Вы тут

Даеш мільён! Менавіта столькі сёлета будзе высаджана дрэў і кустоў


Адной з візітовак Беларусі лічыцца чысціня на сталічных праспектах і вуліцах райцэнтраў. Вядома, справа тут і ў менталітэце беларусаў, для якіх утульнасць, чысціня — элемент унутранай культуры. Пытанням навядзення парадку на зямлі надаюць вялікае значэнне і органы ўлады: ад мясцовай да цэнтральнай. З мэтай сістэматызацыі гэтай работы быў зацверджаны рэспубліканскі план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі ў 2020 годзе. Як ён выконваецца, расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Максім ТАРАС.


— У Мінпрыроды сцякаецца ўся інфармацыя аб рабоце па навядзенні парадку на зямлі. Ці ёсць папярэднія вынікі бягучага года?

— Пакуль вядома, што за 11 месяцаў заданні рэспубліканскага плана выкананы практычна ў поўным аб'ёме за выключэннем адставання па некаторых работах, якія датычацца меліярацыйных сістэм у Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абласцях.

— Рэспубліканскі план закранае літаральна ўсе сферы жыцця. Давайце спынімся на рэалізацыі тых мерапрыемстваў, якія бліжэй за ўсё па профілі да Мінпрыроды.

— Тады пачнём з такой актуальнай праблемы, як азеляненне тэрыторый агульнага карыстання. Гэта адна з вострых тэм, з якой гараджане звяртаюцца да нас у тым ліку па «гарачай лініі», на выязных прыёмах. На прыдамавых і іншых тэрыторыях населеных пунктаў за тыя ж 11 месяцаў высаджана дрэў і кустоў у 3-4 разы больш, чым прадугледжана планам. Гэтая работа заўсёды вядзецца ў комплексе. Папярэдне прыводзяцца ў парадак дзіцячыя пляцоўкі на прыдамавых тэрыторыях, устанаўліваюцца альбо рамантуюцца кантэйнерныя пляцоўкі. Напрыклад, устаноўлена і адрамантавана 32 626 кантэйнераў для збору адходаў пры плане 13 444, у тым ліку 17 003 — для паасобнага збору адходаў пры плане 8520. У гарадах вялікая праблема — газоны. З аднаго боку, людзі выступаюць за азеляненне, з іншага — вытоптваюць іх. За названы перыяд уладкавана, рэканструявана і адрамантавана 386,48 га газонаў, а запланавана было ўсяго толькі 176,45 га. Да пытанняў азелянення гарадскіх тэрыторый трэба падыходзіць прафесійна, таму ў нас зацверджаны схемы азелянення тэрыторый агульнага карыстання ўсіх раёнаў сталіцы, ідзе распрацоўка такіх схем для Гомеля, Магілёва і Бабруйска.

— У сельскай мясцовасці вядзецца барацьба з інвазійнымі раслінамі, у прыватнасці з баршчэўнікам Сасноўскага. Што можна сказаць па выніках гэтага сезона?

— Сёлета карыстальнікам зямельных участкаў накіравана больш за тысячу інфармацыйных лістоў, дзе нагадвалася аб захаванні тэхналогій і тэрмінах правядзення работ па ліквідацыі баршчэўніка. Да 1 лістапада яны праведзены на плошчы 9185,1 га (пры плане 7947,8 га). Патэнцыйна знішчана 709 месцаў росту баршчэўніка. Між тым працягвалася інвентарызацыя месцаў росту інвазійных раслін. З мая да верасня выяўлена 939 новых месцаў росту баршчэўніка. Трэба сказаць, што і не ўсе землекарыстальнікі своечасова прыступілі да ліквідацыі баршчэўніка — на іх складзена 290 пратаколаў, накладзена штрафных санкцый на суму 45,2 тысячы рублёў. Таксама важна, каб землі, вызваленыя з-пад інвазійных відаў раслін, адразу ж уключаліся ў гаспадарчы абарот, інакш праз год-два на тых жа ўчастках зноў давядзецца змагацца з баршчэўнікам.

— Чым больш цывілізаваныя зоны адпачынку на водных аб'ектах, тым чысцейшыя рэкі і азёры. Што робіцца ў гэтым кірунку?

— У поўнай меры выкананы і нават перавыкананы рэспубліканскі план па такіх аб'ектах. Прывяду прыклад па двух паказчыках: усталяваны 421 кантэйнер для збору адходаў пры плане 383 штукі, абсталявана 222 грамадскія прыбіральні пры плане 213.

— Максім Аляксандравіч, асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі заўсёды ў поле зроку Мінпрыроды. Якія работы па іх добраўпарадкаванні вяліся сёлета?

— Перш за ўсё, устаноўлена 410 інфармацыйных знакаў, каб людзі выразна разумелі статус тэрыторыі. Уладкаваны існуючыя зоны і месцы адпачынку, турыстычныя стаянкі ў нацыянальных парках і заказніках: устаноўлены 132 малыя архітэктурныя формы, абсталявана 88 пляцовак для вогнішчаў, устаноўлена 38 кантэйнераў для збору адходаў, у тым ліку для паасобнага, арганізавана 26 аўтамабільных парковак. Усе гэтыя мерапрыемствы дазволяць выконваць наша залатое правіла, каб гаспадарчая дзейнасць не шкодзіла прыродзе.

— Да 2022 года запланавана вывесці з эксплуатацыі ўсе міні-палігоны. Наколькі менш іх стала сёлета?

— За адзінаццаць месяцаў рэкультывавана 239 выведзеных з эксплуатацыі міні-палігонаў (пры плане 213).

— У добраўпарадкаванні гарадоў і вёсак актыўна прымаюць удзел мясцовыя жыхары. А як ідуць справы ў садаводчых таварыствах, дзе людзі бываюць наездамі?

— У цэлым дастаткова добра. На лецішчах, у гаражных і іншых спажывецкіх кааператывах добраўпарадкавана 60 кантэйнерных пляцовак для збору адходаў пры плане 59, устаноўлена 95 кантэйнераў для збору адходаў пры плане 84. Асобна падкрэслю, што пры плане 27 у гаражных кааператывах устаноўлена 29 ёмістасцяў для збору і захоўвання адпрацаванага масла. Яны актыўна запаўняюцца, гэта значыць, што шкодныя рэчывы не трапляюць у глебу.

— Работнікі цэнтральнага апарату і тэрытарыяльных падраздзяленняў Мінпрыроды не толькі кантралявалі выкананне рэспубліканскага плана па профільных кірунках, але і шмат зрабілі для добраўпарадкавання краіны. Раскажыце пра гэта.

— Вось ужо тры гады Мінпрыроды вядзе глабальную экалагічную кампанію «Добраўпарадкуем малую радзіму», у рамках якой праходзяць і месячнікі па вясновай і восеньскай пасадцы дрэў і кустоў у населеных пунктах. Вынікі за адзінаццаць месяцаў даволі важкія: высаджана 361,5 тысячы дрэў і 405,075 тысячы кустоў.

На тэрыторыях сельскагаспадарчых аб'ектаў высаджана 20,303 тысячы дрэў, 1,898 тысячы кустоў і ўздоўж аўтамабільных дарог 52,512 тысячы дрэў і 4,953 тысячы кустоў. Сёлета, мяркую, пасля канчатковага падвядзення вынікаў, мы выйдзем на мільён штук насаджэнняў.

Асабліва падкрэслю, што менавіта прадстаўнікі Мінпрыроды гэтай вясной далі старт пасадак дрэў па ўсёй краіне. У Мінску работы пачаліся са сквера «Палянка». Там пасадзілі больш за 30 драбналістых ліп. Супрацоўнікі цэнтральнага апарату Мінпрыроды і Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя высадзілі 420 дрэў на ўчастку перасячэння аўтадарогі Р58 Мінск — Калачы — Мядзел і М-14. У Магілёве супрацоўнікі аблкамітэта высаджвалі дрэвы ў Пячэрскім лесапарку, які плануецца аб'явіць помнікам прыроды мясцовага значэння. Ні адна арганізацыя сістэмы Мінпрыроды не засталася ўбаку ад акцый па азеляненні.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота прэс-службы Мінпрыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».