Вы тут

Ігар Жук: У мясцовай улады павінен быць фонд для рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў


Такой эксперыментальнай пляцоўкай можа стаць Гродзенскі рэгіён. Пілотны праект па фарміраванні бюджэту грамадзянскага ўдзелу скіраваны на павышэнне ролі мясцовага самакіравання. Прапанова будзе прадстаўлена ад рэгіёна на Усебеларускім сходзе. Аб тым, як узмацніць аўтарытэт органаў мясцовага кіравання, разважае старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук.


sovrep.gov.by

— Ігар Георгіевіч, адна з дыялогавых пляцовак, што прайшла ў Гродне, датычылася ролі мясцовага самакіравання. Якое ўражанне яна пакінула?

— У дыялогавай пляцоўцы ўзялі ўдзел дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прафсаюзы, грамадскія актывісты. Прапановы будуць прадстаўлены ад рэгіёна на Усебеларускі сход для абмеркавання. Парадавала, што ўсе, хто ўдзельнічаў, неабыякавыя да лёсу краіны. Шмат было выказана пажаданняў у адрас дэпутацкага корпуса ад грамадзянскай супольнасці. Была прапанова больш актыўна праяўляць сваю пазіцыю, сустракацца са сваімі выбаршчыкамі, каб усе праблемныя пытанні вырашаліся не на вуліцах і плошчах, а за сталом у фармаце дыялогу.

Лічу, што мы павінны пачуць людзей. Іншы раз яны выступаюць у якасці нашых апанентаў, але і сярод іх ёсць канструктыўныя прапановы па ўдасканальванні заканадаўства, рабоце сістэмы дзяржкіравання, рэфармаванні галін эканомікі. Мы павінны гэта пачуць, прааналізаваць, і, калі гэта заслугоўвае ўвагі, прыкласці намаганні для рэалізацыі.

— Падчас дыялогавай пляцоўкі неаднойчы гучала прапанова аб пашырэнні паўнамоцтваў мясцовай улады. Якія да гэтага ёсць шляхі?

— Адзін з іх — сфарміраваць у рэгіёне бюджэт грамадзянскага ўдзелу для рэалізацыі праектаў на мясцовым узроўні. Гэта сусветны вопыт. З такой прапановай мы выступаем даўно, і мы будзем адстойваць гэтую пазіцыю. У чым сутнасць? Частку бюджэту базавага ўзроўню, а гэта невялікая доля — ад 0,1 да 0,5 % агульнага бюджэту, — накіраваць у фонд, у размеркаванні якога бярэ ўдзел насельніцтва канкрэтнага раёна.

— На якія мэты маглі б пайсці гэтыя сродкі?

— Яны будуць выдзяляцца пераможцам конкурсу ініцыятыў, праектаў, якія паступаюць ад грамадзян ці ад грамадскіх арганізацый. Гэта, як правіла, сацыяльныя праекты, скіраваныя на паляпшэнне інфраструктуры пражывання, паляпшэнне экалагічнай сітуацыі. Напрыклад, азеляненне, стварэнне спартыўных пляцовак, пляцовак для выгулу сабак, веладарожак — таго, што хвалюе жыхароў. Камісія адбірае найлепшы праект, і ён фінансуецца з гэтага фонду. Тут важныя два моманты. Людзі больш цэняць тое, што зроблена непасрэдна на іх падаткі і для іх. Другое — людзі бачаць, што ўлада іх пачула, іх прапановы рэалізаваны.

— Як хутка можа запрацаваць такі фонд?

— Я думаю, гэта рэальна. Мы з Міністэрствам фінансаў зараз адпрацоўваем канкрэтныя механізмы ўкаранення фонду грамадзянскага ўдзелу. Магчыма, Гродзенская вобласць стане пляцоўкай для рэалізацыі пілотнага праекта.

— Ці варта ствараць такі фонд на рэспубліканскім узроўні?

— Фонд грамадзянскага ўдзелу фарміруецца на ўзроўні раёна. І потым насельніцтва ўдзельнічае ў праектнай дзейнасці. А вось на ўзроўні краіны мы прапануем стварыць фонд падтрымкі мясцовых ініцыятыў, калі ў праекце будзе ўдзельнічаць населены пункт або цэлы раён. Вопыт Гродзеншчыны ў праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі і іншых ініцыятывах паказаў, што вынік ад такой дзейнасці ўмацоўвае пазіцыі мясцовага самакіравання. Калі старшыня сельскага Савета, напрыклад, выйграе такі міжнародны праект, прыносіць у выканкам 10 тысяч долараў, што зусім нядрэнна. Ад гэтага аўтарытэт старшыні сельвыканкама толькі расце, бо ён не ўзяў грошы з бюджэту, а знайшоў іх у іншай крыніцы. Гэта сусветная практыка — пошук пазабюджэтных сродкаў. Чаму б і нам на ўзроўні краіны не стварыць такі фонд падтрымкі ініцыятыў? Гэта павысіць зацікаўленасць органаў мясцовай улады і дазволіць прыцягнуць людзей непасрэдна да ўдзелу ў размеркаванні сродкаў, што накіруе іх у канструктыўнае рэчышча.

— Што робіцца зараз, каб людзі адчувалі зацікаўленасць у сваіх ідэях з боку ўлады?

— Прапановы, якія паступаюць у адрас улады, аналізуюцца, і на іх аснове выбудоўваецца бюджэт наступнага года. Акрамя таго, сюды ўваходзіць і фінансаванне 20 дзяржаўных рэгіянальных праграм.

Мы не дзелім бюджэт за закрытымі дзвярыма. Гэта адкрытая старонка. На інтэрнэт-сайтах у нас размешчаны праект бюджэту для абмеркавання. Увогуле інфармацыя даступная. Але мы пойдзем далей і цяпер будзем больш дэтальна інфармаваць аб расходнай частцы. Папулярна расказваць, як і колькі сродкаў пойдзе ў тую ці іншую сферу. Практыка паказала, што такая інфармацыя вельмі важная для падаткаплацельшчыкаў.

— Для ўмацавання ролі мясцовага самакіравання важна мець фінансы, каб больш сродкаў акумулявалася ў рэгіёнах. Ці можна дабіцца дэцэнтралізацыі фінансаў на карысць рэгіёнаў?

— Зразумела, мы як рэгіён павінны ўдзельнічаць у фарміраванні рэспубліканскага бюджэту. Бо менавіта адтуль атрымліваем дарагое абсталяванне, напрыклад, у медыцыне і іншых галінах. Разам з тым мы за тое, каб павялічыць адлічэнні ад тых падаткаў, якія ідуць у рэспубліканскі бюджэт, больш пакінуць на месцах, змяніць прапорцыю. Тым самым знізіць датацыйнасць рэгіёна. Гродзенская вобласць атрымлівае 22—24 % датацый з рэспубліканскага бюджэту. Таму гэта тэма будзе абмяркоўвацца з Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам эканомікі.

— Цяпер ідзе актыўнае абмеркаванне мадэлі новай Канстытуцыі, дзе прапануецца пераразмеркаваць паўнамоцтвы паміж галінамі ўлады. Як вы лічыце, дэцэнтралізацыя ўлады павысіць ролю мясцовага самакіравання? Ці гатовы дэпутаты ўзяць на сябе такія паўнамоцтвы?

— Ад гэтага працэсу мы нікуды не адыдзем. Дэцэнтралізацыя сапраўды прыспела. У нас за гады суверэннай Беларусі створана магутная вертыкаль улады, якая дазволіла вывесці краіну з крызісу, пабудаваць моцную дзяржаву. Цяпер частку паўнамоцтваў Прэзідэнта і ўрада можна перадаць парламенту і мясцовым органам улады. Але, як сказаў Прэзідэнт, перадача паўнамоцтваў — гэта і перадача адказнасці. Тым не менш многія дэпутаты — людзі прафесійна падрыхтаваныя. Сярод іх — кіраўнікі прадпрыемстваў, навукоўцы, прадстаўнікі бізнесу. Гэта кампетэнтныя людзі, яны могуць вырашаць задачы, якія будуць стаяць перад рэгіёнам. І, мне здаецца, іх не трэба баяцца.

— Сапраўды, сярод дэпутатаў значную долю складаюць кіраўнікі рознага ўзроўню. Ці будзе гэта спрыяць актыўнасці звычайных грамадзян у вырашэнні мясцовых пытанняў?

— Тое, што выбіралі кіраўнікоў, сведчыць аб тым, што яны вядомыя людзі. Многія бачаць, напрыклад, у СМІ, як пэўны кіраўнік спраўляецца з работай прадпрыемства, і спадзяюцца на яго і як на дэпутата. Разам з тым мы не зачыняем дзверы і перад іншымі людзьмі, хто неабыякавы да жыцця свайго населенага пункта. Хто хоча на грамадскіх пачатках паўдзельнічаць у жыцці краіны, можа гэта зрабіць, нягледзячы на пасаду. Наступныя выбары ў мясцовыя Саветы павінны адбыцца ў пачатку 2022 года. Гэта будуць ужо выбары іншага фармату. Канкурэнцыя за месца стане значна вышэйшая.

— Колькасць дэпутатаў захаваецца на такім жа ўзроўні?

— Такое вызначаецца нормамі заканадаўства ў залежнасці ад колькасці насельніцтва. На мінулых выбарах у нас было абрана 2389 дэпутатаў.

— Апошнім часам выказваецца прапанова ліквідаваць такое звяно, як дэпутаты сельскіх Саветаў. Дарэчы, нядаўна падобнае меркаванне было выказана ў «Звяздзе» менавіта самой дэпутаткай. Маўляў, хопіць і раённага звяна...

— Такое пытанне абмяркоўваецца. Пакуль прынята рашэнне захаваць гэтае звяно. Разам з тым, як паказаў маніторынг, большасць раёнаў Гродзенскай вобласці за тое, каб яго ліквідаваць. Бо 60—70 % дэпутатаў сельскіх Саветаў адначасова з'яўляюцца і членамі сельскага выканаўчага камітэта. Як правіла, гэта кіраўнікі ўстаноў і арганізацый — дырэктар школы, галоўны ўрач, дырэктар сельгаспрадпрыемства і г. д. Пытанні па зваротах, можна сказаць, дублююцца. Да таго ж і дэмаграфічная сітуацыя не спрыяе. Бывае, што на аднаго дэпутата ў сельскай мясцовасці прыпадае ўсяго 130 выбаршчыкаў. Таму мы прапануем надаць больш паўнамоцтваў нашым памочнікам на месцах — органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. А на вёсцы гэта стараста. Лепш іх матэрыяльна прастымуляваць. Стварыць замест дэпутацкага корпуса грамадскія саветы стараст. Думаю, такая тэма будзе гучаць і на Усебеларускім сходзе.

— Выбарнасць органаў улады. Наколькі гэта магло б паўплываць на ўмацаванне мясцовага самакіравання?

— Думаю, што прыспеў час праводзіць выбары мясцовых органаў улады. Гэта і выбары старшыні сельскага выканаўчага камітэта, раённага выканаўчага камітэта, мэра горада. Тут будзе пэўная канкурэнцыя, але яна, лічу, паспрыяе таму, каб прайшлі самыя дастойныя, ініцыятыўныя, якія даказалі, што могуць працаваць на высокіх пасадах. Зразумела, што трэба ўнесці цэлы шэраг змяненняў у нарматыўныя дакументы, у тым ліку Канстытуцыю. Але гэта тэма, вартая абмеркавання.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў

Грамадства

Рэктар БДМУ Рубніковіч: Набор на бюджэтную форму сёлета павялічым

Рэктар БДМУ Рубніковіч: Набор на бюджэтную форму сёлета павялічым

Вялікае інтэрв'ю з рэктарам БДМУ да 100-гадовага юбілею ўніверсітэта.

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.