Вы тут

Аляксандр Лукашэнка наведаў Магілёўскую абласную клінічную бальніцу


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзяйсняе сёння рабочую паездку ў Магілёў. Ён наведвае Магілёўскую абласную клінічную бальніцу, дзе знаёміцца з работай медыцынскай установы.


41 % ложкавага фонду Магілёўскай абласной бальніцы перапрафіліраваны пад ковід-пацыентаў

Пра работу медыцынскай установы ва ўмовах пандэміі Прэзідэнту далажыў галоўны ўрач Анатоль Кулік. Магілёўская абласная бальніца забяспечвае меддапамогай усю вобласць і мае 4 карпусы, кансультатыўную паліклініку, аддзяленне цэнтру экстраннай медыцынскай дапамогі. Ложкавы рэзерв — больш за 850 месцаў.

Па словах кіраўніка медустановы, у першую хвалю каранавіруса ў чэрвені пад ковід-пацыентаў было перапрафіліравана адно з аддзяленняў бальніцы. Але прапрацавала яно толькі адзін месяц. Сёння пад інфекцыйна-хворых адведзена 350 ложкаў, 26 ложкаў маецца для іх у рэанімацыі. Гэта складае 41 % ад ложкавай магутнасці ўсёй бальніцы.

Прэзідэнт пацікавіўся: ці працягваюць аказваць у Магілёўскай абласной бальніцы спецыялізаваную дапамогу?

— На сёння, дзякуй богу, паўднёвыя вобласці добра сябе адчуваюць, а Магілёўская вобласць у сярэдзіне (па колькасці захворванняў — «Зв.»).  Чаму вышэй, чым паўднёвыя вобласці? Бо Магілёўская вобласць не перахварэла ў першую хвалю, — падкрэсліў Прэзідэнт.— Мінск нам дае палову захварэлых, бо шчыльнасць насельніцтва высокая.

Анатоль Кулік расказаў, што зараз будуецца кардыялагічны корпус бальніцы і ідзе аб’яднанне меддапамогі ў гэтай галіне на Магілёўшчыне вакол абласной бальніцы.

— Будаўніцтва корпуса кардыялогіі вакол вялікай бальніцы пазбаўляе неабходнасці дубліравання дарагога абсталявання, — акцэнтаваў увагу медык.

А старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц дадаў: будаўніцтва кардыялогіі скончыцца ў лістападзе будучага года.


«Перыяд такі, калі нам з вамі не да хваробы» 

У пачатку размовы з калектывам клінікі Прэзідэнт пацікавіўся, хто з медперсаналу ўжо перахварэў на новы каранавірус і здзіўлена адзначыў, што такіх каля паловы з прысутных.

«А вось я не ведаю, добра, калі чалавек перахварэў ці які не хварэў, — прызнаўся ён, маючы на ўвазе імунітэт, які ўтвараецца арганізмам пасля барацьбы з інфекцыяй. —
Пакуль мне ўрачы яшчэ не сказалі, і вучоныя, спецыялісты: што лепш — калі чалавек перанёс гэту заразу альбо калі ён увогуле не хварэў. Хто яго ведае. Мне здаецца, як чалавеку, які перахварэў, што ўжо і не так перажываеш з гэтай нагоды. Але самае галоўнае, зараз, дарагія мае, хварэць вам няма калі»
.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў прысутным не хварэць напярэдадні навагодняга свята і ў новым годзе, хоць наўрад ці магчыма пазбегнуць якіх-небудзь хвароб, дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на гэты раз, каб прыехаць у рэгіён, з-за надвор’я скарыстаўся не верталётам, а аўтамабілем, дзякуючы чаму праехаў па новай трасе, якая злучае Мінск і Магілёў.

«Я ехаў па дарозе, дзе шмат лесу, і думаў: усё ж такі якая прыгожая ў нас краіна! І самае галоўнае, мы ўсё ж такі сваю Беларусь збераглі, — сказаў Прэзідэнт. – Вельмі хацелася б, каб яна была такой жа чыстай не толькі для нас, але і для нашых дзяцей, для нашых унукаў».

Ён звярнуў увагу, што было б добра, каб і бальніца была ў атачэнні хвойнага лесу, а не жылой забудовы.

«Добрая ў вас бальніца. Адно з лепшых мясцін у рэспубліцы, дзе знаходзіцца абласная лякарня, хоць у нас усе абласныя бальніцы за мяжой гораду, нават у Бараўлянах (у а. г. Лясны Бараўлянскага сельсавета месціцца Мінская абласная клінічная бальніца — «Зв.»), праўда, там ужо забудавалі, там горад ужо. Ну, добрае месца ў вас. І бальніца прыемная, чыстая, прынамсі там, дзе я сёння прайшоў», — сказаў ён.

«Хварэць нельга. Перыяд такі, калі нам з вамі не да хваробы», — паўтарыў кіраўнік дзяржавы.

Па дадзеных кіраўніка дзяржавы, сітуацыя з колькасцю пнеўманій, цяжкіх пацыентаў і тых, хто знаходзіцца на апаратах ШВЛ, стабілізавалася за апошні час.

«Ну нічога, мы гэта перажывём. Галоўнае праблема не гэтая. У нас праблем хапае. Яна стала галоўнай таму, што, вы бачыце, асабліва інтэрнэт-прастора ўся запоўненая гвалтам, ды і тэлебачанне наша, звычайныя сродкі масавай інфармацыі, у свеце асабліва. Я яшчэ ў першую хвалю вас папярэджваў, калі мяне крытыкавалі і не разумелі, што мы робім людзей псіхічна ненармальнымі, — напомніў Аляксандр Лукашэнка. — Псіхоз перайшоў у паніку. І нашы людзі вось зараз паверылі, што не павінна быць панікі. І расслабіліся».


«Абяцаю вам: усё будзеце вырашаць вы»

Падзяка - галоўная мэта візіту, падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму пратэсных настрояў сярод медыкаў:

«Урачу няма калі бадзяцца па вуліцах. Урач павінен лячыць. Ёсць у вас прэтэнзіі да ўлады — я да вас прыехаў, выказвайце прэтэнзіі. Вы – мае выбаршчыкі, выказвайце прэтэнзіі».

Аляксандр Лукашэнка перакананы ў неабходнасці захаваць цэласнасць і суверэнітэт краіны.

Пазіцыя кіраўніка дзяржавы нязменная, запэўніў ён сам: «Давайце будзем жыць дружна, захаваем краіну (а мы яе захаваем, чаго бы нам гэта не каштавала), і зноў — не для мяне, і не для яго, гэта ўжо для ўнукаў, нават не для дзяцей, бо нашы дзеці выраслі. І гэта мая галоўная задача».

Усе рашэнні будуць залежаць ад людзей, падкрэсліў Прэзідэнт: «Абяцаю вам: усё будзеце вырашаць вы».   

Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэтая заява тычыцца таксама і паправак у Канстытуцыю, якія цяпер рыхтуюцца менавіта з улікам прапаноў і інтарэсаў беларускіх грамадзян.


Прэзідэнт расказаў, у якую суму абыдзецца распрацоўка айчыннай вакцыны ад каранавіруса

«Там грошы невялікія, каля 5 мільёнаў рублёў. А справу зробім добрую. Мы акупім гэта, але трэба хутка рухацца ў гэтым кірунку», — заявіў кіраўнік краіны.

Ён заявіў, што вельмі рады, што айчынныя вучоныя і спецыялісты замахнуліся на вытворчасць уласнай вакцыны. «Трэба сваю вакцыну распрацаваць. Спецыялісты ёсць, хай і няшмат. Трэба ўзяцца і зрабіць», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаўся наконт будаўніцтва ў Магілёве кардыялагічнага цэнтра

«Мы з міністрам дамовіліся — дапаможам. Калі вы ініцыятыўна ўзяліся за гэту справу, мы, вядома, вам пастараемся дапамагчы. Не ў будаўніцтве, гэта ўжо ваша справа — пабудаваць. Зразумела, што будоўля — гэта, можа быць, чвэрць ад кошту бальніцы. Галоўнае — высокатэхналагічнае абсталяванне. Ну і мы з міністрам будзем думаць, як вам да заканчэння будаўніцтва дапамагчы з медыцынскім абсталяваннем. Хоць прапрацоўваць асноўнае трэба ўжо зараз».

У працяг тэмы Прэзідэнт падзяліўся, што мае пэўную насцярожанасць з-за ўхілу надзвычайнай увагі кіраўніка рэгіёна да развіцця сацыяльнага кірунку.

«Сацыяльная сфера павінна адпавядаць эканоміцы вобласці», — патлумачыў ён прычыны сваёй заклапочанасці.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што Магілёў і Брэст, на яго думку, пазней за іншыя абласныя цэнтры атрымалі належную ўвагу ў плане добраўпарадкавання.

Галоўная задача ўрачоў — лячыць людзей

Пра гэта кіраўнік краіны заявіў, адказваючы на пытанне супрацоўнікаў бальніцы.

«Будзе хоць якая капейка — накіруем на ахову здароўя, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Ваша справа — лячыць людзей, усё астатняе мы забяспечым, як бы складана ні было».

Кіраўнік краіны нагадаў, што Еўразійскі банк развіцця прадаставіў Беларусі крэдыт у 500 мільёнаў долараў. Яго меркавалі накіраваць на падтрымку эканомікі і павышэнне ВУП. Але з-за другой хвалі каранавірусу прыйшлося пераважную частку грошай выдаткаваць на барацьбу з інфекцыяй.

«Галоўнае — гэта эканоміка, будзе працаваць эканоміка, будзе толк. У гэтым годзе мы не дабяром да 100 працэнтаў ВУП мінулага году зусім мала — 0,5–0,8 працэнта», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

Ён запэўніў, што краіна захавае сацыяльную арыентаванасць. 


Візіт Прэзідэнта ў Магілёўскую абласную клінічную бальніцу працягвае серыю паездак кіраўніка дзяржавы па рэгіянальных установах аховы здароўя, якія займаюцца лячэннем ковідных пацыентаў.

Аляксандр Лукашэнка ўжо наведаў 4-ю і 6-ю гарадскія клінічныя бальніцы Мінска, Віцебскі абласны клінічны радзільны дом і Стаўбцоўскую цэнтральную раённую бальніцу.

Марыя ДАДАЛКА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв’ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.