Вы тут

У свеце вясёлых вынаходнікаў


Першая кніга гомельскага паэта Уладзіміра Бабкова «Што такое БМП?» выйшла ў далёкім 1978 годзе. Потым яе аўтар на доўгія гады нечакана змоўк. Ні новых кніг, ні публікацый у перыядычным друку. Аж да гэтага года, калі парадаваў новай кнігай «Янот-пілот», якая з прадмовай земляка-аднавяскоўца Міколы Чарняўскага пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Зазначым: калі першая была тэматычнай, то-бок дзецям аб арміі, то гэтую склалі творы разнапланавыя.


Розныя па характары і героі кнігі. Гэта звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія жывуць не дзесьці за высокімі гарамі і далёкімі марамі, а побач з намі; яны такія ж, як тысячы дзетак беларусаў. Нехта з іх ганяецца ў лузе за матыльком, а нехта бачыў НЛА, хтосьці марыць зрабіць ЭВМ, а хтосьці — пашыць сукенку для любімай лялькі. Не адстаюць ад хлопчыкаў і дзяўчынак і звяры з казак «Лыжны крос» і «Музычная школа», самі назвы якіх гавораць, пра што ў іх.

Вершы Уладзіміра Бабкова не перагружаны залішнімі дэталямі, не расцягнуты. Аўтар бярэ нейкі адзін эпізод і робіць з яго яркі малюнак. Вершы гэтыя і чытаюцца на адным дыханні, і ў большасці сваёй адразу запамінаюцца. Як, напрыклад, гэты: «Зай вусаты — // Добры тата: // Робіць лыжы // Зайчанятам. // Не дагоніш, // Цюцька рыжы, — // Зайчаняты ўсе // На лыжах!»

Асноўная думка ў вершах У.  Бабкова закладзена ў канчатковых, фінішных радках. Здаецца, звычайная з’ява — і  раптам, як стрэл, нечаканае падсумаванне сказанага вышэй. Вось дзяўчынка Надзейка хваліцца сяброўцы Ладзе, што ёй «сон прысніўся дзіўны нейкі». Тая, безумоўна, просіць распавесці, што за сон, і адначасова прызнаецца, што любіць «надта сны разгадваць». Надзейка ж у адказ сяброўцы заяўляе: «Няхай той сон // Раскажа Ала, // Яна са мною // Побач спала». Гэта сапраўды па-дзіцячы наіўна. Тым не менш так натуральна, быццам аўтар прысутнічаў пры размове дзяўчынак.

Менавіта такой натуральнасцю прасякнуты і іншыя вершы паэта. Вось прыйшоў дамоў Валерка. Разбэрсаны — «Ні шнуркоў, // Ні гузікаў!» «Стала дзіўна аж Люстэрку». Яно цікавіцца: «Дзе ты быў? // Што рабіў?» І  Валерка прызнаецца, што «займаўся каратэ». А на здзіўленае пытанне Люстэрка: «З кім жа гэта?», не міргнуўшы вокам, адказвае: «З Тузікам!». Аказваецца, з сабачкам. Такая вось непадкупная шчырасць абяззбройвае любую сярдзітасць, хоць бы на месцы Люстэрка былі тата ці мама. А заадно і вучыць дзяцей ніколі не маніць, а заўсёды казаць праўду, якой бы яна ні была.

Дзеткі ў вершах Уладзіміра Бабкова не статычныя, а жывыя, непаседлівыя і  вясёлыя, цікаўныя і... вынаходлівыя: выкруцяцца з самай, здавалася б, тупіковай сітуацыі. Вось рыбачок «з самага ранку // Сядзіць ля ракі». А калі пытаюць, чаму ж не злавіў за гэты час ніводнай рыбкі, ён ніколькі не разгубіўся, а як па завучаным адчаканіў: «Ды я проста плаваць // Вучу чарвячка».

Думаецца, не менш зацікавяць юных чытачоў і вершы «Здагалівая», «Соня і сонейка», «Экзамены», «Везла баба ўнучку»... Па кожным з іх адчуваецца, што аўтар добра ведае псіхалогію дзяцей. Ён не старонні назіральнік, ён там, сярод малых, разам з імі. Як бы гуляе ў іх гульні, падзяляе захапленні, цікавіцца ўсім, што адбываецца ў іх дзіцячым свеце.

Анатоль ЗЭКАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».