Вы тут

Святлана Агарвал: Нясіце дабро — і яно да вас абавязкова вернецца!


Гэтым разам у госці да «Сямейнай газеты» мы запрасілі вядомую артыстку, сапраўдную прыгажуню, падобную на казачных прынцэс, адзіную ў Беларусі выканальніцу песень на хіндзі Святлану Агарвал. У інтэрв'ю пагаворым пра творчую дзейнасць спявачкі, яе сям'ю і захапленні, планы на будучае і многае іншае.


— Святлана, раскажыце, як з'явілася такое незвычайнае для беларускай эстрады амплуа?

— Я б не назвала яго такім ужо і незвычайным, хутчэй, эксклюзіўным (усміхаецца). Усё пачалося яшчэ ў дзяцінстве, калі былі папулярныя індыйскія кінафільмы. Я іх вельмі любіла, асабліва музычны іх бок. Мне было вельмі цікава паходжанне гукаў, бо індыйцы спяваюць інакш, чым еўрапейцы. Я слухала гэтыя песні, старалася ўзнавіць, натуральна, не разумеючы слоў: што чула, тое і спявала. Так паступова маё дзіцячае захапленне перарасло ў прафесійную творчасць... А сёлета ў красавіку я сустрэлася са стваральнікам той самай песні «Джымі Джымі аджа», якую я напявала ў дзяцінстве і якая пазней стала маёй візітнай карткай, — Бапі Лахіры. Два месяцы ў Індыі прайшлі плённа: мы запісалі дзве песні, правялі сумесную прэс-канферэнцыю, запланавалі ўдзел у папулярным індыйскім тэлешоу і канцэрт у Маскве... Але ўмяшаўся каранавірус і крыху сапсаваў гэтыя планы. Чакаем, калі сітуацыя з пандэміяй палепшыцца, каб працягнуць наша супрацоўніцтва.

— Ці быў у вашым у дзяцінстве ідэал спявачкі?

— Як калісьці казала мая цётка — не ствары сабе куміра. І ўсё-ткі ідэалам для мяне заўсёды была Ала Пугачова. Яна была і любімай выканаўцай маёй мамы. І ў памяць аб маме я часта выконваю на канцэртах адну з песень яе любімай спявачкі.

— Акрамя занятку музыкай, ці ёсць у вас якія-небудзь захапленні?

— Не так даўно я пайшла на курсы англійскай мовы. У школе і ва ўніверсітэце я вывучала нямецкую, а з англійскай неяк не складвалася. Пасля нараджэння сына таксама запісвалася на курсы і нейкі час наведвала, а потым закінула з-за недахопу часу. Хоць шмат чаго ў маўленні разумею, паколькі індыйцы вельмі любяць у размове змешваць словы з хіндзі і англійскай. Таму хочаш не хочаш, а зразумееш! У вольны ад эфіраў, здымак і канцэртаў час люблю схадзіць на фітнес альбо ў басейн, выехаць на прыроду, падыхаць свежым паветрам. І нават у гэтыя хвіліны я думаю над новымі песнямі і вобразамі.

— Вы прыгожая і разумная жанчына, паспяховая спявачка. Нярэдка гэтыя якасці выклікаюць негатыўныя эмоцыі, як на такое рэагуеце?

— Стараюся абстрагавацца, на ўсё глядзець з аптымізмам і знаходзіць толькі моманты са знакам «плюс», нават у адмоўных сітуацыях. Аднак у адносінах да сябе сустракала толькі станоўчы і добразычлівы настрой. Калі і ёсць благія эмоцыі — іх проста не трэба браць, не адказваць на агрэсію агрэсіяй. Нясіце дабро — і яно да вас абавязкова вернецца!

З мужам Ашокам Кумарам Агарвал.

— Святлана, раскажыце, як вы трымаеце сябе ў форме? Раскрыйце сакрэт вашай прыгажосці.

— Тут усё проста — правільнае харчаванне ды спорт. Некалькі разоў на тыдзень стараюся наведваць фітнес-клуб, басейн і саўну і адчуваю сябе пасля гэтага цудоўна! Ем мяса, рыбу плюс агародніну, тварог, п'ю зялёны чай і каву з малаком. Вельмі люблю спалучэнне кавы і сыру раніцай — смаката! Самае галоўнае — прывучыць сябе не есці ўвечары і дадаць хоць бы штодзённую хаду, таму што рух — гэта жыццё!

— Поспехі ў кар'еры — гэта, вядома, цудоўна, аднак жанчыне для поўнага шчасця неабходны каханы мужчына, дзеці. Раскажыце, калі ласка, пра вашу сям'ю.

— У мяне ёсць муж і сын, яны мая ахова і апора. Яны мае першыя слухачы і крытыкі новых песень і відэакліпаў. Мой муж Ашок займаецца бізнесам, вельмі ўважлівы і клапатлівы бацька і цудоўны сем'янін. Смачна гатуе стравы нацыянальнай кухні з індыйскімі спецыямі і навучыў гэтаму мяне. Павел, мой сын, скончыў лінгвістычны ўніверсітэт і цяпер валодае дзвюма замежнымі мовамі — англійскай і італьянскай. Прафесійна займаецца фатаграфіяй, іграе на гітары і добра спявае. А яшчэ ён аматар спорту. Сумесна з татам займаецца бізнесам, і гэта ў іх вельмі добра атрымліваецца.

— Святлана, раскажыце пра ваша вяселле, у вас было два святы — у Беларусі і ў Індыі?

— У Індыі вялікае значэнне надаецца вясельным абрадам — абходу свяшчэннага агню. Ён праводзіцца ў прысутнасці блізкіх сяброў і родных. Свяшчэннік запальвае сакральны агонь — Агні, які заклікаецца найвышэйшым сведкам заключэння шлюбу. Свяшчэннік чытае мантры, затым маладыя сем разоў абыходзяць вакол свяшчэннага агню, узяўшыся за рукі. Пасля таго як жаніх надзене на шыю нявесты залатую падвеску і паставіць сімвалічны знак на яе лбе, маладая лічыцца яго жонкай і часткай яго сям'і. А ў Беларусі было традыцыйнае вяселле: з дзявочнікам, застоллем, выкупам нявесты і кіданнем букета. Дзіўна, але букет злавіла мая сяброўка, якая потым таксама пабралася шлюбам з індыйцам.

— Ці ёсць у вашай сям'і традыцыі і святы, якія вы шануеце і адзначаеце абавязкова?

— Нароўні з беларускімі святамі мы адзначаем індыйскія. Вось не так даўно адзначылі свята Дзівалі (14 лістапада), якое яшчэ называюць «Святам агнёў». У гэты дзень прынята запальваць абрадавыя свечкі, дарыць адно аднаму падарункі і атрымліваць благаславенне ад бацькоў, пры гэтым гатаваць стравы з выкарыстаннем індыйскіх спецыяў. Таксама падчас свята ўсе дамы і ваколіцы ўпрыгожваюцца рознакаляровымі гірляндамі, людзі выходзяць на вуліцу, запускаюць вялікую колькасць феерверкаў. З беларускіх свят адзначаем Новы год — усё як мае быць: з аліўе, селядцом пад шубай, шампанскім і мандарынамі.

— Індыя... Можаце расказаць пра сваё стаўленне да гэтай краіны? Паспрабуйце апісаць яе некалькімі словамі.

— Індыя — краіна кантрастаў, Балівуда, фарбаў Холі, спецыяў і... можна пералічваць бясконца. Індыя — краіна з багатай культурай і гісторыяй. Тут шмат незвычайнага: іншыя народнасці, шматвяковая культура, дзіўныя мовы, экзатычнае адзенне і разнастайнасць пейзажаў. У Індыі вельмі добразычлівы народ, усмешлівы і таварыскі.

— Святлана Агарвал на сцэне і ў звычайным жыцці — якая?

— На сцэне і па-за ёй я магу быць абсалютна розная. І там, і там я люблю людзей. Мне падабаецца несці радасць і пазітыў і прыхільнікам, і маім родным ды блізкім сябрам. Я радая, калі вакол людзі ўсміхаюцца і шчаслівыя. Мне падабаецца быць да гэтага датычнай. І ў жыцці, і на сцэне стараюся быць шчырай, а гледачы і навакольныя гэта адчуваюць.

— Ці ёсць што-небудзь, што можа вас вывесці з сябе?

— Я навучылася на ўсё глядзець спакойна, і мяне дастаткова складана раззлаваць. Я разумею, што калі мне не ўдаецца ўздзейнічаць на сітуацыю, я проста стараюся змяніць да яе адносіны.

— Што ў вашых планах?

— Я, напэўна, як і ўсе артысты, чакаю аднаўлення магчымасці ездзіць з канцэртамі па гарадах. Эпідэміялагічная сітуацыя, на жаль, зачапіла ўсе сферы жыцця, і культурную ў тым ліку. Стараюся з аптымізмам глядзець у будучае, запісваю новыя песні, хутка прыступаем да здымак новага кліпа, рыхтуем навагоднія тэлепраекты, канцэрты. Ідэй вельмі шмат, і я спадзяюся хутка парадаваць вас чым-небудзь цікавым.

Р.S. У гэтую нядзелю Святлана Агарвал прыме ўдзел у Міжнародным песенным конкурсе «Turkvision-2020», у якім прадставіць нашу краіну. Пажадаем ёй поспеху!

Гутарыла Надзея ЗУЕВА

Фота з асабістага архіва спявачкі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.