Вы тут

Самаізаляцыя


Самаізаляцыя

Ты заўжды будзеш адзін

Наступным днём пасля таго, як маці трапіл а ў бальніцу, выйшла ўрадавая пастанова пра абавязковую самаізаляцыю для персанажаў кшталту мяне. Бальнічны мне не давалі, хаця я і не прасіў — усё адно ж працую з дому. Вырашыў правесці на сабе эксперымент — як і прадугледжвае гэты від абмежаванняў, два тыдні не выходзіць з дому.
Джорджыа дэ Кірыка
Адзін з маіх любімых мастакоў — італьянец Джорджыа дэ Кірыка. Метафізіка, сюррэалізм і ўсё такое. Яго серыя карцін з пустымі гарадамі і плошчамі — геніяльная. Бо яны ўсе выдатна перадаюць атмасферу трывожнасці, страху, а часам і вусцішы. Хаця на саміх палотнах нічога «такога» мы і не бачым. Вельмі актуальна. Прынамсі, для мяне цяпер…
Маякоўскі
Люблю пераглядаць старыя фотаздымкі. Вось адзін, які мне найбольш падабаецца. На ім ля шэрых хрушчовак стаіць юнак у чорным гарнітуры. Твар сур’ёзны, вочы злыя, галава голеная. У ягоных руках атэстат аб сярэдняй адукацыі. Гэта — я. У той час Маякоўскі быў для мяне іконаю стылю. Не толькі паэтычнага (я неяк рана палюбіў ягоную паэзію і ў адзінаццатым класе ўжо добра яе ведаў), але і вонкавага. Таму і вырашыў на ўручэнне атэстату аб сярэдняй адукацыі пагаліць галаву «пад нуль».
— З табою ўсё нармальна? — нервова спытала класная, калі ўбачыла мяне.
— Нармальна! — са смехам адказаў я.
— Ты што, пад крымінальніка косіш?
— Пад Маякоўскага!
— Тады ладна! — сказала яна і цёпла так усміхнулася.
Дробязь
Бывае так: выйдзе кніга, з’явіцца рэклама, напішацца колькі рэцэнзій. Усе вакол у захапленні. Вядома, мяне таксама зацікавіла. Ідзеш у кнігарню, набываеш, адкладаеш усе іншыя справы ды бярэшся чытаць. І на пачатку цябе захапляе напісанае. Яшчэ б! У наш час насамрэч цяжка напісаць нешта вартае, бо колькі ўсяго ўжо напісана-перапісана. А гісторый, паводле Борхеса, усяго чатыры. І тут трапляе на вока адна дэталь — невялічкая дробязь, якую аўтар, хутчэй за ўсё, проста забыў, а бэта-рыдары, захопленыя аповедам, рэдактар і карэктар папросту не заўважылі. Але драбяза гэтая ломіць сюжэт. Ужо і цікавасці няма, і грошай, адданых за кнігу, шкада. Створаны аўтарам свет разбураецца з-за нейкай там драбязы, на якую іншыя нават і не звярнулі б увагі. Пераадолеў сябе, дачытаў, але задавальнення ўжо ніякага не засталося. Бо магія стварэння тэксту разам ператварылася ў банальны фокус-покус. Падзяліўся думкамі з сябрам, які добра цяміць у прыгожым пісьменстве. Той майго расчаравання не падтрымаў.
— Ай, да сюжэтнай літаратуры трэба ставіцца прасцей, як да фантастыкі катэгорыі Б! — сказаў ён і змяніў тэму.
Стары вандруе
Перадсмяротная кніга Эдуарда Лімонава называецца «Стары вандруе». Калі аўтар пісаў яе, то, відавочна, разумеў — яна апошняя ў ягонай бібліяграфіі. Нездарма ж там шмат адведзена смерці. Удалы некралог сабе самому атрымаўся. Лімонаў цікавы тым, што ўмеў мяняцца. Пачынаў такім сабе панкам, якому ні нормы, ні мараль не патрэбныя. А скончыў самотным старым, які разважае пра жыццё ў сваёй невялікай здымнай кватэры. Ягоная кніга — травелог памерам у жыццё. Мясціны, дзе яму было добра або як мінімум цікава, — харкаўскія ўскрайкі, парыжскія і рымскія вуліцы, непрызнаныя рэспублікі. Жанчыны…
Пакуты
Адна з рэчаў, якія мяне накаляюць у сучаснай беларускай літаратуры, — пакуты. Часцяком людзі без якой дай прычыны надта моцна пакутуюць. Пераймаюцца попусту ў сваіх творах. Думаюць, відаць, што гэта і ёсць сапраўдная творчасць. Але ж калі чытаеш, як у галоўнага героя кожны дзень баліць галава — то хутка і ў самога балець пачне. А ўся гэтая «млявасць ды абыякавасць да жыцця»… Як па мне, дык з душэўнымі пакутамі трэба троху спакайней. Як і з нецэнзуршчынай. Без іх не абыдзешся, але трэба, каб яны пасавалі тэксту, былі да месца.
Канец года
Я ўсё яшчэ не магу прызвычаіцца да таго, што канец года ў снежні, а пачатак — у студзені. Хаця, вядома, даўно ўжо не студэнт і тым больш не школьнік. Але старыя звычкі моцна заселі ў пакорку, і кожны раз напрыканцы мая я пачынаю інстынктыўна расслабляцца. Нібы чакаю, што зараз будзе апошні званок, трэба будзе завітаць у бібліятэку — здаць падручнікі, а таксама вырашыць шэраг драбнейшых пытанняў.
Подых навальніцы
дзень прасядзець у хаце, калі за вокнамі добрае надвор’е, яснае неба і свеціць сонца. А як хмары з маланкамі, дождж і навальніца — не магу не выйсці. Шукаю хоць якую прычыну. Я не з тых, хто займае месца ў адпаведнасці з набытым квітком.
Першы дзень лета
У дзяцінстве вельмі любіў гэты дзень. Бо ён афіцыйна азначаў прыход працяглых вакацый. Час пачаў змяняцца, паскарацца. І даўгія-даўжэзныя тры месяцы, за якія ўсе мы мяняліся, ператварыліся ў караценькую пару. Якая пралятае амаль незаўважна. Адно імгненне. Чым старэйшым становішся, тым імклівей бяжыць жыццё. Малым я мроіў хутчэй стаць дарослым. А цяпер з радасцю запаволіў бы гэты бег.

Жывая музыка
Вярталіся з жонкай дамоў позна ўвечары. На вуліцы дождж, навальніца, адсутнасць людзей. У пераходзе тусуецца моладзь. Мы таксама збіраліся так у свой час, калі не было дзе прыткнуцца. Хлопец з даўгімі валасамі і ў драных джынсах грае на гітары і спявае ў мікрафон. Слухачы яму падпяваюць. Сярод іх адзін найбольш актыўны — нейкі модны хіпстар, які ўвесь час чапляе мінакоў. Калі раўняемся з імі, гітарыст заводзіць цоеўскі «Пачак цыгарэт». Я ніколі не быў аматарам рускага року, але нават мне рэжа вуха ягонае выкананне. Адзін нейкі суцэльны фальш, хаця ў песні насамрэч нічога складанага. І тут хіпстар крычыць нам у спіну:
— Спыніцеся! Паслухайце жывую музыку, такой няма ў вашых інтэрнэтах!
Спыняемся. Разварочваюся і колькі секундаў гляджу ў пустыя шкляныя вочы хіпстара. Гэты дзіцёнак з тварам лесаруба выклікае ўсмешку. Так і хочацца яму сказаць: «Сынок, ты калі тэлепузікаў сваіх яшчэ глядзеў ці вучыўся чытаць па буквары, я ўжо хадзіў на канцэрты. І музыкі жывой наслухаўся на цэлае жыццё наперад».
— Хадзем! — кажа мне Святлана і мацней бярэ за руку. Сыходзім. За спінай недзе фальшыва гучыць песня Цоя, які, калі верыць надпісам на сценах, усё яшчэ жывы.
Забава
У двары гуляюць дзеці. Носяцца адно за адным, кідаюцца мячыкам, смяюцца. Усё так, як было і ў маім дзяцінстве, толькі з некаторымі зменамі. Замест наспех зробленага мячыка з папяровых аркушаў і скотча — новенькі тэнісны, які добра лётае, балюча б’е і добра адскоквае. Ну і назва — мы звалі гэтую забаву «сіфай», а яны — «каранавірусам».
Паштоўка
Ёсць у мяне сябар, які робіць крафтавыя паштоўкі. І дасылае іх з розных куткоў свету. Вось і сёння глянуў у скрыню, а там свежая паштовачка. З выяваю дынамаўскага сектара, на якім мы і пазнаёміліся. Дробязь, але прыемна. Бо ў наш час гэта даўно ўжо не дробязь. Цяпер прасцей даслаць фотачку ці смайлік анлайн. А тут жа трэба спачатку тую паштоўку зрабіць, потым раздрукаваць, набыць марак, даслаць. Але штука забаўная, бо звычайнай поштай лісты прыходзяць цяпер вельмі рэдка. А яшчэ нейкіх пятнаццаць гадоў таму я перапісваўся кожны дзень са сваёй дзяўчынай, калі я або яна з’язджалі з горада ў вёску падчас вакацый. А каб нармальна пагаварыць па мабільным, трэба было лезці на гарышча або дрэва — дзе лепей лавілася сувязь.
Эмпатыя
Мне даўно падавалася, што я згубіў усялякую эмпатыю да людзей. Да іхняга жыцця, праблем, перажыванняў. Што мне да іх? У кожнага ж сваё жыццё. Зусім не хочацца дзяліцца чымсьці сваім, тым больш нешта ведаць пра чужое.
Было так, пакуль не пабачыў на ўласныя вочы, як чалавек зламаў нагу. Быў дождж, лужыны, слізка. Я павольна ішоў у непагадзь на трэніроўку. І тут проста перада мною на роўным месцы падае мужчына. І нага ягоная прымае крыху іншы выгляд, выварочваецца ўбок. Моўчкі дапамог яму, выклікаў хуткую, дачакаўся разам з ім яе прыезду. Добра, што хаця б не адкрыты пералом.
Праўда, дапамог яму я нязначна, бо адпаведных ведаў не маю. І вось пакуль мы ўдвох чакалі ўрачоў, прыгадаліся мне словы майго сябра Віктара, які даўно казаў, што варта прайсці курсы Чырвонага Крыжа. Я тады пасмейваўся з сябравых прапаноў. Маўляў, навошта мне вось гэта ўсё, наўрад ці ў жыцці прыдасца. Як выявілася, хаця б нейкі досвед павінен быць.
Але ж галоўнае — гэта разуменне таго, што проста так я ўсё ж не змог бы прайсці міма чалавека, якому патрэбна дапамога. Значыцца, эмпатыя ў мяне ўсё ж ёсць, хай сабе і прыхаваная.
Самаадукацыя
Магу засядзецца за кніжкаю да самага ранку. Мне падабаецца чытаць, шукаць нешта новае і знаходзіць. Часцяком кладуся спаць на досвітку, а падымаюся літаральна праз некалькі гадзін. Добра, што ехаць на працу не трэба, бо каторы месяц працую з дому. Бадай адзінае, за што магу шчыра падзякаваць каранавірусу. Выходзіць неблагая эканомія часу.
Часам мне падаецца, што я трачу жыццё на пустое. Губляю каштоўныя імгненні. Мог бы пасядзець у бары, схадзіць куды-небудзь. Але потым прыходзіць разуменне, што раблю ўсё правільна. Калі сходу магу напісаць добрую падводку да тэксту. Разумею, што да чаго. Ведаю, дзе шукаць. Не хочацца акукліцца. Гэтага баюся больш за ўсё.
У чаканні новага
Адна з самых любімых часін у юнацтве — перад школаю. Вельмі было класна, калі вяртаўся з вёскі за некалькі дзён, а лепш за які тыдзень да пачатку заняткаў.
Здавалася б, усё тое ж самае: той жа горад, той жа раён, тая ж тусоўка ў двары. Але здавалася ўсё зусім іншым. За нейкія тры месяцы мяняліся мы да непазнавальнасці — вырасталі, прыгажэлі, разумнелі, дурнелі. І ўсё было цікавым.
Кожны прывозіў з сабою новыя ўражанні, досвед, гісторыі, рэчы. Таму нават тыя, хто цярпець не мог адзін аднаго, неяк прыціраліся — знаходзілі агульную мову. Вядома, часова. А потым пачыналіся заняткі, флёр навізны сыходзіў і ўсё рабілася як было.
Часы мінаюць — мы застаёмся…

Канстанцін КАСЯК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?