Вы тут

Сагі пра класіка ў «Люстэрку лёсу»


Выдавецтва «Мастацкая літаратура» якраз да юбілейнага караткевічаўскага дня падгадала з выдатным падарункам. У прадаўжэнне новай кніжнай серыі «Люстэрка лёсу» пабачыла свет кніга доктара філалагічных навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслава Рагойшы «Дзесяць саг пра Караткевіча».


Вядомы літаратуразнаўца, аўтар многіх кніг, прысвечаных гісторыі, тэорыі і сучаснаму стану беларускай літаратуры, пачынаючы з 1966 года ўваходзіў у кола самых блізкіх сяброў класіка. Уладзімір Караткевіч быў сярод самых ганаровых гасцей на «вяселлі веку» Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай. У Ракаве, дзе яно праходзіла, аўтар неўміручых твораў і пазнаёміў маладажонаў, усіх гасцей са сваёй абранніцай — будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай.

Уладзімір Караткевіч прысвяціў Вячаславу Рагойшу некалькі вершаў і малюнкаў. Некаторы час літаратуразнаўца і аўтар «Каласоў пад сярпом тваім» і жылі побач — у суседніх кватэрах аднаго мінскага дома па вуліцы Карла Маркса, 36. Мноства сустрэч і ў Мінску, і ў Ракаве, мноства размоў, агульныя паездкі далей ад тлумнага горада — усё гэта дзякуючы расповеду сапраўднага сведкі, удзельніка розных падзей, нераўнадушнага сябра, набывае выразныя рэльефныя абсягі. Уладзімір Сямёнавіч паўстае жывым, не забранзавелым, яркім, каларытным чалавекам.

У афармленні кнігі выкарыстаны фотаздымкі Вячаслава Рагойшы, Сяргея Панізьніка, Міколы Пашкевіча, Леаніда Акаловіча, якія і самі па сабе з’яўляюцца надзвычай красамоўнымі дакументальнымі крыніцамі ў  галіне караткевічазнаўства. Дарэчы, знаёмства з  фатаграфічнымі ілюстрацыямі падказвае яшчэ адзін гісторыка-культурны праект, звязаны з адлюстраваннем жыцця і творчасці пісьменніка. Чаму  б не выдаць альбом «Уладзімір Караткевіч на фотаздымках»?

Наклад кнігі «Дзесяць саг пра Карат- кевіча» — 500 асобнікаў. Кніга, несумненна, знойдзе свайго чытача. І, бясспрэчна, будзе яе перавыданне.

Максім ВЕЯНІС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».