Вы тут

Сенатары праманітораць цэны ў крамах на прадукты да святочнага стала


Рабочую нараду з удзелам усіх зацікаўленых бакоў днямі правяла старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў была тэма вывучэння росту цэн на прадукты харчавання, да якой далучыліся сенатары.


mircapsul.ru

На сустрэчы ў Савеце Рэспублікі ўдзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Белстата і Федэрацыі прафсаюзаў — тых структур, якія пастаянна кантралююць змены цэн на спажывецкім рынку і аналізуюць гэты працэс. Дарэчы, МАРГ яшчэ і выступае рэгулятарам гэтага працэсу, калі назіраюцца пэўныя змены не толькі ў бок павелічэння, а і ў бок зніжэння цэн (такое таксама здараецца).

Як адзначыла старшыня профільнай камісіі Таццяна Рунец, цэны тавараў — адна з тэм, якая хвалюе насельніцтва. Таму Савет Рэспублікі ўдзельнічае ў маніторынгу цэн, бо гэта адна з трыадзіных задач у ланцужку «цэны—занятасць—зарплата», якую паставіў кіраўнік дзяржавы, і ўзаемадзеянне ў адзінай звязцы ўсіх дзяржаўных органаў па яе выкананні знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сенатарскага корпуса. У прыватнасці, як звычайныя спажыўцы мы заўважаем змены ў цэнніках на сланечнікавы алей, грэчку, цукар і іншыя базавыя прадукты.

Па словах сенатара, вынікі маніторынгу накіроўваюцца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, і калі ёсць парушэнні, там аператыўна прымаюць адпаведныя меры. Напрыклад, як растлумачыла Таццяна Рунец, такім чынам былі адрэгуляваны цэны на крупы ў некаторых рэгіёнах краіны. Трэба сказаць, што масавых злоўжыванняў у гандлёвых аб'ектах зарэгістравана не было.

Увага да навагодняга стала

Аднак напярэдадні Новага года важна звяртаць увагу на цэнавыя змены ў наборы прадуктаў для навагодняга стала, якія не ўваходзяць у спіс сацыяльна значных тавараў, як, напрыклад, хлеб ці малако. Але, пагадзіцеся, пераплачваць за бутэльку шампанскага ці мандарыны не хоча ніхто. Таму Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сенатарскі корпус і іншыя зацікаўленыя ў гэты перыяд пачнуць аддаваць больш увагі маніторынгу цэн на традыцыйныя прадукты, якія выкарыстоўваюцца для прыгатавання святочных страў, і розныя напоі.

— Што датычыцца пераднавагодняга маніторынгу, яго мы традыцыйна ўзмацняем і вядзём не на штотыднёвай, а на штодзённай аснове. Глядзім цэны на пазіцыі, якія звычайна ёсць на навагоднім стале, і аператыўна адпрацоўваем парушэнні гандлю, вытворцаў і перапрацоўшчыка, — растлумачыў журналістам намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй КАРТУН.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «МС» адносна «індэкса аліўе», ён расказаў, што ў спіс для пераднавагодняга маніторынгу трапляюць
25-30 пазіцый. Традыцыйна гэта зялёны гарошак, мандарыны, некаторыя віды цукерак, шакалад, шампанскае. Напрыклад, цэны на мандарыны шмат у чым абумоўлены сёлетнім ураджаем.

— Як правіла, гандлёвыя сеткі ведаюць, што будзе павышацца попыт, і загадзя да гэтага рыхтуюцца. Дэфіцыту прадуктаў па «індэксе аліўе», як вы яго назвалі, ніколі няма, — адзначыў намеснік міністра.

Дарэчы, ён падкрэсліў, што маніторынг вядзецца пастаянна, а не толькі напярэдадні свят — у МАРГ дастаткова інструментаў для таго, каб уплываць на цэны. Калі, напрыклад, высвятляецца неабгрунтаваны рост цэн, выкарыстоўваюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння ажно да закрыцця крам. З пачатку года было выяўлена больш за 170 парушэнняў у цэнаўтварэнні, сума штрафных санкцый перавысіла сто тысяч рублёў, паведаміў Андрэй Картун.

Мінус запалкі

Між іншым, спіс сацыяльна значных тавараў таксама адкарэктуюць. Зараз у ім знаходзіцца крыху больш за 30 пазіцый, растлумачыў суразмоўнік, па якіх профільнае міністэрства можа ўводзіць часовае рэгуляванне на тэрмін да 90 дзён.

— Ужо практычна завершана работа па аптымізацыі гэтага пераліку. Нейкія пазіцыі будуць дададзены, нейкія — выключаны. Але гэта не значыць, што мы станем рэгуляваць усе сацыяльна значныя тавары. Будзем падыходзіць выбарачна і ўзважана, — падкрэсліў намеснік міністра.

Напрыклад, з гэтага спіса прапануюць выключыць запалкі, таму што яны не займаюць значнага месца ў спажывецкім кошыку. Нават пры змене кошту запалкі не паўплываюць на інфляцыю. Якія пазіцыі з'явяцца, суразмоўнік не канкрэтызаваў.

У міністэрстве лічаць лагічным рэгуляваць цэны на тыя пазіцыі, якія аказваюць найбольшы ўплыў на цэны іншых прадуктаў. Напрыклад, калі дзейнічае дзяржрэгуляванне кошту мяса і мясапрадуктаў, ускосна гэта ўплывае і на іншыя прадукты.

— Таму няма неабходнасці рэгуляваць усе пазіцыі. Трэба падыходзіць кропкава. Сыравяленая каўбаса прэміум-сегмента не адносіцца да сацыяльна значных тавараў. Такія пазіцыі мы будзем выключаць. Тое самае і малочная група: няма неабходнасці рэгуляваць глазураваныя сыркі, трэба рэгуляваць толькі малако, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, — удакладніў Андрэй Картун.

Віртуальны маніторынг

Дарэчы, падыходы да вывучэння цэн на спажывецкім рынку таксама павінны змяніцца. Зараз плануецца стварэнне ў нашай краіне анлайн-сістэмы маніторынгу цэн, якая будзе выкарыстоўваць даныя сістэмы кантролю касавага абсталявання.

Як паведаміў суразмоўнік, цяпер ідзе работа над тым, каб у рэжыме анлайн атрымліваць інфармацыю ад гандлёвых сетак па дынаміцы цэн і продажаў. На першым этапе будзе пералік асноўных пазіцый — каля сотні, аб якіх Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю штодзённа будзе атрымліваць інфармацыю ад Міністэрства па падатках і зборах на аснове даных сістэмы кантролю. Гэтыя звесткі дапамогуць адсочваць пазіцыі, якія істотна ўплываюць на інфляцыю.

Стварэнне анлайн-сістэмы прадугледжана антыінфляцыйнай праграмай на 2021—2023 гады. Гэта дазволіць у большай ступені лічбавізаваць працэс маніторынгу цэн.

Загаловак у газеце: Падаражання быць не павінна, або Які «індэкс аліўе»?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».