Вы тут

«Мой любы горад». Персанальная выстаўка пад такой назвай майстра па ткацтве Алены Шунейкі адкрылася ў Гродне


Калі да працы ставіцца з любоўю, то складанасцей не адчуваецца. У гэтым пераканана мастачка, майстар па ткацтве Алена Шунейка, для якой гэты год удвая юбілейны. У красавіку майстрыха адсвяткавала 70-годдзе, а ў снежні родны для яе Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, дзе Алена Феліксаўна працуе ўсё жыццё, адзначае 80 гадоў. Дзве падзеі сталі нагодай для адкрыцця персанальнай выстаўкі.


Алена Шунейка.

Бацькава спадчына — выток творчасці

Алене Шунейцы ў жыцці выпала рэдкая ўдача — прафесійна займацца справай, якая прыносіць асалоду і задавальненне. Тварыць з душой, захапляць сюжэтамі і  вобразамі, прыкмячаць у наваколлі багатую колеравую палітру — усё гэта майстрыха атрымала ў спадчыну ад бацькі. Галоўны ж бацькаў скарб — адзіны ў Беларусі вертыкальны ткацкі станок. Менавіта Фелікс Антонавіч у сярэдзіне мінулага стагоддзя заснаваў у метадычным цэнтры творчую ткацкую лабараторыю, якая ўжо амаль 40 гадоў з’яўляецца для яго дачкі і працоўным кабінетам, і ўтульнай майстэрняй, і нават другім родным домам.

Экспазіцыя выстаўкі «Мой любы горад» налічвае каля 50 аўтарскіх работ, сярод якіх — габелены, дэкаратыўныя пано і акварэльныя карціны. І гэта далёка не поўная калекцыя твораў Алены Феліксаўны. Палотны майстрыхі сёння ўпрыгожваюць інтэр’еры храмаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, з’яўляюцца каштоўнымі экспанатамі музеяў. Патомная ткачыха вельмі ганарыцца габеленам «Святая Троіца», які ў якасці харугвы выкарыстоўваецца падчас святочнай працэсіі ў сталічным касцёле Святога Роха. Некаторыя творы Алены Шунейкі знаходзяцца ў Польшчы, Расіі, Францыі і Эстоніі. Бацькава тэхніка падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва, якой валодае майстрыха, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Намаляваная ніткамі гісторыя

Крыніца натхнення для Алены Феліксаўны — родны горад Гродна з яго архітэктурнымі жамчужынамі і зачаравальнай прыродай, пра што і сведчыць назва выстаўкі. Алена Шунейка — бадай адзіная ў вобласці майстрыха, якая настолькі дасканала валодае ўсімі таямніцамі габеленавай ніткі, што здолела віртуозна перадаць у творчасці нават энергетыку старажытных гродзенскіх храмаў! Вытканыя Фарны і Бернардынскі касцёлы яна па-мастацку ўдала аздобіла вобразнымі выявамі Святога Духа. Наогул, кожнае палатно — гісторыя, напоўненая глыбокім зместам, філасофскімі рэбусамі і творчай фантазіяй.

Па прызнанні Алены Феліксаўны, тканыя акварэлі, напэўна, не былі б такімі цэласнымі і гарманічнымі, каб у іх стварэнні не ўдзельнічаў яе брат мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Менавіта ён малюе эксклюзіўныя эскізы для габеленаў. У творчым тандэме ствараюцца неверагодныя рэчы: у жывых вобразах паўстае гістарычнае мінулае Гродна, знакавыя постаці з розных эпох, адраджаецца Фара Вітаўта, маці-радзіма здабывае жаночае аблічча, а сярод велічных будынкаў вымалёўваецца родны дом…

Габелен «Гродзенская ратуша 1784 г.»

Кожны наведвальнік выстаўкі можа не толькі палюбавацца экспанатамі, але і самастойна папрацаваць за ткацкім станком. Майстар-клас з задавальненнем прапануе Алена Феліксаўна і яе здольная вучаніца Юлія Барадзіна. Дарэчы, работы маладой пераемніцы, метадыста цэнтра народнай творчасці, сталі адмысловым аздабленнем экспазіцыі. Падвойныя габелены, народныя лялькі, ажурныя карункі — рукатворныя цуды, выкананыя нашай сучасніцай па старажытных узорах, уражваюць і кранаюць за жывое.

Энергія — у прыродзе

Пачэснае месца на выстаўцы займаюць акварэльныя карціны Алены Шунейкі, напісаныя ў тэхніцы «a la prima». Усе работы пленэрныя. Ствараць «жывыя» акварэльныя замалёўкі з натуры — гэта таксама ўлюбёны занятак творчай сям’і Шунейкаў. Нёман, кветкі, лес, Каложа — знаёмыя з маленства мясціны знайшлі адлюстраванне на жывапісных палотнах. Кожная работа носіць глыбока асабісты характар, вабіць асаблівай колеравай вобразнасцю.

Наведвальнікаў выстаўкі «Мой любы горад» чакае не толькі знаёмства з цікавымі экспанатамі. Кожная работа майстра — гэта своеасаблівы… аўтапартрэт, углядаючыся ў які можна выразна адчуць палітру пачуццяў, пашану да сямейных традыцый і роднага краю.

Ала БЯЛЬКЕВІЧ

Фота Цімура БАБКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».