Вы тут

Ці залежыць святочны настрой ад наяўнасці аліўе і мандарынаў?


У снежні, нават такім не падобным на самога сябе, як было летась і як, мяркуючы па ўсім, будзе сёлета, заўсёды згадваецца дзяцінства і незвычайнае лёгкае пачуццё прадчування чароўнага свята. Стараешся яго, гэта пачуццё, злавіць хоць на хвіліну, — а не атрымліваецца. «Можа, справа ва ўзросце?» — скептычна сама ў сябе пытаешся. Можа. А можа, яшчэ і ў тым, што памяняліся аб'ектыўныя абставіны. Тое, чаго не было, ёсць напоўніцу. А таго, што здавалася звычайным і абавязковым, — няма.


Ну вось глядзіце. Ядомыя сімвалы свята. Мандарыны. Ці зялёны кансерваваны гарошак. Цяпер у любым, нават вясковым, магазіне ці аўтакраме ён у наяўнасці. Калі ж магазін большы — «прадстаўлены шырокі асартымент». Выбірай на любыя густ і кашалёк. А раней жа мандарыны былі менавіта навагодняй раскошай — каб іх пакаштаваць, за імі трэба было яшчэ і пабегаць-пашукаць-пастаяць у чарзе. І тое ў горадзе. Калі ж гэтыя дзівосныя фрукты хтосьці з гарадскіх прывозіў у вёску — інакш чым райскія яблыкі, якія шанцуе каштаваць толькі выбраным, яны не ўспрымаліся. Іх пах, які трывала замацаваўся як пах Новага года, змешваўся з пахам хвоі ад прынесенай з марознага лесу ёлкі і здаваўся самым лепшым, самым святочным водарам у жыцці. Я, калі шчыра, не памятаю, якія былі мандарыны майго вясковага дзяцінства на смак: салодкія ці кіславатыя, але дакладна ведаю, што смак той быў — найлепшы... А што цяпер? Ходзіш між скрынак з аранжавымі пладамі, выбіраеш: гэтыя абхазскія, гэтыя іспанскія, гэтыя з Егіпта. Круціш носам: у гэтых костачак шмат, гэтыя чысцяцца дрэнна, гэтыя кіслыя. Якое ж тут свята і яго прадчуванне? Звычайны паход у звычайны магазін, прычым незалежна ад пары года.

Ці той жа гарошак. Памятаеце гэтыя літровыя венгерскія бляшанкі з цёмна-сінім канцікам? Таксама дэфіцыт, таксама атрыбут менавіта Новага года. Мяккія зялёныя гарошыны, якія асцярожна, каб, крый божа, якая не звалілася на падлогу, горкай высыпалі на астатнія накрышаныя «прасцецкія» інгрэдыенты аліўе і асцярожна перамешвалі, дадаючы пакрысе яшчэ адзін дэфіцытны прадукт — маянэз, закатаны пад блакітнай бляшанай крышачкай у маленькім слоічку. Яго не лілі — накладвалі лыжкай, такі быў густы. Слоічка на вялікую міску святочнай салаты не хапала — і тады шчодра дабаўлялі жоўтай вясковай смятаны. Не ведаю — можа, менавіта з-за яе тая аліўе з дзяцінства была самай смачнай з усіх, што даводзілася каштаваць за жыццё. Дарэчы, «аліўе» гэтую салату ніхто не зваў — ён быў «гарошак» (пэўна, з павагі да яго галоўнага дэфіцытнага складніку). А бляшанка з-пад гарошку з напісанымі на ёй замежнымі белымі літарамі, старанна вымытая, ставілася куды на шафку ці на загнетак — гэткі своеасаблівы сімвал тагачаснага дабрабыту. Падобныя ёмістасці, як і бляшанкі ад растваральнай індыйскай кавы (памятаеце, такія сакавіта-карычневыя з літарамі наўскос), і сёння можна ўбачыць на вясковых кухнях — у іх гаспадыні захоўваюць якую дробязь, каляндру ці насенне фасолі, напрыклад.

Цяпер жа гарошку — хоць венгерскага, хоць іспанскага, хоць свайго, тураўскага (дарэчы, апошні, як на мой густ, самы ўдалы)... У бляшанках, у слоіках, нават у тэтра-упакоўцы. І маянэз ліецца ракой — ва ўсіх сэнсах. І посны, і салатны, і «той самы» правансаль (праўда, ніякі не «той самы»). Пайшоў, купіў, прынёс, з'еў, упакоўку выкінуў. Хоць кожны дзень, калі жаданне ёсць і здароўе дазваляе. Ну і дзе тут свята?

І з нехарчовым складнікам — тое самае. Як цяпер дзіцяці карнавальны касцюм здабываюць? Правільна, у інтэрнэт-краме ці ў звычайнай. Хочаш новы — калі ласка, хочаш б/у — яшчэ прасцей і танней. Купіў, прынёс, надзеў адзін вечар, паклаў у шафу (пусціў на анучы, выставіў на продаж). Дзе свята? І каб не фоткі, ці запомніць дзіця, кім яно было на ранішніку летась? А пазалетась? А ў выпускной групе?.. Мы нядаўна з сястрой прыгадвалі Новы год, дык яна здзівіла:  памятае, які касцюм быў у яе ў другім класе, а ў брата ў пятым. Яна была Кветачка, а брат быў Чорт. І яны два тыдні з мамай вечарамі майстравалі ёй на спадніцу пялёсткі з кардону, абшываючы іх пафарбаванай марляй, а брату прышывалі да трыко звіты з вяровак і вымачаны ў чарніле хвост і мацавалі на абручык з дроту рожкі. Што тут дзіўнага? Проста было гэта пяцьдзясят гадоў назад — а помніцца. Што ўжо казаць пра мае «маладзейшыя» гадоў на пятнаццаць успаміны. Я нават помню пах лаку для пазногцяў, які «пазычылі» з мамай у сястры. Ёй быў з бліскаўкамі, за вялікія грошы прывезены з Германіі. Але ж у мяне быў касцюм Сонейка — і на кароне, якая ў выглядзе чырвонага сонца з прамянямі была зроблена з кардону, так не хапала бліскавак. Бутэлечкі лаку нам якраз хапіла, і першы мой у жыцці школьны касцюм (а яшчэ ж была выканана песня «Выглянуло солнышко, блещет на лугу») заняў на карнавале першае месца. Год быў, здаецца, 1981-ы. Чаму помніцца? Таму што з дэталямі, з радасцю, з тым самым прадчуваннем свята...

Зрэшты, галоўнае — не гэтыя матэрыяльныя складнікі. І нават не тое, што тады — дзесяць, дваццаць, трыццаць, сорак, пяцьдзясят гадоў назад — была сапраўдная зіма — з гурбамі да аблокаў, са скрыпучымі маразамі і сляпучым халодным сонцам, з дрэвамі, калматымі ад шэрані. Галоўнае было ў іншым. У тым, як нашы бацькі, бабулі-дзядулі ўмелі радавацца дробязям накшталт бляшанкі венгерскага гарошку, умелі зрабіць свята, выразаўшы яго з кавалку кардону і абцягнуўшы пафарбаванай у зялёнцы марляй, умелі падарыць любоў і ўвагу кожнаму з сям'і. Пэўна, дзякуючы гэтаму, апошняму, і захавалася на ўсё жыццё дзівоснае прадчуванне чароўнага свята.

Што сёння нам перашкаджае дарыць яго самім сабе і нашым дзецям? Калі адкажу: ніхто і нішто, акрамя нас саміх, — думаю, буду мець рацыю.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: realitatea.net

Загаловак у газеце: Новы год як прадчуванне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.