Вы тут

Як лечаць алкаголікаў і наркаманаў у рэабілітацыйным цэнтры «Радуга»


Праз рэабілітацыйны цэнтр «Радуга» («Радасць. Духоўнасць. Гармонія»), дзе дапамагаюць справіцца з рознымі відамі залежнасцяў, за 13 гадоў існавання прайшло каля 1200 чалавек. Многім з іх сапраўды ўдалося змяніць жыццё — уладкавацца на работу, завесці сям'ю і доўгі час не ўжываць алкаголь ці псіхатропы. 28-дзённая праграма рэабілітацыі ўключае самыя дзейсныя на сёння методыкі псіхатэрапіі, якія паказалі сваю эфектыўнасць ва ўсім свеце. Праўда, і яны — не панацэя і могуць дапамагчы далёка не кожнаму.


30-гадовы мінчанін, апіятны наркаман, меў за плячыма некалькі турэмных тэрмінаў і ўсялякія парушэнні закона — і за наркотыкі, і за грабежніцтва. Некалькі гадоў таму ён прайшоў рэабілітацыйную праграму «Радугі» — і цалкам здолеў змяніць спосаб жыцця. У яго з'явіліся сям'я, работа, ён наведвае суполку ананімных наркаманаў — яе ўдзельнікі дапамагаюць адно аднаму ўстрымацца ад ужывання.

— Далёка не заўсёды можна ўгадаць, хто будзе выздараўліваць, а хто не, — расказвае гештальт-тэрапеўт, кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Радуга» Аляксандр Фёдараў (на фота). — Бывае, што на некаторых людзей вялікія надзеі: яны тэрапеўтычныя, усё адчуваюць і разумеюць, разумныя, адукаваныя, інтэлектуальныя. Але чамусьці зрываюцца — раз, другі — і знікаюць. А ёсць тыя, з кім, здаецца, няма сэнсу працаваць, бо вельмі мала шанцаў. А потым чалавек аб'яўляецца праз час: цвярозы і жыццё ў яго наладжваецца. Я згадваю адну жанчыну, яна была ва ўзросце за 45 гадоў. На першай кансультацыі моцна плакала, усё ў яе жыцці было развалена. Яе не паважалі, нават білі сваякі, здароўе было страчана. У мяне былі сумненні, ці дапаможа ёй «Радуга». Яе ўзялі, але без асаблівай надзеі. Потым, праз год, і праз два яна да нас прыходзіла — іншы твар, іншы позірк, бачна, што жыццё мяняецца і наладжваецца.

Суразмоўнік кажа, што, па некаторых ацэнках, кожны чацвёрты жыхар Мінска — залежны чалавек. Некалькі гадоў таму ў сталіцы толькі на афіцыйным уліку ў нарколагаў знаходзілася каля 50 тысяч алкаголікаў. Спецыялісты лічаць, што рэальныя лічбы ў дзесяць разоў большыя. Пры гэтым наяўнасць залежнасці далёка не заўсёды азначае, што чалавек дрэнна выглядае і вядзе асацыяльнае жыццё. Знешне ён можа быць цалкам паспяховы і пры гэтым мець сфарміраваную залежнасць.

Як правіла, у цэнтр звяртаюцца на другой стадыі алкагалізму і наркаманіі, калі ўжо маецца праблема неабходнасці пахмяліцца і запояў.

— На першай, эмацыянальнай, стадыі ўжыванне спіртнога вялікіх непрыемнасцяў не дастаўляе, але ў чалавека фарміруецца патэрн: калі нешта дрэннае здарылася, трэба крыху выпіць, і стане лягчэй. Алкаголь дае пэўнае расслабленне, калі не хапае ўпэўненасці ў сабе, лёгкую эйфарыю, свабоду кантактавання, — кажа Аляксандр Фёдараў. — На другой стадыі ўзнікае неабходнасць з раніцы пахмяліцца. У жыцці паступова з'яўляюцца непрыемнасці — чалавек дзесьці падае, траўміруецца, трапляе ў непрыемныя гісторыі, пачынаюцца бойкі, скандалы, канфлікты з праваахоўнымі органамі. Усё, здавалася б, і нічога, але на роўным месцы ўзнікаюць праблемы. З другой стадыі рэзка пачынае расці доза. Калі на першай гэта адбываецца амаль незаўважна, то на другой — лавінападобна.

Пасля надыходзіць этап плато, потым — спусканне з яго, калі арганізм пачынае разбурацца. Адбываецца рэзкае зніжэнне талерантнасці да алкаголю — чалавек не ў стане выпіць столькі, колькі мог раней. Прычым доза хутка змяншаецца. На этапе спуску з плато людзі звычайна і паміраюць. Да трэцяй стадыі алкагалізму (а гэта поўная дэградацыя, калі амаль цалкам разбураны арганізм і дэградавала псіхіка — сумленне, сорам, віна чалавеку ўжо не ўласцівы) мала хто дажывае. Суразмоўнік адзначае, што наркаманы, у прыватнасці, паміраюць вельмі рана, у сярэднім каля 30 гадоў.

— Мала хто з іх дажывае да 40, да 50 — увогуле надзвычай рэдкі выпадак. Перадазіроўкі, няшчасныя выпадкі — арганізм, як правіла, не вытрымлівае, — кажа кіраўнік цэнтра.

Тых, хто прыходзіць у «Радугу» па ўласнай ініцыятыве, няшмат. Як правіла, чалавеку з залежнасцю камфортна ўжываць алкаголь ці наркотыкі, няхай нават ён мае з-за гэтага вялікія праблемы, у тым ліку і са здароўем. Як правіла, падштурхоўваюць да лячэння зацікаўленыя блізкія — жонка ці муж, дарослыя дзеці, сястра ці брат. Яны гатовы аплаціць рэабілітацыю, нягледзячы на тое, што вынік не гарантаваны, а супраціўленне самога залежнага можа быць вялізнае. Пры гэтым важна, каб сам залежны пагаджаўся на лячэнне.

— Рэабілітацыя складаецца з некалькіх этапаў, — тлумачыць кіраўнік цэнтра. — Першы — вывядзенне з запою, гэта медыкаментознае лячэнне, якое выконваецца ў спецыялізаваных медыцынскіх установах. Альбо чалавек сам вытрымлівае гэты этап. Першая наша ўмова перад паступленнем: гэта 10 дзён поўнай чысціні. Забаронены любыя псіхаактыўныя рэчывы, алкаголь, спіртазмяшчальныя лекі, транквілізатары, антыдэпрэсанты і снатворныя. Для наркаманаў абавязковы адмоўны экспрэс-аналіз на наяўнасць у арганізме наркатычных рэчываў.

Яшчэ адзін важны момант — першасная кансультацыя з псіхолагам. Тут ацэньваюць залежнага на адэкватнасць, высвятляюць яго матывацыю і тлумачаць умовы: як ён будзе жыць у рэабілітацыі і што мусіць рабіць. І хоць на першы погляд праграма рэабілітацыі «Радуга» нагадвае санаторную (заняткі псіхатэрапіяй, ёгай, арт-тэрапіяй, прагляд фільмаў), насамрэч гэта цяжкая штодзённая праца, якую, дарэчы, не ўсе вытрымліваюць.

Звычайна дзень пачынаецца ў 7.30. Дзяжурныя наводзяць парадак у блоку. З 9 да 10 раніцы праводзяцца заняткі індывідуальнай псіхатэрапіяй. Пасля сняданку з 10 гадзін пачынаюцца розныя віды групавой псіхатэрапіі — цялесна-арыентаваная, дынамічная, структураваная, — якая доўжыцца да самага вечара. Акрамя гэтага, праграма ўключае лекцыі, што расказваюць пра залежнасць, асаблівасці псіхікі такога чалавека і псіхалагічную абарону. Адводзіцца час на тэматычныя фільмы, а таксама вывучэнне 12-крокавай праграмы ананімных алкаголікаў. У восем гадзін вечара кансультанты (а гэта залежныя, якія доўгі час знаходзяцца ў рэмісіі і маюць вопыт выздараўлення) тлумачаць дамашнія заданні, і да сну трэба з імі справіцца. Напрыклад, падапечных просяць скласці спіс сваіх праблем ці ацаніць якасць жыцця, прааналізаваўшы па пэўных крытэрыях усё, што чалавек памятае.

У суботу ў цэнтр запрашаюць усіх блізкіх сваякоў, гэта таты, мамы, сёстры, браты, жонкі. Для іх свая праграма — цыкл лекцый па сузалежнасці, тэматычныя фільмы і мультысямейная псіхатэрапія, у якой таксама ўдзельнічаюць пацыенты і псіхолагі.

— Часта на такіх мерапрыемствах плачуць, здараюцца ўспышкі агрэсіі, лаянкі, але ў гэтым ёсць свой вялікі сэнс. Пасля таго як пражытыя крыўды, злосць, незадаволенасць, выказаны прэтэнзіі, можна пачынаць нармальны дыялог, — кажа Аляксандр Фёдараў.

Рэабілітацыйная праграма «Радуга» будуецца па мінесоцкай мадэлі, якая была створана ў ЗША ў 40-х гадах мінулага стагоддзя. Таксама тут прымяняюць праграму выздараўлення ананімных алкаголікаў «12 крокаў». І псіхатэрапію — асновай з'яўляецца гештальт-тэрапія, выкарыстоўваюцца элементы псіхааналізу, цялесна-арыентаваная тэрапія, арт-тэрапія, элементы псіхадрамы. Гэта самыя паспяховыя рэчы, якія найлепш дапамагаюць залежным.

— У нашай праграме адзін з важных акцэнтаў — на пачуцці чалавека. Бо калі ўстараняецца залежнасць, усплываюць пачуцці і перажыванні, якія чалавек імкнуўся знівеліраваць ці дапоўніць з дапамогай алкаголю ці наркотыкаў. І пытанне, як з гэтымі перажываннямі жыць цяпер. Гэта вельмі цяжка. А пачуцці цесна звязаныя з адчуваннямі ў целе. Калі чалавек саромеецца, ён чырванее. Калі яму страшна, ногі могуць стаць ватныя, маўленне — цяжкое. Калі чалавек злуецца, ён можа сціскаць кулакі. Мы вучым улоўліваць узаемасувязь паміж целам і пачуццямі. Калі яны не пражываюцца, то пачынаюць канцэнтравацца ў целе ў якасці пэўных заціскаў: пачынае балець галава, грудзіна, шыя, спіна. З часам адсюль пачынаюцца многія хваробы. Мы вучым пражыванню ўсіх пачуццяў: і радасці, і злосці, і цяпла. Акрамя таго, мноства практыкаванняў накіраваны на супрацоўніцтва паміж людзьмі, кантактаванне, давер. І сэнс не ў саміх практыкаваннях, а каб нешта пра сябе зразумець. Гэта магчымасць навучыцца па-новаму сябе паводзіць, напрыклад, выказваць канструктыўна сваю агрэсію, — падкрэслівае суразмоўнік.

Ён кажа, што група — гэта маленькая мадэль таго, што адбываецца ў «вялікім свеце». Адносіны паміж яе ўдзельнікамі розныя: хтосьці камусьці сімпатызуе, хтосьці не падабаецца. На рабоце, з сям'ёй, таварышамі чалавек сябе паводзіць гэтак жа, як у групе. Назіраючы за тым, як будуюцца адносіны, псіхолагі вывучаюць сваіх падапечных і займаюцца псіхакарэкцыяй.

Аляксандр Фёдараў не хавае, што першы парыў у некаторых залежных, якія трапілі ў цэнтр, — сысці. Што спыняе? Найперш грошы, бо праграма платная. Яны ўносяцца загадзя і не вяртаюцца. З 15 снежня рэабілітацыя тут каштуе 1250 рублёў. Яшчэ адзін момант — матывацыя. А гэта ў тым ліку і зацікаўленыя сваякі.

— Збегчы — гэта здацца. І куды збягаць? У найлепшае месца, якое мог, ён ужо трапіў, — заўважае Аляксандр Фёдараў. — Як правіла, падшыўкі і кадзіроўкі ўжо ўсе паспрабаваныя і не дапамагаюць. Усе сродкі выпрабаваныя, застаецца піць і калоцца да смерці. І тут пытанне, наколькі чалавек хоча жыць. Многіх выпускнікоў «Радугі» ўжо няма на гэтым свеце. З тых, хто праходзіць нашу праграму, рэмісіі больш чым у тры месяцы дасягае ўсяго 30—40 %, таму шанцы паправіцца ёсць ва ўсіх, а атрымліваецца толькі ў трэці.

Пасля рэабілітацыі пацыенты цэнтра адпраўляюцца ў самастойнае плаванне. Іх арыентуюць, што рэабілітацыя — гэта толькі штуршок, хоць і вельмі моцны. Але калі не падтрымліваць свае сілы і энтузіязм, яны хутка знікнуць, і пытанне часу, калі пацыент сарвецца. Сярод асноўных рэкамендацый — наведванне груп ананімных алкаголікаў (ананімных наркаманаў, ананімных гульняманаў). Дзякуючы настаўніку (а гэта чалавек, які мае пэўны вопыт і праводзіць па 12 кроках духоўнага і псіхалагічнага развіцця, падказвае, дае пэўныя заданні), шанцы не ўжываць алкаголь даволі высокія. Яшчэ адна рэкамендацыя — псіхатэрапія.

— Ёсць шмат людзей, якімі мы ганарымся, яны папраўляюцца. У Мінску каля 30 груп ананімных алкаголікаў, і там нашых выпускнікоў нямала. 9 красавіка, у дзень нараджэння «Радугі», яны прыходзяць да нас, дзеляцца вопытам, расказваюць пра сваё жыццё. Многія не ўжываюць алкаголь і наркотыкі больш за дзесяць гадоў. Таму паправіцца цалкам рэальна, тут многае залежыць ад самога чалавека, — рэзюмуе Аляксандр Фёдараў.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Першы парыў — збегчы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.