Вы тут

Чаму не варта распачынаць зімовую рыбалку?


Сёлетні снежань па кліматычных характарыстыках ужо куды больш блізкі да таго, каб звацца зімовым месяцам. На мінулым тыдні выдалася некалькі даволі марозных і сонечных дзён, калі нават удзень паветра не магло прагрэцца больш за чатыры градусы са знакам «мінус». Адпаведна, на вадаёмах пачало ўтварацца трывалае ледзяное покрыва.


Толькі па стане на 11 снежня ў краіне па прычыне нетрывалага лёду патанулі пяць чалавек. Гэтымі данымі падзяліліся ў рэспубліканскай вадалазна-выратавальнай службе Таварыства ратавання на водах.

— На Мёршчыне 8 снежня знайшлі чалавека, які ўмёрз у лёд у межах пажарнага вадаёма, — расказалі ў грамадскай арганізацыі. — Што менавіта адбылося з 54-гадовым мужчынам, пакуль невядома. Прычыны і абставіны здарэння высвятляюцца. У гэты ж дзень здарылася яшчэ адна трагедыя на возеры Слабадскім каля вёскі Стрыжава Бешанковіцкага раёна: гэтым разам падчас рыбалкі лёд праламаўся пад 52-гадовым мужчынам. Цікава, што на той дзень у краіне трывала адмоўныя тэмпературы паветра, якія спрыялі нарастанню лёду, трымаліся ўсяго другія суткі. Свае карэктывы ўносіў і вецер. Колькі ахоўных сантыметраў змагло нарасці пры такіх умовах — пытанне рытарычнае.

9 снежня на возеры Лучайскім каля вёскі Гаўрыловічы Пастаўскага раёна было знойдзена цела мужчыны, які знік 27 лістапада. Мяркуецца, што ён з берага вудзіў рыбу, але аступіўся і ўпаў у ваду. Яшчэ адна рыбалка скончылася нешчасліва на возеры каля вёскі Урбаны Ушацкага раёна. А ў мінулую пятніцу драма адбылася на возеры Верхнім у Чэрыкаўскім раёне. Там пад лёд праваліўся 15-гадовы падлетак і назад выбрацца не здолеў.

Правілы паводзін на лёдзе нагадалі ў Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на водах.

— Бяспечная таўшчыня лёду складае не менш за 7 сантыметраў. На трываласць яго можна праверыць ударам кія. Калі пасля першага ж удару лёд прабіўся, то трэба неадкладна вярнуцца назад да берага. Рухацца трэба па сваіх слядах, не адрываючы падэшвы ад лёду. І нават калі лёд здаецца трывалым, усё роўна трэба рухацца вельмі асцярожна. Небяспечных і падазроных месцаў можа быць шмат. Гэта месцы, дзе ўпадаюць ручаі, выходзяць грунтавыя воды і крыніцы, скідваюцца сцёкавыя воды. Праблему могуць ствараць і кусты водарасцяў. Выходзіць на лёд лепш у светлы час сутак. Рыбакам жа мы рэкамендуем не прабіваць шмат лунак на блізкай адлегласці, скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца вялікімі групамі. І абавязкова апрануць выратавальную камізэльку, а таксама мець пры сабе лінь даўжынёй у 15—20 метраў, дзе на адным канцы будзе пятля, а на другім — груз вагой 400—500 грамаў. Яны дапамогуць, калі чалавека давядзецца цягнуць з палонкі. Пасля гэтага трэба неадкладна выклікаць хуткую дапамогу.

Зараз слупок тэрмометра зноў палез уверх і «скача» праз нулявую адзнаку. Спецыялісты кажуць, што такія ўмовы надвор'я для шпацыраў па лёдзе або зімовай рыбалкі не самыя лепшыя. Справа ў тым, што шмат лёду за кароткі час нарасці не паспела. А той, які ёсць, пры слабых станоўчых тэмпературах удзень пакрысе растае. Уначы ж невялікі мінус «прыхоплівае» ўтвораную лужыну. Так лёд па сваёй структуры нагадвае ўжо не суцэльнае покрыва, а плітку порыстага шакаладу. І наколькі хопіць рэсурсу гэтых пор — не ведае ніхто.

Паводле карты гідралагічных назіранняў у Беларусі, размешчанай на сайце Белгідрамета, ледаставу на рэках і азёрах краіны, за рэдкім выключэннем, амаль няма. Пераважная большасць вадаёмаў мае ў самым лепшым выпадку ледзяное покрыва з палонкамі. Заберагі і шугаходы таксама не рэдкасць — ды і лёдам гэта назваць, па сутнасці, нельга. Так што застаецца толькі чакаць, калі ж мароз зноў набярэ моц.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Прэв’ю: ejin.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.