Вы тут

Марына Слуцкая, жалезная лэдзі беларускага спорту: У дзюдо мне ніхто не казаў пахудзець


З кожным днём градус увагі да Алімпійскіх гульняў у Токіа павышаецца. «Звязда» знаёміць сваіх чытачоў са спартсменамі, за якімі летам, затаіўшы дыханне, будзе сачыць уся Беларусь і ўвесь свет.


Пра такіх жанчын, як Марына Слуцкая, сёння кажуць — self-made woman (жанчына, якая «зрабіла» сама сябе). Двухразовая чэміёнка Еўропы, чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў, васьміразовая чэмпіёнка Беларусі. Кар'еру спартсменкі яна сумяшчае з кар'ерай дзіцячага трэнера ў клубе адзінаборстваў «Голд». Гісторыя ператварэння Марыны «з неспартыўнай пышкі ў найлепшую дзюдаістку краіны», якую яна расказвае ў сваім блогу, падобна на кіно. Аднак што застаецца за кадрам?

— Марына, да Алімпійскіх гульняў у Токіа застаецца менш чым год. Пачалі ўжо падрыхтоўку?

— Пакуль мы толькі вяртаемся ў прывычны рытм. Пандэмія стала цяжкім перыядам для ўсяго спорту і для мяне асабіста. Я была ў выдатнай форме, заваявала сярэбраны медаль на прэстыжным турніры «Вялікага шлема» ў Парыжы. Канешне, усе разлічвалі, што я ў добрай форме падыду да Алімпійскіх гульняў. Але ўсё разбурылася літаральна за два дні. Было цяжка з гэтым змірыцца. Добра, што мы трэніраваліся, а не проста сядзелі дома. Аднак без спаборніцтваў было нялёгка. А яшчэ я і на чэмпіянат Еўропы ў лістападзе не паехала, бо захварэла на каранавірус, які, на шчасце, перанесла ў лёгкай форме. Але вырашылі мяне паберагчы, тым больш што ў мяне добрае становішча ў рэйтынгу і за баламі не трэба гнацца. Нядаўна турэцкая федэрацыя запрасіла нас да сябе на зборы, дзе ўжо будзем працаваць дзеля ідэальнай формы.

— У адным са сваіх інтэрв'ю вы адзначылі, што ў Токіа вам будзе ўжо 30 гадоў. Узрост не перашкодзіць паспяховаму выступленню?

— Для маёй цяжкай вагавой катэгорыі ўзрост ад 28 да 32 гадоў — самы лепшы. Жаночы арганізм ужо сфарміраваны, ёсць неабходны вопыт і жаданне перамагаць. Пакуль я не дайду да Алімпіяды, не злезу з гэтага віду спорту. Я вельмі доўга і ўпарта да гэтага ішла, многім ахвяравала. Каб дасягнуць поспеху, трэба ўвесь час, усе сілы, асабістае жыццё аддаваць спорту. І ў пэўны момант даводзіцца рабіць выбар паміж сям'ёй і спортам. Мужчыны, нават калі ў іх ёсць свае сем'і, дзеці, могуць спакойна займацца сваёй справай. Жанчынам цяжэй, бо кожная жанчына хоча стаць маці. А для таго каб нарадзіць дзіця, патрэбна зрабіць перапынак у кар'еры мінімум на паўтара года. Для дзюдо такі перапынак — гэта прорва. За паўтара года форма страчваецца цалкам, а саперніцы тым часам развіваюцца. Ёсць дзяўчаты, якія нараджаюць дзіця і вяртаюцца ў спорт, бяруць малога з сабой на спаборніцтвы, зборы, ім дапамагаюць бацькі, муж. У дзюдо з гэтым вельмі цяжка. У нас часам здараецца па два-тры старты на месяц, па тры тыдні запар цябе не бывае дома. І жанчыны заканчваюць кар'еру раней, чым мужчыны, бо робяць выбар на карысць сям'і. Я выбрала спорт, але ў мяне на гэта была свая матывацыя. У мяне добра атрымлівалася, я разумела, што магу дасягнуць высокага выніку. Зараз мне 29 гадоў, у Токіа будзе 30. Я планую выступіць на Алімпійскіх гульнях і паступова заканчваць спартыўную кар'еру, займацца сям'ёй.

— Як у вас з'явілася ідэя весці блог?

— Гэтыя дзевяць месяцаў перапынку патрэбна было чымсьці займацца. І з'явілася ідэя расказаць, як я прыйшла ў дзюдо. Адной гісторыі аказалася мала, вырашыла пісаць цікавыя рэчы пра свой спорт, штосьці з псіхалогіі, з уласнага вопыту. Цікава дзяліцца сваім меркаваннем і чытаць думкі іншых людзей. Цяпер «Інстаграм» хутка развіваецца і, развіваючы сваю старонку, я развіваю акаунт свайго клуба, прыцягваю ўвагу да дзюдо.

— У вашай гісторыі, якую вы расказваеце ў блогу, няма нічога аб сітуацыях, калі вам хацелася кінуць дзюдо. Няўжо такіх момантаў не было?

— Я проста не паспела пра гэта расказаць. Канешне, за 15 гадоў у прафесійным спорце такія моманты былі. Часцей дробязі, калі я прыходзіла пасля спаборніцтваў, кідала кімано і крычала, што больш ніколі не пайду на трэніроўку. Але праз пэўны час супакойвалася і працавала далей. Сур'ёзныя думкі наконт заканчэння кар'еры былі ў 2016 годзе, калі я не паехала на Алімпійскія гульні ў Рыа. Мне не хапіла 40 балаў, а гэта адна выйграная схватка на турніры ці паездка на чэмпіянат свету, дзе я таксама не выступіла. Я ўжо тады працавала трэнерам і мне было куды сыходзіць. Але бацькі, сябры, малады чалавек у адзін голас раілі астыць і вяртацца на татамі. І я прыслухалася да іх. Я ўпэўнена, калі б закончыла тады, цяпер вельмі шкадавала б. У той час я адчувала сябе бутэлькай, поўнай пяску, якую рэзка вытраслі, і яна засталася пустая. Такая пустэча была ўнутры, але з цягам часу яна запоўнілася, і я вярнулася да сваёй маральнай і фізічнай формы. Адзін раз можна такое перажыць і застацца ў спорце, але другі амаль немагчыма.

— Як часта за сваю кар'еру вы чулі, што займаецеся нежаночым спортам?

— Першыя пяць гадоў раз у месяц бацькі ці настаўнікі такое казалі. Але пакажыце мне хоць адзін цалкам жаночы від спорту. Хіба што мастацкая гімнастыка, але куды мне ў гімнастыку?! Мама прапаноўвала займацца танцамі, але гэта тое ж самае, што і з гімнастыкай. Я іграла б на фартэпіяна, аднак тата сказаў, што не пацягне яго на пяты паверх. Так скончылася мая музычная кар'ера. Але потым бацькі прынялі мой выбар, яны заўжды мяне мацней за ўсіх падтрымліваюць і вельмі мной ганарацца. Я ішла па сваім шляху, нікога не слухаючы, і стала такой, якая я зараз ёсць. У дзюдо мне ніхто не казаў пахудзець ці змяніцца. І калі мне камфортна, то чаму я павінна думаць, што думаюць іншыя?

— Марына, дзюдо, як і любое іншае баявое мастацтва, філасофія. Чаму вас навучыла гэтая філасофія?

— Самы галоўны ўрок — спачатку думаць а потым гаварыць. Часта са мной здараліся непрыемныя сітуацыі толькі з-за таго, што я праўдалюб і хачу, каб маё меркаванне пачулі, але лічу, што лепш сказаць праўду ў вочы. Дзюдо навучыла мяне ўзаемадапамозе. Я навучылася ставіцца да людзей так, як яны да мяне. Не факт, што яны заўсёды робяць гэтак жа, але такіх людзей лепш прыбіраць са свайго жыцця.

— За столькі гадоў вашай спартыўнай кар'еры ў вас з'явілася неразлучная саперніца?

— У маёй катэгорыі ёсць некалькі дзяўчат, з якімі мы борамся з кадэцкага ўзросту — з 16-17 гадоў. Увесь гэты час мы ідзём поплеч, нага ў нагу. Ёсць такая дзяўчына з Босніі і Герцагавіны. Адна з маіх пастаянных саперніц — Іра Кіндзерская з Азербайджана. У нас было непрыемнае знаёмства, гадоў 15 таму яна мяне траўміравала на маім першым старце. Потым я доўга не магла яе перамагчы, але зараз схваткі ў нас роўныя. Максімальна часта сустракаемся з украінкай Лізаветай Каланінай, так па жараб'ёўцы складваецца. У цяжкай катэгорыі еўрапейскія спартсменкі — адны з самых моцных дзюдаістак. Ёсць моцныя бразільянкі, японкі, але еўрапейкі — усё роўна найлепшыя.

— Увогуле, дзюдо — сяброўскі спорт?

— Ёсць спартсмены, з якімі я ў вельмі добрых адносінах. З расіянкай Ксюшай Чыбісавай мы правялі безліч схватак, і я заўсёды выйграю. Мы з ёй добрыя сябры, падтрымліваем цёплыя адносіны. Ёсць людзі, з якімі я стараюся лішні раз не кантактаваць. Але заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу. Розныя сітуацыі бываюць: багаж не прыляцеў, майка парвалася. Я не магу сказаць, што мы ўсе паміж сабой добра сябруем. Канкурэнцыя ў любым выпадку будзе адчувацца, асабліва ў адной катэгорыі.

— А як вы ставіцеся да спаборніцтваў «сценка на сценку»?

— Я баролася ў такім фармаце чатыры разы. Першы раз — на першынстве Беларусі, выступала за каманду горада Мінска, і тады мы прайгралі ўсім, каму толькі можна было. Другі раз — на камандным чэмпіянаце Еўропы ў Екацярынбургу. І мне не спадабалася, мы былі максімальна не ў форме і бароліся быццам кожны сам за сябе. А ад пройгрышу аднаго залежыць вынік усёй каманды. І трэці раз быў ужо на Еўрапейскіх гульнях у Мінску. Тады мне ўжо спадабалася, але было вельмі крыўдна. У індывідуальным выступленні я перамагла, аддала ўсю сябе. Пакуль сустрэчы, інтрэв'ю, віншаванні, на адрэналіне паспала, мабыць, з гадзіну. А на наступны дзень былі камандныя схваткі. Скажу шчыра, на той час асабістыя адносіны ў нас былі не самыя лепшыя, але мы змаглі сабрацца і стаць сапраўднай камандай. Правялі дзве выдатныя схваткі, хоць мне было вельмі цяжка. І калі мы прайгралі, я плакала так, што мяне гадзіну не маглі супакоіць. Плакала не ад пройгрышу, а ад крыўды — я ўсю сябе аддала ў гэтых схватках, а яно так атрымалася. За трэцяе месца мы змагаліся з французамі і саступілі. Але французы і расіяне — найлепшыя каманды ў свеце.

Пасля Еўрапейскіх гульняў мяне запрасілі ў іспанскі клуб «Валенсія», выступіць у Залатой лізе, клубных спаборніцтвах. Я даўно абяцала гэтай камандзе, што буду за іх выступаць, і, нарэшце, у мяне атрымалася. Спартсмены, якія выступаюць за клуб, борацца, як апошні раз, бо гэта іх грошы, і грошы немаленькія. Атмасфера там выдатная. У мяне праблемы з англійскай мовай, але мы вельмі хутка змаглі стаць не проста камандай, а сям'ёй.

— Марына, сярод беларускіх спартсменак у вас ёсць канкурэнты?

— На жаль, няма і не прадбачацца. Магчыма, камусьці гэта будзе непрыемна. Але я лічу, што ў нас не заўсёды правільна і дастаткова добра працуюць дзіцячыя трэнеры. Працуючы трэнерам, я сама зразумела, як гэта складана. У нас трэнер бярэ спартсмена і некалькі гадоў вырошчвае з яго алімпійскага чэмпіёна. Але гэта няправільна, на кожнай ступені павінен быць асобны трэнер — дзіцячы, юніёрскі, дарослы. У трэнераў таксама павінна быць пераемнасць пакаленняў ці ён павінен расці разам са спартсменам. А ў нас часта бывае так, што спартсмен вырастае да пэўнага ўзроўню, а трэнер не можа з ім працаваць. І спартсмен не раскрываецца. Варта праводзіць сумесныя трэніроўкі спартсменаў аднаго ўзросту, бо ў канкурэнцыі нараджаецца вынік. А ў нас так не заўсёды атрымліваецца праз фінансавыя цяжкасці. Цяпер ёсць некалькі маладых дзяўчат, якія прыйдуць праз 5—10 гадоў пасля мяне. А калі не прыйдуць, бо выйдуць замуж і кінуць спорт?

— Вы са сваім трэнерам Леанідам Свірыдам працуеце з самага пачатку?

— Так, мне ў гэтым пашанцавала. Але я прыйшла ўжо ў дарослы спорт. Канешне, у нас з Леанідам Фёдаравічам былі непаразуменні, як у любых чалавечых адносінах. Не факт, што з іншым настаўнікам я дасягнула такіх вынікаў. Я спецыфічны чалавек, ён таксама. Але сярод прафесіянальных спартсменаў простых людзей не бывае. Наша сумесная праца дае вынік — гэта галоўнае.

— Марына, вы расказвалі, што ў дзяцінстве былі не такой, як усе, і праз гэта мелі дрэнныя адносіны з аднакласнікамі. Працуючы з дзецьмі, выкарыстоўваеце ўрокі свайго дзяцінства?

— Я працую з абсалютна рознымі дзецьмі, у кожнага свой характар. Мы з калегамі прыкладаем шмат намаганняў, каб у іх былі добрыя адносіны. Старэйшыя дапамагаюць малодшым, падказваюць ім, разам трэніруюцца. Але найлепшы настаўнік — уласны вопыт і ўласныя ўрокі. Мы імкнёмся зрабіць так, каб цяжкіх урокаў у нашых дзяцей было як мага менш.

— Вы неяк прызнаваліся, што строгі трэнер. Успамінаючы, як вашы дзеці хварэлі за вас на Еўрапейскіх гульнях, складваецца адчуванне, што вы іх любімы трэнер. Як вам гэта ўдаецца?

— Я сапраўды вельмі строгі трэнер. Часам баюся сама сябе. Пасля Еўрапейскіх гульняў пра мяне здымалі перадачу, і ў дзяцей спыталі, які я трэнер. І адзін хлопчык сказаў: «Марына Уладзіміраўна добрая, вучыць нас усяму, але мы ўсе яе крыху баімся». У нас ёсць дзеці, якія праз праблемы са здароўем не могуць займацца дзюдо, але яны прыходзяць да нас у госці, віншуюць са святамі. Яны заўжды сочаць за маімі спаборніцтвамі. Я хоць і строгая, але я іх люблю, і дзеці гэта адчуваюць.

— Марына, вы сказалі, што дзюдо — усё ваша жыццё. Што вас матывуе аддаваць яму ўвесь свой час?

— Я вельмі люблю момант, калі мяне абвяшчаюць пераможцай. Яго нельга перадаць словамі, гэта можна толькі адчуць. У такі момант я разумею, што зрабіла ўсё, што магла. І дзеля гэтага адчування я гатовая цярпець усе цяжкія ўмовы, траўмы, сваркі. Вось гэтае пачуцце задаволенасці сваёй працай, якое я адчуваю, стоячы на п'едэстале, — для мяне галоўнае.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?