Вы тут

Гучаць сучасна


Беларускі паэт-сатырык Уладзімір Корбан нарадзіўся ў 1910 годзе ў пасёлку Барань, што на Аршаншчыне. Першыя літаратурныя творы надрукаваў у 1945 годзе, а ўжо праз тры гады быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.


Амаль два дзесяцігоддзі Уладзімір Іванавіч працаваў у часопісе «Вожык», а ў 1967—1971 гадах быў яго галоўным рэдактарам. У 1970-м яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры». У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў стралковай ротай, удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі. Аўтар шматлікіх зборнікаў сатырычных вершаў, баек і фельетонаў (чатыры кнігі пабачылі свет у «Бібліятэцы часопіса “Вожык”»  — «Дакладныя прыкметы», «Сіняк», «Дзям’янава юшка», «Жук і мёд»), зборнікаў гумарыстычных апавяданняў «Да цешчы на бліны», «Дзядзькава крыўда».

На радзіме ганарацца славутым земляком. Таму сёлета было прынята рашэнне аб правядзенні адкрытага рэгіянальнага дыстанцыйнага конкурсу чытальнікаў баек «Талентаў у нас шмат!», прысвечанага 110-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Корбана. Заснавальнікі і арганізатары мерапрыемства — Бараньскі гарвыканкам, аддзел культуры Аршанскага райвыканкама, ДУК «Палац культуры г. Барань Аршанскага раёна», ААТ «Тэхніка Сюжэты снежня сувязі». Гэтую ідэю падтрымала і рэдакцыя часопіса «Вожык», галоўны рэдактар якога Юлія Зарэцкая ўзначаліла журы.

Конкурс праводзіўся дыстанцыйна ў  форме прагляду конкурсных відэаматэрыялаў. Кожны ўдзельнік рыхтаваў выступленне (чытанне байкі У. Корбана) і адпраўляў на электронны адрас арганізатара. Усяго да ўдзелу было дапушчана 26 чытальнікаў.

У малодшай узроставай групе (6—10 гадоў) дыпламантам І ступені стала Марыя Аўсюкевіч, удзельніца ўзорнага юнацкага тэатра-студыі «Гармонія» ДУК «Полацкі гарадскі Палац культуры», з байкай «Тупіца і шкатулка»; у сярэдняй узроставай групе (11—14 гадоў) — Арына Рубановіч, удзельніца ўзорнага тэатра «Вясёлка» ДУК «Палац культуры г. Барань Аршанскага раёна», з байкай «Казёл і муха»; у старэйшай (15—35 гадоў) — Іван Байкоў, удзельнік узорнага тэатра «Вясёлка», з байкай «Агуркі». Сярод дарослых чытальнікаў перамогу атрымала Людміла Ярома, удзельніца клуба самадзейных паэтаў «Натхненне» ДУК «Палац культуры г. Барань Аршанскага раёна», з байкай «Пустышка».

Убачыць і паслухаць выступленні пераможцаў конкурсу чытальнікаў баек «Талентаў у нас шмат!» можна па спасылках https://vk.com/dk_baran_, https://ok.ru/group/54131903496386 альбо на сайце часопіса сатыры і гумару «Вожык».

Людміла САСНІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».