Вы тут

«Фаўст» — паміж ілюзіяй і рэальнасцю


21 лістапада ў Вялікім тэатры адбылася прэм’ера оперы «Фаўст». Спектакль стаў першай пастаноўкай на гэтай сцэне пасля месячнага перапынку, выкліканага складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Мы наведалі прэм’еру і гатовы падзяліцца ўражаннямі.


Для пастаноўшчыцы Ганны Маторнай праца над «Фаўстам» стала дэбютам на сцэне Вялікага і адначасова кропкай, якая завяршае 10-гадовы перыяд рэжысёрскай дзейнасці. Дагэтуль Ганна Дзмітрыеўна ставіла ў асноўным у Музычным тэатры, дзе адзначылася такімі спектаклямі, як «Паяцы», «Мая цудоўная лэдзі», «Баль у Савоі» і шэрагам іншых.

Новая работа рэжысёркі — класічная опера Шарля Гуно з адпаведнымі партытурай і лібрэта, якія крыху скарацілі, каб глядач/слухач асабліва не сумаваў. За аснову ўзялі кананічную апошнюю рэдакцыю оперы і  французскі тэкст Жуля Барб’е і Мішэля Карэ, разумець які дапамагаюць рускамоўныя субцітры. «Мы захавалі практычна ўсю партытуру, за выключэннем дэталей»,  — сказала пастаноўшчыца на прэс-канферэнцыі, што адбылася непасрэдна перад прэм’ерай.

Атрымліваецца, і ў музычным, і ў паэтычным плане перад намі класічны твор XIX стагоддзя. Нават па працягласці ён блізкі да арыгінала: нягледзячы на скарачэнні, опера, уключаючы перапынкі, доўжыцца каля трох з паловай гадзін. Тым не менш на прэс-канферэнцыі і пастаноўшчыца, і балетмайстар (Наталля Масквічова) паабяцалі гасцям новы, нестандартны погляд на класічную гісторыю. У чым ён выяўляецца?

У першую чаргу гэта перанос часу дзеяння бліжэй (але не ўшчыльную) да нас, людзей XXI стагоддзя. Цяпер доктар Фаўст — наш сучаснік, а Маргарыта, яе брат Валянцін і паклоннік Зібель — насельнікі Германіі 1935—1945 гадоў. Усё гэта натуральным чынам адбіваецца на сцэнаграфіі. Акрамя таго, хоць сюжэт у агульных рысах некрануты, у дэталях ён перароблены і трактуецца зусім па-іншаму.

Пачынаецца спектакль, як і класічны тэкст, Пралогам у кабінеце сталага Фаўста. Толькі ў нашым выпадку гэта не «кабінет сярэдневяковага вучонага з гатычным акном і сталом з затухаючай лямпай», а агромністая «астра-фізічна-хімічная» [устаўце свае варыянты] лабараторыя-абсерваторыя купальнай формы з гіганцкім тэлескопам у цэнтры. Туды і сюды ходзяць людзі ў белых халатах і ўсё нешта чыркаюць у сваіх сшытках, урываюцца школьнікі з экскурсіяй, фатаграфуючы абсталяванне на смартфоны, а ўладальнікі індывідуальных абанементаў мітусяцца вакол тэлескопа.

Карацей, з першых секунд аўтары дэманструюць гледачам увесь маштаб актуальнай пастаноўкі. Тут у  нас адразу ўсе асноўныя «фішкі» спектакля: вялікая колькасць людзей на сцэне, мультымедыйнасць (праз тэлеманіторы і вялікія камп’ютарныя праекцыі), а  таксама «вельмі рухомая», са слоў пастаноўшчыцы, дэкарацыя. Яна ўяўляе сабой высачэзны паўкупал, складзены з некалькіх «долек», якія з унутранага боку пакрыты матэрыялам накшталт бляхі. Канструкцыя прысутнічае ў тым ці іншым выглядзе ва ўсіх без выключэння сцэнах.

Трэба сказаць, што навукова-касмічны антураж, які аўтары абралі для першай сцэны, нечакана і надзвычай добра падыходзіць да музыкі Гуно ва ўступе! Сапраўды, ёсць у ёй штосьці касмічнае, што аўтарам удалося расчуць. Асабліва выразна гэта адчуваецца, калі па няроўнай «бляшанай» паверхні пачынае павольна плыць праекцыя нейкага нябеснага цела. Што сказаць, выдатная знаходка мастака Вячаслава Окунева!

Але, на жаль, не ўсё так гладка. Усё ж ёсць пытанні да мастацкага афармлення. Навошта, напрыклад, у такой цудоўнай «аналагавай» сцэнаграфіі Пралога выкарыстоўваць тэлеманіторы з нізкаякасным «лічбавым» відэарадам? Абсалютна неабавязкова праз спектакль ставіць на сцэну тэлевізары, калі іх выкарыстанне ніяк не працуе на агульную ідэю. Тут яны відавочна выконвалі функцыю прыкметы часу, але хапіла б і смартфонаў школьнікаў.

Акрамя таго, у новай пастаноўцы аўтары празмерна захапіліся праекцыямі. Прычым рэчы, якія праецыруюцца на сцэну, па мастацкіх якасцях нагадваюць машынна-створаныя альбо «стокавыя» эфекты для якойнебудзь таннай праграмы відэамантажу. Зразумела, што ўтрымліваць увагу гледача класічнымі метадамі на працягу трох з паловай гадзін складана. Таму, каб не зніжаць уцягнутасці ў працэс, праектар, туруючы драматургіі, час ад часу транслюе тыя ці іншыя карцінкі-вобразы. Дзе-нідзе яны і праўда вельмі дарэчы, але далёка не заўсёды. Ну і, канечне, трэба звярнуць увагу на якасць такіх карцінак, бо яна занадта нізкая.

Дык вось, па ўсіх прыкметах паспяховы вучоны Фаўст, напэўна, з нядрэнным акладам і кучай спраў раптам зрываецца і па-французску заяўляе: «Праклінаю я жыццё, веру і ўсе навукі! Праклінаю я гонар! Сваё цярпенне праклінаю! Да мяне, злы дух! Да мяне!» Інакш кажучы, абрыдзела яму гэтая праца, гэтая бясконцая «бытавуха». Менавіта такі сэнс надае сцэне Ганна Маторная.

Тэзіс пацвярджаецца і неаднаразовымі выказваннямі рэжысёркі наконт ідэі новай пастаноўкі. «“Фаўст”, які мы прапануем гледачам, паказвае, дзе тая мяжа, што раздзяляе ілюзію і рэальнасць», — кажа Ганна Дзмітрыеўна. Прычым пад «рэальнасцю» разумеецца якраз быт — процілегласць фантазіі і марам.

Фаўст зрываецца, Мефістофель з’яўляецца, і, як кажуць, панеслася. Доктар абзаводзіцца маладым целам, а д’ябал — новай душой. Маладое цела, дарэчы, нейкае дзіўнае. Не, акцёр Тарас Прысяжнюк у парадку, да яго пытанняў няма, а вось касцюм... у яго спецыфічны. Чамусьці малады Фаўст — гэта байкер, і ён, не паверыце, на байку! У яго чорная скураная куртка, чорныя скураныя штаны і футболка з прынтом «чырвонае полымя». Атрымліваецца нейкая ўтрыраваная маладосць, выглядае крышку недарэчна. І тым не менш...

Дзеянне пераносіцца ў Германію 1930—1940-х. Па сюжэце ідуць здымкі фільма, на сцэне народны кірмаш. Рэжысёр фільма — «нестудэнт» Вагнер. Гэта зроблена, каб паказаць традыцыйную сцэну народных танцаў максімальна аўтэнтычна, але пры гэтым асабліва не аддаляцца ад абранага «хранатопу». Яшчэ, канечне, такім чынам нам намякаюць на галоўную тэму мяжы ілюзіі і рэальнасці.

Тут жа і першыя балетныя нумары (супермасавыя), і харавыя партыі. Пастаноўшчыца абяцала «да 100 чалавек адначасова на сцэне». Не бяромся сцвярджаць, але, магчыма, гэта менавіта тое месца ў спектаклі. Выглядае ўсё пышна, сакавіта, страката. Добра спрацавалі і балетмайстар Наталля Масквічова, і мастак Вячаслаў Окунеў, і самі выканаўцы. Карацей кажучы, вока радуецца.

Цяпер перанясёмся зноў у другі акт, які амаль цалкам прысвечаны каханню Фаўста і Маргарыты. І, ведаеце, узнікае пытанне: ці не варта было крыху змяніць тэкст? Проста гэткую колькасць кахання і любові, што ўтрымліваюць партыі герояў, рэальна цяжка вынесці. Арыгінальнае лібрэта належыць да эпохі рамантызму і цалкам адпавядае мастацкім законам таго часу, але зусім не адпавядае тым жа законам першай паловы ХХ стагоддзя і тым больш нашага.

Вянчае акт сцэна, якая, прабачце, літаральна «зносіць дах» гледача. Маргарыта, стоячы на балконе ў паўпразрыстай начной кашульцы, дзеліцца з зорамі сваёй шчырай і гарачай адданасцю Фаўсту. Герой, пачуўшы, хутка ўскараскваецца наверх, прыпадаючы ланітамі (інакш не скажаш) і вуснамі да грудзей сваёй каханкі. Яны падаюць на ложак, а  зверху сыплецца канфеці. Заслона апускаецца. Аб мастацкай вартасці падобных рашэнняў мяркуйце самі, але зала рэагуе нястрымным захапленнем і авацыямі. Значыць, працуе!

Антракт. Тут хацелася б крыху сказаць пра трупу. Усё  ж тэатр, асабліва опера, — гэта ў першую чаргу акцёры. І акцёры дакладна малайцы! Прынамсі, якія выступалі на першым паказе. І Фаўст сталага ўзросту ў выкананні народнага артыста Сяргея Франкоўскага, і  малады Фаўст Тараса Прысяжнюка адчуваюцца вельмі дакладна нават на вялікай адлегласці ад сцэны. Тое ж самае датычыцца Мефістофеля (Андрэй Сялюцін) і астатніх герояў. Асобна хацелася б адзначыць працу Марты Данусевіч, якая сыграла Маргарыту. Гэта пры тым, што ў пэўны момант рэпетыцыі не праводзіліся на працягу двух тыдняў, бо давялося сысці ў каранцін.

Антракт заканчваецца, вяртаемся на свае месцы. Фаўст пакінуў Маргарыту, грамадства яе не прымае, а  начальніца Марта хоча хутчэй пазбавіцца ад такой работніцы. Больш за тое, Маргарыта носіць у сабе дзіця! Па паратунак яна прыйдзе ў царкву. У гэтай сцэне «вельмі рухомая» дэкарацыя зноў праявіць сябе найлепшым чынам. Цяпер яна купал не абсерваторыі, а храма! Як зручна і як знаходліва! Што-што, а дэкарацыя атрымалася вельмі ўдала.

А зараз... Вітайце, самая славутая — і ў музычным плане, і ў плане пастаноўкі (таму што цалкам балетная) — сцэна «Вальпургіева ноч». Прабачце, «Мефістошоу “Вальпургіева ноч”». Д’ябал спакушае Фаўста забыць пра Маргарыту і запрашае яго ў кабарэ. Салодкая ілюзія замест горкай праўды (зноў гэты матыў). Тут трэба асаблівую ўвагу звярнуць на працу харэографа Наталлі Масквічовай. Балет быў пастаўлены за 5 дзён! Што ж, не Леанід Лаўроўскі, чыю версію лёгка знайсці ў інтэрнэце, але дужа прыстойна.

Фаўст, пачуўшы голас Маргарыты, другі раз за спектакль разбурае муры. Цяпер гэта муры фантазіі, якія ўзвёў вакол яго дэман Мефістофель. Маргарыта сваёй малітвай «выратоўвае душу Фаўста», ілюзія распадаецца, і героі, прасякнутыя нябеснай любоўю, прачынаюцца ад сну.

Нябесны, незямны, самаахвярны — эпітэты лятучай уласцівасці. Вось і спектакль атрымаўся ў пэўным сэнсе лятучым, не зусім жывым, якімсьці абагульненым, хаця аўтары быццам і стараліся зрабіць наадварот (напрыклад, наблізіўшы кантэкст да сучаснасці). Тым не менш квіткі распрададзены, гледачы ў экстазе, а што яшчэ трэба?

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.