім узвышалася пяціканцовая гранёная зорачка з «нержавейкі». Адразу кінулася ў вочы, што магіла дагледжана, і гэта ўсхвалявала: герой не забыты! У размовах з жыхарамі даведаўся, што ў вёсцы жыве старэйшая дачка Фёдара. Мне пашчасціла: я хутка адшукаў патрэбны дом і гаспадыню — сямідзесяцідвухгадовую Галіну Фёдараўну Федаровіч.


... Мы сядзім у яе доме, гартаем сямейны альбом, разглядваем партрэты яе бацькі. У жыцці Фёдар Занько здымаўся мала, і ў альбоме захаваліся толькі лічаныя фота з ім. Галіна хвалюецца, калі згадвае пра пасляваеннае маленства, пра апошнія дні свайго слаўнага бацькі.

— Мой тата паходзіць з суседняй вёскі Занькі. Адтуль яго прызвалі ў армію, туды ён і вярнуўся ў сорак шостым. Ажаніўся, а ў сорак восьмым нарадзілася я — першая яго дачка. І да вайны, і пасля тата быў кавалём, працаваў у калгаснай кузні. У вёску Ворань наша сям'я перабралася, калі я перайшла ў чацверты клас. Мама працавала медсястрой ва ўчастковай бальніцы, татава кузня стаяла на беразе возера Ворань. Была яшчэ і малодшая сястра. Тата нас вельмі любіў, шкадаваў, дараваў нашыя непаслушэнствы, хоць і быў у меру строгі, — распавядае гаспадыня. — Фёдар Пятровіч быў высокага росту, яго любімым абуткам былі кізравыя боты. У побыце быў непатрабавальны, спраўляўся з любой сялянскай работай — араў, сеяў, касіў, пасвіў кароў, цяслярыў. Вось і маю хату, калі я выйшла замуж у 1974-м, таксама будаваў.

Па ўспамінах Галіны, яе бацьку называлі Занько-ардэнаносец, таму што ў населеным пункце былі і іншыя Занькі. Сваімі ўзнагародамі ветэран ніколі не выхваляўся, але і не адмаўляўся, калі яго запрашалі выступіць на школьнай лінейцы.

— На жаль, мы з сястрой мала распытвалі пра бацькавую вайну, пра ўзнагароды і раненне, а сам ён згадваў неахвотна. Мы ганарыліся, калі тата прыходзіў у школу ў парадным пінжаку. У адносінах з людзьмі ён быў самы звычайны чалавек, адкрыты, гасцінны, любіў пагаварыць. Калі сустракаўся з ветэранамі, гаманілі, выпівалі — як без гэтага, спявалі — яго любімая песня была «Под крылом самолета о чем-то поет зеленое море тайги». Калі размова пераходзіла на ваенную тэму, з цяжкасцю стрымліваў слёзы — на слёзы ён быў слабак! На жаль, цяжкая хвароба рана скасіла яго.

У Дзень Перамогі Фёдар Занько заўсёды імкнуўся наведаць армейскіх авіятараў пад Лідай, дзе пасля вайны дыслацыравалася яго лётная часць — у гэты дзень там збіраліся баявыя аднапалчане. А цяпер у пераможны дзень на яго магілу прыходзяць нават тыя, хто яго ніколі не бачыў, але яны ведаюць і памятаюць.


Салдацкую форму вясковы каваль Фёдар Занько апрануў у маі 1940 года, калі яму ішоў дзевятнаццаты год. За плячыма юнака было чатыры класы вясковай школы. Чырвонаармейца накіравалі ў палкавую школу малодшых камандзіраў 139-га стралковага палка 41-й стралковай дывізіі Заходняга фронту. Вайну Фёдар Занько сустрэў яшчэ курсантам. Яму наканавана было прайсці ўсё ліхалецце, як кажуць, «ад званка да званка». І ён — жыхар лепельскай вёскі Занькі — з гонарам выканаў сваю місію.

Спачатку ў складзе стралковых падраздзяленняў быў разведчыкам. Восенню сорак другога на Сталінградскім фронце ў складзе ўзвода разведкі, у раёне чыгуначнай станцыі Тацінская, прывёў важнага «языка» і даставіў каштоўныя дакументы праціўніка. За геройскія ўчынкі атрымаў першую значную ўзнагароду — ордэн Чырвонай Зоркі. У баях за абарону Сталінграда быў цяжка паранены. Пасля доўгага лячэння быў накіраваны на кароткатэрміновыя курсы паветраных стралкоў-радыстаў, скончыўшы іх у маі 1943-га, атрымаў размеркаванне ў 75-ы гвардзейскі штурмавы авіяцыйны полк (Сталінградскі) у экіпаж легендарнага лётчыка, будучага Героя Савецкага Саюза Мікалая Тараканава. На самалёце Іл-2 вызваляў Крым, а ў маі сорак чацвёртага над Сапун-гарою (у раёне Севастопаля) збіў тры нямецкія самалёты. За гэта геройства Занько ўручылі ордэн Славы ІІІ ступені. Затым наш зямляк ваяваў над тэрыторыяй Беларусі — вызваляў Віцебск, Оршу, Барысаў, Мінск, Ліду, Гродна; прыбалтыйскія Алітус і Каўнас, здзейсніў дваццаць два баявыя вылеты, адбіў сем паветраных варожых атак. За ўдзел у аперацыі «Баграціён» старшыну Фёдара Занько ўзнагародзілі двума ордэнамі: Славы ІІ ступені і ордэнам Чырвонага Сцяга. У перыяд з лістапада 44-га па сакавік 45-га паветраны стралок здзейсніў дваццаць чатыры вылеты на бамбардзіроўкі і штурмоўкі жывой сілы і тэхнікі гітлераўцаў у рэгіёнах Усходняй Прусіі. У красавіку сорак пятага яму ўручылі ордэн Славы І ступені.

Усяго за час Вялікай Айчыннай вайны Занько здзейсніў 234 баявыя вылеты, за што атрымаў 26 падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна. Ва ўзнагародным спісе ветэрана — сем ордэнаў і некалькі баявых медалёў.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.