Вы тут

Імунітэт на постпраўду. Як не параніцца на лязе фэйкаў новых медыя?


Лічбавая рэальнасць атакуе з астранамічнай хуткасцю, і новыя медыя ў пагоні за аператыўнасцю і першынствам забываюць пра нормы этыкі, страндарты прафесіяналізму, а часта і ўвогуле правакуюць дэзынфармацыяй. Але праўда заўсёды ўзнімаецца над хлуснёй, як алей — над вадой, казаў Сервантэс. Сумленны журналіст кіруецца класічнай этыкай, а нядобрасумленны пераступае бар’еры і маралі, і закона. Так медыяпрастору напаўняюць неправераныя і непраўдзівыя навіны. Гэтая праблема не сыходзіць з парадку дня. Фэйк які ён ёсць і як з ім справіцца — у фокусе абмеркавання XIV з’езда Беларускага саюза журналістаў.


Падчас XIV з’езда Беларускага саюза журналістаў

Сёння аўдыторыя новых медыя, спакушаная разнастайнасцю рэсурсаў і свабодай выбару, перацякла ў прастору тэлеграм-каналаў. Не саступаюць і сацсеткі, прапануючы інтэрпрэтацыю фактаў на свой густ. Што рабіць класічным СМІ? Яны вымушаны трымаць удар і ісці ў нагу з часам.

— Апошнія пяць гадоў для нашага саюза і для беларускай журналістыкі ў цэлым сталі часам выпрабавання на трываласць, салідарнасць, творчасць, крэатыўнасць. І гаворка не толькі і не столькі пра рэсурсы, а пра глабальную трансфармацыю, у тым ліку крыніц атрымання інфармацыі,  — адзначыў старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. — Мы ўжо ўвайшлі ў эпоху новых медыя, якія па сваёй аўдыторыі і ўздзеянні або зраўняліся, або пераўзыходзяць класічныя. Нас паглыбілі супраць нашай волі ў эпоху постпраўды і фэйк-ньюс. У гэтай эпосе дакладнасць часта саступае месца аператыўнасці, эмацыянальнасць прэвалюе над глыбінёй аналізу. Вакол новых медыя фарміруюцца ядры фаловераў, паслядоўнікаў, якія часта нагадваюць секты і тым самым падмяняюць адданых і разборлівых падпісчыкаў, гледачоў, чытачоў.

Інфармацыйныя выклікі і пагрозы, якія нясуць новыя сеткавыя медыя, закранаюць поле самаідэнтычнасці, грамадзянскіх перакананняў. І тут ужо важна вызначыць рамкі…

— Заяўляючы пра інфармацыйны нейтралітэт некалькі гадоў таму, мы не ўлічылі, што партнёры не будуць паводзіць сябе на нашай інфармацыйнай прасторы так жа далікатна і сумленна, — заўважае Андрэй Крывашэеў. — За апошнія пяць гадоў нашы непрыяцелі стварылі глыбокую, структураваную сістэму маніпуляцыі і ўздзеяння на грамадскую свядомасць беларусаў. У выніку нам, прадзяржаўным СМІ, журналістам, блогерам, давялося перастройвацца на хаду, падчас інфармацыйнай вайны, атак. Але словы падзякі тым, хто ў гэты няпросты, трывожны час выстаяў, не зламаўся, не змяніў сваёй грамадзянскай палітычнай пазіцыі, не здрадзіў этычным стандартам. Сёлета многія калегі сутыкнуліся з небывалай у нашай гісторыі кампаніяй па траўлі, булінгу, пагрозах, спробах запужаць, паўздзейнічаць на журналісцкую і грамадзянскую пазіцыю (але мы засталіся ў эфіры, мы нясём нашу пазіцыю ў грамадства, і яно нас чуе). Каля 400 нашых калег з 2000 членаў БСЖ падвяргаліся траўлі.

У сувязі з сітуацыяй, якая склалася, быў створаны Нацыянальны камітэт абароны журналістаў (рэкамендацыя АБСЕ). У яго ўваходзяць прадстаўнікі саюза журналістаў, прэс-сакратары і службовыя асобы сілавых ведамстваў. Аператыўна вырашаюцца праблемы з абаронай журналістаў, свабодай слова, з перашкодамі легальнай журналісцкай дзейнасці. Упаўнаважаным па абароне журналістаў БСЖ стаў Аляксандр Шпакоўскі.

Ёсць неабходнасць развіць на базе БСЖ глыбокую медыясацыялогію, лічыць Андрэй Крывашэеў: «Каб не інтуітыўна, не навобмацак, не па лакальных прыватных замерах ацэньвалі запыты аўдыторыі, градус грамадскай дыскусіі, каб мы аперыравалі дакладнай навуковай базай. Спадзяюся, медыясацыялагічная служба на базе БСЖ пры спрыянні БДУ з’явіцца».

Думаецца, ініцыятывы Беларускага саюза журналістаў абавязкова знойдуць рэалізацыю, нягледзечы на няпросты час, ускладнены эпідэміялагічнымі, палітычнымі, эканамічнымі выпрабаваннямі. Варта згадаць, што Беларускі саюз журналістаў уваходзіць у склад Міжнароднай федэрацыі журналістаў — самай вялікай міжнароднай арганізацыі, якая інтэгруе 187 нацыянальных журналісцкіх саюзаў. Агульныя мэты аб’ядноўваюць. Прыкладам таму — нефармальнае згуртаванне беларускіх і  расійскіх журналістаў «Друзья — сябры», кіраўнік якога Уладзімір Мамантаў, аналізуючы абставіны, у якія трапілі беларускія СМІ, з аптымізмам глядзіць на будучыню журналістыкі:

— За гэтыя гады, з таго часу, як мы стварылі згуртаванне «Друзья — сябры», я пазнаёміўся з беларускай журналістыкай. Тых, хто зараз застаўся на борце, паважаю. У маім жыцці было шмат выпадкаў, калі калегі выбіралі іншыя шляхі, палітычна арыентаваліся інакш. Галоўнае ў гэтай сітуацыі — захаваць прынцыпы прафесійнай журналісцкай дзейнасці і чалавечую прыстойнасць. Калі гэтага не адбываецца, журналістыка знікае, раствараецца як дым палаючых пакрышак. Калі прадстаўнікі СМІ будуць працаваць на барыкадах, у поце зарабляючы хлеб на франтах інфармацыйных войн хаця б у рангу народнага апалчэння, журналістыка так ці інакш вернецца да свайго сапраўднага прызначэння — быць інфарматарам, суразмоўцам, сябрам і таварышам для чытачоў.

Сёння ўсё больш набірае моц новы тэрмін «лічбавая гігіена». У лічбавым асяроддзі часта вядуцца гульні без правіл, не кажучы ўжо пра этыку і мараль. Калі валадарыць хаос, які характэрны сетцы, лёгка застацца незаўважаным. Ананімнасць у інтэрнэце і ўвогуле пазбаўляе адказнасці (але толькі на першы погляд). У сацыяльных сетках мадэратары правакуюць, прасоўваючы свае інтарэсы. І тады ці даводзіцца казаць пра сеткавую культуру? Іншая справа — калі мадэратарам інфармацыі выступае дзяржава.

— Калі мне як парламентарыю па электроннай пошце дасылаецца самая розная інфармацыя з шэрагу краін, я стаўлю сабе пытанне: а куды рассылаем мы і ці рассылаем увогуле? — заўважае намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч. — Так, рассылаюцца матэрыялы Міністэрствам замежных спраў, робяцца заявы парламентам. Думаю, у Беларускага саюза журналістаў можа з’явіцца такая задача, як выказванне пазіцый па вострых для нашай краіны пытаннях.

Тэхналогіі напоўніцу выкарыстоўваюцца для вядзення інфармацыйных войн. І ў якасці інфармацыйнай зброі, якая зможа даць знішчальны адпор, — арганізацыя надзейнай бяспекі не толькі кіберпрасторы, але і інфармацыйнага асяроддзя. Ды нярэдка даводзіцца мець справу з інфармацыйнымі спецаперацыямі...

 — Наш партал gp.by быў узламаны і тыдзень не працаваў, а водгалас мы адчуваем да гэтай пары, — адзначыў галоўны рэдактар КУП «Гомельская праўда» Сяргей Бяспалы. — Узбуджана крымінальная справа, вядзецца расследаванне. Напэўна, нас выбралі невыпадкова, бо раней быў заблакіраваны наш блог па просьбе чытачоў з ЗША, як ні дзіўна. Сёння ён працуе. А што ўжо казаць пра розныя цяперашнія славесныя выпады!.. Усе рэдактары гомельскіх газет праявілі цвёрдую грамадзянскую і дзяржаўную пазіцыю. Ёсць чаму вучыцца: і як адстойваць, і як ваяваць. Трэба ствараць новыя медыя, тэлеграм-каналы. Мы павінны даваць магутны «адлуп», каб нас адчувалі, бачылі і баяліся.

Бясспрэчна, у сучасных умовах даводзіцца мабілізавацца. Змяненні і інавацыі ў дзейнасці СМІ фарміруюць новы партрэт спецыяліста медыяпрасторы, ёсць нагода асэнсаваць перспектывы альбо пагрозы прафесіі, разгледзець дагэтуль не ўбачаныя гарызонты. У сувязі з распаўсюджваннем новых медыяфарматаў лічбавага свету, дзе галоўны козыр — хуткасць, аператыўнасць, у журналістаў з’яўляюцца новыя абавязкі.

— У эпоху лічбавізацыі медыя важна ўзважана расставіць прыярытэты: якія спецыялісты патрэбны раённым рэдакцыям і на месцах, — разважае галоўны рэдактар брэсцкай абласной газеты «Заря» Аляксандр Лагвіновіч. — Сёння ў раёнах патрэбны не толькі кантэнт-менеджары, якія напаўняюць сайты, акаўнты ў  сацсетках, мэсэнджарах, але і спецыялісты па CNN, якія ўмеюць прасоўваць кантэнт.

Вызначыць рамкі сучаснай журналістыкі ўсё складаней, як і пазбегнуць дэзынфармацыі — з’явы, якая, па сутнасці, старая як свет. Першы пачаў ілгаць д’ябал, але забыўся запатэнтаваць сваю вынаходку — вось цяпер і спараджае яна звышканкурэнцыю, штораз ранячы сваім вострым лязом. Пакутуюць і журналісты. Сутыкаючыся з перашкодамі легальнай дзейнасці, яны становяцца ахвярамі інфармацыйнай агрэсіі.

— Прэцэдэнты па абароне правоў журналістаў, калі мы звярталіся ў міжнародныя суды і вырашалі гэтыя пытанні, у нас ёсць. Іх трэба ініцыяваць, і Саюз журналістаў павінен гэтым займацца ў першую чаргу, — лічыць старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Марат Маркаў. — Многія ведаюць гісторыю пра тое, як Мікалай ІІ прыехаў на лінію фронту і задаў камандзіру пытанне: «Чаму вы не стралялі?» Той адказаў: «У мяне была 41 прычына на гэта». — «І якая першая?» — «Не было снарада». Сітуацыя, якая склалася падчас выбарчай кампаніі, паказала, наколькі важна на самай справе тое, чым мы займаемся, наша прафесія. А паколькі яна настолькі значная, то калі мы будзем дрэнна працаваць, усе рэсурсы дзяржавы пяройдуць у іншыя рукі. Калі мы прайграём інфармацыйную вайну, то прайграём вайну рэальную.

30 лістапада адзначаўся Міжнародны дзень аховы інфармацыі. Важнасць інфармацыйнай бяспекі сёння прадыктавана тым, што інфармацыйныя рэсурсы выкарыстоўваюцца для скажэння рэальнай карціны свету. Кажуць, нескладана паказаць голай ісціну — паспрабуй «раздзець» хлусню!.. Карціна свету ў фэйкавым кантэнце наўмысна паказваецца фрагментарна, вырвана, што фарміруе негатыўны пасыл, правакацыі.

— Тое, што адбылося за апошнія паўгода ў нашым асяроддзі, гаворыць пра тое, што мы аказаліся ў многім да гэтага не гатовы і да канца не ацаналі ўздзеянне і новых медыя, і тэлеграм-каналаў, — упэўнены ўпаўнаважаны Беларускага саюза журналістаў па лічбавізацыі Вадзім Шчаглоў. — Фактычна новыя медыя перакулілі свядомасць нашых грамадзян, зрабілі вядучыя рэспубліканскія медыя аплотамі якойсьці пячорнай інфармацыйнай палітыкі, з нашых калег журналістаў і рэгіянальных нацыянальных медыя — ворагаў беларускага грамадства. Таму ў гэтым плане нам трэба ўлічыць вопыт, які мы атрымалі. І  выпрацаваць новую сістэму паводзін і стварэння новых медыя. Высокі патэнцыял ў беларускай рэгіянальнай журналістыкі. Тут працуюць таленавітыя спецыялісты, якія могуць пісаць жыва, метафарычна, цікава, востра, злабадзённа, але патрэбны сучасныя формы данясення — вось тое, да чаго варта імкнуцца.

Як супрацьстаяць інфармацыі, якая дэстабілізуе, скоўвае? Гэтым занепакоены медыйныя эксперты ва ўсім свеце. Нягледзячы на складаныя эпідэміялагічныя ўмовы, апошнім часам — толькі за мінулы месяц — адбылося шмат медыяфорумаў (у асноўным у фармаце відэаканферэнцый). Сярод іх — экспертна-медыйны форум «Інфармацыйная бяспека Саюзнай дзяржавы: сучасныя выклікі і новыя тэхналогіі», XVII Германа-Расійскі медыяфорум «Крызісны медыяменеджмент і лічбавая рэальнасць», Сусветная канферэнцыя па кіраванні інтэрнэтам у кітайскім Учжэні, ІІІ Медыяфорум-2020 «Свабода журналістыкі ў кантэксце правоў чалавека, новых тэхналогій і міжнароднай інфармацыйнай бяспекі». Рэзананс праблемы сведчыць: цяпер такі час, калі трэба вырашаць, як вярнуць этыку ў медыяпрастору.

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».