Прадпрыемствы і ўстановы Гродна ўжо некалькі год прадстаўляюць навагоднія інсталяцыі. Сёлета алея крэатыўных ёлак раскінулася ў парку імя Жылібера. Гэтае казачнае відовішча асабліва захапляе ў вячэрні час, калі ёлкі зіхацяць каляровымі агеньчыкамі.
Цяпер тут устаноўлена каля паўсотні аўтарскіх прыгажунь. Кожная з іх адлюстроўвае спецыфіку таго ці іншага прадпрыемства. У ход ідуць самыя незвычайныя прадметы. Можна ўбачыць ёлку з бутэлек ад шампанскага. Уражваюць канструкцыі з будаўнічых блокаў, пластыліну, металічных і драўляных элементаў.
Упрыгожваннем, разам з ёлачнымі шарамі і шышкамі, сталі вінілавыя кружэлкі. Не абышлося і без сімвала 2021 года — Быка. Аказваецца, гэты вобраз можна стварыць нават з аўтамабільных фільтраў.
Дызайнерская алея будзе радаваць гараджан і гасцей горада амаль месяц. Па выніках конкурсу журы вызначыць тройку пераможцаў. Таксама ўсе ахвотныя змогуць выбраць ёлку праз анлайн-галасаванне.
Святочныя мерапрыемствы ахопяць Савецкую плошчу горада. Менавіта яна стане эпіцэнтрам навагодняга свята. Сёлета фармат мерапрыемства змяніўся: тут упершыню вырашана правесці еўрапейскі калядны кірмаш. Будзе працаваць некалькі зон — фудкорт, ёлачны базар, зона рамеснікаў, фотазона і канцэртная пляцоўка, дзе выступяць гродзенскія артысты і калектывы.
Дарэчы, маштабны кірмаш «Зімні Фэст» пачаў сваю работу. А 18 снежня ў Цэнтры рамёстваў «Спадчына» будзе адчынена гарадская сядзіба Дзеда Мароза.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Кібермахляроў адлоўліваюць цэлымі «пачкамі».
Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.
Вам можа падацца, што тыдзень пачынаецца лёгка і ўдала...
Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.