Вы тут

Усе мы крыху дзеці


Днямі мой двухгадовы сын упершыню катаўся на санках. Апошнія, дарэчы, куплены дзве зімы таму — дзядуля з бабуляй марылі гуляць са сваім адзіным унукам менавіта такім чынам, захутаўшы малога ў цёплы пледзік. Не давялося. Для такіх прагулак Цёмік быў яшчэ замалы, а летась снегу было як кот наплакаў. Толькі на трэці Цёмаў год мы дачакаліся больш-менш нармальнай зімы…


Сёлета яна парадавала, не паспеўшы яшчэ пачацца. Як хораша, калі снег рыпіць пад нагамі! Вока радуецца, калі едзеш за рулём, а паабапал дарогі ўсё бялюткае-бялюткае! Нават Цёмік, які той снег бачыў амаль што толькі на малюнках ды па тэлевізары, выглянуўшы ў акно, сказаў: «Патрэбны санкі!» Праўда, дзянёк пакаталіся, і той снег як карова языком злізала.

З наступленнем зімы ўсе мы чамусьці чакаем цуду. Як малыя, радуемся першаму снегу, быццам менавіта ён павінен зацерушыць усе нашы няшчасці і праблемы, якія назапасіліся за цэлы год. Са з'яўленнем дзяцей (ва ўсялякім разе так у мяне) зімы чамусьці чакаеш больш, чым лета, а самым жаданым святам становіцца Новы год. Бо табе не сорамна выразаць сняжынкі і залепліваць імі ўсе вокны, не рана ўпрыгожваць ёлку ў самыя першыя дні снежня, не цяжка абвешваць «дожджыкам» і іншай драбязой усю кватэру, нават прыбіраць лесвічную пляцоўку перад уваходнымі дзвярыма — гэта ж усё дзеля дзіцяці! Толькі чамусьці баімся самі сабе прызнацца, што і нам, дарослым, гэта патрэбна, бо ў чаканні Новага года ўсе мы трошкі становімся дзецьмі.

Напярэдадні свят звычайна згадваюцца нашы дзіцячыя прыгоды, якія зімой былі асаблівыя. У дзевяностыя снегу было столькі, што мы не проста ляпілі снегавікоў, а будавалі з яго цэлыя «крэпасці». Аднойчы, акурат у першы дзень новага года, мы з сяброўкай так уцягнуліся ў адну такую «будоўлю», што страцілі кантроль над часам. Як потым аказалася, адсутнічалі мы гадзіны чатыры, а на вуліцы, між іншым, мароз! Але мы так захапіліся, што нам было горача. Мабільнікаў тады не мелі, таму мая матуля апранулася цяплей, «узброілася» нейкім калочкам і адправілася нас шукаць. Знаёмую постаць мы з Дашай убачылі здалёк, таму, каб не атрымаць па месцы ніжэй спіны тут жа, на вуліцы, вырашылі абходным шляхам пайсці дамоў самі. Аднак пакарання нам пазбегнуць усё ж такі не ўдалося...

А колькі радасці і смеху прыносіла адно толькі коўзанне з горкі! Пра ніякія цюбінгі ў маім дзяцінстве мы, канешне, не чулі. Іх ролю выконвалі звычайныя мяшкі з сенам. Каля горкі, найбольш у выхадны дзень, утвараліся вялізныя чэргі. Стаялі ў іх і дарослыя — атрымаць сваю порцыю адрэналіну не саромеліся і даяркі, і настаўнікі.

Каталіцкія Каляды мы заўжды адзначалі ў бабулі і дзядулі. У вёску, якая знаходзіцца ад нашай за тры кіламетры, ішлі ў любое надвор'е: і ў моцны мароз, і ў завіруху. Аднойчы столькі снегу насыпала, што было ні праехаць ні прайсці. Аднак «адступленне» нават не абмяркоўвалася. Напрасткі праз возера мы ішлі па глыбокіх гурбах, след у след за бацькам, які сваімі вялізнымі ботамі «пракладаў» нам шлях. Затое потым з такім апетытам елі вушкі, якія ніхто, акрамя маёй бабулі, так смачна не пёк: і з грыбамі, і з варэннем, і з макам. Падчас вячэры выцягвалі саломінкі з-пад абруса, загадвалі жаданні. Адбывалася дзіўнае таінства, якое вельмі збліжала нашу сям'ю.

Згадваецца і тое, як хадзілі з бацькам у лес па ёлку. Маці штогод прасіла: «Толькі маленькую!» Мы згодна ківалі галовамі і ўсё роўна выбіралі такую высокую, што дома ажно падразалі верхавіну, бо яна ўпіралася ў столь. А з якім нецярпеннем чакалі навагодніх ранішнікаў! Рыхтаваць касцюмы пачыналі, можа, за месяц да свят. Гэта цяпер выйшаў з крамы — і ты «зайчык» альбо «снегавічок». Раней жа касцюмы стваралі мы самі, з дапамогай бацькоў, вядома. Помню, як была Снежнай каралевай — спатрэбілася маміна вясельная сукенка (добра, што яна ў мяне маленькая). Пераўвасаблялася я і ў Блазна, і ў Сняжынку, і ў Снягурку — такую пачэсную місію ўжо на дарослай «ёлцы» давяралі мне ў старэйшых класах. А ў адну навагоднюю ноч да нас у акно пагрукаў сапраўдны Дзед Мароз — гэтак весела бавілі час калегі маёй мамы па школе. Ды самае смешнае было потым. Пакуль галоўны герой свята са сваёй «унучкай» сядзелі за нашым сталом, мой старэйшы брат схаваў мяшок з падарункамі. Праўда, потым прыйшлося яго вярнуць: іншыя настаўніцкія дзеці таксама чакалі цуду.

Чакалі яго і нашы бацькі. Ва ўсёй гэтай перадсвяточнай мітусні дарослыя на некаторы час таксама станавіліся дзецьмі. Рэдка калі мы адзначалі святы ў вузкім коле: ці то (а марозы былі моцныя!) ехалі да сваякоў у іншую вобласць, ці пешкі пляліся ў суседнюю вёску да дзядулі з бабуляй, ці то палова радні збіралася за нашым навагоднім сталом. Апошнім жа часам кожны сам па сабе (і гэта яшчэ задоўга да пандэміі!). Некаторыя нават ёлку перасталі ставіць (гэта ж колькі смецця!), а ў навагоднюю ноч лянуюцца выйсці на двор, каб паглядзець салют.

Я не ведаю, як будзе сёлета: планаваць, асабліва ў наш час, — справа няўдзячная. Ёлку мы ўжо ўпрыгожылі (праўда, Цёмік пабіў дарагую нямецкую цацку!), пісьмо Дзеду Марозу напісалі, меню склалі. Засталося чакаць цуду, які абавязкова будзе ў Новым годзе!

Вераніка КАНЮТА

Прэв'ю: smcloud.net

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».