Вы тут

Генадзь Бураўкін. Спагадлівы і чалавечны


З Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным мы знаёмы былі здаўна.

Спачатку, вядома, па творчасці, па яго вершах, многія з якіх так годна клаліся на маю душу, на мой настрой, што я чытаў і перачытваў іх не раз.

Але лёс распарадзіўся так, што неўзабаве давялося пазнаёміцца асабіста, а пасля і мець вельмі цесныя і разнастайныя жыццёвыя і працоўныя стасункі.


Мо тыя першыя, што помняцца, былі звязаны з маёй працай у аддзеле культуры ЦК КПБ. Генадзь Мікалаевіч тады быў старшынёй Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Ён меў звычку абедаць у сталовай ЦК, якая знаходзілася тады ў новым будынку гасцініцы ЦК на вуліцы Кірава. А мо гэта было жаданне і неабходнасць сустрэцца са сваім сябрам і паплечнікам у беларускіх справах загадчыкам сектара тэлебачання і радыё аддзела прапаганды ЦК КПБ Валянцінам Уладзіміравічам Болтачам (ён жа — пісьменнік Валянцін Блакіт).

Генадзь Мікалаевіч і Валянцін Уладзіміравіч разам хадзілі ў сталоўку, а пасля ўвесь вольны абедзенны час шпацыравалі па скверы каля Купалаўскага тэатра і абменьваліся навінамі, меркаваннямі, думкамі, раіліся, спрачаліся.

Часта да іх далучаўся загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры Сяргей Законнікаў. Чаму я ведаю аб гэтым? Бо, здаралася, мяне таксама бралі ў сваю кампанію.

Пасля дванаццацігадовай працы на чале тэлебачання для Бураўкіна наступіў час ад’езду за мяжу, ён стаў пастаянным прадстаўніком Беларускай ССР (пазней — Беларусі) пры ААН. Так вырашыла мясцовае высокае начальства. Быў перыяд, калі Генадзь Мікалаевіч рыхтаваўся да працы ў далёкім замежжы — у самай высокай арганізацыі — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Гэта з аднаго боку. А з іншага — ён думаў, клапаціўся і перажываў за тое, хто ж заменіць яго на пасадзе кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі, якой ён аддаў шмат часу, сіл, энергіі, арганізацыйнага таленту, сваёй дасведчанасці і захопленасці беларускай справай. І меў неблагія вынікі. А на вуліцы быў ужо канец 80-х гадоў, мо самы пікавы час гарбачоўскай перабудовы.

І, як ні дзіўна, інтарэс Бураўкіна, падагрэты і падахвочаны і Валянцінам Болтачам, скіраваўся на маю асобу. Прызнаюся адразу, што для мяне гэта было поўнай і вялікай нечаканасцю, бо пра гэткі паварот у сваёй біяграфіі я ніколі нават не думаў. Але не сціхалі прапановы, угаворы, падахвочванні, а то і своеасаблівыя пагрозы: а што будзе, калі на тэлебачанне прыйдзе абыякавы да беларускай справы чыноўнік? І чым бліжэй да ад’езду Генадзя Мікалаевіча за мяжу, тым больш настойлівымі станавіліся прапановы і яго самога, і Болтача, які ўжо стаў рэдактарам часопіса «Вожык» (у 1987 годзе). Пачаўся нават практычны этап маёй падрыхтоўкі. Генадзь Мікалаевіч пачаў перадаваць мне для вывучэння і знаёмства многія дакументы, якія павінны былі хутчэй і глыбей наблізіць да рэальных праблем і асноў тэлевізійнай працы.

І калі наступіў той вызначальнакрытычны для мяне час, я паспрабаваў адолець яго. Гэта быў час, калі тагачасны Вярхоўны Савет знакамітага ХІІ склікання ўпершыню і, як аказалася, сапраўды першы і апошні раз у гісторыі беларускай дзяржаўнасці выбіраў высокі кіраўнічы орган — Савет Міністраў (і ўсіх міністраў, натуральна) на сваіх пасяджэннях ды яшчэ таемным галасаваннем. На пасаду старшыні Белтэлерадыёкампаніі была прапанавана кандыдатура Анатоля Бутэвіча. І што для мяне дзіўна і дагэтуль загадкава, дык гэта тое, што тагачасны старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Францавіч Кебіч, які падпісваў усе паперы-прадстаўленні для разгляду на сесіі Вярхоўнага Савета, мае дакументы падпісаў нават не сустрэўшыся са мной. Завочна падпісаў. Вось гэта і дзіўна, бо падобных выпадкаў, наколькі я ведаю, ні да гэтага, ні пасля, не было. Дарэчы, і ўсе пазнейшыя прадстаўленні на мяне — на старшыню Дзяржаўнага камітэта па друку, на міністра інфармацыі, на міністра культуры і друку ён таксама падпісваў без сустрэчы са мной. Мо ведаў мяне дастаткова для таго, каб падпісаць патрэбныя паперы, яшчэ з маёй працы ў ЦК КПБ, дзе я актыўнічаў у сілу найперш пасадных абавязкаў, і на фронце сустрэч і гаворак з фармальнымі і нефармальнымі тагачаснымі грамадскімі фарміраваннямі, з прэсай. Мо і так, а мо нешта іншае было ў Кебіча, бо атрымліваць патрэбную інфармацыю магчымасцей у яго было значна больш, чым у каго іншага.

Аднак жыццё больш багатае на сюрпрызы, чым мы часам думаем. Хтосьці з акружэння Кебіча, а мо і нехта з дэпутатаў параіў яму звярнуць увагу на іншую кандыдатуру.

Звярнулі. І выбралі. Старшынёй Белтэлерадыёкампаніі стаў Аляксандр Сталяроў — загадчык сектара радыё і тэлебачання, якога я ўзяў на гэтую пасаду з Віцебскага абкама КПБ праз тагачаснага загадчыка ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ Аркадзя Русецкага.

Я ж не паспеў вярнуцца ў ЦК КПБ.

Нечакана для мяне ад імя Кебіча (бо мы з ім не сустракаліся і не мелі ніякай гаворкі) было прапанавана ўзначаліць Дзяржаўны камітэт па друку. Я, вядома, не супраціўляўся, бо, калі папраўдзе, прэса, кніга, выданне друкаванай прадукцыі былі знаёмы мне значна больш за тэлебачанне, якое я ўспрымаў выключна з экрана, а не знутры існуючых там праблем.

Не ведаю рэакцыі Генадзя Мікалаевіча на такі расклад усіх тутэйшых выбарчых спраў, бо ніколі, нават пасля яго вяртання з-за мяжы, мы не абмяркоўвалі гэтую тэму. А вось мае стасункі з ім не спыніліся з яго ад’ездам у НьюЁрк. Праўда, былі яны не надта частымі і цеснымі. Актывізаваліся тады, калі ён наважыўся вярнуцца ў Беларусь і клапаціўся пра адпаведныя яго здольнасцям і магчымасцям прапановы працаўладкавання.

Спачатку былі тэлефонныя размовы.

Званіў ён. Аказалася, Генадзь Мікалаевіч дастаткова добра ведаў расклад многіх нашых унутраных, у тым ліку кадравых, спраў. Вось і цікавіўся магчымасцю вярнуцца дамоў на адпаведную яго магчымасцям пасаду. Не раз давялося і мне ліставацца з ім, паведамляць пра магчымасці альбо немагчымасці станоўча вырашыць яго намеры адносна вяртання дахаты. Пасля ўнутранага абмеркавання розных варыянтаў я з выразнай пэўнасцю зразумеў, што найбольш прымальным з тутэйшага чыноўнага погляду будзе вяртанне Бураўкіна да добра вядомай яму тэлевізійнай справы, іншыя пасады па розных чыноўных меркаваннях яму зараз не падыходзілі. Бо і сапраўды, «смяртэльных сяброў» у яго тады яшчэ ой як хапала. Для больш глыбокага знаёмства з тагачаснымі патрабаваннямі да тэлебачання перадаў яму Палажэнне аб тэлерадыёкампаніі.

А пасля з Міністэрства замежных спраў мне перадалі заклеены скотчам канверт з надпісам «А. І. Бутэвічу (асабіста)». Сваім выразным почыркам Генадзь Мікалаевіч пісаў: «Дружа Анатоль! Атрымаў тваё пісьмо, праштудзіраваў “Палажэнне”, хоць яно і часовае, і ўнутрана, здаецца, прыняў цвёрдае рашэнне. Хаця ўзрост ужо ў мяне той, што прывучае да абачлівасці і нясмеласці, але душа дыктуе адназначна: пара вяртацца дахаты. Паколькі на дзяржаўную (а тым больш радасную) сустрэчу я не разлічваю, то пасада кіраўніка Дзяржтэлерадыёкампаніі мяне задавальняе.

Яшчэ не выветрылася памяць пра славутую “спецыфіку”, яшчэ засталіся людзі, з якімі спадзяюся знайсці ўзаемапаразуменне, і яшчэ засталіся нерэалізаванымі такія-сякія задумкі… Так што я хачу вярнуцца ў Мінск і, нягледзячы на высокі дыпламатычны ранг, зноў кінуцца ў тэлевізійны вір. Гэта маё цвёрдае жаданне і рашэнне.

Аб чым я цябе папрашу?

Каб ініцыятыва ішла ад цябе або калектыва (калі ж ад абодвух, — дык выдатна). Каб не было ўражання, што гэта я выпрошваю сабе пасаду. Не хацеў бы, каб усё выглядала і так, быццам я “выціскаю” ці “выжываю” А. Сталярова. Хай усё будзе па-добраму.

Калі я гатовы прыехаць? У канцы вясны ці летам. Але гэта ўжо, шчыра кажучы, дэталі, аб якіх мы заўсёды дамовімся.

Не хацеў бы, каб наша “пагадненне” займела шырокі розгалас, бо заўсёды знойдуцца старыя “смяртэльныя сябры”. Але ў прынцыпе — на адпаведным узроўні — трэба ўсё вырашыць у самым пачатку года. Не хачу больш жыць у няпэўнасці.

Калі прапановы мае (і згода) прымаюцца, то папрасіў бы прытрымаць некаторыя кадравыя прызначэнні (напрыклад, “змену” Б. І. Сушкевічу, калі праўда, што ён пайшоў у прафесійныя парламентарыі)… Пры нагодзе (а 4-га студзеня сюды з Мінска ляціць наш дыпламат М. Хвастоў) прышлі падрабязнае пісьмо з тваімі думкамі і планамі.

Перадавай прывітанне сваім хатнім, а таксама службовым блізкім.

Паклон ад Юлі.

Яшчэ раз — з Новым годам!

Чакаю пісьма.

Цісну руку.

Генадзь. 28.ХІІ.1992 г.»

Цікавы ліст. І зместам, і кантэкстам, і падтэкстам. І найперш мо тым, што гісторыя дзіўным чынам здольна паўтарацца. Некалі, на пачатку ўсіх гэтых перыпетый нібыта «прасіцелем» на тэлебачанне быў я, а зараз (на той час маёй працы ў Міністэрстве інфармацыі) аб тэлебачанні просіць сам стваральнік

сённяшняга беларускага тэлебачання, чалавек з вялікім, але чамусьці незапатрабаваным, вопытам дзяржаўнай, журналісцкай, грамадскай і проста чалавечай дзейнасці.

Не падтрымалі маё меркаванне наконт Белтэлерадыёкампаніі і Бураўкіна. А вяртацца яму неўзабаве давялося рэальна. Вярнуўся. Нашы стасункі не перапыняліся. Разам шукалі адэкватныя ў тых абставінах магчымасці карысна, скарыстаць вопыт і здольнасці Генадзя Мікалаевіча. На жаль, нашых высілкаў хапіла толькі на тое, каб стаў ён намеснікам міністра культуры і друку. Адбылося гэта ў 1994 годзе (пастанова Савета Міністраў Беларусі ад 18 сакавіка 1994 года №166).

І што хачу падкрэсліць яшчэ. Генадзь Мікалаевіч, нягледзячы на свой для мяне высокі статус паэта, на вопыт і здольнасці прафесійна рашаць многія дзяржаўныя і проста чалавечыя справы, заставаўся, калі можна так сказаць, прыкладным чыноўнікам, умеў і мог захоўваць усе пісаныя і няпісаныя правілы гэтай глабальнай чыноўнай гульні.

У звычайных нашых адносінах ён справядліва гаварыў мне «ты». А вось у афіцыйных размоўных і нават у пісьмовых скарыстоўваў выключна «вы».

Перадаючы мне для разгляду падрыхтаваныя ім паперы, ён 24 чэрвеня 1994 года пакінуў такую запіску: «Анатоль Іванавіч! Перадаю Вам матэрыялы па падрыхтоўцы Дагавора з Польшчай (дамова аб супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Польшчы. — А.Б.).

Даруйце, што ў іх ёсць яшчэ мае памылкі і г. д., — пабачыце, як у нас рыхтуюцца такога ўзроўню дакументы, і спадзяюся, адчуеце, што такому малому міжнароднаму аддзелу, як зараз, многае проста не пад сілу (каб быў узровень)».

Генадзь Мікалаевіч ніколі не парушаў заведзенага рабочага парадку ў міністэрстве. Заўсёды паведамляў, дзе і чым займаецца і будзе займацца, куды трэба пайсці ці паехаць, што неабходна зрабіць сёння і заўтра. Бываў на ўсіх нашых унутраных пасяджэннях, планёрках і сходках. І хоць яму за ўсё яго чыноўнае жыццё гэта мо прыелася і сядзела ў пячонках, ніколі не прапускаў іх, не адседжваўся моўчкі. Але часам прарывалася і звычайнае чалавечае падсмейванне нашых не заўсёды «праведных» спраў і чыста чыноўных звычак. Здаралася, казаў аб гэтым пасля іх завяршэння. Было, што і паэтычны радок прабіваўся на гэты конт. Як вось гэта, напісанае ім (лісцік захоўваецца ў мяне) 1 жніўня 1994 года пасля планёркі ў Міністэрстве культуры і друку, дзе абмяркоўваліся розныя бягучыя справы дзейнасці сферы.

Наконт даклада аднаго з супрацоўнікаў міністэрства ён напісаў: «Дакладаю вам адразу: Белвініл прыйшоў на базу.

А яшчэ ў нас дахалеры розных плёнак і паперы».

Ды неўзабаве праца на пасадзе намесніка міністра культуры і друку для Г. М. Бураўкіна закончылася: ён перайшоў хоць і на чыноўную, але больш высокую (і мо больш выніковую, як меркаваў ён сам) пасаду дарадцы віцэ-прэм’ера Беларусі Віктара Іосіфавіча Ганчара, а пасля ў часопіс «Вожык», дзе рэдактарам працаваў яго даўні сябар Валянцін Болтач.

Вось такія абставіны нашых некаторых стасункаў з неардынарнай асобай — Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным. Іх, вядома, было нашмат больш — і фармальных, і нефармальных. Але на ўсё свой час, мо яшчэ і напішацца.

Анатоль БУТЭВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.