Вы тут

Экскурс у спадчыну


Кніжная спадчына, прысвечаная Міхалу Клеафасу Агінскаму, папоўнілася сёлета яшчэ адным знакавым выданнем. У выдавецтве «Чатыры чвэрці» да 255-годдзя кампазітара была створана кніга «Адраджэнне і  вяртанне». Акрамя таго, памяць пра нацыянальнага героя ў цяперашні час ушаноўваецца праз аднаўленне культурных помнікаў, пастаноўку спектакляў, правядзенне навукова-практычных канферэнцый, канцэртаў, папаўненне музейных калекцый, рэалізацыю шматлікіх міжнародных праектаў.


Міхал Агінскі ў свае часы быў вядомы перш за ўсё як палітык і дыпламат, актыўны грамадскі дзеяч, адзін з лідараў паўстання Касцюшкі. А сёння мы ведаем Агінскага не толькі як сапраўднага патрыёта, але ў першую чаргу і як выдатнага і таленавітага кампазітара, які пакінуў пасля сябе шматлікія паланэзы, рамансы, вальсы, маршы, менуэты — больш за сем дзясяткаў твораў.

У вывучэнне музычнай спадчыны М. К. Агінскага значны ўнёсак зрабіў творчы калектыў «Беларуская капэла» Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь на чале з заслужаным артыстам Беларусі прафесарам Віктарам Скорабагатавым. Калектывам быў падрыхтаваны шэраг нотных выданняў (серыя «Музыка старажытных сядзіб»). Выдавецкія праекты, прысвечаныя асобе М. К. Агінскага, штогод папаўняюцца. Тым не менш у  біяграфіі Агінскага застаецца шмат недаследаваных пытанняў. Да цяперашняга часу дакладна невядома, дзе ж быў напісаны знакаміты паланэз «Развітанне з радзімай». Ёсць некалькі версій, але навукоўцы схіляюцца да таго, што паланэз № 13 быў створаны ў Залессі.

Рэстаўрацыя сядзібы роду Агінскіх ХІХ ст., што знаходзіцца ў Залессі (Смаргонскі раён), была завершана ў 2014 годзе. Сёння на яе месцы працуе дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова «Музейсядзіба М. К. Агінскага», дзе ў 13 залах, як у 13 пакоях гаспадара, размешчана багатая экспазіцыя. У часы Агінскага сядзібу часта называлі «Паўночнымі Афінамі», яна з’яўлялася культурным цэнтрам усяго краю. Цяпер адноўлены таксама аранжарэя, парк, капліца, альтанкі, масток з  гравюры Леанарда Ходзькі 1822 года. На працягу некалькіх гадоў у Залессі здзяйсняюцца праграмы гістарычнай рэканструкцыі і музычныя імпрэзы, прысвечаныя памяці знакамітых прадстаўнікоў роду Агінскіх. Залессе — гэта куточак прыгажосці і натхнення. Тут атмасфера дапамагае паглыбіцца ў далёкае ХІХ стагоддзе, дзе ўяўляеш сябе важным госцем: сядзіш у  адной з залаў сядзібы і  з  захапленнем слухаеш знакамітыя паланэзы ў выкананні самога маэстра...

Памяць пра М. К. Агінскага ўслаўляецца ў шматлікіх спектаклях, фільмах, канцэртных праграмах. Так, на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне ў 2005 годзе быў пастаўлены спектакль па п’есе Уладзіміра Драздова «Фантазія ля мінор» («Паланэз на развітанне»). Рэжысёрам Анастасіяй Мірашнічэнка быў зняты дакументальны фільм «Рана ў сэрцы. Міхал Клеафас Агінскі», у якім расказваецца пра жыццё і творчасць кампазітара. У выкананні артыстаў Маладзечанскага маладзёжнага музычнага народнага тэатра і заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музкаледжа імя М. К. Агінскага прагучала рамантычная опера ў 2-х дзеях «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт».

Тэма спадчыны роду Агінскіх знаходзіць адлюстраванне ў мастацкіх творах беларускіх аўтараў, якія такім чынам ушаноўваюць памяць пра знакамітага земляка. У кнізе «Адраджэнне і вяртанне» размешчана цікавая галерэя шматлікіх твораў вядомых мастакоў: Віктара Нямцова («Залессе»), Віктара Барабанцава (серыя «Алея ў парку»), Віктара Мікіты («Від на палац Агінскага з каменем»), Эдуарда Мацюшонка («Гукі паланэзу»), Мікалая Аўчыннікава («Дождж прайшоў. Залессе»), Сяргея Савіцкага («Восень у Залессі»), Рыгора Мяжуева («Зімовы сон»), Анастасіі Балыш («Залескі раманс»), Аляксея Бабіча («Паўночныя Афіны») і інш.

У адраджэнні, захаванні і папулярызацыі матэрыяльнай і духоўнай гісторыка-культурнай спадчыны роду Агінскіх важную ролю іграе Маладзечанскі дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага», які дзейнічае з 2012 г. Намаганнямі фонду ў вёсцы Аборак (Маладзечанскі раён) былі адноўлены рэшткі касцёла Узнясення Дзевы Марыі і святога Роха ХV ст. і добраўпарадкаваны склеппахавальня роду Ходзька-Дэдэркаў (Леанард Ходзька быў сакратаром М. Агінскага, давёў да ладу яго архіў, у 1836 г. у Парыжы выдаў мемуары кампазітара на французскай мове).

Музычная дынастыя Агінскіх працягваецца дагэтуль: у Англіі працуе музыкант і музыказнаўца Іва Залускі, нашчадак Міхала Клеафаса Агінскага. Акрамя гэтага, нашчадкі кампазітара, жыццё якіх таксама звязана з музыкай, ёсць у Польшчы. На думку музыказнаўцы Віктара Скорабагатава, «дзеля параўнання можна ўспомніць толькі дынастыю Бахаў, але, калі глядзець на працягласць дынастыі Агінскіх па часе, то гэта ўвогуле ўнікальная ў свеце музыкі сітуацыя».

Кніга «Адраджэнне і вяртанне» — гэта экскурс у спадчыну М. Агінскага. Яна мае міжнародны фокус: інфармацыя падаецца на беларускай і англійскай мовах. Выданне адметна тым, што спалучае цікавыя звесткі пра вынікі дзейнасці па аднаўленні і захаванні спадчыны вядомага кампазітара і яскравыя творы мастацтва выдатных беларускіх аўтараў, у якіх непарыўная сувязь мінулага і сучаснага. Акрамя гэтага, кніга аздоблена шматлікімі ілюстрацыямі: у выданні выкарыстаны фотаздымкі з фонду Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, з яго філіяла «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры», архіва выдавецтва «Чатыры чвэрці», а  таксама фотаздымкі Альфрэда Мікуса і з інтэрнэт-крыніц. На думку шматлікіх даследчыкаў, спадчына Агінскага яшчэ толькі пачынае вывучацца, таму можна ўпэўнена сцвярджаць, што выдавецкія праекты будуць папаўняцца.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».