Вы тут

У Беларусі больш за 70 % дзяцей з асаблівасцямі развіцця навучаецца ў інтэграваных класах


Астатнія 30 % — ва ўстановах спецыяльнай адукацыі. Такіх налічваецца ў краіне 237: гэта спецыяльныя дашкольныя ўстановы, спецыяльныя школы і цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.


Новыя магчымасці

Як паведаміла падчас круглага стала ў БелТА галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Алена МУЛІЦА, агульная колькасць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця зараз у краіне складае 170 468 чалавек (назіраецца тэндэнцыя да росту). Большая частка асаблівых дзяцей (60 %) маюць лёгкія парушэнні ў развіцці, а інваліднасць — 14 234 чалавекі.

Па словах спецыяліста, у Беларусі інтэграванае навучанне і выхаванне разглядаюцца як прыступка да інклюзіўнай адукацыі. «Вывучаючы вопыт шэрагу краін, мы бачым, што ў многіх з іх гэтыя паняцці прыраўноўваюцца. Мы ідзём крыху іншым шляхам і разглядаем інтэграванае навучанне і выхаванне як паралельнае навучанне з аднагодкамі са звычайным развіццём. А інклюзіўную адукацыю — як сумесную для ўсіх, калі ўлічваюцца асаблівасці кожнага дзіцяці незалежна ад таго, ёсць у яго парушэнні ці няма, калі ўсе дзеці навучаюцца разам, у працэсе вучобы выкарыстоўваюцца адны і тыя ж навучальныя дапаможнікі, праграмы і планы, — растлумачыла Алена Муліца. — Дзейнасць Міністэрства адукацыі і ўвогуле сістэмы адукацыі накіравана на тое, каб фарміраваць і развіваць інклюзіўную культуру ў кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу».

Па словах начальніка аддзела Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Алены ФАЛЕВІЧ, ва ўстановах, у якіх рэалізоўваюцца адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ствараюцца спецыяльныя ўмовы для таго, каб падлеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця маглі атрымаць прафесійную адукацыю. Ёсць магчымасць такім хлопцам і дзяўчатам навучацца альбо ў спецыяльных групах, альбо ў інклюзіўных. У апошні час колькасць інклюзіўных навучальных груп павялічваецца. Акрамя таго, на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ёсць магчымасць навучацца дома падлеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэта адкрывае дадатковыя магчымасці для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

Па словах Алены Фалевіч, на базе Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа арганізавана эксперыментальная пляцоўка для навучэнцаў з такімі парушэннямі. Навучанне праводзіцца з максімальным выкарыстаннем дыстанцыйнага навучання. Яго ўжо прайшлі восем чалавек. «Два з іх атрымалі чырвоны дыплом, астатнія маюць сярэдні бал каля «8». Двое выпускнікоў працаўладкаваныя. Шасцёра іншых паступілі на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі і працягваюць навучанне ў гэтым каледжы ўжо ў навучальных групах сумеснага навучання», — падкрэсліла начальнік аддзела.

Адна з важных асаблівасцяў арганізацыі навучання на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — абавязковае размеркаванне. «Проста даць прафесію — не самамэта. Важна, каб выпускнік з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, атрымаўшы прафесію, змог яшчэ і рэалізавацца ў прафесійнай дзейнасці», — дадала Алена Фалевіч.

Гатоўнасць педагогаў

Дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Вера ХІТРУК лічыць, што кожны педагог павінен быць гатовы да працы з дзецьмі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.

«Змянілася прафесійная сітуацыя. І сёння ніводны настаўнік і выхавальнік установы дашкольнай адукацыі не застрахаваны ад таго, што ў яго ў групе ці класе ў любы час можа апынуцца дзіця з тымі ці іншымі адукацыйнымі патрэбамі. Неабавязкова дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Наш інстытут якраз і працуе над змяненнем зместу педагагічнай адукацыі», — падкрэсліла Вера Хітрук.

Па яе словах, пастаянна ўдасканальваецца практычная падрыхтоўка будучых дэфектолагаў. «Мы ўводзім новыя навучальныя дысцыпліны, дапаўняем змест ранейшых. Акрамя таго, гаворка ідзе пра змену разумення кожным педагагічным работнікам таго, што дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — гэта аб'ект асаблівай увагі», — адзначыла дырэктар.

Вера Хітрук расказала, што Міністэрства адукацыі разам з ЮНІСЕФ пачынае распрацоўку вялікага праекта па інклюзіўнай адукацыі, разлічанага на тры гады. «Адна з задач — гэта падрыхтоўка педагагічных кадраў. На ўзроўні другой ступені вышэйшай адукацыі ў нас плануецца адкрыць спецыяльнасці магістратуры па ранняй комплекснай дапамозе, па арганізацыі дзейнасці псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. Яе дзейнасць сёння падлягае перагляду і падрыхтоўцы новых арганізацыйных і змястоўных умоў. Яшчэ адзін аспект — работа з непажаданымі паводзінамі. Маецца на ўвазе падрыхтоўка спецыялістаў да работы з дзецьмі з расстройствамі аўтыстычнага спектра менавіта ў магістратуры», — падкрэсліла яна.

Дарэчы, Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, створаны пры БДПУ ў 2017 годзе, праводзіць курсы для педагогаў. На сёння распрацавана 113 такіх курсаў і яны запатрабаваныя.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Атрымаць прафесію цяпер можна і дыстанцыйна

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.