Вы тут

Хто можа выехаць з Беларусі і вярнуцца назад?


Пра асаблівасці ўезду і выезду беларусаў за мяжу, праверку грамадзянства Беларусі і цяжкасці перамяшчэння па свеце ў пандэмічны 2020-ты карэспандэнт «Звязды» пагаварыла з экспертам.


media-polesye.by

На ПМЖ, работу, вучобу

Беларусаў-эмігрантаў можна падзяліць па двум асноўным крытэрыям. Гэта тыя, хто бескантрольна выязджае на працу, адпачынак ці жыццё ў іншую дзяржаву па турыстычнай візе, праз шлюб з іншаземцам, наведванне сваякоў, што жывуць у замежжы (такіх шмат, напрыклад, у Ізраілі). І тыя, хто абірае афіцыйны спосаб адбыць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства (ПМЖ) праз атрыманне пашпарта серыі РР.

— Калі чалавек сабраўся і паехаў у іншую краіну працаваць ці жыць, пракантраляваць, што ён ужо не жыве ў краіне, вельмі складана. У яго тут застаецца пастаянная рэгістрацыя і беларускае грамадзянства. Часам мы даведваліся, што чалавек ужо 20 гадоў як не жыве ў нашай краіне. Асабліва відавочным стала, што такіх людзей досыць шмат, калі ў краіне ў 2015-м выйшаў Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» і з’явіўся падатак на дармаедства. Пасля пачалася дактыласкапія ваеннаабавязаных мужчын і жанчын. Мы выходзілі па ўказаным адрасе, і родныя чалавека казалі, што ён ужо колькі год жыве і працуе ў Расіі, Германіі, Аўстрыі, ЗША ці яшчэ дзе, хаця зарэгістраваны ў Беларусі, — расказала Галіна АСАДЧАНКА, намеснік начальніка аддзела грамадзянства і міграцыі (АГІМ) Кастрычніцкага РУУС Мінска. — Іншая справа тыя, хто атрымлівае пашпарт серыі РР для ПМЖ за мяжой. Такіх, зразумела, мы можам улічыць.

Сёлета ў Кастрычніцкім раёне сталіцы такі пашпарт аформіў 51 чалавек, а летась — 134. Так што мэтанакіравана выехала значна менш людзей з краіны. І гэта беларусы, якія ўжо дакладна ведаюць, што яны збіраюцца атрымаць грамадзянства краіны, дзе намерваюцца жыць, або хочуць праходзіць там тэрміновую службу ці стаць дзяржслужачым. Яны атрымліваюць пашпарт і лісток убыцця і здымаюцца з рэгістрацыйнага ўліку ў Беларусі, пры гэтым звычайны беларускі пашпарт у іх таксама застаецца. Беларусы, якія вырашаюцца на ПМЖ, робяць гэта не знянацку. Амаль заўжды гэты абдуманы крок робяць тыя, што ўжо шмат гадоў працуюць за мяжой і вырашылі афіцыйна аформіць там свой статус.

Перашкодай для атрымання пашпарта серыі РР можа быць запазычанасць або нязгода другога з бацькоў, калі ў таго, хто хоча выехаць з краіны, ёсць непаўналетнія дзеці. Каштуе такі дакумент дзесяць базавых велічынь (270 рублёў).

— Цяжкасцю для многіх беларусаў, якія працуюць далёка за мяжой, можа быць і тое, што падаць дакументы на атрыманне пашпарта і пасля забраць яго можа толькі сам уладальнік. Ніякія даверанасці тут не працуюць. Такім чынам для яго атрымання трэба шмат часу (прыехаць, сабраць дакументы, дачакацца, пакуль будзе гатовы пашпарт, і вярнуцца назад), — падкрэсліла спецыяліст. — Існуе, праўда, магчымасць зрабіць гэта ў пасольстве нашай краіны на тэрыторыі іншых дзяржаў. Але гэта даўжэй і даражэй. Зроблены пашпарт серыі РР можна забраць цягам года, пасля яго знішчаюць. Без праблем яго можна і вярнуць, калі раптам патрэба выехаць на ПМЖ адпала, або аформіць часовае прабыванне на тэрыторыі краіны.

«Пастаяншчыкі»-замежнікі

Пераважная большасць (90 %) нашых суайчыннікаў з’язджаюць на працу ў Расію, дзе, дарэчы, дапускаецца двайное грамадзянства. Наша ж краіна, хаця і прызнае яго, але не дапускае. За мяжу, як сведчыць статыстыка, выязджаюць, як правіла, нашы суайчыннікі з вышэйшай адукацыяй і ўладкоўваюцца на працу ў сферы абслугоўвання.

Беларусы з замежнымі пашпартамі, якім у Беларусі трэба вырашыць нейкія пытанні, напрыклад, перааформіць права ўласнасці ці памяняць правы на кіраванне, могуць аформіць рэгістрацыю на паўгода ці тры месяца. На гэты час ён надзяляецца ранейшымі правамі грамадзяніна краіны: можа абслугоўвацца ў паліклініцы, карыстацца ўласнасцю, вадзіць аўто і іншае.

Многія з тых, хто лічыцца ў Беларусі іншаземцамі, насамрэч беларусы, якія з’ехалі на працу ў тую ж Расію, атрымалі тамашняе грамадзянства, а пасля вярнуліся на радзіму, аднак пашпарт мяняць не сталі. Цяпер жывуць тут, маюць пастаянную рэгістрацыю, атрымліваюць замежную пенсію. У Кастрычніцкім раёне сталіцы, такіх «пастаяншчыкаў-замежнікаў» 2000 чалавек.

Заложнікі каранавірусу?

2020 год стаў вельмі неспрыяльным для падарожжаў і пераездаў па свеце, таму колькасць тых, хто хоча з’ехаць з Беларусі, значна паменшыліся. Летась са сталіцы выехала на ПМЖ за мяжу 1738 чалавек, сёлета — 820.

Многія наадварот, не могуць прыехаць у Беларусь, бо закрытыя межы на выезд з краін, дзе яны працуюць. А з 20 снежня закрываюцца межы на наземны выезд аўтобусам, аўто, чыгункай і рачным транспартам і з Беларусі, у тым ліку для саміх беларусаў і іншаземцаў, якія пражываюць у краіне часова ці пастаянна. Выключэнне застаецца для дыпламатаў, членаў афіцыйных дэлегацый, дальнабойшчыкаў, экіпажаў цягнікоў, самалётаў і караблёў, камандзіровачных асоб. Усе астатнія змогуць выехаць з краіны толькі раз за паўгода на пахаванне сваякоў ці да тых з іх, хто цяжка захварэў. Выпусцяць і таго, хто едзе на вучобу, працу ці каму патрэбна меддапамога. Усе прычыны трэба будзе пацвярджаць адпаведнымі дакументамі.

Забараніць уезд у краіну беларусам з-за сітуацыі з каранавірусам, згодна з законам, немагчыма. Усе, хто выехаў за мяжу, цяпер і раней, калі адкрыты межы дзяржавы, дзе яны знаходзяцца, могуць вярнуцца назад. Выключэнні датычацца толькі асоб, якім забаронены ўезд у краіну і выезд з яе. Праўда, ёсць яшчэ адзін нюанс.

— Усе грамадзяне Беларусі маюць канстытуцыйнае права вярнуцца ў краіну сваёй грамадзянскай прыналежнасці, — сцвярджае Галіна Асадчанка. — Аднак існуе такая працэдура, як праверка прыналежнасці асобы да грамадзянства Беларусі. Яна можа праводзіцца па заяве грамадзяніна або па рапарту і цягнуцца да паўгода. Згодна з законам, асобы, якія да 2002 года з’ехалі з Беларусі і атрымалі пашпарт іншай дзяржавы, згодна з айчынным заканадаўствам, аўтаматычна губляюць беларускае грамадзянства. Тыя ж, хто выехаў з Беларусі пасля жніўня 2002-га і атрымаў грамадзянства іншай краіны, беларускае грамадзянства не губляюць. Вярнуўшыся сюды, яны будуць прызнавацца грамадзянамі Беларусі.

Тыя, каго па нейкіх прычынах дэпартавалі з краіны, могуць напісаць хадайніцтва ў Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі на змяншэнне тэрміну забароны ўезду або хадайнічаць аб разавым уездзе, аднак ён павінен матывавацца важкімі прычынамі, накшталт тых, па якім з 20 снежня будзе адбывацца і выезд з Беларусі для звычайных грамадзян.

У плане непрымання на радзіме сваіх грамадзян сёлета вызначыўся Туркменістан. Яго грамадзяне-студэнты, якія вучыліся ў нас, апынуліся ў цяжкай сітуацыі, — іх родная краіна даўно закрыла межы на ўезд, і цяпер нават тыя, каго адлічылі, вымушаны знаходзіцца ў Беларусі і рабіць дазвол на часовую рэгістрацыю. Пасля адлічэння ВНУ паведамляюць пра гэта, і студэнты губляюць права знаходжання ў краіне, дзе вучыліся. 

Шмат у нас і кітайскіх студэнтаў, якія маюць цяжкасці з вяртаннем на радзіму, бо білеты «ўзляцелі» ў цане настолькі, што многія таксама часова застаюцца ў Беларусі. Пры гэтым, каб мець сродкі на жыццё, працаваць яны не могуць (толькі калі працадаўца возьме на сябе цяжар афармлення спецыяльнага дазволу на працу). Інтэрната пазбаўляюцца, прыходзіцца здымаць жыллё. У Кастрычніцкім АгіМ распавялі, што нават быў момант, калі студэнты не маглі атрымаць грашовыя валютныя пераводы ад родных, аднак яны неяк выкручваюцца і рэгулярна прыходзяць працягваць дазвол. Дарэчы, тыя, хто скончыў беларускую ВНУ цягам года могуць прэтэндаваць на працу нароўні з беларусамі, а наймальніку не трэба рабіць для іх спецыяльны дазвол на працу.

Беларусь зацікаўлена ў мігрантах

Старэнне нацыі — гэта ўвогуле праблема ўсіх еўрапейскіх краін і наша таксама мае тэндэнцыю натуральнага змяншэння насельніцтва. Каб зацікавіць людзей прыязджаць у рэспубліку, летам 2020-га для замежных студэнтаў, якія скончылі ВНУ ў Беларусі і хочуць застацца тут жыць і працаваць, спрасцілі ўмовы для атрымання права на пастаяннае пражыванне. Цяпер яго можна набыць не праз сем гадоў знаходжання ў краіне, а праз пяць. Фактычна, адразу пасля завяршэння вучобы замежнікі-студэнты могуць заставацца ў Беларусі працаваць, а з часам, пры жаданні, і прэтэндаваць на беларускае грамадзянства.

— Для гэтага мігрантам трэба жыць у Беларусі сем гадоў (гэты тэрмін таксама думаюць зменшыць да пяці), мець працу, пражытачны мінімум на кожнага члена сям’і (калі яна тут ёсць), не прыцягвацца да адказнасці, не мець запазычанасцей. Аднак адсутнасць у Беларусі двайнога грамадзянства многіх спыняе ад жадання адмовіцца ад свайго ранейшага статуса і стаць беларусам, — удакладніла Галіна Асадчанка. — Што датычыцца мігрантаў, якія працуюць у Беларусі, то яны застаюцца на такіх жа ўмовах, як і студэнты, калі губляюць працу. Каб прыцягнуць працоўных у Беларусь, у раёнах ім прапаноўваліся пэўныя прывілеі. Так, многія бежанцы з Украіны атрымлівалі ў карыстанне хаты ў вёсцы, пад’ёмныя грошы і паскораны від на жыхарства (за месяц, а не тры). Прычым прыязджалі не толькі рабочыя, а і ўрачы ды настаўнікі.

Толькі ў сталіцы сёлета атрымалі дазвол на часовае пражыванне 24 600 іншаземных грамадзян, 95 % з якіх студэнты. Летась такіх было 25 986. Значыць, як мінімум, студэнты-замежнікі працягваюць прыязджаць, нягледзячы на пандэмію, упэўнены спецыялісты. У Кастрычніцкім АГіМ часовае пражыванне выдалі 2508 людзям, 300–400 з якіх рабочыя. У асноўным гэта людзі рабочых спецыяльнасцей без вышэйшай адукацыі, але ёсць і шмат праграмістаў з Кітаю, якія працуюць у Вялікім камені.

А пакуль Беларусь рыхтуецца мяняць папяровыя пашпарты на пластыкавыя ID-карткі.

На другім Усебеларускім з’ездзе Саветаў 17 снежня 1920 года быў сфарміраваны НКУС БССР, на базе якога стварылі пададдзел іншаземных падданых. Гэтая дата лічыцца днём стварэння сучасных падраздзяленняў па грамадзянству і міграцыі, якія сёлета святкуюць свой 100-гадовы юбілей.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.