Вы тут

Памяці Аляксандра Казінцава


Сумная, балючая вестка прыйшла з Масквы: 7 снежня памёр рускі публіцыст, літаратурны крытык, паэт Аляксандр Казінцаў.


Ён часта наведваў Беларусь. Двойчы браў інтэрв’ю для свайго часопіса «Наш современник» у Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Прыязджаў неаднойчы на Дні беларускага пісьменства. Асабліва сістэмна наведваўся ў Беларусь, калі мы пачалі з 2007 года праводзіць міжнародныя круглыя сталы «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Быў пастаянным госцем і на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, у праграме якой Міністэрства інфармацыі Беларусі з 2015 года запачаткавала яшчэ адну традыцыю — праводзіць Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час».

Ён заўжды прывозіў у Беларусь адмысловы падарунак — «беларускія» нумары часопіса «Наш современник». Так, штогод рэдакцыя славутага расійскага літаратурна-мастацкага часопіса збірала разам (як правіла ў ліпеньскі, сёмы па ліку, нумар) творы беларускіх паэтаў і празаікаў. І гэтая традыцыя мела багатую гісторыю. Такія нумары выходзілі (спярша пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а пасля — выключна па інцыятыве самой рэдакцыі) ці не з самага пачатку XXI стагоддзя.

Амаль за два дзесяцігоддзі склалася сапраўдная бібліятэка беларускай прозы і паэзіі, айчыннай публіцыстыкі на рускай мове. І намеснік галоўнага рэдактара часопіса Аляксандр Іванавіч Казінцаў надзвычай ганарыўся гэтым. Ён ведаў усе рэдакцыі беларускіх часопісаў: не толькі рускамоўнага «Нёмана», але і «Полымя», «Маладосці». Не толькі выбіраў творы, якія былі напісаны па-руску, і не толькі творы, ужо перакладзеныя з беларускай, але і звяртаў увагу на тое, што было надрукавана толькі ў арыгінале, па-беларуску. Наладжваў сувязі з аўтарамі, прасіў іх даць у маскоўскае выданне пераклад.

Так ён адкрыў для чытачоў «Нашего современника» празаіка Уладзіміра Саламаху, радаваўся, калі ў рэдакцыю прыходзілі новыя пераклады апавяданняў Алеся Бадака. І беларускія літаратары цягнуліся да Казінцава як да блізкага, роднага чалавека, як да шчырага паплечніка па літаратурнай ніве. Сталым аўтарам часопіса зрабіўся і беларускі публіцыст Якаў Аляксейчык.

У многім часопіс «Наш современник» трымаўся менавіта на Казінцаве. Ён адшукваў новых таленавітых аўтараў па ўсёй Расіі, у самых далёкіх рэгіёнах краіны. Захапляўся гэтымі творцамі, расказваў пра найболей таленавітых і  нам, беларусам. Дзякуючы падказкам Аляксандра Іванавіча празаік Уладзімір Саламаха пераклаў зборнік апавяданняў маладога расійскага празаіка Алены Тулушавай.

А яшчэ ў «Нашем современнике» чытач шукаў публіцыстыку, нарысы самога Аляксандра Казінцава. Яго шматгадовы «Дзённік сучасніка» ўражваў празорлівасцю, шматабсяжнасцю, яснай, шчырай і адкрытай пазіцыяй аўтара, самым важкім аўтарытэтам для якога была праўда — палітычная, мастацкая, жыццёвая…

 Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?