Вы тут

Жывая елка ў арэнду — самы экалагічны варыянт навагодняга аздаблення


Жывая елка ў арэнду — самы экалагічны варыянт навагодняга аздаблення. Вам прывязуць пушыстую прыгажуню дадому, а пасля свят адправяць далей жыць на плантацыі. Праз год вы зможаце ўзяць тую ж расліну. Тэрміны арэнды, правілы догляду за елкай і лёс дрэў «на пенсіі» мы абмеркавалі з Іванам Радзюкевічам, аўтарам праекту «Яловыя лугі».


— У снежні 2018 года я шукаў елку для сябе і, купіўшы дрэва ў вазоне, сутыкнуўся з вялікімі цяжкасцямі пры яе транспарціроўцы і пад'ёме ў кватэру. У гэты момант і паўстала ідэя арэнды елак. Першыя 150 раслін я купіў восенню 2019 года і не планаваў здаваць іх той жа зімой. Але сябры пераканалі мяне ў іншым, я ўсё ж рызыкнуў — каб праверыць попыт і выжывальнасць раслін. Зрабіў сайт і некалькі публікацый у сацсетках. Я планаваў здаць у арэнду дзесяць дрэў. Іх разабралі за пяць дзён.

Пазней некалькі чалавек напісалі мне, што ўжо купілі навагоднюю расліну ў вазоне і не ведаюць, што з ёй рабіць пасля свят, таму хацелі б аддаць яе нам. Гэта здалося мне выдатнай ідэяй, так у нас з'явіліся яшчэ 12 дрэў ад мінчукоў. Усе елкі мы перасаджваем у аб'ёмныя кадкі. Большую частку года яны растуць, дагледжаныя, у вёсцы Ціневічы, а ўзімку цягам трох тыдняў радуюць гараджан. Мы пакідалі дрэвы на розны тэрмін і прыйшлі да высновы, што гэты — самы аптымальны. Калі трымаць дрэва ў кватэры занадта доўга, яно загіне.

Праз год прыжыліся не ўсе дрэвы і не ўсе выжылі пасля знаходжання ў кватэры. Таксама варта ўлічыць, што пасля 20-25 градусаў цяпла ў кватэры расліне трэба акліматызавацца і хаця б некалькі дзён пастаяць пры 5-10 градусах. Для гэтага мы ставім дрэўца ў памяшканне без ацяплення, перш чым высаджваць на вуліцу.

Самая вялікая цяжкасць аказалася з дастаўкай дрэў. Мы выбралі кадкі па 35 л, а гэта каля 30 кг разам з грунтам і раслінай. Прывезці дрэвы з вёскі, а затым даставіць па адрасах і разнесці па кватэрах, ды яшчэ паўтарыць увесь працэс у адваротным парадку — задача няпростая.

У камплекце з дрэвам мы даём паддон, каб праз адтуліны ў вазонах паліваць расліну. Менавіта вільготнасць у памяшканні — самы важны элемент догляду за дрэвам. Елку трэба рэгулярна паліваць, трымаць далей ад ацяпляльных прыбораў і, па магчымасці, апырскваць ці трымаць побач з увільгатняльнікам.

Цяпер у нас 600 дрэў. Яны яшчэ занадта маленькія, каб здаваць іх у арэнду. У планах перасадзіць некалькі тысяч раслін. Хацелася б здаваць і двухметровыя яліны, але такія дрэвы складана перасадзіць, асабліва ў кадку. Таму нашы елкі для арэнды вышынёй каля метра, але яны абавязкова вырастуць. У нас ужо прасілі здаць менавіта тое дрэва, якое бралі ў мінулым годзе, бо цікава прыбіраць елачку і бачыць, як яна з кожным годам становіцца вышэйшая. А калі расліны перастануць змяшчацца ў кватэрах, іх можна будзе купіць і высадзіць на ўчастку. Астатнія мы збіраемся высаджваць у алею, але да гэтага чакаць яшчэ не менш за пяць гадоў.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Елка ў арэнду

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?