Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Шкада птушачку...

альбо Аб тым, як пасварыліся Мітрафанавіч і Аркадзевіч

Гісторыю пра іх варта пачаць здалёк: з таго, што гэтыя два дзядзькі жылі ў вёсцы, у суседстве, працавалі ў адным калгасе, што вайну адзін аднаму яны, як быццам, не аб'яўлялі, аднак згоды ў іх таксама не было...

І ўсё, відаць, таму, што кожны лічыў сябе хай не самым разумным, але ж разумнейшым за іншага, прычым — ва ўсім. Ну хоць бы ў грамадзянскай пазіцыі, у барацьбе з недахопамі.

Было, напрыклад: на ферме злавілі злодзея. І нават не ўпершыню. Аркадзевіч тут жа дае сігнал у інстанцыі: маўляў, так і так, ці ёсць у калгасе начальства, а калі ёсць, то куды глядзіць?..

З інстанцыі праз нейкі час камісія, праверка — Аркадзевічу пісьмовы адказ: маўляў, факты часткова пацверджаны. Кіраўніцтва ў калгасе ёсць і яно строга папярэджана...

Мітрафанавіч жа з любым непарадкам змагаўся інакш: ён з сабою насіў аброць. А далей...

Заўважыць, напрыклад, што нехта з даглядчыкаў не тое што крадзе, проста неахайна вязе — рассыпае кармы для жывёлы, і...

На першы раз яшчэ можа прыгразіць, а вось на другі — ужо наўрад.

Баяліся яго... Нават тое ж калгаснае начальства, бо дзядзьку, як выглядала, было ўсё роўна, каго аброццю сцебануць. Роднай жонцы гразіў (яна таксама на ферме працавала), што калі з работы хоць нешта прынясе, — прыб'е на месцы.

...Вось такія былі суседзі і такія ў іх метады барацьбы. Аркадзевіч лічыў, што лепшыя — у яго, бо законныя, Мітрафанавіч — што ў яго, бо дзейсныя!.. Ды і кім, уласна кажучы, быў той Аркадзевіч? Галота няшчасная. Падхалім: для таго каб да начальства наблізіцца, нават размаўляць стараўся па-руску — акурат як яно...

А вось Мітрафанавіч — ён не з галоты, ён з хутаран, з сапраўдных гаспадароў! Праўда, неяк...

Значыць, ідзе ён дамоў на абед са сваёю аброццю. Глядзіць — на вуліцы два пеўні б'юцца: суседаў здыхлік, можна сказаць, і ягоны цар...

Які перамагае?

Ну, зразумела ж...

Пастаяў каля іх Мітрафанавіч, палюбаваўся на свайго певуна ды яшчэ і падахвоціў: маўляў, дай яму, дай, пакажы, хто галоўны... Ды і пайшоў сабе ў хату. Папалуднаваў там, газету пачытаў — пара на работу ісці. Зняў аброць і шапку з цвіка, выйшаў на вуліцу, а там...

Вочы б не бачылі: той суседаў здыхлік ужо, здаецца, таго — дабіў ягонага пеўня!

— Кыш, каб ты здох! — кінуўся да птушкі Мітрафанавіч. А ўжо ж як замацюкаўся, як абазваў гаспадара...

Той якраз гной выкідаў, з віламі на шум гэты выйшаў. І маўчаць таксама ж не стаў. Пасварыліся мужыкі. Можа, нават пабіліся б, але ж Мітрафанавіч разумеў, што з аброццю на вілы — як з відэльцам на танк...

А да ўсяго яшчэ і сам вінаваты: «не разняў» двух пеўняў, «падставіў» свайго...

Карацей, згоды паміж суседзямі не было і раней, а з тога часу яны яшчэ і вітацца перасталі, бо ў абодвух прынцыпы, з-за якіх...

Загінуў певень, без пары галаву злажыў. А галоўнае — ні за што.

Соф'я Сарокіна, Жлобінскі раён


Кандрат і ягоныя жонкі

Некалі ў нашай вёсцы жыла цікавая пара — Кандрат і Агапка. Дзяцей у іх не было, і — хто ведае — можа, з гэтай прычыны надумаў гаспадар сабе іншую жонку шукаць — маладую.

Колькі там часу прайшло, — знайшоў, прывёў да сябе ў хату. Старой, як быццам, трэба было б сыходзіць, а няма куды — прыйшлося, беднай, застацца.

Так яны і зажылі: новая жонка спаць кладзецца з Кандратам, былая — лезе на печ. Ды і каля печы яна па-ранейшаму за гаспадыню...

Раніцай неяк падступілася, каб запаліць, каб зрабіць для сям'і сняданак, а дроў няма.

Пабудзіла яна маладую Кандратаву жонку. Удзвюх пайшлі пілаваць.

— Ну, а зараз яшчэ і пасячом, — распараджаецца Агапка.

— Яшчэ чаго?! — фыркае маладзіца. — Няхай Кандрат сячэ!.. Ды і наогул, Агапка — я на тваім месцы ўжо даўно б яму галаву адсекла!

Гаворыць яна так і не бачыць, што Кандрат у яе за спінай стаіць, што ён усё гэта чуе. А потым як закрычыць:

— Агапка, а ну запрагай кабылу! Грузі на воз барахло гэтай сцервы!.. Каб у нашай хаце нават духу яе не было!..

Прагнаў маладуху, а з Агапкай жыць застаўся.

Міхась Сліва, г. Рагачоў


Людзі могуць па-рознаму жыць...

Некалі даўно моладзь з вёсак з'язджала, цяпер — хто-ніхто з тых хлопцаў і дзяўчат пачынае вяртацца. Вось і мая прыяцелька, атрымаўшы «званне» пенсіянеркі, пакінула ў Мінску трохпакаёвую кватэру — пераехала на радзіму, у бацькаву хату.

Надоечы мы ўспаміналі з ёй даўнейшае: маіх бацькоў ды яе дзеда Лёксу і бацечку Пятра (хай на тым свеце ім добра будзе, бо добрыя ж людзі!)... І такія заўзятыя рыбакі! Можна сказаць, нават хворыя, на рыбалку, бо абодвум без розніцы было, зловяць што ці не зловяць, дзвюх плотак для катоў ці па пяць шчупакоў — ім галоўнае пасядзець... Ну і юшку зварыць на беразе. Калі пашчасціць, — то найлепш на закуску.

Дык вось неяк раз пайшлі яны з вудамі на рэчку (гэта блізка ў нас). Пахадзілі там, пасядзелі — клёву амаль не было, а вось думка адна даймала:

— Слухай, бацька, ты помніш, які сёння дзень? — папытаўся сын.

— А як жа! — усміхнуўся стары. — Пятра і Паўла... Вялікае свята. Тваё...

— Дык у мяне гатовая брага ў лазні. Можна гарэлку выгнаць.

Ад гэтых слоў мужчыны тут жа прыступілі да справы — не сказаць, што прывычнай (пасля вайны гарэлку доўга не гналі — не было з чаго), але ж знаёмай... А таму не дзіва, што досыць хутка з тонкай трубкі змеевіка ўжо заструменіў пахкі (з чыстага жыта!) натурпрадукт. У Пятра аж слінкі пацяклі — падставіў конаўку... Аднак бацька строга прыгразіў:

— Не смець!.. Зробім справу, — тады.

...Да канца яе заставалася ўсяго нічога, калі з-за кустоў паказаўся Рыгор, ён жа — першы стукач у акрузе... «Ну ўсё — нам турма», — падумалі бацька з сынам, але ж іншага выйсця не бачылі: прывецілі «госця», пачаставалі гарэлкай, далі прыкусіць. А заадно дзед Лёкса спытаў: «Рыгор, ты ж ведаеш, дзе месца для языка?.. Правільна — за зубамі. Дык ты ж глядзі — пабудзь чалавекам, не выдавай...». — «Ды што вы? Бронь божа! Маўчу, як магіла!» — паабяцаў Рыгор. І пры гэтым так хутка пашыбаваў у бок сельсавета, што сумненняў не заставалася: здасць іх... Як піць даць!

Значыць, бацьку з сынам трэба было спяшацца. Над вогнішчам яны спехам павесілі кацялок з рыбай. Увесь самагонны рыштунак хуценька разабралі і «ўтапілі» ў рацэ... Вядро з гарэлкай схаваць не паспелі — пачуўся гул матацыкла: з'явіўся іх участковы, а з ім яшчэ і ўпаўнаважаны з сельсавета.

Прыезджыя ўдвух і досыць уважліва агледзелі тэрыторыю вакол трыногі, зазірнулі ў кацялок, дзе варылася юшка.

— Добра пахне, скажы! — прызнаў участковы. — Прыпраўкамі...

— Я нічога не чую, — адказаў «паняты». — Насмарк...

«Няўжо пранясе?» — не паверылі шчасцю самагоншчыкі, бо, нічога крымінальнага не ўбачыўшы, «госці» ўжо збіраліся пісаць пратакол... Два вядры ля крынічкі ў апошні момант заўважылі.

— Глянь, што там, — даручыў «панятому» ўчастковы.

«Не пранесла», — зноў жахнуліся бацька з сынам, гледзячы, як той упаўнаважаны кіруе да крыніцы, як нахіляецца над вядром.

— Вада! — закрычаў здалёк «пасланец».

— А яе, што, з гэтай крыніцы п'юць? — спытаў участковы ў дзеда.

— Мы прывычныя, п'ём бывала, — не схлусіў той. — А вось вам — я ніяк бы не раіў...

Трэба сказаць, што дзед Лёкса ў акрузе чалавекам быў вельмі паважаным — шчырым працаўніком, ветэранам вайны, ардэнаносцам... Да яго парад проста грэх было не прыслухацца.

У выніку «экіпаж» з чым прыехаў, з тым і паехаў: самагонка засталася ў вядры... Вось толькі піць пасля перажытага мужчынам зусім не хацелася — нават пад юшку, на святога Пятра.

...Згадалі мы з прыя-целькай гэту гісторыю, і ў памяці міжволі ўсплылі радкі Сяргея Астравога: «В жизни можно по-разному жить. / В горе можно и в радости. / Вовремя есть, Вовремя пить. / Вовремя делать гадости...»

Былі ды і засталіся, на жаль, вось такія «аматары». Але ж добрым словам і куды часцей мы ўспамінаем іншых... Ды хоць бы і таго ўчастковага з «панятым», якія, ну вядома ж, маглі б тады пасадзіць «самагоншчыкаў», зламаць жыццё іх жонкам, дзецям, кінуць цень нават на ўнукаў, але...

Добрае імя ім было даражэй.

Ніна Сашына, Бярэзінскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж. «Апошнія лісткі ў календары, сыходзіць год — самотны і стары...» Гэта была апошняя (сёлета) падборка вясёлых і праўдзівых гісторый. Час вызначаць найлепшыя.

Нагадаем, што рэдакцыя робіць гэта з улікам меркаванняў чытачоў. А таму, калі ласка, напішыце, што спадабалася, што запомнілася, каго з аўтараў варта прызнаць найлепшым расказчыкам — пераможцам традыцыйнага звяздоўскага конкурсу — і ўручыць памятныя прызы.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.