Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Не дзеля славы, а дзеля справы

Сыходзіць год 2020-ы, мякка кажучы, вельмі няпросты і, здаецца, для ўсіх...

Для Ларысы Власавай ён стаў яшчэ і юбілейным: сёлета, ні многа ні мала, 50 — Расонскаму цэнтру культуры і народнай творчасці, 35 з якіх ім кіруе Ларыса Міхайлаўна.

Ла­ры­са Вла­са­ва (у цэнт­ры) з лю­бі­мым «дзі­цем» — хо­рам «Ве­тэ­ран».

З чаго пачаўся яе шлях у прафесію? Ну вядома ж, з дзяцінства. Бацька дзяўчынкі добра іграў на гармоніку, маці — хораша спявала і танцавала. Не дзіва, што малой таксама карцела і далучыцца, і ўсяму навучыцца, каб потым актыўна ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці, рыхтаваць сцэнарыі, распрацоўваць праграмы канцэртаў, з поспехам выступаць.

Пасля школы гэта дзяўчынка скончыла культпрасветвучылішча, стала працаваць у Заборскім сельскім Доме культуры, набірацца вопыту ў старэйшых калег і вучыцца далей.

Не дзіва, што гэту няўрымслівасць досыць хутка заўважыла кіраўніцтва раёна, і Ларыса Міхайлаўна ўзначаліла раённы Дом культуры, а потым — і адпаведны аддзел у райвыканкаме. Вось толькі гэта адміністрацыйная, у многім кабінетная работа не прыносіла ёй ранейшага задавальнення: хацелася назад на сцэну, да людзей, а галоўнае не давала спакою даўняя мара — стварыць харавы калектыў.

Ёй Ларыса Міхайлаўна падзялілася са старшынёй тады пасялковага Савета дэпутатаў Генадзем Яромам і адразу ж сустрэла яго поўнае разуменне.

Першай удзельніцай хору «Ветэран» стала Ніна Брусяненка. А першае выступленне адбылося ў дзень Перамогі — 9 мая 1990 года.

Колькі іх, гэтых канцэртаў ды цёплых сустрэч з гледачамі, адбылося потым, ніхто не лічыў. У 2005-м хору было прысвоена высокае званне «народны», ён жа неаднойчы быў лаўрэатам абласнога ды іншых аглядаў-конкурсаў.

Усе гэтыя перамогі адбыліся дзякуючы цудоўным акампаніятарам Лідзіі Задзвінскай, Валянціне Івановай, Людміле і Алене Мірановіч, Аксане Лавецкай. Заслуга ж Ларысы Власавай у тым, што яна здолела ўдала падабраць галасы ўдзельнікаў хору не толькі па тэмбру, але і па стану душы. Трэцюю партыю ўпэўнена вядуць Марыя Галаўня, Тамара Хмялькова, Вольга Мурзо, Ніна Хамчаноўская. Другую — Лідзія Пашкоўская, Яўген Усвайскі, Людміла Несан, Фаіна Міланіч. Сапрана ў Марыі Васільевай, Лідзіі Дадэка, Тамары Какціс, Ніны Зуевай, Галіны Савітковай, Веры Сальнікавай, Іраіды Усцінавай, Ніны Нікалаевай. Радуе і тое, што склад народнага хору папаўняецца новымі ўдзельнікамі, якіх прыводзяць самі ветэраны.

Адметна, што Ларыса Власава займаецца не толькі з дарослымі. Будучыня, як вядома, за моладдзю, за дзецьмі. Зрабіць з іх артыстаў справа, вядома ж, нялёгкая. Хто-ніхто з малых саромеецца выступаць, баіцца сцэны і гледачоў, хвалюецца... Да кожнага патрэбен свой падыход. А ўсім разам — цвёрдая ўпэўненасць у бездакорным выкананні твораў.

Ларысе Міхайлаўне ўдаецца дасягнуць яе, перадаць выканаўцам, а потым і слухачам сваю любоў да песні.

Але ж кіраўніцтва калектывамі — гэта толькі частка работы Ларысы Власавай: сярод іншых клопатаў — і падрыхтоўка мерапрыемстваў, і супрацьпажарная бяспека, і выкананне санітарных нормаў (асабліва цяпер), і ахова працы, і выкананне ўсіх нарматыўна-прававых дакументаў... У свой час на жаночыя плечы кіраўніка лёг нават капітальны рамонт Дома культуры! Іншымі словамі адміністрацыйна-гаспадарчыя справы патрабуюць увагі куды больш, чым сама культурная дзейнасць.

Ларыса Міхайлаўна з усім спраўляецца. Сведчанне таму (апроч многага іншага) — нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», які яна атрымала сёлета за шматгадовую плённую працу.

Аляксандр Матошка, Расонскі раён


Колькі плаціць за сыравіну?

Лічыцца, што вялікія святы — Каляды, Вялікдзень, Новы год — трэба сустракаць у чыстых дамах і кватэрах. А таму напярэдадні я ўзялася за прыборку і вельмі шмат паспела зрабіць: перамыць-папрасававаць, навесці парадак у шафках і шафах.

Дайшла чарга і да кніжных: павыцірала пыл, перабрала паперы, у бок адклала ўсе непатрэбныя. У выніку атрымаўся досыць высокі стос, у які і дачка потым нешта падкінула…

Фота: blog.tran.su

Не адразу, але ж прыйшлося выкраіць час, каб занесці гэта «багацце» ў пункт прыёму другаснай сыравіны. Ён у нас, дзякуй богу, метраў за пяцьдзясят — блізка. Ва ўсякім разе — мне так здавалася. Аднак, пераступіўшы парог кватэры з двума пакункамі, я міжволі ўспомніла нашу прымаўку «блізка відаць, ды далёка дыбаць», бо цяжар, што апынуўся ў маіх руках бязлітасна гнуў спіну. Але ж і адступаць не выпадала: калі ўзялася, трэба было данесці?

Насілу — не раз і не два спыніўшыся, каб адпачыць — я такі адолела прыступкі ў пад'ездзе, а за імі — і той «блізкі» шлях да пункта прыёму.

...Каля яго стаяла чарга, хоць і невялікая, — з трох мужчын і дзвюх жанчын. Каля кожнага і кожнай стаялі мяшкі-пакункі, у якіх звінелі бутэлькі і вытыркалася нейкае жалеза, ляжалі перавязаныя шпагатам кнігі. Ад гэтага аж не па сабе неяк стала: успомнілася, як некалі, у часы маёй маладосці, мы збіралі макулатуру (кожная паперка была на ўліку!), каб здаць у такія вось пункты і купіць потым дэфіцытныя кнігі. А цяпер, выходзіць, наадварот?

З такімі думкамі я ўзваліла свае пакункі на вялікія вагі і вачам не паверыла: я, жанчына, прычым у гадах, прывалакла сюды 22 кілаграмы?!

У прадчуванні вартай узнагароды (у выглядзе грошай) падышла да прыёмшчыцы. Тая адлічыла мне... адзін (?) рубель і 75 капеек.

Ад нечаканасці я нават разгубілася, але потым усё ж спытала:

— А колькі вы плаціце за кілаграм макулатуры?

— Восем капеек, — пачула ў адказ.

Ну што тут можна дадаць? Як чалавек сумленны, збіраць макулатуру я, напэўна ж, буду, а вось здаваць... Наўрад ці. Ва ўсякім разе — пакуль за гэта не пачнуць плаціць, як за сыравіну, хоць сабе і другасную.

Ірына С., г. Гродна


Захварэць лёгка, а вось паправіцца...

У прасторнай бальнічнай палаце іх тады было трое. Хапала і цяпла, і святла... Зручныя ложкі з тумбачкамі пры кожным, побач халадзільнік у рост чалавека, зноў жа — душавы пакой, прыбіральня. Рэгулярна — абходы ўрачоў, кропельніцы, таблеткі, уколы, вільготная прыборка, кварцаванне. І кармілі тройчы на дзень з кефірчыкам нанач...

Што цікава, адна пацыентка ўсё гэта бачыла, з радасцю прымала і цаніла, другая — з ранку да вечара скардзілася і знаходзіла на што. Ну як жа: не тады зачынілі фортку пасля праветрывання; у душы не адразу пацякла гарачая вада; пасцельная бялізна магла быць прыгажэйшая; уколы робяць балюча; кварцаванне — гэта залішняе (хворым спакою няма); а з ежай і наогул — тое не ем, тое не п'ю...

Трэцяя з жанчын, слухаючы гэтае ныццё, хіба ўздыхала, бо што тут будзеш рабіць? Хворы чалавек ён і ёсць хворы...

Але ж, здавалася б, не настолькі... Тым больш калі ў палату, дзе ляжалі гэтыя трое, палажылі чацвёртую (перавялі — з палаты для цяжкіх), і яна стала расказваць, як там у шэсць гадзін раніцы ляжачым мяняюць памперсы, як санітарачкі варочаюць іх — перасцілаюць бялізну, як абмываюць, як з лыжачкі кормяць... Як уважліва да ўсіх ставяцца дактары, як увесь персанал стараецца дапамагчы, вылечыць — нават самых безнадзейных...

Думаеце, пачуўшы гэты расказ, тая нэндза хоць трохі прыціхла, прыкусіла язык? Не, нават не падумала!

І тут вось што кінулася ў вочы: першай з трох жанчын-пацыентак нібы сам Бог спрыяў у атрыманні працэдур, у лячэнні і выздараўленні, а вось другая на гэтым шляху ўвесь час «тармазіла».

Адгадайце, хто з іх хутчэй паправіўся?

Валянціна БОБРЫК, г. Івацэвічы


Ці пан, ці прапаў

І на тое, каб прапасці, шанцаў болей

У мяне з'явіўся ноўтбук. Цікавая — скажу вам — «цацка»! А калі ўмееш з ёю «гуляць»...

Я пакуль што вучуся. Уключаю. Заходжу ў інтэрнэт. Першае, што хачу знайсці, — гэта, вядома ж, лекі ад сваіх хвароб.

Фота: neg.by

Так... На здымку нейкі мужчына. Пад ім — подпіс: каб пазбавіцца ад болю (не буду прызнавацца, у чым...), вазьміце дзве–тры кроплі...

Ну цікава ж, чаго?! Націскаю на таго мужчыну, адкрываецца тэкст. Чытаю адну старонку, другую, шукаю назву тых кропляў, а яе ўсё няма і няма: нідзе не называюцца... Хіба нарэшце з'яўляецца інфармацыя, што ў аптэках яны не прадаюцца, што гэта — страшэнны дэфіцыт. Аднак раздабыць яго можна (ура!) і нават бясплатна (?!), калі заказаць прэпарат...

Стоп. Прычым тут ён, калі размова ішла пра цудадзейныя кроплі? Гэта — па-першае. Па-другое, насцярожвае сама прапанова: для таго каб лекі займець, трэба хуценька запоўніць заяўку і пры гэтым «укласціся» ў адведзены час. Калі атрымаецца — пан: прэпарат даставяць бясплатна, калі не — прапаў: прыйдзецца плаціць. І трыста (?!) рублёў, скажу вам, не трыццаць, якіх таксама шкада, калі на пустое...

Значыць, няхай тым прэпаратам лечыцца нехта сам, а я — «пагуляю» далей.

Бачу, кардыёлаг настойліва раіць не шкодзіць свайму сэрцу «хіміяй», а пры павышаным ціску піць звычайны дзевяціпрацэнтны...

«Няўжо воцат? — цісну, каб даведацца, і з палёгкай уздыхаю, — не». Зноў называецца прэпарат (а гэта ўсё ж такі «хімія»!), зноў паведамляецца, што ў аптэцы яго няма. І зноў жа прапануецца аформіць заяўку (прозвішча, адрас, нумар тэлефона...), каб даставіць лекі за тры дні і бясплатна (калі ўкладуся ў адведзены час). Калі не? Вы здагадаліся: грошы на бочку... А вось пра тое дзевяціпрацэнтнае (не тое воцат, не тое нейкі напой) — болей ні слова, ад чаго на памяці хіба што казка пра папа і работніка Балду з яго крылатым «Не ганяўся б ты, поп, за дармаўшчынай...»

Іншымі словамі, дураць нашага брата, як Райкін казаў!

Паглядзела на гадзіннік — і сапраўды. Яшчэ і як дураць! Тры гадзіны патрачаны, а на што?

...З-за расстройства прыняла таблетку ад ціску і пішу: «Спадарства, калі ласка, не сядзіце ў інтэрнэце. Небяспечны гэта занятак.
А што датычыцца хвароб і лекаў,  дык надзейней схадзіць да доктара. Альбо проста пагуляць — чыстым паветрам падыхаць, потым добры савецкі фільм уключыць (крый бог, не сучасны — з морам крыві). Глядзіш — і палягчэе.

Зоя Наваенка, Глыбоцкі раён


Мой шчупак «сплывае» ўмомант

Каляды — адно з самых светлых і доўгачаканых свят. Мая сям'я спраўляе яго традыцыйна, як і большасць вернікаў: збіраецца разам і дома, гэта значыць, у мяне. Я жыву ў вёсцы адна, але на святы заўжды прыязджаюць дзеці. Яны прывозяць шмат рознай смакаты, але ж за сталом з нецярпеннем чакаюць маю каронную страву — фаршыраванага шчупака. Яго рэцэптам грэх не падзяліцца з чытачамі любімай газеты.

Для прыгатавання спатрэбіцца: сам шчупак (на 1-2 кг), батон, адно яйка, адна сярэдняя цыбуліна, 50-60 г масла, 100 г малака, два зубкі часнаку, соль, перац, прыправа для рыбы.

Перш-наперш чысцім і патрашым рыбу. Выкідваем жабры і вочы, мыем у халоднай вадзе. Каля галавы перарэзваем пазваночнік і мякаць. Скуру разам з галавой, акуратна аддзяляючы «мяса», сцягваем да хваста, дзе адсякаем пазванковую косць, пакідаючы хвост каля зрэзанай скуры. Аддзеленае «мяса» прапускаем праз мясарубку разам з часнаком і размочаным у малацэ батонам, падсмажанай на алеі цыбуляй. У фарш дабаўляем 50-80 г масла, яйка, соль, перац, добра вымешваем і не вельмі шчыльна напаўняем скуру шчупака. Жывоцік замацоўваем зубачысткамі, загортваем у мокрую сурвэтку, для таго каб прыдаць форму рыбы, не вельмі туга абкручваем ніткай.

Пасля гэтага шчупака (сурвэтку не здымаем) кладзём у каструлю з кіпнем, у які дадаём солі і прыпраў для рыбы. Варым мінут 30.

Гатовую рыбу вызваляем з сурвэткі, выцягваем зубачысткі, асцярожна прамываем халоднай кіпячонай вадой, выкладваем на блюда, не парушаючы формы, рэжам на кавалачкі. Падаваць можна са скрылікамі агуркоў, памідораў, маслінамі, маянэзам, зяленівам... Прыгатаваны такім чынам шчупак вельмі хутка «сплывае» са стала...

Смачна есці!

Софія Кабарыха, Баранавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.

Грамадства

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Наш даўні сябар — жыхар Вялікай Бераставіцы — Міхаіл Маскальчук даслаў нам чарговы цікавы аповед, які быў запісаны са слоў бацькі Міхаіла, Васіля Маскальчука.

Грамадства

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Днямі аб праекце профільнай дзяржпраграмы журналістам падчас прэс-прэзентацыі расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель.

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.