Вы тут

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з удзельнікамі VІІІ Беларуска-расійскага маладзёжнага форума


На думку спікера верхняй палаты парламента, форум дазволіў выпрацаваць новыя падыходы, разгледзець тыя пытанні, якія сёння найбольш актуальныя для моладзі Беларусі і Расіі.


Фота БелТА.

Размова адбылася ў рэжыме адкрытага дыялогу. Асноўную частку адведзенага на сустрэчу часу склалі адказы старшыні Савета Рэспублікі на пытанні юнакоў і дзяўчат з зала. У выніку абмеркавалі даволі шырокае кола пытанняў, выслухалі аўтараў ініцыятыў і прапаноў, што датычыліся рэалізацыі актуальных сацыяльных праектаў, прагучалі новыя ідэі.

Не здрадзіць памяці пераможцаў

Форум адбыўся ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі, і тэма захавання аб'ектыўнай гістарычнай памяці пра гераічны подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, натуральна, узнікла падчас дыялогу.

Наталля Качанава падкрэсліла неабходнасць захаваць памяць пра людзей, якія адстаялі мір і свабоду на нашай зямлі, памяць аб падзеях страшных ваенных гадоў. Яе зацікавіў сціслы аповед прадстаўніцы расійскага саюза сельскай моладзі пра акцыю «Подзвіг вёскі». Яе мэта — расказаць аб гераізме вясковых жыхароў Расіі ў аднаўленні разбуранай ушчэнт вёскі ў гады вайны. Маладыя людзі ўжо запісалі і сабралі больш за восем тысяч гісторый на гэтую тэму, правялі вялікую фотавыстаўку ў Савеце Фэдэраціі Расіі. Адсюль і прапанова: распаўсюдзіць такі вопыт і ў Беларусі.

Наталля Качанава падтрымала ідэю. Паводле яе слоў, мы не маем права здрадзіць гэтай памяці, яе трэба перадаваць ад пакалення да пакалення і разам змагацца супраць гераізацыі фашызму. Гэта наш абавязак. Бо самае галоўнае ў свеце — мір. У Вялікай Перамозе тыя гістарычныя карані, якія аб'ядноўваюць нашыя народы. І гэтая гістарычная памяць павінна назаўсёды застацца ў сэрцах.

Валанцёрскі рух — пачэсны

Цікавая прапанова прагучала з вуснаў расіянкі Лейлы: стварыць дыялогавую пляцоўку для беларускіх і расійскіх маладых валанцёраў з мэтай сумеснай рэалізацыі карысных для людзей праектаў у абедзвюх краінах.

Наталля Качанава падтрымала ініцыятыву і паабяцала ўдзельнічаць у дыялогавых пляцоўках, куды запросіць моладзь.

Сёння, калі нашыя краіны, ды і ўвесь свет, сутыкнуліся з каранавірусам, валанцёрскі рух — гэта архіважна. У зоне ўвагі маладых валанцёраў шмат людзей сталага ўзросту, інвалідаў. Хлопцы і дзяўчаты прыносяць ім лекі з аптэкі, прадукты харчавання з магазіна, іншыя спажывецкія тавары. І чым больш будзе такіх ініцыятыў, тым лепш.

Быць патрыётам у першую чаргу

Малады хлопец Яўген з Гродзенскай вобласці пытаўся пра асаблівасці ажыццяўлення маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне на сённяшнім этапе, пра актуальнасць супрацьдзеяння негатыўнай ролі сацыяльных сетак у фарміраванні матывацыі паводзін маладых людзей.

Спікер верхняй палаты парламента падкрэсліла, што маладзёжная палітыка — прыя-рытэтны кірунак дзяржаўнай палітыкі. І самае галоўнае тут — патрыятызм: любоў да радзімы, краіны, сям'і, родных і блізкіх — тых людзей, якія побач. І сёння малады чалавек павінен быць у першую чаргу патрыётам.

На шматлілікіх прыкладах Наталля Качанава паказала, як дзяржава, у сваю чаргу, імкнецца ўсяляк дапамагаць маладым у іх вялікіх і малых справах: правядзенні патрыятычных акцый, актывізацыі дзейнасці інстытута куратарства для хуткага прафесійнага станаўлення маладых спецыялістаў, реалізацыі спартыўных мерапрыемстваў і гэтак далей.

Старшыня Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый» Павел Алекса адзначыў як знакавы для ўдзельнікаў сустрэчы ў Мінску той факт, што форум завяршыўся важным мерапрыемствам: шчырай размовай са старшынёй Савета Рэспублікі.

— Гэта ў чарговы раз дэманструе, што дзяржава аддае вялікую ўвагу маладзёжнай палітыцы, — падкрэсліў ён.

Нагадаем, наступны форум пройдзе ва Уладзівастоку — самым усходнім пункце Саюзнай дзяржавы.

Леанід ТУГАРЫН

Загаловак у газеце: Шчырая размова

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.