Вы тут

У Беларусі плануюць змяніць механізм разліку мінімальнай заработнай платы


Яна будзе не ніжэй 30 % ад прагнознага значэння сярэдняга заробку па краіне, які вызначае Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на чарговы год. Ключавая роля пры назначэнні мінімальнай заработнай платы (МЗП) адводзіцца Нацыянальнаму савету па працоўных і сацыяльных пытаннях. Памер МЗП будзе штогод устанаўлівацца ўрадам па прапановах гэтага органа. Такія навацыі ў праект змянення законаў па пытаннях сацыяльных нарматываў і МЗП прынялі ў першым чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні сесіі.


«Падыходы да ўстанаўлення мінімальнай заработнай платы, якія прапаноўваюцца, накіраваны на павышэнне сацыяльнай абароны работнікаў і недапушчэнне зніжэння дасягнутага мінімальнага дзяржаўнага сацыяльнага стандарту ў галіне аплаты працы», — сказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, прадстаўляючы закон.

Алег Семянчук, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях адзначыў, што зараз МЗП разлічваецца з улікам мінімальнага спажывецкага бюджэту, прапаноў прафсаюзаў, інфляцыі і іншых паказчыкаў. «Цяпер яе памер будзе дакладна ўстаноўлены не ніжэй за 30 працэнтаў. Калі эканамічны стан нашых прадпрыемстваў дазваляе больш, то будзе больш», — падкрэсліў парламентарый.

Праектам змянення законаў прадугледжваецца адмена мінімальнага спажывецкага бюджэту. Гэта дазволіць пазбегнуць блытаніны паміж паняццямі бюджэт пражытачнага мінімума (БПМ) і мінімальны спажывецкі бюджэт (МСБ).

«На практыцы для вырашэння пастаўленых задач сацыяльнай палітыкі прымяняецца ў асноўным бюджэт пражытачнага мінімума. Мінімальны спажывецкі бюджэт выступае як крытэрый устанаўлення мінімальнай заработнай платы, прадастаўлення ільготных крэдытаў для будаўніцтва жылля і ў рамках устанаўлення заработнай платы работнікаў апарата кіравання юрыдычных асоб, якія не забяспечваюць своечасовае вяртанне крэдытаў», — расказала Ірына Касцевіч і дадала, што адмена МСБ не выклікае сур’ёзных змен у заканадаўстве.

Выплаты і іншыя дапамогі будуць устанаўліваць прапарцыянальна памеру бюджэту пражытачнага мінімума.

«Такі падыход апраўданы і па той прычыне, што бюджэт пражытачнага мінімума вызначаны як крытэрый аднясення грамадзян да малазабяспечаных. Прымаючы да ўвагі, што ён разлічваецца па розных сацыяльна-дэмаграфічных групах, гэта дазволіць пры рэалізацыі дзяржаўнай падтрымкі максімальна ўлічваць прынцып адраснасці», — паведаміла міністр.

Па словах Ірыны Касцевіч, законам плануецца таксама змяніць тэрмін перагляду бюджэту пражытачнага мінімума з 5 гадоў да 3.

Дарэчы, з пераліку сацыяльна-дэмаграфічных груп для разліку БПМ выключаць студэнтаў. Умоўны студэнцкі ўзрост уваходзіць у працаздольны і іх даходы не абмяжоўваюцца выключна стыпендыямі.

Яшчэ адзін закон у сацыяльнай сферы, які разгледзелі дэпутаты на чарговым пасяджэнні, тычыўся ўзносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.  Па словах Валерыя Стральчонка, члена Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях галіну рэгулююць шмат нарматыўна-прававых актаў і неабходна была іх сістэматызацыя.

«Сярод новаўвядзенняў — выкарыстанне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы выканання грашовых абавязкаў як плацельшчыкамі ўзносаў, так і органамі фонду для спагнання ўзносаў», — сказаў дэпутат.

Уводзяцца новыя катэгорыі плацельшчыкаў — арганізацыі, што забяспечваюць салдат тэрміновай службы, самазанятыя грамадзяне.

Да тых, хто працуе, таксама будуць адносіцца асобы, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, месцах пазбаўлення свабоды, калі яны выконваюць аплачваемую працу.


У другім чытанні Палата прадстаўнікоў прыняла змены ў закон па пытаннях гаспадарчых таварыстваў. Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Анатоль НАСЕНЯ канстатаваў, што праект дакумента — кшталту Канстытуцыі для бізнесу краіны. Праект накіраваны на спрашчэнне прыцягнення інвестыцый у прыватнае таварыства і ў эканоміку краіны ў цэлым. Законапраектам павышаецца празрыстасць дзейнасці ААТ — яны павінны абавязкова раскрыць звесткі са стратэгіі развіцця і іншых планавых дакументах у СМІ і інтэрнэце. Мяркуецца, што гэта станоўча паўплывае на цікаўнасць інвестараў да такіх прадпрыемстваў.

Змены, якія прапануюцца законам, закрануць фінансавае аздараўленне гаспадарчых таварыстваў: у статут таварыства магчыма будзе ўнесці маёмасць, якая не павялічыць устаўны фонд, даецца магчымасць разлічвацца з пазыкамі шляхам выпуску акцый ці паяў.

«Дадзеныя новаўвядзенні будуць запатрабаваны гаспадарчымі таварыствамі, якія маюць фінансавыя цяжкасці на бягучым этапе, але пры гэтым маюць перспектывы развіцця і, самае галоўнае, у выжыванні якіх зацікаўлены заснавальнікі і крэдыторы», — заявіў парламентарый.

Абноўлены закон дасць магчымасць праводзіць пасяджэнні акцыянераў і наглядальных саветаў таварыстваў дыстанцыйна.

(Будзе дапоўнена)

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».