Вы тут

Уладзiмiр Каранік: Прыведзеную ў парадак рэспублiку трэба больш актыўна паказваць турыстам, каб людзi даведалiся аб Беларусi i зразумелi, наколькi гэта прыгожая, спакойная i добрая краiна


Сёння мы распачынаем адмысловы праект «Звязды», прымеркаваны да завяршэння трылогii Года малой радзiмы. З вуснаў кiраўнiкоў абласной вертыкалi ўлады мы даведаемся аб вынiках дзейнасцi рэгiёнаў па папулярызацыi i прасоўваннi мясцовых iнiцыятыў, добраўпарадкаваннi малых населеных пунктаў, наданнi новага дыхання невялiчкiм паселiшчам i стварэннi ўмоў для лепшага жыцця iх насельнiкаў. Аб адметных асаблiвасцях рэалiзацыi гэтай канцэпцыi ў Прынёманні раскажа самы малады з пункту гледжання знаходжання на пасадзе губернатар — прайшло крыху больш за сто дзён, як Уладзiмiр Каранiк узначалiў Гродзенскi абласны выканаўчы камiтэт.


Фота sb.by

Малая радзіма — гэта ўласная хата, свой кавалак зямлі

— Хутка завяршаецца 2020 год і разам з ім падыходзіць да свайго заканчэння трылогія Года малой радзімы. Хочацца даведацца аб яе выніках на Гродзеншчыне: аб добраўпарадкаванні населеных пунктаў, з'яўленні новых сквераў і іншых аб'ектаў.

— Трылогія Года малой радзімы — гэта знакавая падзея, якая дазволіла звярнуць увагу на многія аб'екты, не толькі ў абласным, але і раённых цэнтрах. Падлічыць, колькі іх добраўпарадкавалі за гэты час, немагчыма, таму што вялася маштабная работа: ад сельсаветаў да рэспубліканскага ўзроўню. Па Гродне самым значным аб'ектам, прыведзеным у парадак, стаў Стары замак, першая чарга рэканструкцыі якога зараз завяршаецца. Таксама папрыгажэлі і іншыя гістарычныя будынкі абласнога цэнтра.

Шмат намаганняў зараз прыкладаецца ў Любчы, каб зрабіць гэты пасёлак зручным для жыцця. Трэба сказаць, што такая работа праводзіцца ва ўсіх раённых цэнтрах вобласці без выключэння. Папрыгажэў і Скідзель, работы ў якім праводзіліся ў межах падрыхтоўкі да абласных Дажынак. Нягледзячы на тое, што свята было перанесена, вынік падрыхтоўкі да яго зараз радуе вока мясцовых жыхароў. У любым выпадку з завяршэннем трылогіі Года малой радзімы работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў спынена не будзе і ў планах наступнага года — прывядзенне ў парадак Бераставіцкага раёна і райцэнтра.

Дарэчы, агульнае добраўпарадкаванне, якое датычыцца сквераў, паркаў, набярэжных, праводзіцца ва ўсіх раённых цэнтрах Гродзеншчыны. Рэканструкцыя ж больш маштабных аб'ектаў — дамоў культуры і іншых сацыяльных устаноў, — як правіла, прымяркоўваецца да святочных мерапрыемстваў ці праводзіцца паэтапна. Як я ўжо казаў, такія работы праведзены ў Скідзелі, запланаваны ў Бераставіцы, шмат аб'ектаў прыведзены ў адпаведнасць сучасным патрабаванням у Лідзе. Таму я не хачу сказаць, што Год малой радзімы абмяжоўваецца пэўнай колькасцю аб'ектаў, і вельмі ўсцешвае, што ініцыятыва па прывядзенні ў прывабны стан гарадоў і вёсак была двухбаковай. Нешта ініцыявалася і фінансавалася зверху, але вельмі шмат было зроблена на месцах: людзі пачалі звяртаць увагу на тыя населеныя пункты, дзе жывуць, і ўласнымі намаганнямі прыводзілі іх у парадак. Гэта датычыцца і помнікаў загінулым воінам і партызанам напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі, адпаведна і сквераў, якія змянілі ў лепшы бок свой знешні выгляд.

Зараз мы максімальна акцэнтуем увагу на рабоце па добраўпарадкаванні дарожнай інфраструктуры. Акрамя таго, праводзяцца маштабныя мерапрыемствы, якія ўплываюць на паляпшэнне якасці жыцця і, у прыватнасці, якасці вады. Гэта будаўніцтва станцый абезжалезвання, правядзенне водаправодаў, каб забяспечыць якаснай пітной вадой усіх, хто мае ў ёй патрэбу.

У межах уводу атамнай электрастанцыі ў эксплуатацыю вядзецца актыўная работа па замене інфраструктуры, у тым ліку электрычнай. Мы шырэй сталі выкарыстоўваць яе магчымасці ў якасці ацяплення, а гэта патрабавала адпаведнай мадэрнізацыі. То-бок, безумоўна, трылогія Года малой радзімы зрабіла жыццё ў Прынёманскім рэгіёне больш зручным, яна паўплывала на тое, што населеныя пункты сталі больш прыгожымі, і, што важна, было шмат укладзена ў інфраструктуру, якая дазваляе забяспечыць надзейнае функцыянаванне ўсіх сістэм жыццезабеспячэння. Такім чынам, мы зрабілі адпаведны задзел для далейшага паслядоўнага развіцця.

Трэба сказаць, што праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя гады плануецца прыцягненне і нават павелічэнне аб'ёмаў будаўніцтва жылля і (напэўна, гэта таксама асаблівасць) павелічэнне колькасці індывідуальнага жылля. Тым самым мы даём магчымасць людзям адчуць: малая радзіма — гэта ўласная хата, свой кавалак зямлі.

Дарэчы, у канцэпцыю развіцця малой радзімы дапасуецца работа па спрашчэнні механізмаў атрымання занядбанага і пустуючага жылля. Гаворка ідзе аб тым, каб чалавеку, які жадае пабудаваць радавое гняздо ў населеным пункце, дзе нарадзіўся і меў магчымасць судакрануцца да сваіх каранёў, зрабіць працэдуру атрымання ўсіх дазволаў нашмат прасцейшай. За вельмі невялікія грошы атрымаць участак зямлі са старым будынкам пад будаўніцтва ці рэканструкцыю. У цяперашні час працягваецца работа, каб вызначыць адпаведныя правілы гульні: крытэрыі будаўніцтва і мінімальныя патрабаванні.

Маршруты на любы густ!

— СВК «Верцялішкі» штогод укладвае ў добраўпарадкаванне роднага аграгарадка каля мільёна рублёў, і такіх прыкладаў на вобласці нямала. Ці варта падобную практыку ўкараняць і на іншых тэрыторыях?

— Пытанне дастаткова дыскусійнае, таму што асноўная функцыя СВК — вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, і гэтую работу трэба выбудоўваць эканамічна эфектыўна. А сацыяльныя пытанні, якія датычацца агульнага добраўпарадкавання і падтрымання парадку, павінны быць у полі зроку мясцовых органаў улады і саміх жыхароў. Аб'екты сацкультбыту павінны фінансавацца па вялікай ступені за кошт бюджэту для таго, каб, па-першае, палепшыць эканоміку прадпрыемства, па-другое, незалежна ад эканамічных магчымасцяў таго ці іншага СВК людзі жылі ў бяспечных і годных умовах. Таму мы вельмі ўдзячныя тым сельгаспрадпрыемствам, якія знаходзяць сродкі для ўтрымання аграгародкоў у належным стане і іх развіцця, але ў гэтым плане мы будзем імкнуцца прадугледжваць больш бюджэтных сродкаў на тое, каб асноўную долю ў гэтай рабоце ўзяць на сябе.

— Папрацаваць на карысць месца, дзе засталася частка душы, — гэта задача кожнага. І няхай трылогія падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння, але гэта не значыць, што работа спыніцца і ўвага да гэтай тэмы будзе паслаблена: можа, у вас ёсць сваё бачанне і ўласная задача як кіраўніка выканаўчай улады рэгіёна па далейшай рэалізацыі мерапрыемстваў у гэтым кірунку?

— Ведаеце, асноўная задача трылогіі была выканана: мы згадалі свае карані, упэўніліся ў тым, што ў нас выдатная краіна, тут шмат прыгожых мясцін і яны не сталі менш прыгожымі з моманту нашага дзяцінства, а зараз у нас з'явілася шмат нагод туды вярнуцца. Адпаведна, гэтая работа дае спадзяванні на далейшы рост унутранага турызму і на тое, што грамадзяне нашай краіны будуць больш шырока выкарыстоўваць магчымасці наведвання знакавых месцаў рэспублікі. Мы прывялі ў парадак гарады, ёсць сэрвіс, магчымасць прыехаць і атрымаць задавальненне ад уражанняў. Гэта датычыцца як унутранага, так і знешняга турызму. Зараз мы больш увагі будзем удзяляць падрыхтоўцы маршрутаў, якія дазваляюць справіцца з гэтай задачай за кароткі час. Маршруты павінны быць разлічаны на розныя мэтавыя аўдыторыі: сем'і з дзецьмі, асобных турыстаў, якія жадаюць пазнаёміцца з некранутай прыродай ці правесці час у аграсядзібе і пазнаёміцца са звычайным вясковым побытам. Павінны з'явіцца такія тэматычныя праграмы і маршруты, якія, па-першае, змогуць прывіць любоў да сваёй радзімы, сфарміраваць патрыятызм,  па-другое, дадуць магчымасць прыведзеную ў парадак краіну больш актыўна паказваць іншым, у тым ліку і замежным турыстам, каб людзі даведаліся аб Беларусі і зразумелі, наколькі гэта прыгожая, спакойная і добрая краіна.

Захаваць старажытную аўтэнтыку

— Вы ўжо закранулі тэму Старога замка. Чаго чакаць турыстам?

Наведвальнікаў пасля рэканструкцыі Стары замак у Гродне прыме ўжо летам.

— На сённяшні момант мы імкнёмся як мага хутчэй адкрыць Стары замак для наведванняў, таму зараз праводзіцца работа, каб разбіць перыяд рэканструкцыі на чэргі. Асноўны аб'ём работ ужо завершаны, застаюцца толькі два памяшканні, якія патрабуюць больш доўгай і карпатлівай работы па рэстаўрацыі. Зараз вядуцца перамовы па выдзяленні фінансавання, якое дазволіць цалкам аплаціць выкананы аб'ём работ і вылучыць гэтыя памяшканні ў асобную чаргу рэстаўрацыі, а ўсё астатняе адкрыць для наведвальнікаў, каб яны атрымалі доступ да музейнай экспазіцыі і наогул гісторыі Гродна. Гэта, адпаведна, і магчымасць зарабляць на турызме і паралельна кампенсаваць частку панесеных выдаткаў, але галоўнае — нарэшце атрымаць доступ да гістарычнай каштоўнасці Гродзеншчыны.

— Гэта адбудзецца, як і было заяўлена, ужо летам?

— Так. За выключэннем двух памяшканняў, дзе работа будзе працягнута па другой чарзе рэстаўрацыі. Мы хочам там, дзе гэта магчыма, захаваць першапачатковы выгляд і аўтэнтыку, а там, дзе не атрымліваецца, узнавіць паводле архіўных звестак і пісьмовых крыніц максімальна набліжана да першапачатковага выгляду.

Сельская гаспадарка — драйвер росту

— Гродна — ваша малая радзіма. Што для вас асабіста яна азначае?

— Вельмі філасофскае пытанне. Гэта мая радзіма. Сапраўды, гэта тое месца, якое дало мне старт у вялікае жыццё і шмат чаму навучыла. На самай справе, гэта не толькі выдатная атмасфера горада (яна тая ж самая і нікуды не дзелася, бо Гродна адрозніваецца сваёй атмасферай), не толькі выдатная прырода, дзе даводзілася праводзіць шмат часу, гэта, канешне, мая сям'я, дзе я вырас і куды зараз з задавальненнем прыводжу сваіх дзяцей і прывіваю ім любоў да заходняга рэгіёна нашай краіны. Гэта мае педагогі, мае сябры, якія вельмі шмат зрабілі для майго фарміравання як кіраўніка і чалавека. Таму для мяне малая радзіма — гэта выдатны горад, выдатная атмасфера і, галоўнае, выдатныя людзі, якія дазволілі стаць тым, кім я з'яўляюся цяпер.

— Калі паспрабаваць падсумаваць вынікі 2020-га, які быў складаным ва ўсіх адносінах, наколькі эканамічны спад адбіўся на сферах жыцця?

— Год нельга назваць простым, але калі звярнуцца да лічбаў, то кампенсуючыя меры дазволілі стабілізаваць сітуацыю. Калі браць у супастаўных цэнах за 11 месяцаў, атрымалі 99,3 % ВРП да ўзроўню мінулага года і ёсць спадзяванні выйсці па выніках года на паказчыкі 2019 года. Так, мы не дамагліся дабіцца росту, але ў дадзеных умовах забяспечыць леташні ўзровень ці зніжэнне менш чым на палову працэнта — гэта паказчык, аб якім, мяркую, многія краіны толькі мараць. За кошт чаго? Прыемна, што ўзровень прамвытворчасці захаваўся на ўзроўні мінулага года — 100,1 %. Гэтага дамагліся таму, што не ўводзілі лакдаўн і праводзілі ўсе супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы на прадпрыемствах — гэта дазволіла не спыніць вытворчасць, не атрымаць усплёскаў захваральнасці на заводах і забяспечыць выпуск прадукцыі.

Знізіўся прыбытак (як і ва ўсім свеце) у сферы паслуг: агульнае падзенне склала 11 %. Зразумела, турыстычныя паслугі знізіліся больш істотна, а медыцынскія і транспартныя — менш. Астатнія кампенсавалі стымулюючымі мерапрыемствамі: зніжэннем арэнднай платы, растэрміноўкай па падатках у бюджэт для таго, каб не вымываць абаротныя сродкі ў кампаній, якія адчуваюць цяжкасці. Гэта прынесла вынік: падзенне не такое істотнае, як у іншых краінах.

Сёлета парадавала сельская гаспадарка, якая павялічыла аб'ём вытворчасці больш чым на 10 %, істотна нарасціла экспарт і перавыканала яго паказчыкі. То-бок сельская гаспадарка і пераапрацоўка сельгаспрадукцыі аказаліся драйверамі росту і дазволілі кампенсаваць негатыўныя ўплывы.

Па выніках года Гродзеншчына мае шанц выйсці на 100 % да ўзроўню мінулага года.

Меры стымулявання эканомікі дазваляюць не спыняцца экспартаарыентаваным прадпрыемствам, а рухацца далей, каб у наступным годзе (калі рынкі паціху пачнуць адкрывацца і наступствы пандэміі стануць адчувацца менш) мы былі гатовы асвойваць новыя рынкі і задавальняць узрослы попыт партнёраў.

Інвестыцыі і інавацыі

— Безумоўна, у сітуацыі пандэміі складана заключаць здзелкі, весці перамовы, але ўсё ж такі якія буйныя інвестдагаворы зараз рэалізоўваюцца ў рэгіёне?

— Ведаеце, бізнес дастаткова хутка перастройваецца. Пакуль не падпісаны ўсе дагаворы, я не магу агучваць назвы кампаній, але днямі ў рэжыме відэаканферэнцсувязі праводзіліся перамовы з замежнымі партнёрамі па заключэнні інвестдамовы аб развіцці нафтахімічнай прамысловасці — гэта спадарожная вытворчасць побач з «ГроднаАзотам». Распачаць работу яны гатовы ў наступным годзе.

У Свіслацкім раёне з'явіцца вытворчасць па перапрацоўцы драўніны, якая запрацуе на працягу двух гадоў. Гэта таксама замежныя інвестыцыі з аб'ёмам больш за 80 мільёнаў еўра.

Побач з заводам «Другпалімер» у Гродне зараз вядуцца земляныя работы — там распачнецца будаўніцтва новага інавацыйнага цэха шклозавода, дзе з'явіцца першая ў краіне печ, у якой будзе вырабляцца шкло не з выкарыстаннем газу, а з дапамогай электрычнасці.

І, канешне, найбуйнейшы інвестпраект — атамная электрастанцыя, першы энергаблок якой знаходзіцца на стадыі пусканаладкі, іспытаў, а другі энергаблок актыўна будуецца.

Хачу сказаць, што па інвестыцыях Гродзеншчына спрацавала сёлета лепш, чым летась. Зразумела, гэта вынік работы перамоў 2018—2019 гадоў, але інвестыцыйны партфель, які сфарміраваны зараз і аб якім вядуцца перамовы на наступны год, мы прагназуем, будзе не горшы, чым сёлета.

Правіла «залатой гадзіны»

— Вы згадалі Астравецкую АЭС. Наколькі часта вы бываеце ў горадзе атамшчыкаў і як ацэньваеце яго развіццё?

— Апошнім часам я там бываў і бываю дастаткова часта. Тут рэалізоўваецца буйны інвестпраект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі, які скіраваны на будучыню, і жыхары рэгіёна павінны разумець, што будучыня надыходзіць ужо сёння. Таму вельмі шмат было зроблена для мадэрнізацыі інфраструктуры, павелічэння колькасці насельніцтва Астраўца, павышэння якасці жыцця ў гэтым раённым цэнтры. Пабудавана новая бальніца — гэта прыклад класічнай апорнай клінікі, які мы пачнём рэалізоўваць у вобласці. Тут можна атрымаць усе віды спецыялізаванай дапамогі, не горш чым у абласным цэнтры і сталіцы. Гэтая канцэпцыя была падтрымана кіраўніком краіны і скіравана на тое, каб кожны чалавек, незалежна ў якім населеным пункце Беларусі жыве, на працягу гадзіны мог быць дастаўлены ў клініку, дзе яму акажуць самую сучасную медыцынскую дапамогу. У Астравецкай клініцы, дарэчы, ёсць камп'ютарны тамограф, МРТ, ангеограф, які працуе ў рэжыме 24/7, аказвае экстранную кардыёхірургічную дапамогу, ёсць сучасныя аперацыйныя з усімі магчымасцямі эндаскапіі. Гэтая клініка абслугоўвае не толькі Астравецкі, але і найбліжэйшыя ад яго раёны Гродзенскай і нават Мінскай абласцей. Мы плануем такія ж апорныя клінікі ствараць на базе Лідскай, Ваўкавыскай ЦРБ і мадэрнізаваць бальніцы абласнога цэнтра, каб пакрыць усю вобласць правілам «залатой гадзіны».

Акрамя таго, у Астраўцы пабудаваны сучасныя фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, крамы, школы. Інфраструктура робіць гэты горад вельмі камфортным для жыцця. Таксама дастаткова актыўна мадэрнізуецца дарожная сетка і сістэма жыццезабеспячэння. Гэта становіцца прыкладам раённага цэнтра, які мы плануем укараняць далей.

Я шмат езджу па рэгіёне і, вяртаючыся да трылогіі Года малой радзімы, хачу сказаць, што раённыя цэнтры, дзе я бываў пяць-дзесяць гадоў таму, цяпер выглядаюць зусім па-іншаму і ўражваюць: Ліда, Бераставіца мяняюць знешні выгляд у лепшы бок. Рэалізацыя інвестпраектаў, напрыклад, у Свіслацкім раёне стане штуршком і для развіцця раённага цэнтра. Тыя аб'екты сацыяльна-культурнага прызначэння, якія доўга не маглі быць прададзены (гасцініцы, аздараўленчы цэнтр), на сёння знайшлі новых гаспадароў ці перамовы знаходзяцца на фінальнай стадыі, таму што ёсць разуменне: з будоўляй сюды прыйдуць інвестыцыі, з'явяцца новыя працоўныя месцы і спатрэбіцца інфраструктура. Я думаю, праз некалькі гадоў Свіслач цяжка будзе пазнаць, бо яна атрымае дадатковае развіццё.

Эвалюцыя vs рэвалюцыі

— Ваша прызначэнне супала з двайным выклікам: на першы план выйшлі пытанні здароўя людзей і бяспекі дзяржавы. Адказнасць накладвала і тое, што за чвэрць стагоддзя вы першы губернатар, якога прымалі на плошчы. Што ўжо атрымалася рэалізаваць за тыя сімвалічныя сто дзён, якія прайшлі?

— Выклік, сапраўды, быў дастаткова сур'ёзны. Даводзілася шмат ездзіць па калектывах, сустракацца з людзьмі і адказваць на іх пытанні. Калі яны іх атрымалі, задумаліся і вырашылі, што паступальны рух наперад больш эфектыўны. Я заўсёды кажу: эвалюцыя — больш хуткі шлях, чым рэвалюцыя. Таму што пасля рэвалюцыі шмат часу даводзіцца на разбор завалаў і кагосьці пад гэтымі заваламі можна не выратаваць.

Калі ж мы рухаемся наперад і захоўваем найлепшыя напрацоўкі — гэта больш хуткі, камфорты і бяспечны шлях. Я перакананы, што большая частка жыхароў Гродзенскай вобласці пачула гэтую думку. Наша задача цяпер — не падмануць іх чаканні, забяспечыць далейшы рух наперад і палепшыць якасць жыцця.

— Калі казаць аб паступальным развіцці, важна не спыняцца нават у складаныя перыяды, якім, безумоўна, з'яўляецца гэты год. На Гродзеншчыне і сёлета, тым не менш, рэалізоўвалася мноства значных праектаў. Якія з іх захаваюць прыярытэт у наступным годзе?

— Несумнена, прыярытэт ва ўсе гады — чалавек і развіццё яго патэнцыялу. На сённяшні момант значныя праекты працягнуцца ў сферы медыцыны і адукацыі. Напрыклад, завяршаецца рэканструкцыя 4-й гарадской клінічнай бальніцы пад усталёўку камп'ютарнага і магнітна-рэзананснага тамографаў. Праводзіцца рэканструкцыя ўніверсітэцкай клінікі для паляпшэння ўмоў знаходжання і замены абсталявання. Вядзецца маштабная будоўля Гродзенскага анкалагічнага дыспансера.

Акрамя таго, мы плануем у інвестпраграму 2021 года ўключыць праектаванне новай другой гарадской клінічнай бальніцы, таму што існуючая бальніца мала адпавядае сучасным патрабаванням і пасля ацэнкі перспектыў яе рэканструкцыі стала зразумелым, што, нягледзячы на ўсе ўкладанні, мы не атрымаем сучасную медыцынскую ўстанову. Таму прынята рашэнне пабудаваць новую бальніцу на новай пляцоўцы.

Плюс праект рэканструкцыі ўніверсітэцкай клінікі прадугледжвае будаўніцтва аддзяленняў неадкладнай дапамогі, рэканструкцыю хірургічнага корпуса, рэанімацыйных аддзяленняў.

З прыцягненнем крэдытных рэсурсаў завяршаецца будаўніцтва садка ў мікрараёне Грандзічы абласнога цэнтра. Мы працягнем будаўніцтва аб'ектаў адукацыі, каб забяспечыць дзяцей годнымі і бяспечнымі ўмовамі як знаходжання, так і навучання. Гэта тыя работы, прыярытэтам якіх выступае чалавек.

З пункту гледжання эканомікі, працягваюцца распрацоўка буйных інвестыцыйных праектаў, накіраваных на павышэнне канкурэнтаздольнасці ў галіне нафтахіміі, перапацоўкі лесу. Мы павінны атрымліваць больш прыбытку з транспартнага знаходжання.

Яшчэ адзін з прыярытэтаў — развіццё турызму. За пяць гадоў былі накіраваны сур'ёзныя інвестыцыі ў рэканструкцыю і мадэрнізацыю ўстаноў культуры і гістарычных будынкаў. Таму маем права чакаць аддачы ад гэтых аб'ектаў. Наша задача — умела арганізаваць маршруты, каб павысіць прывабнасць і зрабіць брэнд вобласці «Легенды нараджаюцца тут» вядомым не толькі на Гродзеншчыне, але і далёка за яе межамі. Зараз мы пачынаем удзяляць больш увагі прасоўванню нашых брэндаў і стварэнню турыстычнай інфрастуктуры і турбізнесу, які ў нас развіты яшчэ недастаткова.

Гэта датычыцца і медыцынскіх паслуг. Прыгранічнае становішча дазваляе па завяршэнні пандэміі больш актыўна прадаваць медыцынскія паслугі.

У эканоміцы трэба дакладна разумець ранжыры прадпрыемстваў, якія маюць перспектывы і тыя, якія сур'ёзных перспектыў не маюць. Таму мы павінны ствараць новыя эфектыўныя працоўныя месцы, каб пераводзіць туды людзей і закрываць неэфектыўныя прадпрыемствы. Свет вельмі хутка змяняецца, і мы павінны быць гатовы да таго, што многія спецыяльнасці, якія ўяўляліся вельмі перспектыўнымі 20 гадоў таму, цяпер неактуальныя. Тое самае з прадпрыемствамі: мы павінны ствараць планы іх далейшага лёсу і паэтапнага скарачэння да моманту, калі там застанецца толькі ліквідацыйная каманда.

Вось такія прыярытэты. Іх шмат, але галоўны прыярытэт — чалавек — не абмяркоўваецца. Усё астатняе, што датычыцца эканомікі і развіцця, тут дробязей няма, і патрабуецца комплексны падыход: трэба рухаць усе кірункі, каб забяспечыць устойлівае функцыянаванне рэгіёна. Самі разумееце: чым больш ножак у зэдліка — тым больш устойліва ён стаіць. Таму мы павінны казаць, што і сельская гаспадарка, і прамысловасць, і турызм развіваліся і забяспечвалі ўстойлівае паступленне грошай у бюджэт.

— Уладзімір Сцяпанавіч, ці ёсць у вас запаветная мара?

— А як жа жыць без мары? Мару, каб быў хуткі паступальны рух наперад, з кожным годам жыццё станавілася лепшым, таму што немагчыма быць шчаслівым у краіне, дзе шмат нешчаслівых людзей. Чым больш людзей могуць самарэалізавацца і забяспечыць сабе годнае жыццё, тым спакайней, камфортней і бяспечней жыць у нашай краіне. Мне хацелася б, каб краіна развівалася, каб было пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Самая вялікая мара — жыць сярод самадастатковых шчаслівых людзей.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.

У свеце

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай. 

Культура

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Трэцяга лістапада — дзень нараджэння класіка. 

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.