Вы тут

Прычына многіх хвароб — няправільная чыстка. Стаматолаг пра прафесійную гігіену поласці рота


Каб падтрымліваць прыгожую ўсмешку, неабходна дбайная гігіена поласці рота — і ў дамашніх умовах, і прафесійная — у кабінеце стаматолага. Гэта дапамагае змагацца з бактэрыямі, якія прыводзяць да ўтварэння карыесу і праблем з дзяснамі. Пра важнасць гігіены і яе правілаў мы паразмаўлялі са стаматолагам-хірургам 7-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі Вольгай Комар.


Фота Яна Хведчына.

— Вольга Раманаўна, што самае галоўнае ў гігіене?

— Тое, што праводзіцца яна павінна двойчы ў дзень. Раніцай пасля сняданку (а не адразу як усталі з ложка) і ўвечары перад сном. Гэтага правіла мусіць прытрымлівацца кожны чалавек.

Ёсць мноства фактараў, пры спалучэнні якіх мы атрымліваем карыес. А пасля могуць развівацца пульпіт, перыядантыт і іншыя хваробы, з якімі часам даходзіць да выдалення зубоў. Ва ўсіх нас утвараецца зубны налёт, а ў ім прысутнічаюць бактэрыі стрэптакокус мутанс (Streptococcus mutans), якія знаходзяцца ў поласці рота і для іх жыццядзейнасці важная наяўнасць вугляводаў. Булачкі, цукеркі, халва, пірожныя — усё ліпкае і салодкае. Яны перапрацоўваюць гэтыя прадукты ў кіслату, што ўздзейнічае на зубную эмаль, і тая паступова пачынае растварацца. Яшчэ адным складнікам, акрамя бактэрый, з'яўляецца час. Чым даўжэй налёт знаходзіцца на зубе, тым большая верагоднасць, што карыес утворыцца. Таму наша задача — скараціць час знаходжання налёту ў поласці рота. З гэтай прычыны гігіена неабходная раніцай і ўвечары.

— Якія сродкі неабходныя для правільнай гігіены?

— Сярод асноўных — зубная шчотка, паста і ніць. Бакавыя паверхні зубоў — самыя цяжкадаступныя, там максімальна захоўваецца налёт і найчасцей утвараецца карыес. Таму іх варта старанна вычышчаць, і для гэтага падыходзяць зубныя ніці. У больш сталым узросце можна выкарыстоўваць ёршыкі.

— Ці ёсць пэўныя патрабаванні да зубной пасты?

— Яна абавязкова павінна ўтрымліваць фтор. Для зусім маленькіх дзетак утрыманне фтору меншае, чым для дарослых. Для дарослых гэта 1450 ppm, для дашкольнікаў — не менш за 500 ppm. У астатнім у плане выбару зубной пасты ўсё індывідуальна, яе смак, колер, кансістэнцыю кожны падбірае пад сябе. Некаторыя пацыенты мяркуюць, што паста вырашае ўсё. Насамрэч гэта не так важна. Галоўнае — сама тэхніка чысткі зубоў.

— Якія тут робяцца памылкі?

— У інтэрнэце можна і пачытаць, і паглядзець ролікі, яны так і называюцца — «Стандартны метад чысткі зубоў». Там падрабязна расказваецца, колькі разоў, з якога боку чысціць усе паверхні. Метад таксама апісаны Асацыяцыяй стаматолагаў — з малюнкамі па пункціках у адпаведных брашурках.

Ён нескладаны. У нас тры паверхні зубоў: шчочная, аклюзійная (тая, якой мы жуём) і язычна-нёбная (унутраная). Шчотку падбіраем стандартную — сярэдняй жорсткасці (жорсткая патрэбна толькі калі яе рэкамендуе стаматолаг). Яна ставіцца на шчочную паверхню, звычайна галоўка стандартнай шчоткі захоплівае два зубы. Вымятаючымі рухамі ад дзясны ўверх праводзім 8-10 разоў. Потым паступова перасоўваем на наступныя два зубы — таксама 8-10 рухаў. Спачатку гэта складана, пасля пераходзіць у рэфлекс і робіцца даволі хутка. Гэтак праходзім усю шчочную паверхню зубоў  на верхняй і ніжняй сківіцы. З унутранага боку шчотку ставім пад вуглом 45 градусаў і ад дзясны гэтак жа вымятаючымі рухамі праходзім 8-10 разоў усе зубы — унізе і ўверсе. Спераду нязручна трымаць шчотку гарызантальна, таму ставім вертыкальна і таксама чысцім вымятаючымі рухамі. Жавальныя паверхні чысцім зваротна-паступальнымі рухамі, звычайна з імі праблем не ўзнікае. Памылкі мы робім, як правіла, з астатнімі: многія любяць рабіць зваротна-паступальныя рухі на шчочнай і язычна-нёбнай паверхнях і траўміруюць дзясну. Так утвараецца клінападобны дэфект у вобласці зуба: сціраецца эмаль, утвараецца клін, і ён адчувальны. Таму і для захавання зубоў, і для гігіены больш эфектыўныя вымятаючыя рухі.

— Колькі часу мусіць займаць чыстка зубоў?

— Тры-пяць хвілін. Спачатку правільная тэхніка падаецца складанай, трэба сябе кантраляваць, але да яе хутка прывыкаеш. Пасля чысткі выкарыстоўваем зубную ніць. Кожны прамежак паміж зубамі варта пачысціць. Спачатку праводзім па адным зубе і выводзім ніць, і пасля па другім. Адмотваецца каля 30 см. Брудная частка намотваецца на адзін палец, чыстая адмотваецца з іншага, і гэтай даўжыні хапае на ўсю поласць рота. Як правіла, на прыёме ўрач паказвае, як трымаць ніць і як яе зафіксаваць, ставіць рукі пацыенту.

І калі падабаецца, можна выкарыстоўваць апаласквальнікі поласці рота. Іх выбар сёння дастаткова вялікі. Пры кроватачывасці дзяснаў карысныя апаласквальнікі на аснове траў — яны дапамагаюць зняць запаленчы працэс. Але ні ў якім выпадку апаласквальнік не замяняе чысткі зубоў.

Калі гігіена выконваецца якасна, то пытанняў ніякіх не ўзнікае. І канешне, лепш рэгулярна прыходзіць на агляд да стаматолага. Калі не пашанцавала з генетыкай па стаматалогіі, здараецца, што карыес развіваецца вельмі хутка. Таму раз у тры-шэсць месяцаў пажадана наведваць урача. Лепш лішні раз прыйсці на агляд і справіцца з невялікай праблемай, чым потым займацца маштабным лячэннем.

— Усе праблемы з зубамі пачынаюцца з няправільнай гігіены ці яе адсутнасці, ці тут яшчэ важная і спадчыннасць?

— Гігіена — гэта адзін з асноўных аспектаў. Хоць, безумоўна, і генетыку ніхто не адмяняў. Але калі мы рэгулярна чысцім зубы, прыбіраем налёт, то верагоднасць развіцця карыесу меншая.

Гэтак жа і пры парадантозе, калі змяншаецца аб'ём коснай тканкі. Калі пры ўтварэнні зубнога каменя рэгулярна наведваць парадантолага, можна гэта захворванне папярэдзіць. Няправільна лічыць, што парадантоз — цалкам праблема гігіены, але яе адсутнасць нашмат абцяжарвае сітуацыю, захворванне тады прагрэсуе нашмат хутчэй.

Парадантоз пачынаецца з запалення дзясны, потым паступова змяншаецца аб'ём коснай тканкі вакол зуба. Калі зуб падзяліць на тры часткі, то 2/3 яго знаходзяцца ў коснай тканцы, а 1/3 — каронка — звонку. Калі змяншаецца аб'ём коснай тканкі, зуб знаходзіцца па-за косцю, з'яўляюцца паталагічная рухавасць, «кішэні», і ў выніку ён выпадае.

Наша сліна валодае мінералізуючымі ўласцівасцямі. Яны карысныя для эмалі, гэта дадатковы ахоўны механізм. Але гэтак жа сліна мінералізуе налёт. З мяккага ён ператвараецца ў зубны камень, які паступова нарастае, механічна ўздзейнічае на дзясну, змяншаецца сама дзясна, далей уздзейнічае на косную тканку, змяншаецца яе аб'ём. І калі пацыент ніколі зубы не чысціць, яны, акрамя таго, што ў налёце, дык яшчэ і ў камяні, і верагоднасць іх страціць вельмі вялікая. Калі рэгулярна счышчаць камяні, рабіць павязкі, апрацоўваць, то гэта запавольвае прагрэсіраванне хваробы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.