Вы тут

Прэзідэнцкі спартыўны клуб зацвердзіў 306 стыпендыятаў


Цэнтральны савет Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў завочнай форме зацвердзіў 306 стыпендыятаў з ліку перспектыўных беларускіх спартсменаў і трэнераў.


Улічваючы, што праз пандэмію не ўсе спартсмены ў 2020 годзе змаглі ўзяць удзел у буйных міжнародных спаборніцтвах і паказаць кваліфікацыйны вынік для пападання ў лік удзельнікаў праекта, большасць стыпендый прызначана асобным рашэннем цэнтральнага савета. У гэтым выпадку зважалі на ўдзел спартсмена ва ўнутраных спаборніцтвах, ранейшыя выступленні на міжнародным узроўні, меркаванні трэнераў і спецыялістаў, хадайніцтвы пэўных спартыўных федэрацый, асацыяцый і саюзаў.

У праекце на 2021 год прадстаўлены 35 відаў спорту. Упершыню сярод стыпендыятаў прысутнічаюць прадстаўнікі веласіпеднага спорту ВМХ і МВТ, якія ўваходзяць у алімпійскую праграму. У будучым годзе атрымліваць фінансавую падтрымку будуць адразу дзве валейбольныя каманды, якія паспяхова выступілі на юніёрскіх чэмпіянатах Еўропы.

Сярод стыпендыятаў-трыумфатараў міжнародных спаборніцтваў адзначаны чэмпіёнкі Еўропы сярод юніёраў у акадэмічным веславанні Віялета Дзмітрыева (адзіночка) і Дар'я Вырупаева з Настассяй Русак (двойка парная). Фінансавую падтрымку таксама будуць атрымліваць трыумфатары юнацкіх Алімпійскіх гульняў — чэмпіён па хакеі з шайбай Ілья Корзун і бронзавы прызёр у біятлоне Юлія Кавалеўская. У лік стыпендыятаў увайшла і Анна Дзяруга, пераможца агульнага заліку Кубка Еўропы па фрыстайле ў сезоне 2019/2020.

У афіцыйным прэс-рэлізе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба сказана, што прадстаўнікі асноўнага саставу нацыянальных каманд з 2019 года не ўдзельнічаюць у праекце выплаты стыпендый. Увага акцэнтавана на юнакоў і дзяўчат, якія толькі пачынаюць сваю спартыўную кар'еру. Сёлета сярэдні ўзрост стыпендыятаў — рэкордна юныя 16 гадоў, трэнераў — 29 гадоў.

Сярэдні памер гадавой стыпендыі — 6900 беларускіх рублёў у год (па 575 рублёў у месяц). Агульная сума выплат у 2021 годзе складзе больш за два мільёны беларускіх рублёў. Яна будзе выплачвацца спартсменам і трэнерам увесь год, пачынаючы са студзеня 2021 года. Прэзідэнцкі спартыўны клуб супрацоўнічае з адным з беларускіх банкаў. Стыпендыяты могуць выкарыстоўваць аплатную бескантактавую картку міжнароднай сістэмы з унікальным дызайнам і павышаным кэшбэкам на спартыўныя тавары.

У розны час стыпендыятамі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба былі алімпійскія чэмпіёны Надзея Скардзіна, Дзінара Алімбекава, Ірына Крыўко, Ганна Гуськова, Уладзіслаў Ганчароў і многія іншыя. Праграма стыпендый у пэўнай ступені аказалася для іх дапамогай на шляху да алімпійскіх вяршынь.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».