Вы тут

Якой мы запомнім Бэлу Масумян?


Згасаюць адна за адной зоркі на небасхіле мастацтва... Нядаўна засмуціла сэрцы аматараў беларускага тэатра звестка: на 84 годзе жыцця памерла народная артыстка Беларусі Бэла Масумян. Яе нездарма ўключалі ў топ самых пазнавальных артыстаў Беларусі. Будучая актрыса нарадзілася ва ўкраінскім Паўлаградзе. Бацькі жадалі бачыць яе ўрачом, але яна імкнулася на падмосткі. Скончыўшы ў 1961 годзе Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, тут жа пайшла працаваць у Драматычны тэатр імя Горкага. Атрымалася, што Бэла Масумян да канца дзён была адданая гэтаму тэатру. «Звязда» ўспамінае яскравыя і любімыя ролі Бэлы Масумян.


«Леў зімой» (рэж. Валянціна Еранькова)

Для многіх вобраз прымадонны звязаны найперш з вобразам шэкспіраўскай каралевы. Дзея п'есы развіваецца ў Англіі XІІ стагоддзя. Кароль Генрых ІІ павінен прызначыць спадчынніка трона. На гэтую падзею прыбываюць жонка Генрыха — каралева Элінор, якая правяла дзесяць гадоў у зняволенні за ўдзел у змове, маладая палюбоўніца караля — французская прынцэса Эліс, кароль Францыі Філіп ІІ Аўгуст ды трое сыноў Генрыха ІІ — Рычард Ільвінае Сэрца, Джэфры і Джон.

Ролю каралевы Элінор Аквітанскай сыграла Бэла Масумян. Актрысу вельмі цікавіў вобраз гераіні: моцнай жанчыны, якая вядзе барацьбу за каханне.

«Праўда — добра, а шчасце лепш» (рэж. Аркадзь Кац)

Бэла Амаўна прызнавалася, што Расціслаў Янкоўскі, заўсёдны партнёр па сцэне, угаворваў яе адмовіцца ад ролі купчыхі. Зразумела, што пры поглядзе на Масумян адразу ўзнікалі асацыяцыі — каралева, арыстакратка... Але актрыса ніколі не адмаўлялася ад магчымасці паспрабаваць сябе ў нечым новым, і Янкоўскі пасля прызнаў, што не меў рацыю ў сваіх сумненнях.

Нагадаем змест вядомай п'есы Астроўскага: багатая і ўладная купчыха Маўра Тарасаўна Барабошава хоча выдаць сваю ўнучку Паліксену замуж за генерала. Але дзяўчына закаханая ў беднага прыказчыка Платона, рэзанёра і праўдалюба. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б старая нянька Філіцата не прывяла б у дом адстаўнога унтэра Сілу Ерафеіча Гразнова, у якім Барабошава пазнала каханне сваёй маладосці.

Бэла Масумян бліскуча выканала ролю Маўры Тарасаўны. Як гаварыла сама актрыса, ёй было цікава паказаць гледачу не толькі мяшчанку і купчыху, але і жанчыну, якая хацела падавацца ці то асаблівай, неадназначнай, адкрытай, ці то замкнёнай ад усяго свету.

«Пане Каханку» (рэж. Сяргей Кавальчык)

Дзеянне спектакля адбываецца ў XVІІІ стагоддзі, пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай. Галоўны герой Караль Станіслаў Радзівіл атрымаў сваю мянушку «Пане Каханку», бо да ўсіх менавіта так па-добраму і звяртаўся — «пане каханку» — «мой даражэнькі».

Бэла Масумян сыграла Тэафілію, сястру князя. Актрыса распавядала, што гэтая пастаноўка стваралася на падмостках супольна — уклад у спектакль зрабілі ўсе, і драматург, і пастаноўшчыкі з акцёрамі. Бэла Амаўна, напрыклад, прыдумала для вобраза сваёй гераіні жалезную руку — мужная, уладная Тэафілія з'яўляецца на сцэне ў пазалочанай пальчатцы, нібы частцы рыцарскіх латаў.

«Загадкавы візіт» (рэж. Барыс Луцэнка)

Яшчэ да пачатку плённай работы над пастаноўкай Бэла Масумян прызнавалася, што ёй вельмі хочацца сыграць галоўную ролю ў «Загадкавым візіце». Знакамітая п'еса Дзюрэнмата — багаты матэрыял для псіхалагічных эксперыментаў, экзістэнцыяльных пошукаў. Нагадаем сюжэт: у правінцыйнае мястэчка прыязджае вельмі багатая жанчына Клара Цаханасьян. Шмат гадоў таму набожныя жыхары асудзілі яе за лёгкія паводзіны і выгналі. Цяпер яна вяртаецца і дорыць землякам мільярд, патрабуючы ўзамен жыццё аднаго з іх — Альфрэда Іла. Гэта ён калісьці спакусіў і кінуў яе. Добрыя гараджане абураныя. Але нікому з іх ніколі і не сніліся такія грошы.

Што такое справядлівасць? Бэла Масумян разам з гледачамі шукала адказ у гэтай ролі.

«Валянцінаў дзень» (рэж. Валянціна Еранькова)

Сама Бэла Масумян распавядала аб ролі Валянціны няшмат, але яна была ёй дарагая, нездарма менавіта гэты спектакль быў выбраны для бенефісу актрысы ў 2007 годзе. У гэтай ролі Масумян упершыню сустрэлася на падмостках з яшчэ адной беларускай прымадоннай — Наталляй Гайдай, абедзве зоркі ўтварылі бліскучы дуэт.

П'есу, якая лягла ў аснову, напісаў драматург Іван Вырыпаеў. Ён рэгулярна бярэ ўдзел у фестывалі маладой драматургіі «Любімаўка». І ўвогуле лічыцца аўтарам, які вельмі ўмела працуе з постмадэрнізмам. У спектакле «Валянцінаў дзень» глядач трапляе ў дзіўную кватэру, у якой, ненавідзячы і любячы адна адну, жывуць дзве састарэлыя жанчыны: Валянціна і Каця. Аб'ядноўвае іх памерлы Валянцін, якога яны абедзве кахалі. Абстаноўка вельмі нагадвае поле бітвы. Ды і жыццё гераіняў больш падобна да бесперапыннай бітвы на барыкадах.

Бэлу Масумян не палохалі ні эксперыменты, ні звыклая класіка: яна ахвотна працавала ва ўсіх кірунках. Менавіта таму ў яе жыцці было так шмат разнастайных і запамінальных роляў.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.