Вы тут

Што варта пачытаць дзецям і дарослым?


Дзіцячы атлас Беларусі. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020. Тэкст, укладанне Паліны Грынчанкі.

Навукова-папулярнае выданне з шыкоўнымі ілюстрацыямі мае фармат міні-энцыклапедыі. З кнігі маленькія беларусы даведаюцца шмат цікавага пра сваю краіну і яе прыроду: яе жывёл, птушак, насякомых, жыхароў вадаёмаў, пра расліны і грыбы. Што такое Чырвоная кніга і навошта яна патрэбна? Чым харчуецца кажан? Наколькі высока здольны скочыць зубр? Якую птушку нашы продкі лічылі адзінай, што мае душу? І як правільна назіраць за птушкамі? Адпаведныя раздзелы раскажуць пра народную культуру – пра старажытныя музычныя інструменты, выцінанкі і пісанкі, слуцкія паясы і старажытныя беларускія звычаі. А таксама адкажуць на шэраг пытанняў. Хто і навошта граў на дудзе на святах? Як зваўся першы народны лялечны тэатр на Беларусі? Чаму лялькі для дзяцей былі адначасова абярэгамі? Што захоўвалі нашы прабабулі ў куфрах? Архітэктурным і гістарычным славутасцям Беларусі прысвечаны наступны раздзел. Найпрыгажэйшыя цэрквы, касцёлы, палацы, замкі, крэпасці і саборы, – архітэктурныя цуды, створаныя старажытнымі дойлідамі, выклікаюць жаданне нястомна падарожнічаць па роднай краіне, пакуль не пабачыш усё на свае вочы. І чаму б не пачаць з нашага самага старажытнага горада – Полацка, колішняй сталіцы Полацкага княства, дзе знаходзіцца Сафіскі сабор? Не толькі дзяцей, але і дарослых зацікавяць сем загадак Беларусі. Крыж Еўфрасінні Полацкай, балота Ельня, мора Герадота, міфалагічны Цмок, старажытныя курганы, скарбы Напалеона, Тураўскія крыжы – вось спіс беларускіх цудаў, пра якія мусіць ведаць кожны. Безумоўна, спіс гэты няпоўны. Маленькі чытач зможа, зацікавіўшыся гісторыяй, культурай, флорай і фаўнай Радзімы, стварыць свой уласны спіс. А “Дзіцячы атлас Беларусі” стане першай прыступкай для выхавання чалавека, улюбёнага ў родны край, яго прыроду, гістарычныя і этнаграфічныя цікавосткі.   

Сціна Джэксан. Срэбная дарога. Мінск, выдавец А.М. Янушкевіч, 2020.

Атмасферныя скандынаўскія ландшафты, серыя партрэтаў, выпісаных з тонкім псіхалагізмам, дынамічны сюжэт, у якім няма ні кроплі моднай цяпер містыкі, затое ёсць выразны сацыяльны пасыл. Аўтарка па-майстэрску нагнятае напружанне, некалькі разоў накіроўвае чытача па няправільным следзе, – зрэшты, развязка аказваецца цалкам непрадказальнай. Невыпадкова дэбютны дэтэктыўны раман маладой шведскай пісьменніцы крытыкі назвалі лепшай кнігай года ў гэтым жанры. На беларускую мову раман пераклала Алена Казлова.
На трасе з прыгожай назвай Срэбная дарога знікаюць людзі. А менавіта, маладыя дзяўчаты. Такі лёс напаткаў сямнаццацігадовую дачку школьнага настаўніка Леле. Тры гады таму Ліна знікла, але Леле так і не змог змірыцца са стратай. Кожную ноч ён прачэсвае аўтастраду і ваколіцы, зноў і зноў апытвае мясцовых жыхароў, якія, на яго думку, могуць нешта ведаць. Маці Ліны Анэт наведвае псіхатэрапеўта, шукае суцяшэння ў Фэйсбуку і ў пампезных рытуалах, а затым вырашае нарадзіць новае дзіця. Леле ж упэўнены: спыніўшы пошукі, ён здрадзіць дачцэ. Па сутнасці, толькі дзякуючы гэтай бязладнай, на першы погляд, актыўнасці ён яшчэ не патануў у глыбокай дэпрэсіі канчаткова.
Другая лінія сюжэту – юная Мэя, на плячах якой з дзяцінства ляжыць цяжар адказнасці за псіхічна неадэкватную маці. Як знайсці сваю дарогу ў жыцці, калі цябе, нібы валізу без ручкі, перавозяць з аднаго чужога дома ў другі, не асабліва клапоцячыся пра твае жаданні, развіццё і камфорт? Не дзіўна, што аднойчы ты апынаешся там, дзе зусім не марыла: у адасобленым доме ў лесе, дзе жыве чарговы каханак маці, даволі дзіўны тып. Дом знаходзіцца непадалёк ад Срэбнай дарогі, а сама Мэя, як высвятляецца, знешне вельмі падобная на зніклую Ліну. І ёй столькі ж гадоў, колькі было дачцэ Леле.
Псіхалагічная драма плюс якасны дэтэктыў – гэтае спалучэнне робіць чытанне незвычайна займальным.

Алена Брава

Фота januskevic.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».