Вы тут

Прынцыпова новыя адчуванні. Гісторыі людзей, якія перахварэлі на COVІD-19 і паправіліся


Зараз у сеціве з'явілася нямала разважанняў, парад ад медыкаў і не толькі наконт таго, як лячыцца ад «ковіда», як пераадольваць наступствы хваробы, чаго баяцца, а на што не звяртаць увагі. Часам гэтыя выказванні супярэчаць адно аднаму, часам насцярожваюць. Аптымізм усяляе хіба тое, што большасць людзей усё ж пераносіць хваробу няцяжка альбо не асабліва цяжка і адносна добра аднаўляецца. Прынамсі, мяркуйце самі. Вось тры гісторыі жанчын розных узростаў, у якіх лабараторна быў пацверджаны «ковід».


Вікторыя Сачко (Брэст), 61 год:

— Захварэла ў канцы вясны. Апошнім часам я працавала рабочай кухні ў супермаркеце. У нас ніхто не хварэў у калектыве. А ў мужа на рабоце — амаль увесь аддзел. Ён быў дома пэўны час як кантакт першага ўзроўню. Але ніякіх сімптомаў у яго не з'явілася, тэст быў адмоўны. І ўсё ж я думаю, што ён прынёс вірус, хоць, вядома, гэта толькі меркаванне. Я адчула першыя прыкметы не зусім тыпова, калі можна так сказаць. Ныла ў вобласці сэрца, было проста цяжка нагнуцца і ўстаць, паднесці нешта. А прыкмет прастуды, як у большасці людзей, не было — гэта і прытупіла пільнасць. Я хадзіла на работу, пачала піць вітаміны і... страціла час. Потым засталася дома, думала адляжацца, але з'явілася задышка, прапала адчуванне паху. Былі выхадныя, вырашыла ў панядзелак выклікаць урача. Ды ў нядзелю вечарам муж і сын выклікалі «хуткую». Мяне адразу завезлі ў бальніцу. Абследаванне паказала двухбаковую пнеўманію, якую ніяк не маглі ўтаймаваць. Мне тры разы мянялі антыбіётыкі, нічога не дапамагала, стан пагаршаўся. На некалькі дзён забіралі ў рэанімацыю. Праўда, да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх справа не дайшла, падтрымлівалі кіслародам ды рознымі лекамі. Потым зноў перавялі ў аддзяленне. Але да пнеўманіі дабавіўся проста жудасны дысбактэрыёз. Відаць, арганізм даў такую рэакцыю на антыбіётыкі. І гэта аказалася самае цяжкае. Есці фактычна не магла.

У бальніцы прабыла амаль месяц і сама папрасілася дадому. Дома спрабавала наладзіць харчаванне самастойна. Ела па лыжцы ёгурту і кавалку банана з напарстак, але адчула, што не спраўляюся, і зноў папрасілася ў бальніцу. Аб магчымасці новай шпіталізацыі мне гаварылі адразу. На гэты раз прабыла дзесяць дзён і выпісалася з цвёрдым намерам выкараскацца. Мне склалі падрабязную інструкцыю па харчаванні, якой прытрымлівалася. Але есці нармальна не магла доўга. Уявіце сабе: за два месяцы я скінула 12 кілаграмаў, хоць і да гэтага не была поўная. Акрамя непрымання ежы, дабавілася аграмадная слабасць. Калі я з пакоя прыходзіла ў кухню, трэба было адразу адпачываць. А мне ж хацелася што-небудзь зрабіць, я не прывыкла сядзець склаўшы рукі. Потым, недзе ў ліпені, родныя ледзь не прымусам завезлі мяне на дачу. І гэта пайшло на карысць, я стала дыхаць чыстым паветрам і паціху пайшла на папраўку. Пасля бальнічнага я ўзяла чарговы водпуск,  потым месяц за свой кошт, таму што фізічна працаваць не магла. Ну а ўрэшце пайшла на пенсію. Цяпер, думаю, было б здароўе, а нейкую падпрацоўку знайду, калі будзе здароўе. Для гэтага перагледзела лад жыцця. Харчаванне працэнтаў на 80  ля сям'і зрабіла здаровым, шмат гуляю на свежым паветры.

Парада: калі адчулі прыкметы хваробы, не праводзьце эксперыменты над сабой, не думайце адляжацца дома з вітамінамі, звяртайцеся па дапамогу. І яшчэ: ні ў якім разе не панікуйце, старайцеся мабілізаваць сілы на барацьбу з хваробай.

Вольга Васілюк, настаўніца пачатковых класаў СШ № 35 (Брэст), 37 гадоў:

— У лістападзе я была далёка не першай з педагогаў нашай школы, хто захварэў. У маім класе дзеці хварэлі, ды і мае (адзін ходзіць у школу, другі — у садок) тэарэтычна маглі стаць пераносчыкамі інфекцыі. Крыху больш за месяц таму я прыйшла з работы і адчула сябе вельмі дрэнна. Не было высокай тэмпературы, але ж пачало нібы выварочваць.  Пайшла ў паліклініку, урач адразу прызначыла прэпараты супраць вірусаў і курс антыбіётыкаў. А дома вечарам стала яшчэ горш. Назаўтра з пасцелі не ўстала, урача выклікала дадому, мне адкрылі ліст непрацаздольнасці. Пазней зрабілі тэст, і ўжо назіраць мяне прыязджалі інфекцыяністы. Тэмпература трымалася крыху больш за тыдзень, але не асабліва высокая. Нічога падобнага раней у жыцці я не перажывала. Тое, што называюць ламотай пры грыпе, прыняло нейкія крайнія формы, калі цябе, паводле адчуванняў, разрывае на часткі. Сказаць, што балела галава і сохла ў роце, — гэта амаль нічога не сказаць. Галава проста гудзела, ніякія таблеткі не дапамагалі, а язык так прысыхаў, што варушыць ім было немагчыма, пакуль не зробіш глыток вады. Скура стала настолькі адчувальнай, што любы рэзкі дотык прычыняў боль. Прапалі нюх і адчуванне смаку. Пра першае мы часткова ведаем па звычайным насмарку. А вось калі і хлеб, і апельсін, і салёны гурок, і мяса аднолькава нагадваюць кардон — гэта прынцыпова новыя адчуванні. Але ж есці першыя дні хваробы не тое што не хацелася — было проста немагчыма. Даводзілася толькі шмат піць. Гэта ж раяць і ўрачы.

Хрыпы ў мяне не праслухоўваліся, думаю, нашы ўрачы ўжо навучыліся часткова вызначаць пнеўманію без здымкаў і камп'ютарнай тамаграфіі. Флюараграфію я рабіла ў жніўні, таму мне яе не прызначылі. І недзе праз тыдзень стала адпускаць па ўсіх кірунках. Паступова з'явіўся смак, потым — нюх, задышка стала меншай, менш балела ў грудзях.

Кардыёмагніл я прызначыла сабе сама і, калі пачала піць, стала адчувальна лепш. Хоць нікому не раю гэта рабіць без рэкамендацыі доктара. Сама буду раіцца з участковым урачом наконт таго, ці прымаць мне яго далей. На бальнічным я прабыла 15 дзён і ўжо два тыдні працую. У першыя дні на работу я хаджу пехатой (адлегласць прыкладна як адзін аўтобусны прыпынак), ішла ўдвая даўжэй за звычайнае. Па дарозе дадому разы два даводзілася спыняцца і адпачываць.

Цяпер, на шчасце, стан амаль стабілізаваўся, адчуваю сябе нядрэнна. Праз паўмесяца планавае абследаванне. Аб усім буду раіцца з урачом. Дзеці мае былі пры мне, але не захварэлі альбо перанеслі хваробу бессімптомна.

Парада: гэтую хваробу трэба вылежаць, асабліва ў першыя дні. Пастарайцеся загадзя прапіць вітаміны для падтрымкі арганізма. Вучыцеся ляжаць на жываце, хто не ўмее. Можа спатрэбіцца.

Кацярына Юрчык, студэнтка БНТУ (Баранавічы), 22 гады:

— Зараз вучуся дыстанцыйна, таму знаходжуся дома. Першай у нас захварэла мама, яна працуе ў дзіцячым садку. Ну а за ёй па чарзе — уся сям'я, я стала апошняй. Можна сказаць, я перахварэла лёгка, усяго чатыры дні доўжылася недамаганне. У першы дзень страшэнна балелі вочы, нельга было іх падняць, рухаць імі. Усё астатняе можна было трываць. Але я хутка пайшла на папраўку, нюх і смак у мяне не прападалі. А вось мой 68-гадовы дзядуля, які жыве асобна, хварэў раней  двухбаковай пнеўманіяй, да гэтай пары адчувае слабасць і вельмі павольна аднаўляецца.

Парада: беражыце сябе і асабліва беражыце пажылых родных: ім даводзіцца цяжэй за іншых.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прозвішча першай суразмоўніцы зменена па яе просьбе

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.