Вы тут

Гродзенская вобласць стала другім у краіне рэгіёнам, куды прыйшоў «Мабільны паштальён»


Сацыяльны праект «Белпошта» распачала год таму. Яго сутнасць у тым, каб забяспечыць паштальёнаў спецыяльна распрацаванымі мабільнымі прыладамі. Першымі ў рэгіёне іх пачалі асвойваць лідчане. У раёне ўсе паштальёны забяспечаны апаратам, які з дапамогай дадатка дазваляе ў рэжыме анлайн ажыццяўляць прыём усіх плацяжоў і паслуг, што прапаноўваюцца на аб'екце паштовай сувязі.


Першымі апрабавалі новаўвядзенне кіроўцы-паштальёны. Водгукі аб рабоце станоўчыя — працаваць зручней і прасцей, чым з бланкамі і папяровай справаздачнай дакументацыяй. Такі вердыкт вынеслі ў Лідскім рэгіянальным вузле паштовай сувязі. Па словах начальніка РВПС Яўгена Серпука, «мабільнага паштальёна» асабліва ацанілі там, дзе няма паштовых аддзяленняў і банкаў. Гэта аддаленыя вёскі, дзе, бывае, пражывае і да некалькіх дзясяткаў жыхароў.

— У паштальёна на руках прылада, якая дазваляе аказаць поўны пералік тых паслуг, што кліент можа атрымаць на аб'екце паштовай сувязі. У тым ліку прыём падпіскі, выдачу пенсіі, прыём і выплату пераводаў, прыём і выдачу паштовых адпраўленняў, рэалізацыю тавараў штодзённага попыту на даставачным участку паштальёна, — зазначыў Яўген Сярпук.

На базе аперацыйнай сістэмы Androіd устаноўлены спецыяльны дадатак, які дазваляе праводзіць усе неабходныя маніпуляцыі. Праграму нельга прыстасаваць для звычайнага смартфона, а толькі пад пэўны апарат для службовага карыстання.

У Гродзенскім філіяле РУП «Белпошта» паведамілі, што на эксперымент у Лідскі раён накіравана 88 апаратаў, якімі забяспечаны ўсе паштальёны вузла. Дыяпазон абслугоўвання даволі значны. Сюды ўваходзіць Лідскі, Воранаўскі, Іўеўскі і Дзятлаўскі раёны.

Па словах дырэктара Гродзенскага філіяла Андрэя Анісімава, «мабільны паштальён» добра зарэкамендаваў сябе ва ўсх відах паслуг. Ёсць магчымасць разлічвацца як наяўнымі сродкамі, так і праз банкаўскія пластыкавыя карткі. Пры аказанні паслугі апарат выдае чэк, які кліент атрымлівае пры любых разліках. Да таго ж усе аперацыі праходзяць у рэжыме анлайн.

Пасля таго, як першымі ў гэты працэс уключыліся кіроўцы-паштальёны, гэтая мабільная прылада распаўсюджана сярод усіх паштальёнаў.

Зараз на Лідскім раённым вузле завяршаецца навучанне супрацоўнікаў і ўкараненне апошніх адзінак «мабільнага паштальёна». У асноўным усе апараты на руках, і паштальёны імі з задавальненнем карыстаюцца. Засвоіць яго нескладана, а вось плюсоў у рабоце ён дадае нямала, паведамілі ў Лідзе. Раней квітанцыі на такія паслугі даводзілася выпісваць ад рукі. На кожную аперацыю — асобная квітанцыя. Паштальёну ў канцы працоўнага дня такую справаздачу трэба было аформіць у аддзяленні сувязі. Зараз усе паслугі праводзяцца праз мабільную прыладу з касавым апаратам і тэрміналам для аплаты банкаўскай карткай. Некалькі «клікаў» — і кліент атрымлівае звычайны чэк. Усе аперацыі праводзяцца ў рэжыме анлайн і адразу паступаюць у базу даных «Белпошты», а грошы, якія прыняты ад кліента, — на разлік. Зручна, бо абслугоўванне хуткае.

Лідскі раён невыпадкова стаў першым у новаўвядзенні. Гэта адбылося таму, што Ліда ўвайшла ў спіс гарадоў з паскораным развіццём. Як бачым, у гэты працэс актыўна ўключыўся і паштовы сэрвіс.

— Гродзенская вобласць — другі рэгіён эксперыментальнага праекта. Год таму пілотны праект быў запушчаны ў Аршанскім раёне. Па словах нашых калег, паслуга хутка прыжылася. Практыка паказала, што эксперымент сябе поўнасцю апраўдаў, хоць укараняўся паступова і меў абмежаваны комплекс паслуг, — патлумачыў Андрэй Анісімаў.

Не ўсе паслугі паштовай сувязі напачатку былі даступны для кліента. На першым этапе з дапамогай «мабільнага паштальёна» афармлялася падпіска, можна было здзейсніць камунальныя плацяжы ў сістэме АРІП (Адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы). Праз некаторы час дабавілася магчымасць пакупкі тавараў і адпраўкі паштовых адпраўленняў. Трэці этап дазволіў афармляць унутраныя і міжнародныя паштовыя пераводы, прыём і выплату паштовых грашовых пераводаў, выплату пенсій. Гродзенцы ўключыліся ў праект адразу з усімі гэтымі функцыямі.

Зараз у структуры «Белпошты» больш за тры тысячы аддзяленняў сувязі, асноўная колькасць знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Паштальёна ў вёсках чакаюць. Калі раней функцыі яго былі абмежаваны — прынесці паштовыя адпраўленні, выпісаць газету ці часопіс, прынесці пенсію, — то цяпер колькасць паслуг значна пашырылася. Вяскоўцы з задавальненнем карыстаюцца новай паслугай. Сярод папулярных — папаўненне балансу мабільнай сувязі, аплата камунальных паслуг. Зараз вядзецца падпіска перыядычных выданняў. У сувязі з гэтым паштальёны робяць падамавы і пакватэрны абход. Такім чынам, жыхарам не трэба нават выходзіць на вуліцу, каб выпісаць газету або часопіс.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзена Гродзенскім філіялам РУП «Белпошта»

Загаловак у газеце: Службовы гаджэт напагатове

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.