Вы тут

Дэпутат Андрэй Бугроў адказваў на пытанні гараджан падчас прамой лініі


У мінулую суботу на пытанні гараджан падчас прамой лініі адказваў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў. Ён вызначыў чатыры адрасы для наведвання з мэтай больш дэталёвага вывучэння праблемных сітуацый і іх ацэнкі на месцы.


Усяго паступіла амаль тры дзясяткі зваротаў. Яны былі розныя па змесце, характары, нават інтанацыі і эмацыянальным суправаджэнні размовы. Людзі гаварылі пра тое, што іх больш за ўсё хвалюе: праблемныя пытанні жыцця ў новых мікрараёнах, хібы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, даўгабуды ў сталіцы і іншае.

Напрыклад, жанчына, якая жыве на вуліцы Шышкіна, расказала, што вось ужо больш за шэсць гадоў побач з домам № 26 будуецца кафэ. І ўсе гэтыя гады жыхары суседніх дамоў вымушаны мірыцца з нязручнасцямі, выкліканымі дзеяннямі будаўнікоў: брудная дарога, разбітыя тратуары, рэшткі смецця і г. д. Андрэй Бугроў паабяцаў асабіста вывучыць сітуацыю і праінфармаваць аўтара звароту аб прынятых мерах.

Уладзімір Якаўлевіч, жыхар мікрараёна Сокал, у сваім звароце акрэсліў праблематыку развіцця яго сацыяльнай інфраструктуры, якая істотна адстае ад будаўніцтва жылля: школы перапоўненыя, маецца недахоп дзіцячых паліклінік, адсутнічаюць культурныя ўстановы і адукацыйныя цэнтры, няма, напрыклад, басейна і г. д. Аўтар звароту прапанаваў разгледзець магчымасць прыбудовы да будынка школы дадатковага корпуса для дашкольнікаў або вучняў пачатковых класаў.

На думку Андрэя Бугрова, які ўважліва выслухаў маналог суразмоўніка, вырашэнне праблем Сокала патрабуе асаблівай увагі і вялікіх намаганняў. Бо мікрараён будзе толькі расці і развівацца. Жыллё тут прапануецца і шматдзетным сем'ям.

— З улікам меркаванняў жыхароў разам з раённай адміністрацыяй будзем прымаць канкрэтныя рашэнні, — сказаў старшыня Мінскага гарсавета.

У час прамой лініі ён часам уступаў у дыскусію. Так, адзін з мінчан рашуча патрабаваў пафарбаваць пад'езд яго дома, сцены якога размалявалі падлеткі, хутчэй зрабіць новую дзіцячую пляцоўку ў двары.

У сваю чаргу, Андрэй Бугроў паспрабаваў пераканаць чалавека ў неабходнасці самім жыхарам дома праяўляць больш калектывізму і ініцыятывы ў навядзенні парадку там, дзе жывеш, у сваім двары, а не толькі праяўляць незадаволенасць. Можна і самім пабудаваць нешта нескладанае, «скінуцца» па невялікай суме грошай і асвяжыць, пафарбаваць сцены пад'езда разам з падлеткамі ў выхаваўчых мэтах.

Старшыня гарсавета звярнуў увагу і на тое, што некалькі званкоў было на аднолькавую тэму: выказваліся прэтэнзіі да канструкцый прыпынкаў грамадскага транспарту: навес ад дажджу ёсць, а бакавых сценак, за якія можна часова схавацца ад пранізлівага ветру, няма.

Андрэй Бугроў лічыць гэтыя заўвагі справядлівымі і вартымі вывучэння з мэтай наступнага прыняцця адпаведных мер.

Больш уважліва ацаніць стан пешаходных шляхоў зносін у Мінску падказаў зварот Надзеі Мікалаеўны, якая жыве на вуліцы Выгоцкага. Жанчына прасіла дапамагчы абсталяваць тратуарную дарожку да прыпыначнага пункта. Мясцовыя жыхары звярталіся ў раённую адміністрацыю, але пакуль безвынікова.

Старшыня паабяцаў жанчыне, што асабіста выедзе на месца, каб сустрэцца з насельнікамі вуліцы і разам падумаць, як вырашыць іх праблему. Тым больш што пра гэта казалі і іншыя гараджане.

Былі і прыемныя моманты: мінчане выказвалі словы ўдзячнасці за тое, што ў няпростай сітуацыі, выкліканай барацьбой з пандэміяй, гарадскія ўлады знайшлі час і сродкі па-святочнаму ўпрыгожыць сталіцу да Новага года і тым самым узняць людзям настрой.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».