Вы тут

Гісторыя цацак. Як змянялася наша ёлка?


Гістарычны лёс краіны можа быць запісаны не толькі словамі на паперы. Часам гісторыю можна «прачытаць» у самых нечаканых рэчах. Напрыклад, у ёлачных цацках.


Серыя цацак па казцы «Доктар Айбаліт».

У снежні ў Доме-музеі першага з'езда РСДРП працуе выстаўка савецкіх ёлачных цацак. Некаторыя з гэтых навагодніх аздабленняў, напэўна, памятаюць тыя, каму цяпер за трыццаць. А можа быць, такія цацкі яшчэ ёсць у вашых бабуль і дзядуляў? Дарэчы, усе экспанаты — больш за 700 цацак — з прыватнай калекцыі. Іх сабрала калекцыянер з Бабруйска Галіна Жук.

Тэхналогіі і матэрыялы

У 1930—1940-я гады шкляныя цацкі былі яшчэ раскошай — далёка не кожнаму па кішэні. Часцей выкарыстоўваліся ёлачныя аздабленні, якія ўяўлялі сабой фігуркі са скручанай прэсаванай ваты, размаляваныя фарбамі і пакрытыя крухмальным клейстарам, пасыпаным зіхатлівым шкляным «снегам». Яны выпускаліся да сярэдзіны 1950-х. Кожная такая фігурка была ручной работы, тэхналогію вырабу ватнай цацкі механізаваць так і не ўдалося, расказалі ў музеі. У пяцідзясятых ватная цацка знікла з прылаўкаў магазінаў.

Яшчэ адна папулярная тэхналогія вытворчасці ёлачных аздабленняў сярэдзіны мінулага стагоддзя — «картанаж». Цацкі рабіліся з кардону, абклеенага бронзавай або алюмініевай паперай. Дзве палавінкі фігуркі штампавалі ў металічнай форме і склейвалі. Размалёўвалі цацку пры дапамозе пульверызатара, а дробныя дэталі прамалёўваліся ўручную.

Серыя цацак па казцы «Аладзін».

Ёсць у калекцыі і сапраўды ўнікальныя экспанаты — шкляныя ёлачныя цацкі, пакрытыя каляровым лакам па метадзе Глінкі. Сёння такіх аздабленняў ужо практычна не засталося ў бабуліных скрынях і ў калекцыянераў. Іх наогул было выпушчана няшмат — вытворчасць была спынена з-за працаёмкасці працэсу. Метад заключаўся ў тым, што цацку змяшчалі ў раствор гліны, высушвалі, а пасля надрапвалі малюнак. Астатняя частка гліны выдалялася. Вычышчаныя месцы апрацоўваліся серабром і пакрываліся каляровым лакам.

У цэлым на паток вытворчасць ёлачных цацак была пастаўлена толькі ў канцы 1960-х, і ў выніку, зразумела, знізіліся іх разнастайнасць і эстэтычныя характарыстыкі. Да гэтага ўсе навагоднія аздабленні былі хэнд-мэйдам.

У канцы 1950-х — пачатку 1960-х савецкая прамысловасць засвоіла выпуск цацак-прышчэпак. Звяры, птушкі, клоўны, казачныя персанажы, ялінкі на прышчэпках карысталіся велізарным попытам. Яшчэ адна навагодняя памяць мінулага стагоддзя — наборныя цацкі з дроту і шклярусу. З 1940-х да 1950-х амаль у кожным доме былі ёлачныя аздабленні са шкляных трубачак і пацерак, нанізаных на нітку, а пазней — на тоненькі дрот. Такія рознакаляровыя цацкі і ёлачныя каралі можна бачыць нават у савецкіх фільмах тых часоў, калі па сюжэце гаворка ішла аб Новым годзе.

Ёлачная вярхушка «Чырвоная зорка» — адно з самых першых савецкіх ёлачных аздабленняў. У 1960-х яна трохі здала пазіцыі: Гагарын паляцеў у космас, і ёлачную зорку ўсё часцей сталі замяняць «пікай», падобнай на ракету, якая ўзлятае. Вытворчасць цацак стала больш тэхналагічная: на прылаўках з'явіліся шары з фігурнымі выемкамі, рознакаляровым «інеем», пакрытыя фарбай, што свеціцца ў цемры, у форме пірамідак, шышачак і ледзяшоў.

«Дожджык» з металічнай фольгі, традыцыйнае для нашай краіны ёлачнае аздабленне, «родам» з пачатку 1970-х. Тады ён быў у модзе, ім часта злоўжывалі, цалкам завешваючы ёлку. Прыкладна тады ж з'яўляюцца ёлачныя цацкі фармату «міні». Мініяцюрныя фігуркі прызначаліся для ўпрыгожвання маленькіх настольных ёлачак.

Папулярная тэхналогія вытворчасці ёлачных аздабленняў сярэдзіны мінулага стагоддзя — «картанаж».

Тэмы і матывы

Першыя савецкія ёлачныя цацкі выпускаліся ў форме зорак, фігурак чырвонаармейцаў, парашутыстаў. Крыху пазней дадалася тэматыка асваення Поўначы — палярнікі, самалёцікі і белыя мядзведзі. Яшчэ адным тэматычным блокам ёлачных цацак тых часоў былі цыркавыя артысты — клоўны, сланы, сабачкі, мядзведзі. У 1937 годзе ў якасці ёлачных аздабленняў сталі актыўна выпускацца фігуркі Снягурак.

Пачатак 1940-х адзначыўся серыяй ёлачных цацак — герояў казак: Іван Царэвіч, Кот у ботах, Чырвоная Шапачка, Доктар Айбаліт і яго памочнікі, Аладзін і Хатабыч. У 1949-м, у гонар юбілею Пушкіна, з'явіліся на ёлках і пушкінскія казачныя персанажы. А ў пачатку 1950-х — героі казак «Чыпаліна», «Бураціна». Неўзабаве выходзіць у продаж і серыя ёлачных цацак «Пятнаццаць рэспублік — пятнаццаць сясцёр»: фігуркі дзяўчат у нацыянальных касцюмах сімвалізавалі адзінства народаў Савецкага Саюза.

У сярэдзіне 1950-х, у часы Хрушчова, у моду ў вытворцаў ёлачных аздабленняў уваходзіць сельскагаспадарчая тэматыка. На ёлках красуюцца лімоны і памідоры, агуркі і вінаград, слівы і персікі, яблыкі і царыца палёў — кукуруза. Дарэчы, з усяго гэтага багацця толькі кукуруза выпускалася аж да развалу Савецкага Саюза.

У 1960-х у тэматыцы ёлачных цацак лідзіруюць касмічныя матывы: ракеты і касманаўты. У 1970-х пераважная тэма — героі савецкіх мультфільмаў, ад Карлсана да Віні-Пуха. А ў канцы 70-х — пачатку 80-х папулярнай стала вясковая тэма — менавіта тады былі выпушчаныя памятныя для многіх сімпатычныя заснежаныя домікі. Яшчэ адна тэндэнцыя 80-х — ёлачныя цацкі-званочкі. Менавіта тады ў моду ўвайшло ўпрыгожванне ёлкі ў адной колеравай гаме, калі ўсе фігуркі падбіраліся ў пэўным колеры. Тэндэнцыя, дарэчы, нікуды не сышла і ў нашы дні: цяпер гэта называецца «офісны», або «еўрапейскі», стыль у дэкоры ёлкі.

Навагодняя памяць мінулага стагоддзя — наборныя цацкі з дроту і шклярусу.

Дызайнерскі падыход

Калі ў вас захаваліся старыя савецкія цацкі — тэрмінова даставайце іх, бо заступнік новага года па ўсходнім календары Бык — ашчадны, упарты і трохі рэтраград. А значыць, вінтажны стыль упрыгожвання ёлкі актуальны як ніколі: такая ёлачка дадасць адчування дабрабыту і патрыярхальнасці вашаму дому, і Быку гэта па душы. У якасці аздабленняў выкарыстоўвайце старыя цацкі. Іх сапраўды яшчэ можна знайсці ў бабуліным куфры, а можна набыць на блышыным рынку або анлайн-барахолках, купіць у мастацкім салоне, а пры некаторым спрыце і навыках — нават зрабіць самастойна.

Таксама блізкі заступніку года так званы славянскі стыль упрыгожвання ёлкі. Цацкі могуць быць сучасныя, але прынцып іх размяшчэння — той, як навагоднюю прыгажуню ўбіралі нашы бабулі: большыя цацкі — на ніжнія галіны, драбнейшыя — вышэй. На верхавіну — вядома, зорку (можна шпіль). Гірлянда з лямпачак, «дожджыку», серпанціну. Пад ёлкай — фігуркі Дзеда Мароза і Снягуркі, Снегавік і «снег» з ваты. Аздоблены разнастайнымі цацкамі, галоўны навагодні сімвал атрымліваецца стракаты і не вельмі стыльны, затое душэўны і мілы.

Навагоднія паштоўкі савецкіх часоў.

Яшчэ адзін стыль упрыгожвання ёлкі, які спадабаецца заступніку года, — цацкі з натуральных матэрыялаў у экастылі. «Дожджыку», мішуры і светлавых гірлянд гэты стыль не любіць. Для творчых натур падыдзе модны мінімалістычны стыль. Для ўпрыгожвання New Year tree ў такім стылі цацкі практычна не выкарыстоўваюцца. Прымяняюцца ў асноўным каляровыя спрэі ці проста лак для валасоў з бліскаўкамі. Гэтыя сродкі распыляюць па галінках зверху ўніз і даюць высахнуць. Наступны крок — паставіць пад ёлку каляровы ліхтар, накіраваўшы ўверх прамень святла.

Зрэшты, не пакрыўдзіцца заступнік года, калі вы ўпрыгожыце ёлку ў еўрапейскім стылі. Галоўнае — выбраць правільныя колеры. Еўрапейскі стыль дэкору ёлкі мы ўсе бачылі ў афіцыйных інтэр'ерах, але цікава і стыльна такая ёлка будзе выглядаць і дома. Для такога стылю характэрна выкарыстанне цацак адной формы і памеру (звычайна гэта шары), двух кантрасных колераў, якія спалучаюцца паміж сабой, або двух адценняў аднаго колеру. Выдатна выглядае аздабленне ёлкі цацкамі аднаго колеру і адцення, але рознай фактуры: матавымі і бліскучымі. Гірлянда з ліхтарыкаў прадугледжвае вельмі дробныя лямпачкі. А «дожджык» і мішура пры ўпрыгожванні ёлкі ў гэтым стылі не патрэбныя. Але можна выкарыстоўваць банцікі і стужкі з парчы аднаго колеру з цацкамі. Сёлета навагоднія колеры па ўсходнім гараскопе — белы, «металік» і блізкія да іх шэры і серабрысты, а таксама ўсе адценні зялёнага.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».