Вы тут

У Беларусі праводзяць клінічнае выпрабаванне новага метаду лячэння пнеўманій, выкліканых COVІD–19


Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі сумесна з 1-й кафедрай унутраных хвароб БДМУ праводзіць клінічнае выпрабаванне новага метаду лячэння пнеўманій, выкліканых COVІD–19, з ужываннем біямедыцынскага клетачнага прадукту (БМКП) на аснове мезенхімальных ствалавых клетак (МСК).


Фота аўтара.

— Прапанаваная намі тэхналогія мае ўнікальныя асаблівасці, — расказвае загадчыца лабараторыі імуналогіі і клетачнай біяфізікі Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Наталля Антаневіч. — У здаровых донараў-добраахвотнікаў з нюхальнага эпітэлія пад мясцовай анестэзіяй бяруць фрагменты слізістай тканкі носа, вылучаюць адтуль мезенхімальныя ствалавыя клеткі, а потым у лабараторыі нарошчваюць іх біямасу. Навізна падыходу не толькі ў крыніцах МСК, але і ў аб'яднанні культур ад трох розных донараў у біямедыцынскі клетачны прадукт, які ўводзяць пацыенту ўнутрывенна. Клеткі розных людзей, хоць і падобныя па сваіх уласцівасцях, усё ж такі крыху адрозніваюцца па здольнасці прыгнятаць запаленне, жыццяздольнасці і гэтак далей. Іх пуліраванне (аб'яднанне) забяспечвае стабільнасць імунамадуляцыйных уласцівасцяў. Акрамя нюхальнага эпітэлія, у тэрапіі магчыма выкарыстанне клетак тлушчавай тканкі, пупавіны, плацэнты, касцявога мозгу.

Перад уводам у арганізм пацыента МСК правяраюць на адпаведнасць усім крытэрыям, прапісаным у заканадаўстве: стэрыльнасці, высокай жыццяздольнасці, сапраўднасці. Дозу біямедыцынскага клетачнага прадукту разлічваюць са стандарту: 1 млн клетак на 1 кг вагі пацыента.

Тэрапія мезенхімальнымі ствалавымі клеткамі дапаўняе медыкаметозную. Яна накіравана на зніжэнне запаленчай рэакцыі ў лёгкіх (там асядае 90 % усіх МСК), актывізацыю ўласных рэсурсаў арганізма і аднаўленне пашкоджаных альвеол і сасудаў.

— Наша мэтавая група — пацыенты з цяжкай пнеўманіяй (паражэннем лёгкіх ад 50 %) пры COVІD-19, якім не дапамагае прызначанае лячэнне, у якіх нізкі паказчык сатурацыі (насычанасці крыві кіслародам), патэнцыйных кандыдатаў на штучную вентыляцыю лёгкіх, — адзначае Наталля Антаневіч. — Важна выявіць стадыю, на якой не дапамагаюць прэпараты і падае сатурацыя, вызначыць дазіроўку, частату ўвядзенняў МСК, інтэрвал паміж імі. Мы імкнёмся прадухіліць цяжкі працяг хваробы і не дапусціць пацыента да неабходнасці ШВЛ.

Да праекта прыступілі яшчэ ўлетку. З прыходам другой хвалі каранавіруса эксперыментальную тэрапію пачалі ўжываць на базе 10-й сталічнай клінікі.

Інфармаваную згоду на такое лячэнне далі пацыенты ва ўзросце ад 45 да 73 гадоў: ва ўсіх была лішняя вага і артэрыяльная гіпертэнзія. Ніякіх пабочных эфектаў, алергічных рэакцый, павышэння тэмпературы ні ў кога не адзначана, ва ўсіх назіраецца пэўнае паляпшэнне. Адной з удзельніц клінічных выпрабаванняў ужо двойчы ўводзілі біямедыцынскі матэрыял. У лячэнні новых пацыентаў спецыялісты плануюць павялічваць частату прымянення.

Без пабочных эфектаў

У эфектыўнасці тэрапіі з дапамогай пуліраваных МСК навукоўцы пераканаліся, рэалізуючы папярэдні праект па распрацоўцы новага метаду тэрапіі сістэмнай чырвонай ваўчанкі — цяжкага аўтаімуннага захворвання. Практычна ва ўсіх пацыентаў, якія ўдзельнічалі ў эксперыменце, выявіліся прыкметныя паляпшэнні.

— На жаль, медыкі і сёння сустракаюцца з прадузятасцю супраць лячэння ствалавымі клеткамі з боку некаторых грамадзян, — адзначае Наталля Антаневіч. — Гэта памылковае меркаванне. Пабочныя эфекты мелі месца раней, калі ў шэрагу краін выкарыстоўвалі эмбрыянальныя ствалавыя клеткі, якія сапраўды здольныя трансфармавацца ў пухлінныя. Усе метады з выкарыстаннем МСК , якія прымяняюцца ў Беларусі, абсалютна бяспечныя. Клеткі атрымліваюць у дарослых добраахвотнікаў.

Сёння ў краіне зацверджана ўжо больш за 30 інструкцый па ўжыванні метадаў тэрапіі з дапамогай МСК самых розных паталогій — рассеянага склерозу, эпілепсіі, пашкоджанняў слізістых абалонак скурных покрываў, хранічных стэнозаў трахей гартані, працяглых незагойных язваў пры дыябеце, хранічных інфекцыях, траўмах і гэтак далей. Ва ўсіх выпадках дзякуючы ўжыванню МСК назіраецца пэўны прагрэс, запаволенне цячэння хваробы, зніжэнне цяжкай сімптаматыкі, а пры некаторых захворваннях — нават поўнае выздараўленне.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Загаловак у газеце: Клетачная дапамога

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».