Вы тут

Дзмітрый Мезенцаў: Эканамічнае партнёрства — не навязванне «нейкай волі» звонку


Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый МЕЗЕНЦАЎ — суразмоўца ўнікальны. Дыпламат разбіраецца не горш за прафесіянала ў нюансах журналісцкай працы і паправіць злёгку расхваляванага інтэрв'юера пры абмеркаванні будучай публікацыі. Прычынай таму не толькі багаты досвед зносін з прэсай, але і асабісты вопыт працы ў СМІ і са СМІ.


У 27 гадоў, завяршаючы двухгадовую службу лейтэнантам, прызваным з запасу, ён адмовіўся ад прэстыжнай пасады на Кастрычніцкай чыгунцы, вырашыўшы прыйсці ў вайсковы друк. Менавіта са сферай журналістыкі будзе многія гады звязана праца Дзмітрыя Мезенцава: і ў мэрыі Санкт-Пецярбурга, і ў Дзяржаўным камітэце Расіі па друку, і ў Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу. Нават сёння, узначальваючы дыппрадстаўніцтва Расіі, пасол прызнаецца, што часам дапамагае прэс-службе парадай. У нашай размове з Дзмітрыем Фёдаравічам мы, безумоўна, не абышлі тэму медыя. Але асноўную ўвагу надалі эканамічным і гуманітарным адносінам Беларусі і Расіі.

Пра Форум рэгіёнаў

— Гэты год аказаўся няпросты для Беларусі, Расіі і нашых адносін. Былі перыяды недаверу, потым афіцыйная падтрымка, але, што несумненна, ніхто ў Расіі не застаўся абыякавы да таго, што адбываецца ў нашай краіне. Чым гэты год у беларуска-расійскіх адносінах запомніўся вам?

— Традыцыйна значныя перагаворы Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. У ходзе такіх сустрэч, нягледзячы на COVІD-19, былі абмеркаваны найважнейшыя пытанні двухбаковага парадку, самае шырокае кола тэм.

Паспяхова напрацоўваецца сістэма адносін урадаў Міхаіла Мішусціна і Рамана Галоўчанкі, пацверджана значнасць задзелаў у сумеснай працы федэральных і рэспубліканскіх міністэрстваў і ведамстваў па інтэграцыйным парадку дня.

Асаблівай падзеяй стаў VІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, за правядзенне якога традыцыйна адказваюць старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка і старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, каманды сенатараў. Нягледзячы на тое што з-за ковіда ён прайшоў у рэжыме анлайн, практыка адносін, напрацаваны вопыт супрацоўніцтва рэгіёнаў Беларусі і суб'ектаў Расійскай Федэрацыі пазначаны як найважнейшая перспектыва міждзяржаўных адносін. І тое, што кіраўнікі дзяржаў (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка), абласцей краіны і суб'ектаў федэрацыі традыцыйна віталі форум, абазначыла маштабныя задачы супрацоўніцтва.

Лічым, што эканоміка павінна дамінаваць у сістэме нашых двухбаковых адносін. І разумеем збалансаваны прагматызм партнёраў. Неабходна забяспечыць загрузку беларускіх прамысловых гігантаў, было важна пацвердзіць іх арыентаванасць на ёмісты расійскі рынак. Важна сказаць і пра тое, што адносіны рэгіёнаў і гарадоў-пабрацімаў павінны мець змястоўнае напаўненне.

— Маючы гуманітарную тэматыку ў гэтым годзе (прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне), ці атрымалася Форуму рэгіёнаў надаць дынаміку дзелавым кантрактам?

— На форуме было падпісана пагадненняў на суму больш як 700 мільёнаў долараў ЗША. Гэта на 200 мільёнаў больш, чым на VІ Форуме ў Санкт-Пецярбургу ў 2019 годзе. VІІ Форум рэгіёнаў у Мінску атрымаў у спадчыну дынаміку кантактаў, закладзеную ў апошнія гады на форумах у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Магілёве... Важна, што поствыбарныя падзеі ў Беларусі ніяк не перашкодзілі гэтай значнай сустрэчы.

Пра дарожныя карты і цэны на газ

— Пачынаўся гэты год з эканамічных спрэчак, складанасцяў ва ўзгадненні дарожных карт па будаўніцтве Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. На якім этапе гэтая работа сёння і ў чым яе практычная значнасць для грамадзян?

— Кіраўніком расійскай дзяржавы Уладзірам Пуціным пацверджана прынцыповая падтрымка беларускага народа і брацкай Беларусі — у сістэме фінансавых, эканамічных, сацыяльных адносін і ўзаемадзеяння ў сферы абароны і сумеснай бяспекі. Вельмі важна, каб такія падыходы падзялялі не толькі кіраўнікі ў высокіх кабінетах, дырэктары вытворчасцяў, навучальных устаноў, але і мільёны грамадзян Беларусі і Расіі — найбліжэйшых краін-саюзніц. Пашырэнне расійскай падтрымкі пацвярджаецца новымі працоўнымі месцамі, гарантыямі збыту прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, а значыць, дастаткам у тысячах сем'яў у братэрскай краіне.

Вельмі хочацца, каб у тых, хто цяпер толькі ўступае ў дарослае жыццё, было адчуванне: іх Радзіма — гэта не толькі прыгожая, дагледжаная, ладная Беларусь, але і велізарная Айчына — ад Брэста і да Сахаліна. У гэтым плане нам варта зрабіць яшчэ шмат крокаў насустрач. Маладыя людзі Беларусі павінны разумець: і руская Поўнач, і Сібір, і Байкал, і Прымор'е, і Паўночны Каўказ, і Масква, і Пецярбург — таксама іх Радзіма. Гэта складана ўспрымаецца нашай моладдзю: яны не раслі ў рамках адзінай Айчыны і яе традыцый.

Мы ведаем, што ёсць Саюзная дзяржава, але не заўсёды разумеем і адчуваем, што гэта ўжо рэальны факт жыцця мільёнаў грамадзян. Той, хто пацвердзіў сістэму льгот, права на бесперашкоднае працаўладкаванне, навучанне, медыцынскае, пенсійнае забеспячэнне, лічыць, што гэта адбываецца само па сабе. Хто не ведае гэтага, не бачыць пераваг па-свойму ўнікальнага міждзяржаўнага аб'яднання. Велізарны патэнцыял Саюзнага дагавора, падпісанага больш за 20 гадоў таму, патрабуе большага раскрыцця.

Некаторыя бачаць у «дарожных картах» саюзнага будаўніцтва эканамічны «палон» для Беларусі, а сёй-той — страту незалежнасці і суверэнітэту. Адкажу. Ніхто і ніколі ў нас не думаў трактаваць эканамічнае партнёрства як навязванне «нейкай волі» звонку. Добра разумеем, што інтэграцыя будзе паспяховая тады, калі акажацца ўзаемавыгаднай і зробіць нас мацнейшымі.

— Кожны год нашы краіны традыцыйна заканчваюць вырашэннем пытання цаны на газ. З якімі яшчэ праблемамі мы ўваходзім у новы год?

— Мы з вамі гаварылі пра «дарожныя карты» — праекты новых праграм супрацоўніцтва. Там прапісаны найважнейшыя рэчы — стратэгія ўзаемадзеяння на гады наперад: гэта і пытанні стварэння адзінага рынку нафты, газу, адзіных падыходаў рэалізацыі прамысловай палітыкі, узаемадзеяння па дзясятках іншых кірункаў. Адзін з прынцыпаў, які вылучаецца беларускімі партнёрамі, — фарміраванне аднолькавых цэн на рэсурсы. Але да таго часу, пакуль гэта не стала правілам, не падтрымана менавіта двума бакамі, гэта пакідае за гаспадарчымі суб'ектамі права змагацца за максімальны прыбытак. Заўсёды будзе канфлікт прадаўца і пакупніка, але гэта ніяк не звязана з нашымі глыбокімі гістарычнымі традыцыямі, гуманітарным узаемадзеяннем, палітычным супрацоўніцтвам. Імкненне аднаго боку прадаць даражэй, як і другога — купіць танней, — аснова рынкавай эканомікі.

Калі мы зараз гаворым пра самастойнасць і незалежнасць, то, натуральна, эканоміка, якая грунтуецца ў нашых краінах на рынкавых прынцыпах, — гэта эканоміка дагавора, які бакі абавязаны выконваць. Пакуль няма выйсця на адзіны рынак нафты і газу, зразумела, не выключаны спрэчкі гаспадарчых суб'ектаў.

Павінен адзначыць: запыт беларускага боку па цэнах на нафту сёлета быў улічаны расійскімі партнёрамі на сто працэнтаў. Усё, што запытвала беларускае кіраўніцтва па гэтай тэме, было пачута. Вызначана максімальна льготная цана — з улікам «нафтавай кан'юнктуры», якая склалася на знешніх рынках. Расія пайшла на беспрэцэдэнтныя меры ў рамках падтрымкі міжбюджэтных адносін. Што датычыцца цаны на газ, мы не раз чулі ад партнёраў, што яна высокая, і былі выпадкі, калі спотавая цана ў Еўропе была ніжэйшай, чым цана, зафіксаваная дагаворам паміж краінамі ў лютым 2020 года, але былі іншыя «выпадкі»: калі расійская цана была значна ніжэйшай за еўрапейскую.

Але казаць трэба пра тое, што збліжае эканомікі, робіць нас мацнейшымі, фарміруе стратэгію на дзесяцігоддзі і забяспечвае энергабяспеку Беларусі. Справа нават не ў тым, ці ёсць спрэчка. Справа ў іншым: як мы гатовы знаходзіць кампрамісы. Мяркую, сёння мы больш гатовы да гэтага, чым яшчэ ў пачатку года.

Дзмітрый Мезенцаў дэманструе нашаму карэспандэнту карту "Вялікае княства Літоўскае і Рускае", якая знаходзіцца ў Пасольстве Расіі. Фота Яўгена Пясецкага

Пра агульную памяць і гарады-пабрацімы

— Дзмітрый Фёдаравіч, вы ў сваёй дзейнасці надаяце вялікую ўвагу інтэнсіфікацыі культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. У гэтым годзе асноўны акцэнт быў зроблены на захаванне агульнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Прайшло шмат мерапрыемстваў у Беларусі з удзелам расійскага дыпламатычнага прадстаўніцтва. Як вы гледзіце на абвінавачванні беларусаў і расіян, што нас больш аб'ядноўвае мінулае, чым будаўніцтва на яго базе будучыні?

— Нядаўна я ўдзельнічаў у мінскай канферэнцыі па недапушчэнні гераізацыі нацызму. Вывучыў прэзентацыю аб калабарацыянісцкім сцягу, падрыхтаваную да гэтага мерапрыемства дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком. Маладыя хлопцы, не разумеючы гісторыі сімвалаў, маршыруюць з ім. Гэта апаганьвае, прыніжае памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. І нам трэба аб гэтым казаць.

Мой бацька ваяваў на ІІІ Беларускім фронце і скончыў вайну ў Кёнігсбергу. Памятаю размовы і сустрэчы з людзьмі, якія ваявалі. Для іх не было гэтай спрэчкі пра сімвалы, якая сёння навязваецца і ў якой ёсць стратэгічная задача — зрабіць усё, каб ацэнка неверагоднага подзвігу савецкага народа і савецкага салдата была заменена зусім іншай удзячнасцю.

Калі ты адчуваеш сябе грамадзянінам сваёй краіны, то не можаш садзейнічаць таму, каб на тваю Айчыну накладвалі санкцыі, ты не маеш ніякага права весці падрыўную працу праз некамерцыйныя і няўрадавыя арганізацыі супраць роднай зямлі. Важна памятаць, што крушэнне Савецкага Саюза стала падставай для заявы Джорджа Буша-старэйшага:
«Мы перамаглі ў «халоднай вайне». Значыць, вайна была. А сёння? У інфармацыйнай прасторы — за душы і розумы маладых людзей, якія фарміруюць будучыню Беларусі і будуць вызначаць, якім стане дыялог з Расіяй — праз 10-15-30 гадоў.

— Важным элементам у сувязях нашых дзвюх краін заўсёды былі народная дыпламатыя і кантакты гарадоў-пабрацімаў. Якую ролю, на ваш погляд, гэты элемент супрацоўніцтва іграе сёння?

— Як чалавек, які прайшоў «прыступку» губернатара, веру ў паспяховасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне гарадоў-пабрацімаў яшчэ і таму, што на гарызантальным узроўні лягчэй дамаўляцца, весці дыялог, выходзіць на падпісанне дакументаў. Безумоўна, такая работа вядзецца па ўзгадненні са сталіцамі, але ступень манеўру, эканамічнай, гуманітарнай свабоды ў рэгіёнаў высокая. Важна, каб была і змястоўнасць працы, каб гэта не ператваралася ў фармальныя пратакольныя адносіны. У 50 беларускіх гарадоў звыш 100 пабрацімаў у Расіі. Гэта павінна дапамагаць людзям у нашых краінах лепш пазнаваць адзін аднаго.

Пра ролю медыя і псіхалогію

— У вашым лёсе значнае месца займае журналістыка. На ваш погляд, як сёння трансфармавалася роля СМІ ў свеце? Як вы думаеце, тэлеграм-каналы і блогеры стануць альтэрнатывай традыцыйным медыя?

— Адмовіўшыся ад прэстыжнай пасады начальніка вакзала ў Ленінградзе, я цалкам свядома прыняў рашэнне сысці ў вайсковы друк, асвоіць новую спецыяльнасць — ваенную журналістыку. Пачынаў з першаснай пасады, пайшоў працаваць у дывізіённую газету, каб навучыцца пісаць у розных жанрах: ад нататкі да
нарыса.

Перакананы, што гэтая цудоўная прафесія дазваляе быць у гушчы падзей і прапаноўваць твайму чытачу, гледачу сваю ацэнку падзей. Лічу гэта правам і гонарам і вялікай адказнасцю. Цэнзура, якая існавала, прымушала быць яшчэ больш прыдзірлівым да таго, як рыхтуеш матэрыял, правяраеш факты.

Што датычыцца тэлеграм-каналаў... Ці стаіць пытанне гонару перад многімі людзьмі, якія куражацца ў блогасферы, не адказваючы нічым (ні прафесійным імем, ні датычнасцю да прэстыжнай прафесіі)? Гэта зусім іншая «журналістыка», якая такою і не з'яўляецца. Я не прыхільнік захавання цэнзуры, але калі яе няма, то павінна быць сістэма ўнутранага кантролю і адказнасці за выверанасць кожнага слова і кожнай ацэнкі, таму што яны ўплываюць на падзеі і лёсы людзей.

Калі быў старшынёй Камісіі Савета Федэрацыі па інфармацыйнай палітыцы, то адстойваў максімальную свабоду інтэрнэту, свабоду творчасці. Але лічу, што гэта павінна кампенсавацца нарастаючай прафесійнай адказнасцю, увагай да кожнага аўтара з боку інстытутаў, якія адстойваюць этыку і гонар медыя. Сёння многія людзі, маючы свабоду прадстаўлення свайго меркавання, не заўсёды «нагружаны» глыбокім разуменнем таго, што яны фарміруюць настроі ў грамадстве, мадэлі будучага і цяперашняга грамадскага жыцця. Гэта адваротны бок свабоды і вялізнага рэсурсу, які даў інтэрнэт.

— Ваша дысертацыя на атрыманне вучонай ступені кандыдата псіхалагічных навук была прысвечана псіхалогіі ўплыву СМІ на фарміраванне палітычных установак асобы. Чаму выбралі гэты кірунак для вывучэння?

— Гэта вынік сыходу ў журналістыку. Да гэтага я працаваў над дысертацыяй па эканамічнай тэматыцы — з улікам сваёй першай адукацыі. Калі сышоў у газету, задумаўся, як магу ацаніць ролю СМІ ў грамадстве. Так нарадзілася тэма. Гэта быў перыяд завяршэння існавання СССР... Я бачыў, што савецкі друк — нефармалізаваны інстытут выхавання. У сваёй працы апісваю, што такое інфармацыйны фантом і як яго распазнаць. Сёння гэта паняцце вядома як «фэйк».

— Псіхалогія засталася вашым захапленнем?

— Хутчэй на штодзённым узроўні, калі ты ацэньваеш свет і людзей вакол. Чалавек на дыпламатычнай службе абавязаны ўлічваць рэакцыю партнёра. Калі дыпламатыя — прафесія, якая павінна «зразаць» вастрыню, дапамагаць пазбягаць канфліктаў, пры гэтым абараняючы нацыянальныя інтарэсы, то ў нейкай ступені псіхалогія са мной заўсёды. З 2008 года мне даручана загадваць кафедрай палітычнай псіхалогіі ў Санкт-Пецярбургскім дзяржуніверсітэце. Зараз я не вельмі добрасумленны загадчык з прычыны сваіх клопатаў. Дыпламатычная служба не дазваляе часта бываць у Санкт-Пецярбургу, з гэтай нагоды перажываю, але ўдзячны за разуменне з боку кіраўніцтва ўніверсітэта, маіх прафесійных калег.

Палітычная псіхалогія — вельмі цікавая спецыяльнасць, якой нядаўна споўнілася 30 гадоў. Яна з'явілася як вынік дэмакратызацыі, адкрытасці да свету, якую дэманстраваў Савецкі Саюз. Зараз гэта цалкам забыта нашымі заходнімі партнёрамі, якія спрабуюць сёння размаўляць з Расіяй як са слабым гульцом.

Пра падарункі Жыровіцкай абіцелі

— Расійская дыпмісія заўсёды надавала вялікае значэнне адносінам з духавенствам. Распавядзіце пра вашу работу з Беларускай праваслаўнай царквой, са знакамітым Жыровіцкім манастыром.

— Мы адгукнуліся на зварот настаяцеля Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя разгледзець магчымасць забяспечыць адліўку званоў да 500-гадовага юбілею цудоўнай абіцелі. Калі ўладыка Гурый пазначыў такі запыт, мы ў тую самую хвіліну атрымалі водгук ад кіраўніцтва банкаў «ВТБ» і «ВТБ» (Беларусь). Ва ўзаемадзеянні з губернатарамі Наўгародскай вобласці Андрэем Нікіціным і Варонежскай вобласці Аляксандрам Гусевым і кіраўніцтвам звоналіцейнага завода ў Варонежы былі адліты ўсе 12 званоў, самы вялікі з якіх важыць больш за 4 тоны. З мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Веніямінам і членамі Архітэктурна-мастацкага савета Мінскай епархіі зусім нядаўна абмяркоўвалі пытанні падрыхтоўкі будаўніцтва новай званіцы на тэрыторыі манастыра, якая таксама, як і званы, стане дарам манастыру ад расійскага боку. Гатоўнасць да ўдзелу Свярдлоўскай вобласці і яе губернатара Яўгена Куйвашава падтрымаць запыт на будаўніцтва новай званіцы ў абіцелі цяжка пераацаніць — велізарная падзяка. Намер удзельнічаць у такой працы выказаў у ходзе візіту ў Мінск і губернатар Омскай вобласці Аляксандр Буркоў. Месца будаўніцтва ўжо выбрана і асвечана. Там будзе і тое, без чаго не можа жыць манастыр, — храм, бібліятэка і музей.

— Што б вы маглі пажадаць жыхарам Беларусі і Расіі на парозе будучага года?

— Важна памятаць, што кан'юнктура знешніх падзей, навязаных і лжыва зразумелых, хутка заканчваецца. А сістэма адносін са светам, з канкрэтнымі людзьмі — вялікая дадзенасць і дарагога вартая, каб разменьваць яе, купіўшыся на хлуслівыя абяцанні. Хай нам удаецца кожным днём знаходзіць дакладныя ацэнкі падзей, удзельнікамі якіх мы з'яўляемся, каб, выбудоўваючы свае крокі па жыцці, памятаць: самае дарагое, што ў нас ёсць, — адносіны з блізкімі і роднымі людзьмі, з калегамі і партнёрамі, і ў Расіі і Беларусі — адзіная гісторыя і надзейная будучыня.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.