Вы тут

Чаму Эстонія б'е рэкорды па беспрацоўі?


Паводле апытання жыхароў Эстоніі, якое двойчы на месяц праводзіць Міністэрства сацыяльных спраў, за час каранакрызісу стан трывожнасці ў грамадстве істотна ўзрос. «Згодна са снежаньскімі вынікамі, 75 працэнтаў рэспандэнтаў адзначаюць стрэс і напружанне, а 28 працэнтаў адчуваюць яго асабліва моцна. Падчас крызісу ўзровень стрэсу сярод насельніцтва ўзрос», — сказала ў інтэрв'ю аналітычнай перадачы ETV «Актуальная камера» галоўны спецыяліст аддзела па справах здароўя насельніцтва Міністэрства сацыяльных спраў Кэтлін Міківер, паведаміў err.ee. Адна з галоўных прычын — рэальныя апасенні страціць работу. Паводле афіцыйных даных, колькасць беспрацоўных у Эстоніі дасягнула рэкорднага паказчыка. Чаму краіна апынулася ў сумных лідарах?


Без падтрымкі

Паводле даных статыстычнага агенцтва Еўрасаюза Eurostat, занятасць сярод людзей ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў у другім квартале ў параўнанні з першым скарацілася ва ўсіх краінах Балтыі. У Латвіі гэты паказчык знізіўся на 0,3 працэнта, у Літве — на 3 %, а ў Эстоніі — на 5,2 %. Самае вялікае скарачэнне занятасці сярод насельніцтва ва ўзросце ад 25 да 54 гадоў сёлета ў другім квартале было зафіксавана зноў-такі ў Эстоніі — мінус 3 працэнты. У Латвіі і Літве — мінус 0,2 % і мінус 1,9 % адпаведна. Паказчык занятасці сярод насельніцтва ва ўзросце ад 55 да 64 гадоў у другім квартале не змяніўся толькі ў Латвіі. У Літве ён знізіўся на 1,8 %, а ў Эстоніі — на 3,1 %.

Між тым, на дапамогу спадзявацца не выпадае. Нягледзячы на тое, што ў Эстоніі адзначаецца рэкордны рост беспрацоўя, дзяржава не плануе аказваць прадпрыемствам падтрымку накшталт той, якая дзейнічала вясной падчас першай хвалі каранавіруса, паведаміла err.ee. Старшыня Цэнтральнага саюза прафсаюзаў і савета Эстонскай касы па беспрацоўі Пеэп Петэрсан заявіў, што цяпер ва ўрада ёсць выбар: захаваць эканоміку ў адкрытым выглядзе ці ізноў пачаць выплачваць прадпрыемствам дапамогі, якія дзейнічалі вясной.

«Плаціць усім мы, мабыць, ужо не будзем, але мы маем намер падтрымліваць інвестыцыі — гэта значыць, тым прадпрыемствам, якія гатовыя зрабіць нешта новае, мы можам даць грошы», — пракаментаваў міністр эканомікі і інфраструктуры Тааві Аас. Паводле яго слоў, казаць аб сумах і тэрмінах пакуль заўчасна.

Каса па беспрацоўі арыентуецца на прагноз Міністэрства фінансаў, згодна з якім да новага года колькасць зарэгістраваных беспрацоўных вырасце да беспрэцэндэнтных 70 тысяч чалавек і застанецца такой да канца будучай вясны. Але гэта ў тым выпадку, калі ў Эстоніі абыдзецца без жорсткіх мер.

Моладзь пад ударам

Зніжэнне занятасці ў Эстоніі падчас вясновага крызісу было самым прыкметным сярод краін Еўрапейскага саюза, нягледзячы на меры кампенсацыі заработнай платы. Гэта азначае, што, трапляючы ў цяжкае становішча, эстонскія кампаніі пры неабходнасці смела прыступаюць да скарачэнняў персаналу, піша Postіmees. «Рынак працы рэагуе на эканамічныя ўзрушэнні са спазненнем. Як у Эстоніі, так і ў многіх іншых краінах праграма субсідзіравання стрымлівала скарачэнне занятасці. Калі прыняць да ўвагі гэтыя абставіны, занятасць падчас гэтага крызісу моцна пацярпела, і можна сказаць таксама, што крызіс дасягнуў рынку працы адносна хутка», — заўважыла эканаміст Банка Эстоніі Арсоля Саасаарам, прадстаўляючы агляд рынку працы за другі квартал. Хоць у гэты перыяд эканоміка і занятасць пацярпелі і ў іншых краінах, тэмпы згортвання рынку працы ў Эстоніі былі аднымі з найвышэйшых у Еўрапейскім саюзе, заўважаюць эксперты.

Як паведаміла старшы эканаміст Swedbank Лійз Эльмік, сёлета ў трэцім квартале ўзровень беспрацоўя падвоіўся ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Больш за ўсё пацярпелі маладыя людзі ва ўзросце 15-24 гадоў, якія працуюць у сферы паслуг. Па даных Касы па беспрацоўі, 37 % зарэгістраваных беспрацоўных раней былі альбо некваліфікаванымі рабочымі, альбо работнікамі сферы паслуг. 40 % беспрацоўных скончылі сярэднюю ці базавую школу — не маюць прафесійнай адукацыі.

Узровень працоўнай занятасці склаў у Эстоніі 66,3 %, узровень беспрацоўя — 7,7 %. Узровень працоўнай занятасці сярод жанчын склаў 62,5 %, а сярод мужчын — 70,3 %. Эксперты канстатуюць, што выкліканы пандэміяй каранавіруса эканамічны крызіс у Эстоніі ўсё больш уплывае на рынак працы, а вельмі верагодны ў цяперашняй сітуацыі новы лакдаўн разбурыць нават тыя сферы эканомікі, якія дзякуючы вясновай падтрымцы з боку дзяржавы і паслаблення ў летнія месяцы эпідэміі пакуль яшчэ хоць неяк трымаліся на плаве.

Перш за ўсё гэта турыстычная галіна і звязаныя з ёю сферы абслугоўвання. Ужо цяпер шматлікія турфірмы пачалі масавыя скарачэнні, а цёмныя вокны гатэляў і рэстаранаў сведчаць самі за сябе. Паколькі ў занятых у гэтай сферы кампаній грашовыя рэзервы канчаюцца, а звычайна галоўны сезон назапашвання сродкаў — калядна-навагоднія канікулы — у гэтым годзе па зразумелых прычынах не адбудзецца, можна меркаваць, што ўжо да вясны беспрацоўе стане адной з галоўных дзяржаўных праблем, якія цягнуць за сабой масу іншых.

Адпаведна, сама па сабе збіраецца вялікая колькасць пытанняў да ўлады. Наконт таго, як ён ацэньвае дзейнасць урада, член праўлення Саюза гатэляў і рэстаранаў Эстоніі Крысцьян Пеэске канстатаваў, што «турызм як асобная галіна эканомікі скінуты з рахунку. Кіруючы краінай урадавы кабінет сам ведае адказы на ўсе пытанні. Нават калі пытаюць меркаванне экспертаў, гэта робіцца для выгляду, а не з мэтай разумення праблемы. Шырокі пакет, прапанаваны Саюзам гатэляў і рэстаранаў Эстоніі, нават не сталі абмяркоўваць». Як паведаміла Kroonіka, Крысцьян Пеэске адзначыў, што вялікая праблема заключаецца яшчэ і ў тым, што ніхто не ведае, які наступны план эстонскага ўрада і каго ён закране. «Наш урад набыў манаполію на праўду», — заўважыў ён, дадаючы, што вядучыя гатэльныя і рэстаранныя кампаніі Эстоніі нават разглядаюць магчымасць падачы судовага іску супраць дзяржавы.

Хваля звальненняў

Калі ж улічыць факт, што па дзеючым заканадаўстве ўстаць на ўлік на біржы працы з магчымасцю атрымліваць адтуль хоць нейкія выплаты могуць далёка не ўсе жыхары, то сітуацыя выглядае зусім ужо нярадасна. Афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае рэальнай сітуацыі. Дарэчы, па даных Дэпартамента статыстыкі Эстоніі, неактыўных на рынку працы было ў трэцім квартале 277,2 тысячы чалавек.

Вядома, некаторыя з іх не працуюць па аб'ектыўных прычынах (вучоба, хвароба, траўма), але цалкам лагічна выказаць здагадку, што значную частку складаюць якраз тыя жыхары, у якіх проста няма законных падстаў для рэгістрацыі на біржы працы і атрымання адтуль дапамогі.

Характэрна, што пакуль рост беспрацоўя назіраецца не ва ўсіх сферах. Па відах эканамічнай дзейнасці самая высокая была занятасць у трэцім квартале ў апрацоўчай прамысловасці, аднак у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года яна знізілася. А вось у будаўніцтве колькасць занятых нават павялічылася. Апошняе цалкам зразумела, бо на фоне крызісу ўжо запушчаныя да яго пачатку будаўнічыя праекты цяпер можна завяршыць з меншымі выдаткамі — пакінутыя без работы прадстаўнікі іншых сфер гатовыя працаваць тут за меншыя грошы.

Хуткі рост колькасці беспрацоўных у Эстоніі працягваецца бесперапынна з пачатку верасня, калі ў краіне было зарэгістравана больш чым 47,5 тысячы чалавек, якія шукаюць работу. Мяжа ў 50 тысяч беспрацоўных была пераадолена 5 лістапада, а менш чым праз тры тыдні была перавышана 51-тысячная адзнака.

Эксперты лічаць, што пік эканамічнага спаду ў Эстоніі прыйшоўся на восень. Аднак негатыўныя тэндэнцыі працягваюцца. Гэта датычыцца і рынку працы. Эстонскі эканаміст Райва Варэ папярэджвае, што шэрагу кампаній усё роўна прыйдзецца звольніць частку сваіх супрацоўнікаў, і крызіс, справакаваны пандэміяй каранавіруса, адаб'ецца на іх ужо ў найбліжэйшы час. «Цяпер тыя фірмы, якія спадзяваліся гэта проста перажыць, пачнуць звальняць, — яны проста пачнуць закрывацца, і тады беспрацоўе да канца года ўзрасце, — заявіў ён Baltnews. — У другой палове снежня пачнецца святочны час. І да гэтага моманту ўсё пачне згортвацца, будуць звальняць работнікаў».

Зімой беспрацоўе працягне расці, адзначыла ў сваім эканамічным аналізе старшы эканаміст Swedbank Лійз Элмік, якую цытуе LETA. «Другая хваля каранавіруса будзе больш працяглая і цёмная», — заўважыла эксперт. З ёй згодная генеральны дырэктар Эстонскага інстытута кан'юнктуры Мар'е Ёзінг. У інтэрв'ю Eestі Paevaleht эксперт заявіла, што дзякуючы дзяржаўнай дапамозе на зарплату некаторыя прадпрыемствы адкладалі прыняцце рашэнняў аб скарачэннях, але гэтыя скарачэнні непазбежныя. «Скарочаныя работнікі атрымліваюць дапамогу ад Касы па беспрацоўі, але ёсць людзі, якія не могуць на яе разлічваць», — заўважыла кіраўнік Эстонскага інстытута кан'юнктуры, нагадаўшы, што ў краіне хапае тых, хто працуе неафіцыйна.

«Кансультанты па даўгах таксама прызнаюць, што павялічваецца колькасць людзей, якія бяруць хуткія крэдыты ці іншым чынам спрабуюць палепшыць сваё становішча з дапамогай няправільных метадаў. Мы не выйдзем з гэтага крызісу так лёгка, сітуацыя пагаршаецца», — пераканана Мар'е Ёзінг.

Кожны другі працаваў звышурочна

З іншага боку, аказалася, што кожны другі работнік у Эстоніі працаваў звышурочна. Як сведчаць вынікі праведзенага парталам пошуку працы CVKeskus ee апытання з удзелам амаль 4500 чалавек з усёй Эстоніі, у гэтым годзе 51 % работнікаў выконвалі звышурочную працу. Крыху больш за палову (53 %) за тое, што працавалі звышурочна, атрымлівалі грашовую кампенсацыю, астатнія (47 %) выконвалі дадатковую работу бясплатна, паведаміла інфармагенцтва LETA.

Высветлілася, што больш за ўсё ў гэтым годзе працавалі звышурочна маркетолагі (61 %), будаўнікі (60 %) і работнікі сектара аховы здароўя (58 %). Менш за ўсё звышурочных гадзін прыпадала на асістэнтаў (41 %) і работнікаў сферы абслугоўвання (43 %). «Звышурочную работу ў многіх сектарах выклікаў з вялікай верагоднасцю крызіс у галіне аховы здароўя. Рэагаванне на выкліканы каранавірусам крызіс запатрабавала ад многіх работнікаў пастаяннай увагі і змены абавязкаў, узрасла неабходнасць замены калег, тым самым павялічылася рабочая нагрузка», — пракаментаваў даследаванне менеджар па маркетынгу CVKeskus.ee Хенры Аўвяэрт.

Нягледзячы на тое, што звышурочная работа ў аналагічным аб'ёме распаўсюджаная па ўсёй Эстоніі, у асобных рэгіёнах яна сустракаецца часцей — напрыклад, сярод людзей, якія працуюць у паветах Усходняй Эстоніі (56 %) і Паўднёвай Эстоніі (53 %). У сталіцы звышурочную работу выконвала крыху больш за палову работнікаў (51 %), а ў Заходняй Эстоніі — роўна палова.

Больш за ўсё бясплатна і звышурочна працуюць у Таліне — за адпрацаваны звыш належнага час даплату атрымлівалі менш за палову (47 %) сталічных работнікаў. Аднак ва Усходняй Эстоніі і Паўднёвай Эстоніі звышурочныя былі кампенсаваныя для 60 % работнікаў.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Грамадства

Жывыя і мёртвыя. Вялікая Айчынная вайна зачапіла амаль кожную беларускую сям'ю

Жывыя і мёртвыя. Вялікая Айчынная вайна зачапіла амаль кожную беларускую сям'ю

Саракавыя-ракавыя раскідалі па свеце людзей, разлучылі цэлыя сем'і, пакінулі дзяцей сіротамі.