Вы тут

Ігар Хадановіч. Досвітак, які застаўся ў вечнасці


Нядаўна, перабіраючы кнігі ўласнай бібліятэкі, натрапіў на выданне Варлена Бечыка «Свет жывы і блізкі». Прызнаюся шчыра: нават забыўся, што яна ёсць у мяне. Іншыя з дароўнымі надпісамі Варлена Леанідавіча на віду. Яшчэ неспадзяванка — кніга аказалася з аўтографам: «Паважанаму Алесю Марціновічу, у якога наперадзе (веру!) яшчэ будзе багата кніг і  які (спадзяюся) надпіша сваю першую кнігу і гэтаму аўтару». Подпіс, а ўнізе дата: «20 лістапада 1974». На жаль, так і не падпісаў. Мая «Далучанасць» выйшла толькі ў 1990 годзе, а В. Бечык памёр 13 лістапада 1985-га. Цяжкая, невылечная хвароба звяла яго ў магілу ў 46-гадовым узросце.


Ігар Хадановіч. Фота з сайта vuchoba.org.

З хваляваннем узяўся перачытваць гэты дарунак. І ва ўсёй паўнаце адкрыўся для мяне сапраўды «свет жывы і блізкі». Свет беларускай літаратуры, якую Варлен Леанідавіч так любіў, асабліва паэзію, належачы да найбольш значных і аўтарытэтных (нягледзячы на творчую маладосць) даследчыкаў. Сярод артыкулаў напаткаў і той, які падказаў мне ўзяцца за пяро.

«Душа не сціхае...» — гэта ж слова пра творчасць Ігара Хадановіча. Ён мог быць сёлетнім юбілярам. З’явіўся на свет 10 чэрвеня 1940 года. А так споўнілася 80 гадоў з дня яго нараджэння. Пайшоў у вечнасць 9 студзеня 1966 года. Ды не хвароба зваліла яго, а бандыцкі нож у самым цэнтры Мінска. Варлен Леанідавіч і «падказаў» мне пра І. Хадановіча.

Спачатку пра тое, якім ён быў. Без сведчання В. Бечыка не абысціся: «[...] шмат у нас было агульных думак і жыццёвых уражанняў». Пры сустрэчах «у  душы заўсёды свяціла радасць, бо Ігар Хадановіч — гэта гавораць усе, хто яго добра ведаў, — быў чалавек рэдкай абаяльнасці. Ён прывабліваў прыгажосцю шчырай і адкрытай душы, багацце якой адразу ж сказвалася, як толькі ён звяртаўся да чалавека. Перш чым перайсці ў творы, яго маральная чысціня, прага шчырасці і адкрытасці, абвостраная маральная і эстэтычная чуйнасць бліскуча і поўна праяўляліся ў яго адносінах да людзей і жыцця».

Біяграфія ж кароткая. А якой ёй быць, калі жыццё толькі пачыналася. Родам з вёскі Шпількі Дзяржынскага раёна. Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», крыху ў Мінскім абкаме камсамола. У 1964 годзе лёс звязаў з «ЛіМам». Не такая вялікая і творчая біяграфія. Пачынаў з вершаў. Адзін з іх — «Хлеб» — нават надрукаваў у 1957 годзе ў «Чырвонцы». Але журналістыка, проза (не толькі як літаратурны жанр, але і  паўсядзённыя рэаліі) узялі верх, хоць у душы і заставаўся паэтам.

У маёй памяці адкрыццё яго як журналіста, пісьменніка злілося ў адно імгненне. Нумар «ЛіМа» пачатку 1966 года. З матэрыялаў, змешчаных у ім, зацікавіў нарыс І. Хадановіча «Чалавек з маёй біяграфіі». Усхваляваны, на дзіва шчыры роздум пра настаўніцу Яўгенію Васільеўну Перавозную. Адначасова слова аб тым, якім павінен быць сапраўдны чалавек. Літаральна праз два дні І. Хадановіча не стала. «ЛіМ» змясціў партрэт юнака з даверліва прыжмуранымі вачыма, высокім чубам, непаслухмяна зачасаным назад. Пад здымкам — журботныя радкі некралога: «Трагічна абарвалася жыццё таленавітага журналіста, маладога пісьменніка, камуніста, нашага таварыша і друга...» Пазней маю ўвагу прыцягнуў запіс Янкі Брыля: «Чытаючы дзённік Льва Мікалаевіча, раптам успомніў, як браў у “Вясёлцы” паперу і гаварылі мы, Вітка, Грахоўскі, Пальчэўскі і я, пра “злобу” тых дзён — смерць сімпатычнага хлопчыка Ігара Хадановіча...»

Успаміны Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага, Анатоля Кудраўца, Уладзіміра Мехава, Уладзіміра Паўлава таксама сталі данінай памяці таварышу, які не спалохаўся хуліганаў, не ўцёк... Не мог, бо ніколі і ні ў чым не ішоў на кампраміс з уласным сумленнем і не дараваў падобнага іншым, гэта не гучныя словы, якія часта з’яўляюцца, калі трэба гаварыць ці пісаць пра мёртвых.

Адказ на пытанне, якім быў І. Хадановіч, даюць і яго апавяданні, нарысы, запісы ў блакнотах, лісты да сяброў і блізкіх. Яны змешчаны ў кнізе «За акном дождж», што выйшла ў  1967 годзе. Проза была прадстаўлена не толькі васьмю апавяданнямі, прачытанымі і ўхваленымі Я. Брылём, але і тымі, якія І. Хадановіч у свой першы зборнік не ўключыў. Загінуў ён, па сведчанні В. Бечыка, «праз два тыдні пасля здачы гэтай кніжкі ў выдавецтва (“Беларусь”. — А. М.) і праз некалькі дзён пасля таго, як з радасцю даведаўся, што яна ўхвалена ў выдавецтве і будзе рыхтавацца да выдання».

У 1986 годзе ўжо ў выдавецтве «Юнацтва» пабачыла свет кніга І. Хадановіча «На досвітку». Ад першай адрозная тым, што дапоўнена ўрыўкамі з некаторых яго лістоў. Гэта, безумоўна, дазваляе заглыбіцца ва ўнутраны свет не толькі яго як пісьменніка, але і як чалавека.

Найбольш аўтабіяграфічныя моманты адчувальныя ў апавяданні, якое і падказала назву другой кнізе. Галоўны герой Малышаў — у пэўнай ступені і сам І. Хадановіч, які, як засведчыў у прадмове «Чалавек з нашай біяграфіі» А. Вярцінскі, «шмат ведаў, шмат умеў, шмат хацеў, шмат мог зрабіць. І ён шмат зрабіў бы, бо меў надзвычай добрае сэрца і гэтакую светлую галаву».

У вобразе Малышава знаходзіш і адказ на тое, што трывожыла і непакоіла і самога І. Хадановіча, вылівалася ў споведзь яго дзённікавых запісаў: «Душэўная сарамлівасць перад большымі, чым сам, людзьмі, якая скоўвае язык, цела, думкі, хаця знешне і трымаешся нібы бадзёрчыкам». Ці тое, што прыкмеціў ва ўжо згаданай прадмове А. Вярцінскі: «“цнатлівы юнак з дапытлівым розумам”, “хворы на душэўную чэснасць” — гэта сам Ігар Хадановіч. Менавіта ён так абвострана і  глыбока адчуваў другога чалавека, сваю сувязь з людзьмі, сваю адказнасць за ўсіх».

Пакутуе ад бяссоння інжынер Малышаў, курыць цыгарэту за цыгарэтай. Хто ён на зямлі і дзеля чаго жыве? Падобныя пытанні да яго прыходзілі і раней, але менавіта гэтай ноччу паўсталі ў такой вастрыні і аголенасці: «Адна фраза жыла цяпер у ім: “Дваццаць пяць гадоў  — і нічога не зроблена”». Яшчэ нядаўна «быў багацейшы за таго, каму належалі гэтыя словы», — у студэнцкім гурце гэтае прызнанне ён упершыню пачуў у васямнаццацігадовым узросце. Цяпер жа сам час рабіць першыя падрахункі: «Што ён хоча, чаго дамагаецца, жывучы? Можа, ён проста яшчэ дзіця і, як дзяўчына-красуня — жаніха, усё чакае, што вось-вось прыйдзе да яго нешта такое, што, не разбурыўшы наіўных дзіцячых уяўленняў, прынясе душы нейкае выключнае адчуванне сваёй патрэбнасці і шчасця?» І яшчэ: «Выходзіць, і ён, Малышаў, павінен задавальняцца малым, тым, што яму наканавана. І нават не спрабаваць скочыць вышэй галавы?»

Пытанні, пытанні... Для каго, магчыма, і наіўныя, а для Малышава самыя важныя, бо ён ужо проста не можа жыць так, як раней. Бяссонная пакутная ноч як быццам дае адказ. Выйшаўшы на вуліцу ранішняга гарадка, Малышаў адчуў сваю нябачную ўнутраную сувязь з усімі, хто жыве ў ім: «І падумалася, што, можа, усё тое, над чым ён пакутаваў ноч, — надуманае і ўяўнае, а трэба проста жыць і радавацца кожнаму выпадку, нанова адчуць асалоду жыцця. Памагаць людзям — няхай у дробязі, у самым непрыкметным, але каб толькі адчуваць, што жывеш не для сябе...»

Прапісная ісціна? Як сказаць... Невыпадкова Малышаў прыходзіць да такой высновы: «...давяраючы сабе гэтай ноччу, ён зневажаў іх (людзей. — А. М.), тысячы і мільёны, шукаючы сабе не іхняга, а іншага — уяўна вышэйшага прыкладу для пераймання». Кожны павінен рабіць сваю справу, застаючыся Майстрам у ёй... Гэта не дэкларацыя, а жыццёвая праграма і Малышава, і самога І. Хадановіча. Яна можа стаць праграмай і для кожнага, калі ён знойдзе сваё сапраўднае месца ў жыцці.

Гэтакай пакутлівай ацэнкай і пераацэнкай уласнага жыцця заняты і герой апавядання «У кватэры заставаўся хлапчук» Алека Былінкін — “былы саўгасны механізатар, дзіця некранутай прыроды”, як пра яго крыху іранічна гаворыць загадчык аддзела, знаёмячы з супрацоўнікамі. Алека, як і Малышаў, адчувае сваю душэўную непрыкаянасць. Застаючыся ў горадзе «вяскоўцам», ён не прымае жыццёвага прагматызму новага для яго ўкладу. Выразнымі псіхалагічнымі штрыхамі перададзена безабароннасць Былінкіна перад горадам і адначасова вялікая маральная сіла яго.

Фота з сайта slideplayer.com.

Калі пісаўся гэты твор, у беларускай літаратуры толькі пачыналі распрацоўваць тэму горада і вёскі. У прыватнасці, ужо з’явіліся найлепшыя апавяданні Міхася Стральцова, героям якіх часта бачылася «сена на асфальце». Душа Алекі супраціўляецца ўсяму паказному, няшчыраму, ён не прымае «сальных» жартаў і намёкаў. Невыпадкова ў лісце да маці сведчыць: «Цэлы месяц жыў адзін у кватэры свайго загадчыка: ён з жонкай ездзіў у водпуск да мора», дадаючы: «Са мною ў кватэры заставаўся іхні хлапчук — хадзіў пры мне ў школу». Падобны падман Былінкіну патрэбны як самаачышчэнне, як пацвярджэнне сваёй маральнай чысціні.

У Алеся з апавядання «Раннія яблыкі», да якога прыйшло першае каханне, душа спявае. Гэты твор — адзін з найлепшых у І. Хадановіча і адразу прываблівае лірычнай настраёвасцю, што ператварае апавяданне ў верш у прозе, а таксама вабіць трапнасцю назіранняў, каларытнымі дэталямі, тымі пластычнымі мазкамі, якія даюць гаварыць аб аўтары без аглядкі на яго жыццёвую маладосць і творчую нявопытнасць.

Удала схоплена імгненне, калі зямля прачынаецца ад сну: «Ноч адышла. Ціха і мякка праплыла яна над маўклівымі аселіцамі, стракатымі дахамі і цяпер вось гэтак жа нячутна плыве недзе далёка за вёскаю... З-за лесу ўсё вышэй уставала сонца. Калючы, яшчэ халодны шар яго ўсплываў над вершалінамі і, нібыта здзіўлены, на імгненне застыў на месцы. Зазырчала, заіскрылася наваколле... Закурылася сцежка, на якой абабілі расу Алесевы ногі...» А сам пачатак навальніцы: «Ужо двойчы неба наўкруг абкладвалі чорныя касмылявыя хмары. Нязграбна і цяжка, як на мулкай пасцелі, варочаўся гром. Нібы высечаныя крэсівам, па ўсім небе ўспыхвалі маланкі». А тут майстэрству нельга не пазайздросціць: «Пры калёсах корпаецца дзядзька Ігнат. Ссунуў кола і шчодра і клапатліва, нібы масла на хлеб, намазвае на вось каланіну».

Талент І. Хадановіча развіваўся плённа. Шмат меў задум, планаў. Пацвярджэнне таму — раздзел «З запісных кніжак і лістоў». У ім тое, што цягам часу знайшло б адлюстраванне ў новых творах. З асобных запісаў, тэлеграфна лаканічных, бачыцца, што яшчэ шмат чаго было ў яго запасніках: «Што вы мяне пугаеце, я сам Пугач», «Саламяная ўдава. Напісаць апавяданне з такой назвай», «Пацалунак з аглядкай», «Прозвішча Трапашка», «Год нараджэння? Абразца 1940...».

Ці не сёння сказана гэта: «Зайздросцяць чужому поспеху, толькі калі напаткаўшага ўдачу лічаць у душы ніжэйшым за сябе ці, ва ўсякім выпадку, не больш як роўным сабе. Перастаюць зайздросціць, звычайна ўпэўніўшыся, што поспех невыпадковы. Тады мяняецца і ўяўленне аб вартасці гэтага чалавека. Калі чалавек так высока, што яго ўжо нельга дастаць нават зайздрасцю, ён прызнаецца аднадушна геніем».

Ігар Хадановіч нікому не зайздросціў. Ні ў жыцці, ні ў творчасці. Любячы літаратуру, ён марыў стаць пісьменнікам. І стаў ім, хоць і напісаў колькасна не так і шмат.

Хочацца яшчэ раз звярнуцца да артыкула Варлена Леанідавіча, бо цалкам падзяляю яго меркаванне: «Нямнога ёсць мясцін у кніжцы, дзе Ігар Хадановіч прама піша пра самога сябе, але ўся яна прасвечана ягоным характарам, рознабакова выяўляючы яго чалавечую сутнасць, напісана так, быццам пра яе сказаны словы Уолта Уітмена: “Не, гэта не кніга... Крані яе — і кранеш чалавека...”»

Аднак з невялікім удакладненнем. Праўдзіва сказанае, дакладна заўважанае тычыцца і ўсёй творчасці гэтага таленавітага пісьменніка. Яна ці не ўся ўмясцілася ў кнігу «На досвітку». Праўда, я, некалі рэцэнзуючы яе, выказваў спадзяванне, што пабачыць свет яшчэ адна, «у якой акрамя яго твораў будуць змешчаны ўспаміны [...], вершы, прысвечаныя яму, фотадакументальныя матэрыялы».

Гэта — задача на найбліжэйшыя гады.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».