Вы тут

У Беларусі распрацавалі настольную прававую гульню


Цяпер дзеці, якія маюць інваліднасць, змогуць даведацца аб сваіх правах праз гульню. У яе можна будзе пагуляць у спецыяльных карэкцыйных цэнтрах рэспублікі і дамах-інтэрнатах для інвалідаў.


Дабрачыннае грамадскае аб'яднанне «Свет без межаў» выпусціла настольную гульню «Права маю». Яе мэта — расказаць дзецям на даступнай мове аб правах, якія дадзены ім ад нараджэння. Гульня распрацоўвалася ў рамках праекта «Ведаць, каб дапамагаць», накіраванага на падтрымку дзяцей з інваліднасцю і рэалізацыю іх правоў.

У дзіцячай настольнай гульні прадумана ўсё, каб удзельнікі на прыкладзе простых жыццёвых сітуацый запомнілі і навучыліся карыстацца правамі, якія ёсць у кожнага дзіцяці. Свой ход гулец пачынае з таго, што выцягвае «карту сітуацыі». Задача гульца — вызначыць, якое з правоў парушаецца ў апісанай гісторыі. У выпадку няправільнага адказу на поле выстаўляюцца фігуркі монстраў.

Пры распрацоўцы гульні ўлічваўся крытэрый даступнасці. Яна падыходзіць для дзяцей рознага ўзросту і розных кагнітыўных здольнасцяў. Гульня прадугледжана для дзяцей ад шасці гадоў. Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якім больш за шэсць, можна выбраць узроўні з ускладненнямі — без калектыўнага прыняцця рашэнняў, магчымасці адказаць паўторна ў выпадку памылкі, падказак з назвамі правоў. Дзіця з інваліднасцю можа гуляць з падтрымкай дарослага — у такім выпадку памагаты не лічыцца гульцом.

— Гульня стваралася ў першую чаргу для дзяцей з інваліднасцю, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах, і спецыялістаў, што працуюць з імі, — сказаў вядучы спецыяліст ДГА «Свет без межаў». — Вельмі важна, каб самі дзеці ведалі, якія ў іх ёсць правы, а спецыялісты дапамаглі і навучылі практычнаму прымяненню гэтых правоў. У дамах-інтэрнатах для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця цяпер знаходзіцца каля 1400 дзяцей і маладых людзей ва ўзросце ад 4 да 35 гадоў. У кожнага дзіцяці, незалежна ад умоў пражывання, ёсць права на паўнавартаснае і шчаслівае дзяцінства, асабістыя правы, гарантаваныя нацыянальным і міжнародным заканадаўствам.

ДГА «Свет без межаў» перадалі настольныя гульні ў дзевяць дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Таксама гульня даступная для карыстання ва ўсіх карэкцыйна-раз-віццёвых цэнтрах краіны.

Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі функцыянуюць ва ўсіх абласных і раённых гарадах Беларусі як установы спецыяльнай адукацыі для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.