Вы тут

«Вангогісты Гаген». Да 80-годдзя з дня нараджэння Віталя Чарнабрысава


Патрыярх беларускага авангарду, дзядуля мінскага андэграўнду, парушальнік спакою, падзвіжнік дзіцячай творчасці, выдатная асоба 1970—1990-х гадоў... Усе гэтыя словы часцей за ўсё выкарыстоўваюць мастацтвазнаўцы і журналісты для характарыстыкі мастака Віталя Чарнабрысава, якому 15 снежня споўнілася 80 гадоў.


З імем Чарнабрысава звязваюць нараджэнне альтэрнатыўнага мастацкага руху ў Мінску і Беларусі ў канцы 1960-х гадоў. Першы чысты і паслядоўны прадстаўнік андэграўнду — фанатык-адзіночка, дзівак-стоік, сапраўдны маргінальны мастак сутарэнняў. Год, праведзены ў Каўнасе ў тэхнікуме прыкладнога мастацтва імя Жукаса (1966), толькі ўмацаваў жаданне працаваць самастойна. 1967 год стаў пачаткам ягонай творчасці. У 1968 годзе мастак упершыню павёз свае творы на так званую кватэрную выстаўку ў Ленінград — сталіцу андэграўнду. Піцер прыняў Чарнабрысава і назаўсёды пазбавіў яго комплексу непаўнавартаснасці аматара. Пытанне мастацкай адукацыі ніколі не ставілася ў андэграўндзе на першы план. Ацэньвалі найперш мастацкую арыгінальнасць. «Карціны Чарнабрысава пахнуць зямлёй і агародам, чаго ў піцерскім мастацтве даўно няма», — напісаў у каталогу яго сябар, пецярбургскі мастак і мастацтвазнаўца Міхаіл Іваноў.

Амаль два дзесяцігоддзі ён жыў на два гарады — Мінск і Ленінград, тры-чатыры разы на год ездзіў туды да сяброў. Функцыі гарадоў выразна дзяліліся: Піцер — горад творчых зносін і натхнення, Мінск — работы і самаадукацыі, пасля — «горад, для якога я нешта зрабіў». У Піцеры прапанавалі выстаўку ў музеі Фёдара Дастаеўскага, калекцыянеры пачалі набываць яго творы па 25-30 савецкіх рублёў за палатно (эцюд Канстанціна Сомава ў піцерскім антыкварыяце каштаваў тады 40 рублёў). Тым не менш у Мінску як мастака яго ведалі толькі блізкія сябры: Кірушчанка, Хобатаў, Маціевіч, Арцімовіч, Давідзенка, Хмызнікаў, якія былі частымі гасцямі ў двухпакаёўцы на вуліцы Якуба Коласа (цяпер — Лагойскі тракт), дзе заўсёды, карыстаючыся цярплівасцю інтэлігентных бацькоў, «таўклася» мастацкая тусоўка. Чарнабрысаў, як магніт, прыцягваў маладых мастакоў, меў для іх рэпутацыю своеасаблівага «гуру». Вабіла цэласнасць яго жыццёвай праграмы: ён не спакушаўся на прынады афіцыёзу — кар'еру, славу, грошы. Да апошняга ўвогуле ставіўся як да сродку «імгненнага «кайфу» і ўмудраўся жыць пры мінімальнай іх колькасці. Для астатніх ён быў хутчэй не мастаком, а прапагандыстам яскравага дзіцячага фармалізму.

Яшчэ ў 1968 годзе Віталь, як і многія мастакі, пачаў весці дзіцячую студыю — пры ЖЭСе Савецкага раёна. Дзеці для яго стаяць побач з любімымі Пікасо, Руо, Клее: «Якая розніца, колькі каму гадоў — 4 ці 80, калі ўсе мы — мастакі». Чарнабрысаў вучыў на найлепшых прыкладах народнага мастацтва. Дзеці ў яго студыі малявалі на шпалерах і распісвалі пад'езды. Праз студыю Віталя Чарнабрысава за два дзесяцігоддзі прайшло каля 3000 дзяцей!

Да канца 1990-х Чарнабрысаў цалкам адпавядаў уяўленню аб «мастаку сутарэнняў»: працаваў начным ахоўнікам, пажарным у Мастацкім музеі, потым дворнікам у Палацы мастацтваў. У мастацкае жыццё ўвайшоў як адзін з заснавальнікаў мастацкага аб'яднання «БЛО». У 1980-я меў устойлівую рэпутацыю адыёзнай фігуры — удзельніка тайных піцерскіх багемных тусовак, авангардыста і хіпі. Дапамагалі гэтаму ўяўленню касцюмы ў стылі «мілітары» колеру хакі, якія ён закупляў адразу некалькі і насіў доўгія гады (зручная ўніформа піцерскага аб'яднання маладых мастакоў «Міцькі»), заплечнік, набіты кніжкамі.

Зараз пра Віталя Чарнабрысава здымаюцца фільмы, тэлевізійныя перадачы, наладжваюцца яго выстаўкі, выходзяць кнігі. У 2010 годзе прайшла першая персанальная выстава ў галерэі «Вільнюс», затым у галерэях Шчамялёва і «Ў».

Ён падараваў 27 твораў мастацкаму музею, у якім працаваў амаль 23 гады, яшчэ з часоў легендарнай Аладавай. Ездзіў у экспедыцыі па Беларусі, выконваў бясконцую мужчынскую работу, якой хапае ў музеі: грузіў, вешаў карціны, цягаў скульптуры... Дарэчы, Аладава аднойчы вырашыла «прасунуць» — прапанавала паступаць у «Рэпінку» — Акадэмію мастацтваў у Ленінградзе. Віталь быў сур'ёзна напалоханы і неяк адгаварыўся: «Мне гэта непатрэбна...»

Манера яго жывапісу вызначылася адразу і не мянялася дзесяцігоддзямі. Экзатычна-вобразны тэатральны свет карцін Чарнабрысава сонечны, цёплы і іранічны, як мудрая народная казка. Ён населены вольнымі цыганамі, якія крадуць коней і нават месяц з неба; жыццярадаснымі цыганкамі; тоўстымі гетманамі з булавамі і маленькімі актрысамі-лялькамі ў пышных крыналінах з веерамі і чырвонымі ружамі; аголенымі вясёлымі Пенелопамі, якія ляжаць у чаканні Адысея. Але ёсць і адваротны бок: бязногія інваліды ў самаробных вазках; маленькія людзі ў хісткіх лодках, якія з адчаем змагаюцца з жахлівымі хвалямі акіяна; старыя з кульбачкамі (гэта тэма апошняга часу, калі самому стала цяжка хадзіць з-за траўмы нагі). Раўнавага свету.

Карнавальнасць, тэатральны пачатак творчасці Чарнабрысава ідуць ад захаплення Пікасо; бясконцае самакатаванне пераробкамі і паляпшэннямі — ад любімага Руо. Дух іроніі і самапародыі пранізвае творчасць Чарнабрысава. Тут ён выступае тыповым рамантыкам і адначасова інсітным мастаком. Як і народныя прымітывісты, часта ўжывае ў жывапісе малярныя фарбы і сланечнікавы алей (які ў безграшоўе ідзе па назначэнні). Часта маляваў паўзверх купленых танных рэпрадукцый у залачоных рамах, не надаючы ўвагі плямам ад фарбаў на раме — тыповая брутальная эстэтыка майстроў андэграўнду як рэакцыя на залакіраванае афіцыйнае мастацтва музеяў. Ад прымітыву, лубка ідуць і шматлікія заклікі — тэкставыя надпісы на яго карцінах: «Не біце птушак!», «Хутчэй ліся, лёгкае алегра!».

Незлічоная серыя яго аўтапартрэтаў (больш за 300). Яны вылучаюцца асаблівай энергетыкай і з'яўляюцца маніфестам творцы: «Аўтапартрэт з Сакратам і птушкай», «Аўтапартрэт у вобразе цыгана», «Аўтапартрэт з анёлам, які трубіць», «Атурэчаны аўтапартрэт»... Гарачы, напружаны, крыху скошаны позірк. Чорныя плямы пад вачыма. Нязменная «беламорына» ў роце. Патрабавальнасць да свету. Неўтаймаваная сіла і энергія. Для яго аўтапартрэт — і нарцысава люстэрка, і маскарад, і споведзь, і мара, і проста штодзённы экзерсіс. Чарнабрысаў — моцны каларыст. Часам яго аўтапартрэты набліжаюцца да знакамітых суцінскіх: той жа гратэск, цяга да жорсткага самапазнання.

Жывапіс Чарнабрысава, дынамічны, пастозны, пластычны, злеплены з густога, смачнага шматфарбавага рэчыва, вызначаюць як экспрэсіяністычны. «Я — вангогісты Гаген!» — сказаў неяк ён пра сябе.

Няспешнага, асцярожнага падыходу патрабуе работа з камянямі: «Камень хацелася рэзаць з дзяцінства. Я ж у Цянь-Шанях (у Фрунзе. — Аўт.) нарадзіўся, а горы — вялікая справа». Чарнабрысаў працуе толькі з цвёрдымі пародамі — гранітам, базальтам, кавалкамі мармуру. Матэрыял шукае паўсюль і знаходзіць як грыбы: «Ідзеш па горадзе і збіраеш у мяшок... Асабліва яны прыгожыя пасля дажджу, яны тады больш характэрнымі робяцца».

Камяні Чарнабрысава — гэта гульня асацыяцый, культуралагічных адсылак. Перад тым, як увасобіць у камені вобраз, мастак доўга прыглядаецца да яго, круціць у руках. Затым — мінімальная апрацоўка толькі ўручную. Пасля доўгай карпатлівай работы з'яўляюцца абліччы — паганскія, асірыйскія, егіпецкія... Вялікія камяні Чарнабрысаў апрацоўвае і ставіць усюды, дзе да іх праявяць цікавасць, маленькія — раздае знаёмым, каб захаваліся. Так паступова з'явіліся «сады камянёў» Чарнабрысава ў Гомелі, Дзяржынску, Смілавічах. Чарнабрысаў увогуле лёгка развітваецца з творамі, не шкадуе іх для падарункаў.

«Ён адзін з нямногіх, хто жыў так, як хацеў», — гавораць пра яго сябры. Ён быў і застаецца адной з найцікавейшых асоб горада, а яго кватэра-майстэрня, у якой застыў час, — своеасаблівым
музеем мінскага нонканфармізму.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.