Аляксандр Лапацентаў, старшыня СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна, аб прыярытэтах у атрыманні інфармацыі.
— Я чалавек старой закваскі, рабочы дзень пачынаю і заканчваю менавіта газетамі. Усім нашым калгаснікам мы выпісваем шмат газет за кошт гаспадаркі. Самыя любімыя выданні — сельскія, якія пішуць пра нашу тэматыку. Не люблю інтэрнэт. Сёння там хто што хоча, тое і балбоча. Гэта не дэмакратыя, гэта — распушчанасць, расхлябанасць і нявыхаванасць. Пішуць хто як папала. Для мяне самая дакладная крыніца інфармацыі — газета. Я не лягу спаць, пакуль не перагляджу іх. Таму я і нашым калгаснікам іх выпісваю. Хачу, каб людзі чыталі. І бачу, хто чытае.
Перш за ўсё «лаўлю» практычны бок жыцця нашай краіны. У сельскіх газетах заўсёды шукаю інфармацыю, як жывуць гаспадаркі ў нашай і іншых абласцях. Улічваючы, што большасць з іх — і слабыя, і моцныя — ведаю асабіста, цікаўлюся, як яны трымаюцца. Адсочваю, якія падзеі адбываюцца ў краіне. Мне здаецца, што не трэба нам гнацца за лічбамі, бо ў гэтай гонцы мы не бачым людзей. Ва ўсе часы мы, старыя кадры, цікавіліся, хто чым дыхае ў раёне, вобласці, якія паказчыкі, людзі за імі стаяць. Мала мы пра іх пішам і мала паказваем па тэлевізары. Затое ўсякай нізкапробнай інфармацыі — колькі заўгодна. Гэта не наш метад выхавання. Для мяне цікава пачытаць, як уводзяць у строй новы кароўнік, дзіцячы садок, калі паказваюць і расказваюць аб працавітых людзях, якія дасягнулі поспехаў у рабоце, як іх адзначылі, узнагародзілі. Вось для чаго патрэбны сродкі масавай інфармацыі. Пагадзіцеся, калі той працаўнік убачыць свой партрэт у газеце, яму захочацца яшчэ лепш працаваць. Гэта ж моцны стымул.
Запісала Нэлі ЗІГУЛЯ
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.